вторник, 11 марта 2014 г.

Першая навукова-практычная канферэнцыя “Рэйтаны. Гісторыя роду-гісторыя краіны”

Арт-суполка імя Тадэвуша Рэйтана
Першая навукова-практычная канферэнцыя
“Рэйтаны. Гісторыя роду-гісторыя краіны”



Імя Тадэвуша Рэйтана, аднаго з самых вядомых і шанаваных у сьвеце беларусаў, зяўляецца сінонімам  патрыятызму і любові да Бацькаўшчыны. Але, што мы ведаем аб сваім нацыянальным героі? Што мы ведаем пра ягоны род? У якім стане знаходзіцца родавае котлішча Рэйтанаў у вёсцы Грушаўка? І што мы павінны зрабіць, каб гістарычная памяць нашага народу пра сваіх герояў  ажыла?
Удзельнікі канферэнцыя паспрабцюць адказаць на гэтыя і шматлікія іншыя пытаньні, бо род Рэйтанаў даў  Беларусі яшчэ і знакамітых пісьменьнікаў, ваяроў і дзяржаўцаў.
У канферэнцыі бяруць удзел беларускія навукоўцы, краязнаўцы і энтузіасты: А.Мальдзіс, А.Жлутка, В.Гарбачова, Ф.Чарняўскі, М.Баўтовіч, З.Сіцька, А.Дзярновіч, А.Мацук, М.Волкаў, Н.Дыдышка, Ю.Зялевіч, І.Гавіна, З.Крымоўскі,А.Балаш, З.Юркевіч і інш.
У праграме мерапрыемства: даклады , дыскусіі, а таксама паказ дакументальных стужак “Обратный отсчёт. Тадевуш Рейтан.Беларуский Дон –Кіхот” (ОНТ) і  рэж. А.Ясінскай “Суботнік у Грушаўцы”, “ Апошняя з роду Рэйтанаў (прэм’ера) .
Запрашаем усіх, хто цікавіцца гісторыей і культурай Беларусі. Уваход вольны.
Арганізатар мерапрыемства :Арт-суполка імя Тадэвуша Рэйтана
 Месца і час: Менск, Палац Мастацтва, вул.Казлова, 3, канферэнц-заля.  22 сакавіка . Пачатак - 11:00 .   Уваход вольны.
                                                          Увечары, як працяг канферэнцыі, адбудзецца
фэстываль эксперыментальнага мастацтва
“ДАХ”-ХХІІІ   - “Забытым Героям”
Удзел бяруць мастакі Алесь Родзін, Зміцер Шапавалаў ды  Яўген Шчарбач (суполка Neon Head), Літаратары: Віктар Шніп, Альгерд Бахарэвіч, Музыкі:  Ільля Сін vs Яўген Рагозін, Алег Жудкі, , Уладзімір “Acid”, гурты:   ESSA з праэктам “NIAMIHA”, “Бабэобі”, "Абодва" , “КААSAAR”,  Project “?!” . Плануецца ўдзел:  “Ліцьвіны”,  Алеся Сівохіна, Капэля Алеся Лася.
Кіна-паказ дакументальных стужак рэж. А.Ясінскай “Суботнік у Грушаўцы”, “ Апошняя з роду Рэйтанаў (прэм’ера) .
 Пачатак: 17:30   Уваход: Вольны
Зьміцер Юркевіч, сакратар Арт-суполкі    
Кантакт: lefthunder@gmail.com


