вторник, 3 ноября 2015 г.

Рэйтаны-Цэханавецкія

Сумная нагода дала падставы ўзгадаць, што паміж родам Рэйтанаў і родам Цэханавецкіх існавала прамая сувязь.



Першай жонкай Лявона-Паўла Валадковіча , бацькі Тэрэзы (маці Тадэвуша Рэйтана) была прадстаўніца роду Цэханавецкіх -  Канстанцыя, дачка Канстанціна Гіпаліта, старасты апескага і Феліцыяны, князёўны Друцкай-Падбярэзкай. Акрамя Тэрэзы, якая ў 1739 г. стала жонка Дамініка Рэйтана, ад першага шлюбу Лявон-Павел меў сыноў - Язэп (палкоўнік менскі), Антоні (езуіт) і Міхал, які быў у лютым 1760 г. растраляны ў Менску.

(Тэксты №5, стар. 124-125, Ф.Чарняўскі)



                                 У Лондане памёр прафесар Анджэй Цеханавецкі

Беларусіст, вялікі сябра Беларусі, кавалер Ордэна Францішка Скарыны, ганаровы сябар Беларускага ПЭН-цэнтра Анджэй Цеханавецкі памёр у Лондане на 92-м годзе жыцця.
Анджэй Цеханавецкі — выбітны навуковец, нашчадак князёў Мсціслаўскіх і Заслаўскіх, беларусіст, гісторык мастацтва, мецэнат, грамадска-культурны дзеяч, заснавальнік Фундацыі Цеханавецкіх у Варшаве.
Нарадзіўся 28 верасня 1924 года ў Варшаве. Вёў шырокую грамадска-дабрачынную дзейнасць, мае шэраг высокіх узнагарод. Аўтар кнігі «Міхаіл Казімір Агінскі і яго «сядзіба музаў» у Слоніме». Ганаровы старшыня польска-беларускай камісіі па справах агульнай культурнай спадчыны, ганаровы маршалак Згуртавання беларускай шляхты, ганаровы сябар Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў і Інстытута беларускай гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Віцэ-прэзыдэнт Англа-беларускага таварыства ў Лондане.
Анджэй Цеханавецкі падараваў Беларусі слуцкі пояс, рэдкія кнігі і рарытэты з радзівілаўскай калекцыі, клапаціўся пра палац у вёсцы Бачэйкава Бешанковіцкага раёна на Віцебшчыне, дзе некалькі стагоддзяў жыў ягоны род.
Пра нябожчыка ўзгадвае сябар Анджэя Цеханавецкага, прафесар Адам Мальдзіс:
«Анджэй Цеханавецкі нарадзіўся ў сям’і дыпламата ў Варшаве, але ўвесь час лічыў сваёй другой гістарычнай радзімай Беларусь. Таму што быў нашчадкам князёў Мсціслаўскіх і Заслаўскіх. Усё сваё жыццё Анджэй прысвячаў адраджэньню гістарычнай памяці.
Наша першая сустрэча з Цеханавецкім адбылася ў Лондане ў часе маёй камандзіроўкі па лініі ЮНЭСКА. Я тады ведаў яго як аўтара кніжкі пра Міхала Казіміра Агінскага, дзядзьку Міхала Клеафаса Агінскага, які заснаваў тэатр у Слоніме. Я прачытаў гэтую кнігу, якая выйшла ў Нямеччыне ў 1965 годзе, напісаў рэцэнзію на яе, і наша сустрэча ў Лондане прайшла вельмі плённа — у выніку Цеханавецкі наведаў Беларусь, стаў ганаровым прафесарам БДУ, ганаровым сябрам Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў і ганаровым грамадзянінам горада Заслаўе. У выніку нашых сустрэч ён праз мяне падарыў для акадэмічнага музэя гісторыі культуры слуцкі пояс, вытканы паводле слуцкага ўзору ў Ліёне.
Апошні яго навуковы крок — гэта дапамога калектыву гісторыкаў у выданні кнігі аб’ёмам больш за 700 старонак пра гісторыю роду князёў Мсціслаўскіх і Заслаўскіх. 20 экземпляраў гэтай кнігі былі падораныя беларускім бібліятэкам.
Адыход Анджэя Цеханавецкага, які ўшанаваны ў многіх краінах і ёсць ганаровым прафесарам дзясяткаў університэтаў па ўсім свеце, — страта для беларускай навукі і культуры».




