четверг, 27 ноября 2014 г.

Дамінік Рэйтан, пляменнік славутага Тадэвуша Рэйтана.


Дамінік Рэйтан (польск.Dominik Reyten, Dominik Rejtan,20 чэрвеня 1783 — 1 лістапада 1852) — вайсковы дзеяч, удзельнік франка-расійскай вайны 1812 года, пляменнік славутага Тадэвуша Рэйтана.

Дамінік Рэйтан нарадзіўся 20 чэрвеня 1783 года ў сям'і наваградскага земскага пісара Міхала Ксаверыя Рэйтана і Ганараты з Багдановічаў, старасцянкі Кавалеўскай. Быў наймалодшым з чатырох сыноў. Па смерці жонкі бацька ажаніўся другім разам з Людавікай з Касінскіх, удаве свайго брата Юзафа. Міхал Ксаверый за жыццё зрабіў паспяховую кар'еру і меў пасаду Слуцкага павятога маршалка. Не раз рабіўся героем літаратурных твораў. Яго імя фігуруе ў творах Юзафа Крашэўскага, Генрыка Жавускага, Станіслава Рэйтана.
Дзяцінства Дамінік Рэйтан правёў у маёнтку Дактаровічы Капыльскага павета, дзе жылі яго бацькі. Вучыўся спачатку, відаць, у Слуцку, які знаходзіўся непадалёк. Пазней у Віленскай акадэміі[1].
На час маладосці прыпадае крах радзімы Дамініка – Рэчы Паспалітай. Адбіваецца ў памяці і параза нацыянальна-вызваленчага паўстання Тадэвуша Касцюшкі. У той жа час у выніку рэвалюцыйных падзей у Францыі да ўлады прыходзіць Напалеон Банапарт. Ім распачынаюцца ваенныя дзеянні на ўсход. І ўжо 22 ліпеня 1807 году Напалеонам на колішніх землях Кароны Польскай ствараецца Варшаўскае княства. Дамінік, у спадзеве на аднаўленне Вялікага Княства Літоўскага, не марнуючы часу ўступае добраахвотнікам у войска новай дзяржавы. Імаверна спачатку адбывае службу ў 6-м уланскім палку, з якога ў 1809 годзе фармуецца 9-ы ўланскі полк і сярод афіцэраў якога знаходзім і Дамініка Рэйтана. За час Аўстрыйскай кампаніі праз сваю мужнасць Дамінік дастае пагоны капітана і залаты крыж.
маст. Алесь Родзін
У час падрыхтоўкі да кампаніі 1812 году Напалеонам выдаецца загад князю Юзафу Панятоўскаму аб падборы шасці найбольш здольных афіцэраў для службы ў Генеральным штабе Вялікай арміі, якія ведалі б замежныя мовы, мелі добрыя манеры і паходжанне. Сярод прэтэндэнтаў на высокую пасаду быў абраны і Дамінік Рэйтан, што сведчыць пра яго выключныя вайсковыя здольнасці і адукаванасць. Такім чынам, знаходзячыся пры стаўцы Генштаба Дамінік Рэйтан становіцца відавочцай і ўдзельнікам усіх значных бітваў франка-расійскай вайны[2]. Пасля паразы расійскай кампаніі разам з Напалеонам адступае на Захад. Увосень 1813 году Дамінік ледзь не становіцца ахвярай варожай артылерыі: гарматнае ядро, праламаўшы галіны дрэва, праляцела над галовамі вайскоўцаў[3]. Годам пазней ледзь не трапляе ў палон да расійскіх казакоў, праз атрад якіх прыйшлося прабівацца боем[4]. Тады ж, вясной 1814 году, у наваколлі Фантэнбло адбываецца сусрэча Дамініка Рэйтана з Тадэвушам Касцюшкам. З канчатковым разгромам напалеонаўскай арміі перапыняецца і вайсковая кар'ера Дамініка Рэйтана, якую закончыў у чыне падпалкоўніка.

Знаходзячыся ў Парыжы Дамінік піша ліст з прашэннем да расійскага імператара Аляксандра І на дазвол аб вяртанні на радзіму. На які атрымоўвае станоўчы адказ. Вяртаецца і секвестараваны маёнтак. У выніку Дамінік атабарваецца ў родных Дактаровічах, займаецца ўжо грамадска-сацыяльным жыццём і сямейнымі справамі. У 1818—1820-я гады ўваходзіць у склад масонскіх ложаў «Святога Уладзіслава Ягайлы» Слуцка, «Шчаслівага вызвалення» і «Святыня спакою» Нясвіжа, Менска. З 1823 па 1829 гады Дамінік Рэйтан уваходзіць у склад слуцкага «Попечительского комитета о бедных», а ў 1830—1835 гадах становіцца адным з галоўных фундатараў новага мураванага будынку Слуцкай гімназіі. На пачатку 1820-х Дамінік жэніцца з Сафіяй Феліцыяй Камінскай, дачкой менскага віцэ-губернатара Людвіка Камінскага. Ад гэтага шлюбу ў іх нарадзіліся дочкі Барбара Людавіка Ізабэла Бенэдыкта (1822—?) і Алена, сыны Аляксандр Адам Станіслаў (1823—1824) і Стэфан Міхал Ян (1824—1863). Але шлюб аказаўся не надта трывалым. Пазней (паводле інфармацыі  Я.Янушкеіча і З.Дразда) Людвіка выходзіць замуж за Рудольфа Пішчалу, які спрычыніўся да ўзнікнення ў Менску знакамітага «Пішчалаўскага замка» (таксама вядомага як «Валадарка»)[5].
Памёр Дамінік Рэйтан 1 лістапада 1851 года. Пахаваны на Ляхавіцкіх могілках. Да вясны 2014 году захоўвалася, так званая, капліца Дамініка Рэйтана. Па нявысветленых прычынах разбурана. Захаваўся металёвы надгробак.    

                                                                                                                        Зьміцер Юркевіч   

                                                     
(друкуецца ў скароце)                                                                      
скарот падрыхтаваны З.Крымоўскім                                                                                                                    

                                           



be.wikipedia.org/w/index.php?title=Дамінік_Рэйтан

Комментариев нет:

Отправить комментарий