«Вяртанне» ДАХУ!
Сёлета 23 жніўня сядзіба Рэйтанаў у вёсцы Грушаўка, што непадалёк Ляхавічаў, зноў зведала «нашэсце». Але калі пад час войнаў і зменаў рэжымаў нашэсці выклікалі жах у месцічаў, то гэтым разам яны глядзелі на новых людзей з усмешкамі на тварах, не хаваючы радасці. Чаму? Таму што ДАХ, фестываль сучаснага мастацтва, вярнуўся на Грушаўскую зямлю. Не такі маштабны, як летась, але вельмі насычаны, а галоўнае – чаканы!
Фестываль ДАХ-XXV «Вяртанне», які ладзіла Арт-суполка імя Тадэвуша Рэйтана, атрымаў такую назву невыпадкова. Гэта і вяртанне самой падзеі ў Грушаўку (закладзеная ў свой час традыцыя была падтрыманая ўладамі Ляхавіцкага раёна), і працяг вяртання асобы Т. Рэйтана да роднага ганка, да свайго народа. Але ёсць і яшчэ два вяртанні – культурнага жыцця ў закінутую сядзібу і надзеі на тое, што ўсё ж такі вышэйшыя ўлады звернуць увагу на занядбаную святыню Беларусі, на тое месца, дзе нарадзіўся патрыёт гэтага краю, сапраўдны ліцвін-беларус, мужны абаронца і гонар нашай зямлі.
Чытаць далей…
Каб ушанаваць памяць Т. Рэйтана, у Грушаўцы сабраліся музыкі, мастакі, паэты, рэжысёры ледзь не з усёй Беларусі, а таксама шмат месцічаў з Грушаўкі, Пашкоўцаў, Канюхоў, Ляхавічаў. Сярод іх былі і тыя, хто яшчэ памятае добрай памяццю апошніх Рэйтанаў. На жаль, з кожным годам іх усё меней… Час бярэ сваё.
У фестывалі бралі ўдзел Капэла Алеся Лася, гурт «Міжрэчча» (в. Пагост Жыткавіцкага раёна), музыкі Віктар Сямашка, Раман Яраш, Цімох Авілін і Павел Селівончык (праект «Беларускі гарадскі раманс 20 – 30-х гадоў ХХ ст.»), Аляксей Жбанаў (праект «Песні філаматаў і філарэтаў “Натхнёныя подзвігам Рэйтана”») ды іншыя, паэты Уладзімір Мароз і Іосіф Бацечка, мастакі Анатоль Лабкоўскі, Святлана Бадак, а таксама фатографы Алена Ясінская, Насця Трусава, Крысціна Булас і Каміла Янушкевіч. Спецыяльным госцем фэсту былі курсы беларускай мовы «Мова нанова – Баранавічы» (выкладчык – Юлія Траццяк). Іх удзельнікі зладзілі акцыю па новым для Беларусі віду вулічнага мастацтва – ярнбомбінгу – і ўпрыгожылі дрэва каляровымі вязанымі шалікамі. Адбыўся і запланаваны кінапаказ дакументальных стужак «Тадэвуш Рэйтан: Беларускі Дон-Кіхот» (АНТ), «Апошняя з роду» (прысвечаны Аліне Рэйтан) і «Мясцовы анёл» рэжысёра Алены Ясінскай.
Асобна трэба вылучыць стрыжнявы праект экспазіцыі – буйны графічны цыкл «Род Рэйтанаў. Асобы. Падзеі» Алеся Родзіна і Змітра Юркевіча. Больш чым на 30-і працах разгарнулася сапраўдная энцыклапедыя радаводу Т. Рэйтана, а таксама яго жыцця ад нараджэння да смерці. Праект рыхтаваўся цягам года адмыслова для гэтай выстаўкі, але, што праўда, ужо часткова быў прадэманстраваны ў мінскім Палацы мастацтва і ў музеі-сядзібе «Пружанскі палацык».
Нагадаем чытачам, што ў наступным годзе спаўняецца 275 гадоў з дня нараджэння Т. Рэйтана, таму мы працягваем папулярызаваць яго імя. А гэта значыць, сёлета адбудзецца яшчэ не адна імпрэза, звязаная з імёнамі Т. Рэйтана, С. Корсака і С. Багушэвіча-Мінькоўскага. Запрашаем далучацца да руху!
Зміцер ЮРКЕВІЧ, Арт-суполка імя Тадэвуша Рэйтана
Комментариев нет:
Отправить комментарий