Сага роду Цеханавецкіх

19.09.2013 01:27КАМЕНТАРЫЯЎ: 0ПРАГЛЕДЖАНА: 124
16 генеалагічных пакаленняў
Дык што ж уяўляла сабой у генеалагічным плане «зямля продкаў» Анджэя Станіслава Цеханавецкага, народжанага ў Варшаве адзінага сына ўладальніка Бачэйкава, дыпламата міжваеннай Польшчы Ежага Станіслава (1893—1930) і Матыльды Марыі з Асяцімскіх-Гутэн-Чапскіх, унучкі вядомага вучонага, прафесара Віленскага ўніверсітэта Яна Снядэцкага, народжанай у Варнянах цяперашняга Астравецкага раёна (1900—1991)?
Апошнюю яшчэ з аспіранцкіх гадоў я лічыў сваёй зямлячкай; у архіве Асяцімскіх, які цяпер знаходзіцца ў Кракаве, у музеі Чартарыйскіх, знаходзіў мноства маёмасных дакументаў на старабеларускай мове, якія сведчылі, што землі ў ваколіцах Вільні (а Варняны ад іх недалёка) былі беларусізаваны ўжо ў ХV стагоддзі.
Прыкладна ў тыя ж часы былі на Віцебшчыне пісьмова зафіксаваны маёнтак і мястэчка Бачэйкава, якое нядаўна адзначала сваё 550-годдзе. Але першапачаткова яны належалі да розных іншых родаў, у рукі Цеханавецкіх трапілі толькі ў ХVІІ стагоддзі, а да гэтага Цеханавецкія пражывалі на Ашмяншчыне, Мсціслаўшчыне і Аршаншчыне.
1379543271489_1
Усяго для генеалагічнага даведніка, які тут разглядаецца і які заснаваны на матэрыялах, знойдзеных аўтарскім калектывам у архівах і бібліятэках Англіі, Аўстрыі, Беларусі, Італіі, Латвіі, Літвы, Польшчы, Расіі, Украіны і Францыі, а таксама перададзеных самім Анджэем Цеханавецкім, напісаны 231 біяграфічны артыкул пра асоб, якія належаць да 16 пакаленняў яго роду. Зразумела, ацаніць унёсак кожнага з іх у гісторыю і культуру беларускіх земляў у кароткім аглядзе проста немагчыма. Таму я папрасіў пана Анджэя выбраць з два дзясяткі продкаў, якімі ён найбольш ганарыцца. У адказ з Лондана прыйшоў спіс з 19 мужчын і чатырох жанчын, на якіх я, чытаючы кнігу, звярнуў асаблівую ўвагу, праўда, з-за сцісласці газетнай плошчы — не на ўсіх.
У ХVІ стагоддзі некаторыя Цеханавецкія вучыліся ў замежных універсітэтах, потым займалі больш або менш значныя дзяржаўныя пасады, ездзілі пасламі ў суседнія краіны, часам ваявалі. Так, уладальнік Крэва Мікадзім (каля 1500—1549) мусіў у выпадку вайны выставіць узброенымі чатырох чалавек, потым быў падстолім Вялікага Княства Літоўскага, двойчы ездзіў паслом у Масковію: у 1536 годзе — заключаць мір з шасцігадовым яшчэ Іванам Жахлівым, у 1542 годзе — заключаць з ім жа сямігадовае перамір’е. Сын Мікадзіма Анджэй перавандраваў з Віленшчыны на Віцебшчыну. У 1587 годзе быў выбраны ад віцебскай шляхты на элекцыйны сейм у Варшаве. Потым доўга і паспяхова стараўся, каб заключыць перамір’е з Турцыяй. Ян (нарадзіўся каля 1593 года) пад Рагачовам прымкнуў да войска пад камандаваннем гетмана Яна Кароля Хадкевіча. Затым быў выбраны мсціслаўскім падстолім, аршанскім земскім суддзёй, паслом на сейм ад Віцебскага ваяводства. Вылучаўся тым, што яго шанавалі як улады, так і выбаршчыкі.
