понедельник, 21 декабря 2015 г.

Юркевіч З. Ю. Пляменнікі Тадэвуша Рэйтана ў 1812 годзе: Дамінік Рэйтан

(мастак Алесь Родзін "У вызваленай Грушаўцы. Даменік Рэйтан". Са збороў Арт-суполкі)



З. Ю. Юркевіч,
Мастак, куратар,  “Арт-суполка імя Тадэвуша Рэйтана”
(г. Баранавічы, Рэспубліка Беларусь)

Пляменнікі Тадэвуша Рэйтана ў 1812 годзе: Дамінік Рэйтан

Да гэтага часу Дамінік Рэйтан, адзін з шматлікіх пляменнікаў Тадэвуша Рэйтана[1], ніколі не станавіўся аб’ектам цікавасьці гісторыкаў. Больш пашанцавала яго старэйшаму брату Станіславу Карлу, таксама ўдзельніку вайны 1812 года, які зацікавіў даследчыкаў дзякуючы сваёй актыўнай літаратурнай дзейнасці [1; 2; 3].
Дамінік, наймалодшы з чатырох сыноў наваградскага земскага пісара Міхала Ксаверыя Рэйтана і Ганараты з Багдановічаў старасцянкі Кавалеўскай, нарадзіўся 20 чэрвеня 1783 г. Бацька Дамініка, пасля смерці першай жонкі ажаніўся другі раз, на Людавіцы з Касінскіх, удаве свайго брата Язэпа. Ад гэтага шлюбу ў лютым 1800 г. нарадзіўся сын Язэп Юлій.
Міхал Ксаверы, дзякуючы сяброўска-кліентскім адносінам з родам Радзівілаў[2], зрабіў паспяховую грамадска-палітычную кар’еру. Памёр 21 сакавіка 1809 г. з тытулам “былы Слуцкі павятовы маршалак” [2, арк. 80]. Не раз рабіўся героем літаратурных твораў вядомых літаратараў-ліцвінаў ХІХ ст. - Адама Міцкевіча, Язэпа Крашэўскага, Генрыка Жавускага і нават свайго сына, Станіслава Рэйтана.
Вучыліся сыны Міхала, мяркуючы па ўскосных дадзеных, спачатку ў Слуцку, блізу якога, у Дактаровічах, яны жылі [5], а потым працягвалі адукацыю, відаць,  у Віленскай акадэміі, як тады называўся будучы універсітэт[3] [6, с. 22].
У часы, калі Вялікае княства Літоўскае ў выніку трох Падзелаў Рэспублікі Абодвух Народаў перастала існаваць, для шляхецкай моладзі амаль адзіным шанцам зрабіць кар’еру, засталася вайсковая служба. Станіслаў Рэйтан, які быў на два гады старэйшы за Дамініка, паступіў у расейскае войска напрыканцы XVIII ст., дзе даслужыўся да чыну паручніка кірасірскага ваеннага палка. Браў чынны ўдзел у ваенных кампаніях, якія вяла Расейская імперыя. У 1809 г. ён выйшаў у адстаўку. Мажліва, паміж 1809 і 1812 г. служыў у войсках Варшаўскага герцагства. У 1812 г. ён уступіў у новастворанае войска ВКЛ. Даследчык В. Лякін піша, што ён быў паручнікам 20-га ўланскага палка [18, с. 225]. Але, на падставе дакументальных крыніц, якія знайшоў гісторык А. Сцебурака, стала вядома, што капітан-ад’ютант Станіслаў, будучы хворым, напрыканцы 1812 г. патрапіў у расейскі палон і далейшы баявы шлях 20-ы полк прайшоў ужо без яго[4].
Дамінік, які таксама быў удзельнікам вайны 1812 года і таксама на баку Напалеона знаходзіўся сярод тых некалькіх дзясяткаў тысяч ваяроў з былой Вялікай арміі (напачатку паходу налічвала больш за 600 000 чалавек), якім удалося адступіць за Нёман.
У адрозненні ад Станіслава, пра ваенны лёс Дамініка захавалася нашмат больш сведчанняў. Прычына гэтага ў тым, што дзякуючы розуму, здольнасцям, адвазе, добраму паходжанню, ён пачаўшы службу дабраахвотнікам у войсках новай дзяржавы – Варшаўскага герцагства, скончыў яе ўлетку 1814 г. падпалкоўнікам-ад’ютантам Генеральнага штаба Вялікай арміі. Калегі Дамініка па штабной службе найбольш цікавыя эпізоды адлюстравалі ў сваіх “Успамінах”[5]. Захавалася таксама і шмат архіўных крыніц, дзякуючы якім можна аднавіць лёс Дамініка “да” вайны і “пасля”.
