среда, 5 ноября 2014 г.

Тадэвуш Рэйтан vs Пане Каханку: мастацтва вайны з аб’ектыўнасцю

www.facebook.com/groups/352200394829082/permalink/719908941391557/


OPEN CALL ДЛЯ ПЕРФОРМЕРАЎ!
Шаноўныя сябры! 29-30 лістапада ў Цэнтры сучаснага мастацтва пройдзе фестываль мастацтва перформансу “penAtra(C)tion-V”. Сёлетні дэвіз -- “Тадэвуш Рэйтан vs Пане Каханку: мастацтва вайны з аб’ектыўнасцю”. Калі вы не атрымалі запрашэнне ўзяць у ім удзел, але вам ёсць, што паказаць – чакаем на праекты вашых перформансаў.
Ад вас патрабуецца: А) даслаць сціслую інфармацыю пра сябе, праект перформансу, увесь магчымы фота- відэаматэрыял на мэйл skiy@rambler.ru Б) зрабіць гэта да 15 лістапада!
Узгодненыя праекты атрымаюць месца ў фестывальнай праграме і ўсемагчымую (хаця і вельмі сціплую) падтрымку арганізатараў.
Што такое “penAtra(C)tion”?
Перад тым, як эвалюцянаваць у асобны фестываль, праграма з гэтай назвай адбывалася ў рамках беларускага спецпраекта на IV Маскоўскай біенале і такіх легендарных фестываляў, як кіеўскі “Гогальфэст” і мінскі “Дах”. Наша мэта -- выявіць разнастайнасць беларускага перформансу, прадставіўшы пляцоўку для выступлення самым розным прадстаўнікам гэтай з’явы. Нехта з іх надзвычай інтравертны і сур’ёзны, нехта – па-дзіцячаму дураслівы. Нехта абмяжоўваецца дапамогай толькі ўласнага цела, а нехта стварае мультымедыйныя дзеі з выкарыстаннем усіх відаў зброі сучаснага мастака. Нехта імкнецца шакаваць гледача, а нехта разлічвае на спакойнае з ім сумоўе. Нехта стварае герметычны тэкст з дбайна зашыфраванымі сэнсамі, а нехта ў гэтыя сэнсы гуляецца.
Але ў кожным разе ім уласцівая выразная “аўтарскасць” і схільнасць выяўляць яе працэсуальным чынам, ствараючы непасрэдна тут і цяпер, на вачах публікі. Што, уласна, і з’яўляецца мастацтвам перформансу.
penAtra(C)tion – гэта гібрыд двух англійскіх словаў: “пранікненне” і “атракцыя”. Досвед пранікнення ўнутар сябе часам бывае хваравітым, аднак мастацтва мае сілу пераўтвараць псіхічныя траўмы ў займальны атракцыён.
Пра мінулыя імпрэзы:
https://www.youtube.com/watch?v=VyAHOHS0uNU&list=UUl3gG7-amY2pKQEpWWbU61A
http://www.belgazeta.by/ru/2013_04_29/life/26484
Сёлетні фестываль прысвечаны “ганаровым айцам” беларускага акцыянізму – Каралю Станіславу Радзівілу (1734 – 1790) і Тадэвушу Рэйтану (1740 – 1780).
Гэтыя дзьве гістарычныя постаці жылі ў адзін час і амаль у адным месцы. Сем’і Радзівілаў і Рэйтанаў лучылі даўнія сяброўскія повязі, адлегласць ад Нясвіжа да Грушаўкі добры конь перадольваў за пару гадзінаў. Агульную атмасферу таго часу вызначала апакаліптычнае прадчуванне немінучага скону эпохі – і з гэтым трэба было нешта рабіць. Але супрацьстаяць няўмольнаму ходу гісторыі “легітымнымі” палітычнымі метадамі аказалася ўжо немагчыма. Рэйтан і Радзівіл узялі на ўзбраенне той спосаб актыўнасці, які мы сёння без асаблівых ваганняў назвалі бы перформансам.
Атрымалася ў іх па-рознаму. Адзін прадэманстраваў выключны прыклад самаадрачэння на карысць высокіх ідэалаў, другі стаў узорам паталагічнага эгацэнтрызму. Адзін увайшоў у гісторыю ў якасці несумненнага героя, другі – у сумнеўным амплуа “фрыка”. Але ў абодвух выпадках засваенне новых жыццёвых практыкаў дазволіла тым асобам дзейнічаць, “не згубіцца ў часе”, які вымагаў адно толькі пакорлівай пасіўнасці. І гэты “мэсыдж” падаецца актуальным у любых кутках свету і ў любыя гістарычныя эпохі – нават у куды больш аптымістычныя, ніж тая, у якой давялося жыць першым беларускім перформерам.

Комментариев нет:

Отправить комментарий