суббота, 26 июля 2014 г.

240 гадоў таму... Тры беларуса, якія зрабілі першы падзел Рэчы Паспалітай нелегітымным



240 гадоў таму... Тры беларуса, якія зрабілі першы падзел Рэчы Паспалітай нелегітымным


Ян Матэйка. Арыгінальная назва твору «Тадэвуш Рэйтан на Варшаўскім сойме 1773 г.» (1866 г.).

Калісьці іх імёнамі былі названыя  школы і цэнтральныя вуліцы нашых гарадоў. Але з бегам часу пра іх забыліся. Імёны беларусаў Тадэвуша Рэйтана, Самойлы Корсака і Станіслава Багушэвіча, якія ў 1773 годзе аказвалі мужны супраціў першаму падзелу Рэчы Паспалiтай, вядомы ва ўсім свеце.




30-34-2
Тадэвуш Рэйтан (1780 г.).






















Рэч Паспалітая Абодвух Народаў была ў ХVIIІ ст., бадай, найбуйнейшай еўрапейскай дзяржавай. Насамрэч народаў у ёй было больш за два - Вялікае княства Літоўскае і Жамойцкае ахапляла тэрыторыі Беларусі і  Летувы, а Карона Польская - Польшчы ды Украіны. Агульным для дзвюх краін быў толькі кароль і часам адзіны знешні вораг. ВКЛ не было правінцыяй Польшчы. Ліцвіны і жамойты яшчэ з часоў Люблінскай уніі (1569 г.) ўпарта адстойвалі сваю аўтаномію ад Кракава. ВКЛ мела ўласныя ўрад, войска, скарб, законы і, натуральна, свае знешнія і ўнутраныя інтарэсы. Але ў другой палове ХVIIІ ст. у выніку неабачлівай палітыкі часткі магнатаў і караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага, стаўленніка Кацярыны ІІ, у Рэчы Паспалітай стала зусім няладна. Скарыстаўшы момант, Аўстрыя, Прусія і Расія ў 1772 г. таемна дамовіліся падзяліць краіну. І ў той 

самы час войскі трох імперый перайшлі яе межы. ВКЛ страціла блізу 1,3 млн грамадзян, 92 тыс. кв. км тэрыторыі - полацкія, невельскія, віцебскія, магілёўскія, гомельскія землі. Свае меншыя часткі «каралеўскага пірага» атрымалі Прусія і Аўстрыя. А каб надаць анэксіі выгляд «дарунка», «арлы» прымусілі Панятоўскага склікаць сойм. Паслы і сенатары абавязаны былі «адзінадушна» падпісаць акт падзелу. Але супраць паўсталі паслы ад ВКЛ на чале з наваградскімі дэпутатамi Рэйтанам і Корсакам і менскім - Багушэвічам. Скарыстаўшы як зачэпку фармальныя парушэнні законаў РП, яны заблакавалі пачатак сойму. У той самы момант ва ўсе краіны паляцелі дэпешы – «Няма згоды! Акупацыя! Прымус!» Планы альянтаў ціха правесці сойм праваліліся. На патрыётаў, якія не далі згоды на падзел, пачаўся шалёны ціск. Ім прапаноўвалі грошы і пасады, палохалі канфіскацыяй маёнткаў і выгнаннем з краю, нават стратай галавы, але яны адказвалі: «Не нарадзіўся яшчэ чалавек настолькі багаты, каб купіць нас, і настолькі  моцны, каб застрашыць».
На жаль, сярод 144 удзельнікаў сойму (114 палякаў, 30 ліцвінаў) знайшліся толькі некалькі мужных рыцараў, якія  змагаліся да канца. І ўсе яны былі  беларусамі. Іх супраціў не скасаваў падзелу, але адчайная барацьба сарвала абгортку легітымнасці з гвалтоўных дзеянняў. Гэта і было іх мэтай.
Імёны Рэйтана, Корсака, Багушэвіча рэхам пранесліся над зямлёй. Аб іх пісалі газеты шматлiкiх краін, параўноўваючы са старажытнарымскімі героямі, узняўшыміся супраць тыраніі. А на Радзіме ў Беларусі іх сустрэлі як нацыянальных герояў. Тадэвушу Рэйтану наканавана было першым узняцца на барацьбу, ён быў рухавіком і сэрцам адпору. Ён першы пайшоў з жыцця, прычым абставіны смерці Героя і сёння прымушаюць задумацца.