 Амніставаны асабістым указам расейскага цара Аляксандра І [5, с. 26-27], напалеонаўскі падпалкоўнік, якому было крыху больш за 30 год, вярнуўся ў родную Літву і пачаў уладкоўваць сваё жыццё. У 1818-1820 гг. уваходзіў у склад масонскіх літоўскіх ложаў у Слуцку, Нясвіжы і Мінску[6] [6, с. 73; 81; 86]. Штабная звычка – ведаць усё з “першакрыніц”, прымушала яго ў розныя гады быць падпісчыкам літоўскіх і польскіх газетаў, напрыклад, такіх як “ Dziennik Wilenski” і “Dziennik Warszawski”.
Ажаніўся Дамінік Рэйтан на Сафіі Феліцыі Камінскай, дачцы віцэ-губернатара Людвіка Камінскага[7]. Ад гэтага шлюбу нарадзіліся дочкі Барбара Людавіка Ізабэла Бэнэдыкта (1822-?), Алена (?) і сыны Аляксандр Адам Станіслаў (1823-1824), Стафан Міхал Ян (1824-1863). Сын апошняга, Язэп Пётр Павел (1857-1910) памёр беспатомным. З жонкай Дамінік не ўжыўся, і яна, як сцвярджаюць даследчыкі Я. Янушкевіч і Д. Дрозд, выйшла паўторна замуж за Рудольфа Пішчалу, дзякуючы якому мы цяпер маем у цэнтры Мінска знакаміты “Пішчалаўскі замак” (або “Валадарку”)[8].
З 1823 па 1829 г. Дамінік уваходзіў у склад слуцкага “Попечительского комитета о бедных, а ў 1830-1835 гг. быў адным з галоўных фундатараў каменнага будынку для Слуцкай гімназіі [7, с. 528].
У 1833 г. меў судовую справу з Радзівілаўскай камісіяй у Вільні. Свайму адзінаму сыну даў добрую адукацыю: спачатку, ізноў жа, па ўскосных дадзеных, у сямікласнай Слуцкай гімназіі, дзе вучыліся будучыя дзеячы культуры і грамадства – Эдвард Вайніловіч, Адам Плуг (Анатоль Пяткевіч) і інш., а пазней - у Кіеўскім універсітэце, дзе ў тыя гады выкладаў Тарас Шаўчэнка.
Па ўспамінах сучаснікаў, Дамінік Рэйтан быў вельмі сардэчным чалавекам, рассудным, і той жа самы час “прахалодным”. Памёр ён 1 лістапада 1851 г. і быў пахаваны на могілках у Ляхавічах, дзе знайшлі спачын яго продкі, бацькі, браты. Захаваўся металёвы надгробак Дамініка.
(капліца (не існуе) у Ляхавічах, з надгробкам Дамініка Рэйтана)



Год 1807 быў ў колішнім ВКЛ годам вялікіх спадзеваў. 22 ліпеня Напалеонам была зацверджана канстытуцыя Варшаўскага герцагства - дзяржавы створанай з земляў Кароны Польскай, падзеленых паміж Прусіяй і Аўстрыяй. Генерал Ян Генрык Дамброўскі абвесціў аб стварэнні новага польскага войска. У гэтыя часы былі яшчэ жывыя паўстанцы 1794 г. - тыя, хто бачыў на ўласныя вочы ўсе тры Падзелы Рэспублікі Абодвух Народаў. З Італіі вярталіся легіёны. Таму падрастала моладзь прасякнутая палымяным патрыятызмам. Патрыёты-ліцьвіны таксама спадзяваліся на адраджэнне уласнай дзяржавы, былога ВКЛ. Але, як вядома, для гэтага трэба было прыкласці пэўныя высілкі. У тым ліку, давесьці Напалеону, на якога быў асноўны спадзеў, што ліцвіны вартыя ўласнай дзяржавы, за якую гатовыя годна біцца. Некаторыя з ліцвінаў, напрыклад вядомы літаратар Ян Ходзька, ў той час напісаў камедыйную оперу “Przejscie Niemna, czyli Litwa oswobodzona”, якую, як вядома паставілі на сцэне ў Мінску, толькі ў 1812 г. [8, с. 270].
