понедельник, 26 марта 2018 г.

Рамэа і Джульета з-пад Наваградка. Чытэльная версія

Рамэа і Джульета з-пад Наваградка

№ 12 (1347) 23.03.2018 - 30.03.2018 г
У 220-ю гадавіну з дня нараджэння Адама Міцкевіча мы працягваем знаёміць чытача “К” з таямнічымі закуткамі радаводу паэта. Гэтым разам звернемся да гісторыі Марыяны з Лешчылоўскіх, якая даводзіцца Адаму Міцкевічу прабабкай. І распавядзем пра тыя неверагодныя трагічныя падзеі, якія паядналі і “развялі” яе бацькоў.

/i/content/pi/cult/684/15062/25.JPGВяртаючы да жыцця ў 1599 годзе герояў Авідыя Пірама і Фізбу, Уільям Шэкспір і падумаць не мог, што ягоныя Рамэа і Джульета літаральна праз сто год “ажывуць”. І не дзе-небудзь, а ў сэрцы Вялікага Княства Літоўскага. Менавіта тут, блізу Наваградка ў дробных беларускіх шляхецкіх сем’ях нарадзіліся Ян Лешчылоўскі і Фларыяна з Дабрынскіх. Іх імёны, разам з акалічнасцямі трагічнай справы, упершыню паведаў віленскі архівіст Яўзебі Лапацінскі, які ў 1932 годзе апублікаваў шэраг артыкулаў, прысвечаных Міцкевічам. Але паколькі ўсё апісанне падзей 1720 — 1730 гадоў у Лапацінскага заняло 1/8 газетнай паласы, шмат чаго засталося па-за кадрам. На падставе невядомых раней архіўных дакументаў мы распавядзем гэту гісторыю больш дэталёва.

Голубы і лебедзі

Напрыканцы верасня ў полацкім кафедральным касцёле святога Стэфана было шматлюдна. Акрамя звычайнай “харугвы” аматараў розных урачыстасцяў — хростаў-шлюбаў-адпяванняў — натоўп быў шчодра разбаўлены прадстаўнікамі полацкага мяшчанства. Асаблівую ўвагу разявакаў прыцягвала купка тагачаснай “залатой моладзі” — дзеці і сваякі магістрацкіх чыноўнікаў, запрошаныя ў якасці сведкаў маладых.
“Anno Dni 1719 mensi septembri Die 29 praemissis...” — так пачынаецца метрычны запіс пра шлюб наваградскага шляхціча Яна Лешчылоўскага і полацкай мяшчанкі Марты з Голубаў. Сведкамі, чые імёны запісаў у кнігу пробашч езуіцкага касцёла Юзаф Сутоцкі, былі Ян Лянчыцкі, Казімір Шапонька і Тамаш Суфрановіч.
Па ўсёй верагоднасці, Марта была дачкой Базыля і Марыяны Голубаў. Пасля смерці бацькі, які ў 1704 годзе займаў у полацкім магістраце пасаду райцы, яе маці Марыяна 20 лістапада 1705 года пабралася шлюбам з Казімірам Дулевічам (часам, Долевіч), шляхцічам з Сандамірскага ваяводства. Магчыма, ён быў “караняжам” — то бок, з тэрыторыі Польшчы, і апынуўся на Полаччыне падчас
Паўночнай вайны. Можа, Дулевіч паходзіў і з беларускай шляхты. Але прыбыш, відаць, акрамя тытулу, не меў больш нічога, і таму вырашыў натуралізавацца, узяўшы за жонку полацкую мяшчанку.
Пра род Лешчылоўскіх гербу “Лебедзь” вядома значна больш. Ян паходзіў са старога беларускага шляхецкага роду, які ўзяў прозвішча ад свайго маёнтка Ляшчылаў, які, дарэчы, на Полаччыне. Як пісаў Сяргей Рыбчонак у “Малым гербоўніку наваградскай шляхты”, пратапластам (заснавальнікам) роду лічыўся каморнік Наваградскага ваяводства Васіль Лешчылоўскі, які ў 1577 годзе набыў ад сваіх стрыечных братоў маёнтак Мацюшыцы. Але ёсць і ранейшыя згадкі пра Лешчылоўскіх. Да 1559 года вядомы Ян, “паборца” наваградскі, і Іван, які ў 1556 годзе быў трокскім гродскім пісарам.
Па ўсей верагоднасці, Ян быў унукам Яна-Аляксандра, сынам Лукаша і Магдалены з Бародзічаў Лешчылоўскіх і меў братоў — Уладыслава (жонка Барбара Войніч) і Пятра (першая жонка Ганна Войніч, другая Марыяна Грачыха). Як мы бачым, Лешчылоўскія на Наваградчыне мелі трывалыя карані і добрае сваяцтва.