Чорная метка

Лічыцца, што Тадэвуш Рэйтан быў самагубцам. Праўда, з «першакрыніц», напісаных ліцвінамі, вынікае, што  Рэйтана пахавалі ў Ляхавіцкім касцёле (Ю. Нямцэвіч, 1819 г.); або што памёр ён «праз два дні» са словамі: «Я ніколі знарок не абразіў свайго Творцы і ні на хвіліну не ўсумніўся ў веры. Свае пакуты за няшчасную айчыну ахвярую Табе, Божа» (Г. Жавускі, 1829 г.).
З той нагоды, што няма аніводнага (!) дакумента аб смерці Рэйтана, версіі самагубства множыліся, як грыбы: А. Міцкевіч у «Пане Тадэвушы» узброіў Рэйтана кінжалам, а К. Тарасаў прымусіў яго «пусціць кулю ў скронь». Але што магло адбыцца насамрэч?
Жыццёвы шлях Рэйтана мог скончыцца яшчэ ў 1773 годзе, калі ў Варшаве на яго палявалі найміты-забойцы. Але ў той час лёс выратаваў Тадэвуша. І ворагі да пары забыліся пра яго. Але кампраметуючыя здраднікаў дакументы, якія мелі Тадэвуш і яго паплечнікі па сойму, павінны былі моцна непакоіць тых, хто на сойме стаў на бок захопнікаў. Ці не таму ў 1780 годзе Багушэвіча ледзь не забілі, калі ён ехаў у Вільню, Корсак страціў брата, а жыццё Рэйтана абарвалося? Ці не было то забойства з інсцэніроўкай самагубства? Ці не таму, што ў самагубства ніхто не верыў, Тадэвуша пахавалі ў касцёле? Тым не менш «самагубства» Рэйтана нікому не перашкаджала. Нашы продкі стварылі культ яго асобы, які падхапілі польскія і расейскія гісторыкі. Але, калі некалькі год таму ў Ляхавічах грамадскасць выступіла з ініцыятывай надання вуліцы горада імя Рэйтана, версія самагубства пераважыла, і назва так і не з’явілася.
Да гэтага яшчэ  дадаўся і стары міф, што род Рэйтанаў – польскі. Але на падставе крыніц можна казаць адно: яны тутэйшыя, ліцвіны-беларусы. Тадэвуш быў сынам беларускай зямлі, як і ягоныя бацькі, дзяды, прадзеды. Быў, як і яны, патрыётам перш за ўсё Вялікай Літвы і бараніў у сойме ў першую чаргу менавіта яе інтарэсы…

Святыня Беларусі

Радавой сядзібе Рэйтанаў неверагодна пашанцавала. Войны ХХ ст., паваенны час яе не зруйнавалі. Мы маем унікальную мясціну, якая памятае першыя і апошнія крокі Героя. Таму, каб захаваць яе для Беларусі, група энтузіястаў ужо другі год запар праводзіць у сядзібе сціплыя супрацьаварыйныя працы і ладзіць фестывалі, паралельна папулярызуючы імёны найбольш выбітных прадстаўнікоў роду Рэйтанаў. Мы звяртаемся да кіраўніцтва краіны з просьбай узяць пад дзяржаўную апеку Грушаўскую сядзібу, каб з цягам часу там паўсталі дзяржаўны музейна-турыстычны комплекс і культурны цэнтр, які паспрыяе не толькі духоўнаму, але і эканамічнаму роcквіту рэгіёна. Ну і калі казаць шчыра, дык аднаўленне сядзібы - справа ўсіх тых грамадзян, для каго слова «Бацькаўшчына» нешта ды значыць. Можа, здзейсніцца даўняя мара жыхароў Ляхавіччыны, каб талакой быў насыпаны велічны курган, на ўзор кургана Міцкевіча ў Навагрудку. Ну а мы, як зможам, прыспешым гэты час - час аднаўлення гістарычнай справядлівасці.
Зміцер ЮРКЕВІЧ

Комментариев нет:

Отправить комментарий