Імя Дамініка Рэйтана, у кантэксце тэмы артыкулу, упершыню згадваецца ў 1807 г. сярод імёнаў ліцвіноў, якія сыйшлі на захад, да Дамброўскага [8, с. 272]. Там жа згаданы і Людвік Ельскі[9], Самойла Корсак[10] (ён, відаць, далучыўся да войскаў на чужыне), Станіслаў Манюшка (сваяк нашага вядомага кампазітара) і безліч іншых. Праўда, мяжа паміж Варшаўскім Герцагствам і землямі ВКЛ, якія знаходзіліся “пад акупацыяй Расейскай імперыі”, так пільна ахоўвалася, што яе, у ваколіцах Гародні, пераходзілі патаемна[11].
Не маючы дакладных звестак аб першым месцы службы Дамініка выкажам меркаванне, што ён спачатку патрапіў ў 6-ы ўланскі полк Варшаўскага герцагства, які быў сфармаваны яшчэ ў 1806 г. На гэтую думку наводзіць тая акалічнасць, што ў 1809 г. пры стварэнні 9-га ўланскага палка афіцэрскі склад у яго быў падабраны з афіцэраў 6-га палка [9, с. 60-61]. А як мы ведаем, Дамінік амаль два гады ўжо знаходзіўся у войску.
9-ы уланскі полк да пэўнага часу меў назоў “3-і полк кавалерыі галіцыйска-французскай”, і меў узбраенне на ўзор конных стральцоў [10, с. 426]. У гэтым уланскім палку, падчас аўстрыйскай кампаніі Дамінік Рэйтан даволі хутка прайшоў шлях ад падпаручніка да капітана. Патэнт на чын капітана ён атрымаў 8 жніўня 1809 г., як камандзір “другой кампаніі 9-га ўланскага палка”. За адвагу быў узнагароджаны залатым крыжам .
Скончылася кампанія 1809 г. і 10 студзеня 1810 г. полк атрымаў 1 кавалерскі, 7 крыжоў залатых і 9 срэбных. Ёсць сярод гэтых залатых крыжоў і першы “рэйтанаўскі”[12] [11, с. 7]. 15 красавіка 1810 г. ён зволіўся, каб перайсці на штабную працу вышэйшага аперацыйнага ўзроўню.
Рыхтуючыся да кампаніі 1812 г. Напалеон выдаў загад князю Юзафу Панятоўскаму накіраваць ў Генеральны штаб Вялікай арміі 6 найбольш здольных афіцэраў, якія ведалі польскую, французкую, нямецкую і, пажадана, расейскую мовы, ды мелі добрыя манеры і паходжанне. Сярод афіцэраў Пятага корпусу былі абраныя капітаны Дамінік Рэйтан, Бнінскі, Негалеўскі, Сухарэўскі і інш. [12, с. 4-5].
Дамінік Рэйтан быў абраны на новую службу, бо амаль цалкам адпавядаў гэтым крытэрыям (акрамя валодання нямецкай мовай, якой ня ведаў або амаль не разумеў, што клалася цяжкай ношай на плечы яго сябра і калегі па штабной працы Ю. Грабоўскага) [12, с. 17]. Пасада ад’ютанта вымагала ад афіцэра выключных ведаў ваеннай справы, кемлівасьці. Яму даводзілася ня толькі вычытваць газэты і лісты ворага ў пошуках неабходнай аператыўнай інфармацыі, але і дастаўляць загады пад кулямі ворага, а часам і прабірацца тыламі. У момант, калі нейкая вайсковая частка страчвала свайго камандзіра, менавіта яны, афіцэры штабоў станавіліся на чале войскаў.
Дакладных звестак пра удзел Дамініка ў кампаніі 1812 года мала. Праўда, улічваючы, што ён увесь гэты час быў у стаўцы Генеральнага штабу, не памылімся, калі выкажам гэткае меркаваньне: Рэйтан быў непасрэдным відавочцам і ўдзельнікам усіх значных бітваў “маскоўскай” кампаніі. Таму, мяркуем, быў Дамінік Рэйтан і пры асадзе Смаленска, і пры Барадзіно, і ў маскоўскім Крамлі. А потым, разам з Напалеонам адыходзіў на захад.
Вядома, што пад час пераправы праз р. Беразіну французскім войскам, 14 (26) - 16 (28) лістапада ён, разам з капітанамі Бнінскім, Негалеўскім, Сухарэўскім і паручнікамі Грабоўскім і Солтанам знаходзіўся пры “штабе абароны напалеонаўскага войска” [13, с. 218].