“У навукі”

Што ж стала спускавым гачком для рашэння юнака з Наваградчыны ў даволі неспакойны час выправіцца на самы поўнач Беларусі? У 1730 годзе ў Наваградскім гродскім судзе быў актыкаваны “Працэс у Бога вялебнага Яго мосці ксяндза Юзафа Паніквіцкага… на Іхмосць Пана Лешчылоўскага”. Ксёндз Паніквіцкі, які адыграў вырашальную ролю ў лёсах продкаў Адама Міцкевіча, верагодна, нешта ведаў з першакрыніцы, бо прычыну дакладна ўбачыў у тым, што Лешчылоўскі адправіўся ў каралеўскі горад Полацк “на студыі” (вучобу). Так гэта было ці не, мы, на жаль, не ведаем. Але пэўныя падставы для сумневаў ёсць.
У езуіцкія калегіумы дзяцей прымалі ад дзевяці — дзесяці гадоў, пасля таго, як яны атрымлівалі перашапачатковую адукацыю ў хатніх умовах, або пры нейкай школцы. Для большасці моладзі, адукацыя завяршалася ў 17 — 18 гадоў. Гэтага было цалкам дастаткова, каб займаць рознага кшталту дзяржаўныя пасады і паступова прасоўвацца па сацыяльнай лесвіцы. Але ў выпадку, калі юнак вырашаў працягнуць адукацыю, яго чакаў двухгадовы навіцыят у кляштары. Пасля чаго ён меў права некалькі гадоў падвышаць узровень, вывучаючы дадатковыя дысцыпліны. А далей — кар’ера духоўнай асобы.
Верагодна, у большасці выпадкаў рашэнне пра тое, па якім шляху пойдзе сын ці дачка, прымалі бацькі. Напрыклад, у сям’і Лявона-Паўла Валадковіча, дзеда нашага нацыянальнага героя Тадэвуша Рэйтана, было так. Яго брат, Феліцыян-Філіп, стаў мітрапалітам Усёй Русі (першасвятаром уніяцкай царквы Рэчы Паспалітай). Іншы брат — Антон-Лявон, стаў ксяндзом у наваградскіх дамініканаў. А вось духоўны шлях Марціна, якога бацька, каб не драбніць маёмасць роду, аддаў у навіцыянт да наваградскіх дамініканаў, быў перарваны смерцю бацькі і старэйшага брата. Яго адклікалі з кляштару і неўзабаве ён ажаніўся. Калі б не гэты выпадак, не нарадзіўся б на свет ягоны праўнук — Ігнат Дамейка.
Гаворка пра “сярэднюю адукацыю” Яна Лешчылоўскага не вялася. У 1719 годзе ён пабраўся шлюбам, а гэта значыць — быў паўналетнім. Застаецца адно — або сваякі адправілі яго ў навіцыят да полацкіх езуітаў, або ён сам вырашыў парваць з гэтым светам. Праўда, тут таксама ёсць шэраг “але”. Навошта трэба было ехаць у Полацк, за некалькі сотняў кіламетраў, калі побач былі калегіумы ў Наваградку, Нясвіжы ці нават Менску? Чаму для гэтага быў абраны горад, які ў той час быў базай для расійскага войска? Чаму літаральна адразу па прыездзе ў Полацк будучы “езуіт” ажаніўся? Такія нелагічныя паводзіны адкрываюць шырокае поля для канспіралагічных тэорый. Вось адна з іх.
У 1697 годзе на вакантны трон Рэчы Паспалітай ускараскаўся Аўгуст ІІ “Моцны”, прадстаўнік саксонскай дынастыі Вецінаў. Дапамагалі яму ў гэтым не толькі зацікаўленасць ў такім каралі з боку Масквы, але і ўмельствы трапна пацэліць і па качках, і па жаночых сэрцах. З яго прыходам наступіў пачатак канца дзяржавы. Вылузацца з-пад “апекі” Расійскай імперыі не ўдалося ні Сасу, ні яго наступнікам.
У Паўночнай вайне паміж Расіяй і Швецыяй Аўгуст ІІ падтрымаў першую. З 1704 года тэрыторыя ВКЛ у чарговы раз пераўтварылася ў месца высвятлення адносінаў паміж гэтымі дзвюма дзяржавамі, і, як заўсёды, з самымі цяжкімі наступствамі. Менавіта тады быў дабіты шведамі Наваградскі замак, а Магілёў з шыкоўнай драўлянай забудовай цалкам спалены
расійскім войскам. Ян Лешчылоўскі нарадзіўся менавіта ў час Паўночнай вайны. Па сваіх жудасных выніках (страта да 1/3 насельніцтва, катастрафічныя разбурэнні, якія прынеслі ВКЛ войскі Расіі і Швецыі), гэта вайна хіба трохі саступала катастрафічнаму па наступствах для нас “патопу” (1654 — 1667).
Полацк ад пачатку вайны пераўтварылі ў вайсковую базу. Бываў там і Петр І, прычым адзначыўся не лепшым чынам. Спярша бойня манахаў-базыльянаў у Полацкай Сафіі (1705), а потым, у 1709 годзе, царква, зачыненая па яго загадзе і пераўтвораная ў парахавы склад, была ўзарваная.
Менавіта ў такі разгромлены горад і патрапіў Лешчылоўскі. Ці не выправіўся ён у Полацк, каб звесці рахункі з Пятром І? Тое, што рускі цар успрымаўся беларускай шляхтай як вораг Бацькаўшчыны, сумневаў не выклікае. Узгадаем, што замахі на манархаў адбываліся тады ва ўсім свеце, у тым ліку, і нашых землях. Таму згаданая версія не такая ўжо фантастычная. Праўда, ход далейшых падзей істотна падрывае яе падмуркі.