http://reyten.blogspot.com/       







Штотыдневiк «Голас Радзімы», №14(3374), чацвер, 10 красавіка, 2014




Гісторыя роду — гісторыя краіны

Навука і мастацтва супольна ўдзельнічаюць у вяртанні гістарычна-культурнай спадчыны 
Тадэвуш РэйтанПа ініцыятыве Арт-суполкі імя Тадэвуша Рэйтана ў мінскім Палацы мастацтва ладзілася Першая навукова-практычная канферэнцыя “Рэйтаны. Гісторыя роду — гісторыя краіны”. Пра Тадэвуша Рэйтана, аднаго са знакамітых прадстаўнікоў старажытнага шляхецкага роду, гаварылі як пра ўзор патрыятызму і любові да Бацькаўшчыны. Хоць называюць яго часам і беларускім Дон-Кіхотам…
Чаму так? Бо праславіўся спадар Тадэвуш, самааддана, па-рыцарску, з апошніх сіл баронячы разам з Самуэлем Корсакам незалежнасць сваёй Айчыны ў красавіку 1773 года. Абодва яны былі пасламі, ці дэпутатамі Сойма Рэчы Паспалітай ад Наваградскага ваяводства Вялікага Княства Літоўскага. Тады, нагадаем, склалася крытычная для дзяржавы сітуацыя: кіруючыя эліты Расіі, Аўстрыі ды Прусіі, папярэдне рознымі захадамі аслабіўшы Рэч Паспалітую, у жніўні 1772-га дамовіліся аб яе захопе. І нават правялі падзел тэрыторыі паміж сабой: гэта быў так званы Першы падзел Рэчы Паспалітай. Усяго ж іх у гісторыі было тры, у выніку чаго моцная дзяржава двух народаў знікла з палітычнай карты Еўропы. Паводле першапачатковых планаў, тэрыторыя ВКЛ адрывалася на карысць Расійскай імперыі. Прычым “законнасць” захопу павінен быў пацвердзіць Сойм, які і сабраўся ў Варшаве...
Як вядома, здаўна для паслоў на агульнадзяржаўны Сойм выпрацоўвалася спецыяльная інструкцыя. Яны павiнны былi ўсiмi сiламi адстойваць наказ мясцовай шляхты, не адступаючы ад яго. Рэйтану і Корсаку наказалі: настойваць на поўнай эвакуацыi расiйскiх войскаў з тэрыторыі ВКЛ. І рабіць усё для таго, каб перашкодзіць працы Сейма, адстаяць незалежнасць Бацькаўшчыны, цэласнасць Рэчы Паспалiтай. У прыватнасці, паслы ад Наваградчыны ўжо на першых пасяджэннях Сойма выступілі супраць здраднікаў, якія вялі справу да гібелі дзяржавы. На адным з пасяджанняў Тадэвуш Рэйтан, дамагаючыся ад паслоў рашэння на карысць незалежнасці, не выпускаючы іх з залы, лёг крыжам перад выхадам. Гісторыкі сцвярджаюць, што пры тым ён крычаў: “Тапчыце мяне, не тапчыце дзяржаву!”. Той трагічны момант з нашай гісторыі адлюстраваны на знакамітай карціне Яна Матэйкі “Рэйтан”, напісанай у 1866 годзе. Адстаяць незалежнасць Рэйтану і Корсаку, на жаль, не удалося: расклад палітычных сіл быў яўна не на іх карысць...
Не ўсе ведаюць, што апошнія гады жыцця Тадэвуш Рэйтан правёў у родавым маёнтку Грушаўка, пад Ляхавічамі (цяпер Брэсцкая вобласць). Ён памёр у 1780-м: магчыма, не без дапамогі нядобразычліўцаў, па адной з версій — скончыўшы жыццё самагубствам. Таму пахавалі патрыёта не ў фамільным склепе, і магіла яго не ацалела. Аднак у 1930 годзе камісія расшукала месца спачыну патрыёта. Рэшткі Тадэвуша Рэйтана захоўваліся ў склепе капліцы ў Грушаўцы, цяпер — у адным з прыватных уладанняў у Ляхавічах.
Пра гэтыя ды іншыя факты з жыцця нацыянальнага героя, пра яго шляхецкі род прускага паходжання рабіліся даклады на канферэнцыі “Рэйтаны. Гісторыя роду — гісторыя краіны”. Навукоўцы, краязнаўцы, энтузіясты выказвалі свае прапановы: як зрабіць прывабным для турыстаў родавае котлішча Рэйтанаў у Грушаўцы, напоўніць пакінуты дом новым жыццём. Гэта важна, каб аддаць даніну павагі слаўным сынам Айчыны, бо род Рэйтанаў даў Беларусі яшчэ і знакамітых пісьменнікаў, воінаў, прадстаўнікоў улады. Сістэмна працуе над гэтым і Арт-суполка імя Тадэвуша Рэйтана, дзе сакратаром мастак Зміцер Юркевіч.
Удзельнікі навукова-практычнай канферэнцыі прагледзелі дакументальныя відэафільмы “Тадэвуш Рэйтан. Беларускі Дон-Кіхот” і “Суботнік у Грушаўцы”. А вечарам, як своеасаблівы працяг канферэнцыі, у Палацы мастацтва ладзіўся фестываль эксперыментальнага мастацтва “ДАХ” — ХХІІІ: “Забытым Героям”, у якім удзельнічалі мастакі, літаратары, творчыя гурты.

Іван Іванаў

На здымку:
Тадэвуш Рэйтан
http://www.golas.by/index.php?subaction=showfull&id=1398152477&archive=1398326493&start_from=&ucat=4&do=archives




Комментариев нет:

Отправить комментарий