У ХVІІІ стагоддзі Цеханавецкія прыкметна пашырылі свае зямельныя ўладанні, з імі пачала лічыцца мясцовая шляхта, выбіраць на больш высокія пасады. І адначасова яны пачалі ўлічваць інтарэсы сялянства. Так, Марцін Адам (нарадзіўся каля 1704 года) падтрымліваў крычаўскіх прыгонных, якія паўсталі супраць жорсткага слуцкага князя Гераніма Фларыяна Радзівіла і яго сквапных памагатых (прыгадаем пра іх п’есу Уладзіміра Караткевіча «Маці Урагану»), асмеліўся начаваць у вёсцы Забычаны ў хаце аднаго з кіраўнікоў паўстанцаў Стэся Бочкі і абяцаў яму: «Я дам вам парады і дапамогу». І сваё слова стрымаў: паслаў крычаўцам «звыш 20 вазоў розных рухомасцяў», дапамагаў бунтаўшчыкам правіянтам і ўзброенай сілай.
А прадстаўнік наступнага пакалення Цеханавецкіх разважлівы Юзаф (нарадзіўся ў 1741 ці 1748 годзе) застаўся ў гісторыі Віцебшчыны як добры гаспадар, прыхільнік еўрапейскага Асветніцтва. Захоплены яго ідэямі, ён «утрымліваў у Бачэйкаве школу для дзяцей сваіх прыгонных, куды яны павінны былі пасылаць з 1782 года па адным сыне з сям’і (…) Якраз Юзаф заснаваў тут шматлікія прамысловыя прадпрыемствы, у тым ліку фабрыкі зброі, сукна, карэт, шкла, мэблі, а таксама бровары. Кіравалі імі прывезеныя з Англіі майстры, а мясцовых рабочых давучвалі ў Францыі і Англіі». Урэшце, сучаснікам ініцыятыўнага Юзафа быў маладзейшы за яго Ян Непамук (нарадзіўся каля 1762 года). Асноўная яго дзейнасць разгортвалася ўжо ў Расійскай імперыі, дзе ён быў выбраны «маршалкам шляхты Беларускай губерні» (так тады называлі тэрыторыю Полаччыны і Віцебшчыны). У 1797 годзе Ян Непамук меўся ўдзельнічаць у каранацыі ў Маскве Паўла І, але па дарозе яго спынілі і па нагаворы адвезлі ў пецярбургскую турму. З заключэння яго вызваліў сваім зваротам да імператара «беларускі віцэ-губернатар» І. Захараў.
Справы Юзафа Цеханавецкага працягнуў у ХІХ стагоддзі яго сын Станіслаў (1783—1848). У юнацтве ён многа падарожнічаў па Еўропе, даехаў нават да Марока. Убачанае на Захадзе імкнуўся выкарыстаць у Бачэйкаве, якое нарэшце стала галоўнай рэзідэнцыяй Цеханавецкіх. У 1811 годзе там «вырабляліся карэты, мэбля, сукно, шкло.
Вытворчасцю кіравалі прывезеныя з Англіі майстры. Для здабыцця патрэбнага вопыту (мясцовых) рамеснікаў пасылалі ў Парыж і Лондан. У маёнтку з’явілася прыватная школка для прыгонных, дзе, апрача чытання, арыфметыкі і рэлігіі, вучылі практычным ведам, якія датычыліся пчалярства, садоўніцтва, гадавання жывёлы, а медыцынскую апеку ажыццяўляў наняты Станіславам лекар». Аднак вайна з Напалеонам нанесла сядзібе вялікую шкоду, істотна абмежаваўшы асноўную крыніцу даходаў — вываз збожжа, якое сплаўлялася ў Рыгу стругамі.