Як Усяслаў Чарадзей

Неўзабаве пасля шлюбу Ян Лешчылоўскі раптоўна вяртаецца на малую радзіму. Ізноў дамо слова ксяндзу Паніквіцкаму: “...забыўшы Страх Божы і прысягу, пры шлюбе выкананую, скрытна з Полацка да дзедзічнага фальварака свайго названага Мацюшыцы ў ваяводстве і парафіі Наваградскім выехаўшы…”
Што прымусіла хлопца кінуць жонку, якая была для яго выгоднай партыяй, чаму Усяслаў Чарадзей употайкі вяртаецца дамоў? Тут застаецца толькі перабіраць ружанец здагадак. Найбольш верагодна, што з Наваградчыны прыйшлі нейкія навіны, якія раз і назаўсёды перавярнулі жыццё Лешчылоўскага. Далейшыя падзеі мы аднаўляем на падставе ўсё таго ж акта судовага працэса.
Неўзабаве пасля вяртання Ян Лешчылоўскі ўступае ў другі шлюб з паннай, якая на той момант таксама была замужам! Такое і ў наш час не асабліва ўхваляецца, а ў тую эпоху за падобныя ўчынкі падсудным гарантаваўся смяротны прысуд. Самы час схапіцца за галаву ад шалёнага вадакрута падзей. Але гэта яшчэ не ўсё.

У папа Руцкага

Як напісана ў судовых паперах, 21 чэрвеня 1721 года ў царкве ў Руце Ян Лешчылоўскі афіцыйна пабраўся шлюбам з Фларыянай Пацэвіч з Дабрынскіх, змяніўшы пры гэтым веру на “рускую”. Неабазнаным у беларускай гісторыі польскім міцкевічазнаўцам прымроілася, што “руская” вера азначае “праваслаўная”. Так яны і падаюць у сваіх публікацыях.
Надышоў час выправіць хібу. У тыя часы, асабліва ў ВКЛ, “рускай верай” называлася грэка-каталіцкая. Узгадаем тытул аднаго са сваякоў Тадэвуша Рэйтана, першасвятара ўніяцкай царквы Рэчы Паспалітай Феліцыяна Філіпа Валадковіча — “Мітрапаліт Усёй Русі”.
Царкву ў Руце, ад якой і да Наваградка і да Мацюшыцаў Лешчылоўскага было якіх пару кіламетраў, пабудаваў у 1716 годзе мітрапаліт Леў Кішка. Дарэчы, апошні ўніяцкі мітрапаліт Феадосій Растоцкі набыў Руту ва ўласнасць. І яго пляменнік, Мятард Растоцкі, наваградскі суддзя, пасля смерці бацькі будучага паэта Мікалая Міцкевіча ўзяў апеку над яго сям’ёй. Тут, у Руце, у маёнтку Растоцкага Адам і яго браты правялі безліч часу.
Зміцер ЮРКЕВІЧ,
даследчык-архівіст

Комментариев нет:

Отправить комментарий