Пасля смерці Станіслава новага росквіту Бачэйкава імкнуліся дасягнуць яго сыны Юстын Рудольф(1811—1847) і Юзаф Павел (1815—1888). Першы з іх у 1840 годзе адбыў падарожжа ў Берлін, Лондан і Парыж, доўга вандраваў па гарадах Італіі, адкуль накіраваўся ў пілігрымку ў Іерусалім, затым наведаў Ліван і Егіпет. На зваротным шляху атрымаў аўдыенцыю ў Папы Грыгорыя ХVІ, які адпусціў яму грахі на выпадак раптоўнай смерці. І яна неўзабаве наступіла — на паляванні ў яго лесе Валовая гара на Барысаўшчыне.
1379543272741_2
Паколькі дзяцей у Юстына Рудольфа не было, яго маёмасць перайшла ў рукі брата — Юзафа Паўла. У Пецярбургу ён даслужыўся да падпаручніка гвардыі. Пасля накіраваўся праз Чэхію, Аўстрыю і Швейцарыю ў Італію. Па дарозе вёў дзённік, дзе таленавіта замалёўваў краявіды. Свае ўражанні (як і Юстын Рудольф) падрабязна апісваў у лістах да маці, якія, нажаль, загінулі. Юзаф Павел, гаворыцца ў кнізе, наведваў у час падарожжа па Еўропе прамысловыя прадпрыемствы і «ўзорныя сельскія гаспадаркі».
Пасля вяртання пабачанае было выкарыстана на Віцебшчыне. У прыватнасці, у 1857 годзе ў фальварку Давыдкавічы была ўстаноўлена англійская малацілка. «Побач з асноўным збожжам вырошчваліся таксама прамысловыя расліны, найперш лён, продаж якога даваў вялікі прыбытак». У бачэйкаўскім садзе спелі выключна вялікія яблыкі, была аранжарэя. Для прыгонных сялян дзейнічаў шпіталік. А напярэдадні рэформы 1861 года Юзаф Павел, тады маршалак шляхты Лепельскага павета, увайшоў у склад сялянскага камітэта Віцебскай губерні.
Наступнае пакаленне Цеханавецкіх прадстаўляў у Бачэйкаве сын Юзафа Паўла Уладзіслаў Міхал Стэфан Імануіл, вядомы пад мянушкай «Лес» (1860—1910). Ён «засноўваў фабрыкі, прамысловыя прадпрыемствы, арганізоўваў сельскагаспадарчыя выстаўкі», узначальваў Лепельскае сельскагаспадарчае таварыства, напісаў і выдаў кнігі пра падзеі на Віцебшчыне ў час вайны 1812 года і па гісторыі Бачэйкава. Любіў маляваць. Асаблівай папулярнасцю карысталіся яго палітычныя і сацыяльныя карыкатуры. А жонка яго Матыльда Мары (Марыя), прадстаўніца старога англійскага роду, займалася дабрачыннасцю, засноўвала дзіцячыя прытулкі і школы. Гэта яна ў 1916 годзе, пасля смерці мужа, пад уплывам чутак аб набліжэнні нямецкага фронту, загадала вывезці цягніком з Бачэйкава ў Маскву «мэблю, карціны, самыя каштоўныя прадметы, а таксама сямейны архіў. Пошукі, якія прадпрымаліся, каб знайсці тую калекцыю, да гэтага часу не далі вынікаў». Анджэй Цеханавецкі аднойчы выказаў мне думку, што калі б гэтыя зборы былі знойдзены, ён, як законны спадкаемца, зрабіў бы ўсё, каб яны вярнуліся на Віцебшчыну.
І вось адзіным сынам Уладзіслава і Марыі быў Ежы Станіслаў, бацька Анджэя Станіслава Цеханавецкага. Пра апошняга таксама змешчаны ў кнізе вялікі артыкул, з якога я даведаўся для сябе многа новага. У прыватнасці, пра тое, што ў пачатку вайны Польшчы з Германіяй, у 1939 годзе, ён разам з маці на нейкі час перабраўся на беларускае Палессе, у маёнтак Скірмунтаў Моладава, дзе, відаць, засталася закапанай у зямлі частка сямейнай маёмасці. Потым праз Львоў вярнуўся ў Варшаву, дзе на патаемных курсах набываў веды па гісторыі мастацтва і ў складзе Арміі Краёвай удзельнічаў у Варшаўскім паўстанні. Пасля яго задушэння трапіў у фашысцкі канцлагер. Потым жыў з маці ў Кракаве. Як належнага да Арміі Краёвай у пачатку 1950-х гадоў А. Цеханавецкага не абышлі берутаўскія рэпрэсіі. Пасля поўнай рэабілітацыі працаваў у музеях, грамадскіх арганізацыях і антыкварыятах Кракава, абараніў у Цюбінгене (Германія) заснаваную на багатай архіўнай дакументацыі доктарскую дысертацыю пра тэатр Агінскіх, выдадзеную праз год на нямецкай, а потым двойчы на беларускай мове (1993 і 2006) у перакладзе Уладзіміра Сакалоўскага.
З 1961 года Анджэй Цеханавецкі стала пражывае ў Лондане. Яго багатыя веды прыдаліся падчас правядзення ў розных галерэях 38 выстаў заходнееўрапейскага мастацтва. На дзвюх з іх прысутнічала сама каралева Англіі. У гэты ж час завязаліся кантакты з Раманавымі. У свой час я чуў у Лондане, што А. Цеханавецкі лятаў у Нью-Ёрк да аднаго з прадстаўнікоў гэтай дынастыі, каб тая не прэтэндавала на Беларусь, бо ў яе ёсць ён, няхай і апошні, прадстаўнік роду карэнных князёў Мсціслаўскіх. У тым, што гэта не міф, мяне пераканала кніга, якая тут разглядаецца. На старонцы 450 у ёй сказана, што дом Раманавых узнагародзіў яго ордэнамі святой Ганны першага класа і святога Андрэя. Мусіць, тут мелася на ўвазе і такая «дынастычная» заслуга мецэната, як стварэнне ў 1984 годзе пры Каралеўскім замку ў Варшаве Фонду імя Цеханавецкіх, для якога ён перадаў «каля трох тысяч (!) каштоўных твораў мастацтва».
І тым не менш Анджэй Цеханавецкі шануе не толькі месца свайго нараджэння, але і месца шматгадовага знаходжання свайго «родавага гнязда» на Віцебшчыне. Там ён усталяваў памятны камень сваім папярэднікам (гл. здымак).Там ён марыць аднавіць музейна-культурны і адукацыйны асяродак, куды можна было б перадаць беларускія каштоўнасці з Лондана і з Масквы, калі б удалося вярнуць адтуль каштоўнасці, вывезеныя ў 1916 годзе ў часовы дэпазіт.
У сваёй нязгаснай любові да Бачэйкава Анджэй Цеханавецкі не раз прызнаваўся ў лістах да яго ўраджэнцаў, якія сёння жывуць там або ў Віцебску, працуюць у культуры або ў бізнесе і гатовы падтрымаць яго патрыятычныя ініцыятывы. У ажыццяўленне іх я веру, бо да гэтых ініцыятыў, выказаных у маіх артыкулах у друку і кнігах, далучаліся і дзеці ўраджэнцаў, якія, праходзячы журналісцкую практыку, пісалі ў «Голасе Радзімы», што добрая памяць пра Цеханавецкіх на Віцебшчыне жыве.
У сваім «Пасланні жыхарам Бачэйкава з нагоды юбілею 550-годдзя» прадстаўнік яго колішніх уладальнікаў у 2010 годзе пажадаў: «Няхай ваша цяперашняя вёска ў будучыні стане вартай называцца горадам!»
Адам МАЛЬДЗІС, 
ганаровы старшыня ГА «Міжнародная асацыяцыя беларусістаў»






Комментариев нет:

Отправить комментарий