Напрыканцы снежня праз Нёман, але ўжо ў адваротным накірунку перайшлі толькі Рэйтан, Негалеўскі, Сухарэўскі, Грабоўскі. Нехта дабраахвотна застаўся на Радзіме, нехта хворы патрапіў у палон [12, с. 5]. У гэты момант згасла надзея ліцвінаў на аднаўленне ВКЛ. 12 снежня Аляксандр І выдаў маніфест, на падставе якога, маёнткі тых, “хто збег, або выехаў за мяжу без дазволу і не вярнуўся ў тэрмін”, канфіскоўваліся. У спісе тых, хто падпаў пад санкцыі былі Станіслаў і Дамінік Рэйтаны [14, с. 5].
На пэўны час згадкі яго імені знікаюць, але па ўсей верагоднасці, ён, браў удзел у бітве пры Лютцэне 20 красавіка 1813 г. А улетку, разам з іншымі афіцэрамі прысутнічаў пры святкаванні імянін Напалеона, якія у прысутнасці ўсяго войска замест 15 жніўня, правялі 10. Быў ён, безумоўна у бітвах пад Дрэздэнам 26-27 жніўня і пад Кульмам 29-30 жніўня 1813 г.
Увосень 1813 г., Дамінік Рэйтан двойчы мог стаць ахвярай варожай артылерыі. Аляксандр Фрэдра[13], саслужывец Рэйтана, ў сваіх нататках пакінуў пра гэта цікавыя замалёўкі. Першы раз 19 кастрычніка пад Лейпцыгам, у “апошні дзень найкрывавейшай з усіх мінулых і будучых бітваў”. А другі, пад Ганаў 30-31 кастрычніка, калі штаб разам з Напалеонам стаяў ў непасрэднай блізкасці ад непрыяцеля, гарматнае ядро праламаўшы дубовыя галіны, праляцела над штабам, але “маючы для выбару Імператара, князёў, або спраўных коняў высокіх паноў, абрала майго беднага каня, адзінага, што меў добрага” [15, с. 24].
8 лістапада Дамінік Рэйтан і Грабоўскі атрымалі патэнты на шэфаў швадронаў (“эскадронаў, то бок маёраў, як цяпер кажуць”), а іх сябры Фрэдра, Ельскі і Сухарэўскі атрымалі ордэн Ганаровага легіёна [12, с. 151].
Каб адзначыць Рэйтана, князь Берцье[14], начальнік Генеральнага штаба, напрыканцы 1813 г. выпраўляючыся ў Парыж, узяў яго і Грабоўскага з сабой.
Там яны прабылі да 24 студзеня 1814 г., пасля чаго вярнуліся ў войска. У Парыжу яны бавілі час наведваючы імператарскі двор [12, с. 153-154].
31 сакавіка, у дзень св. Бальбіны, амаль напрыканцы вайны, Рэйтан, Фрэдра, Ельскі, Сухарэўскі, Мілберг і інш. ледзь не патрапілі ў палон расейскіх казакаў. Стаўшы на пастой ў нейкім маёнтку, блізу свайго войска, афіцэры страцілі пільнасць. Нават не было вартавога. Немалую ролю у шчаслівым выратаванні адыграў слуга Рэйтана Стэфан, які першым заўважыў казакаў і папярэдзіў адпачываючых вайскоўцаў. Мілберг, размаўляючы з казакамі расейска-польскай трасянкай , выгадаў час на падрыхтоўку для астатніх, пасля чаго штабісты з боем прарваліся праз казачы атрад да сваіх [12, с. 198-199; 15, с. 54].
У Фантэнбло, куды на наступны дзень падыйшло войска, разгулялася апошняя сцэна вялікай трагедыі. У ноч з 12 на 13 красавіка Напалеон, згубіўшы ўселякую надзею, паспрабаваў скончыць жыццё выпіўшы опій, але атрута страціўшы моц  выклікала толькі страшэнныя пакуты. Рэйтан і іншыя афіцэры штабу, безумоўна, былі сведкамі гэтаму [16, с. 393].
12 або 13 красавіка, слугі афіцэраў, збіраючы фураж у наваколлі Фантэнбло, ў мястэчку Салюр, паспрабавалі адабраць сена ў нейкага старога. Але ён, хоць і маленькага росту, упарта на польскай мове ўгаворваў іх гэтага не рабіць, бо яно было апошняе ў гэтым доме. Праз некалькі гадзінаў, усе афіцэры Генеральнага штабу, і ліцвіны і палякі , прыбылі ў апошнюю “стаўку” “старога” - генерала Тадэвуша Касцюшкі. Быў сярод афіцэраў і Дамінік Рэйтан, які меў з Касцюшкам размову, апавядаючы таму пра гераічнага продка і сваякоў. Па ўсей верагоднасці, Рэйтаны і Касцюшкі мелі сяброўскія, а можа, нават, і сваяцкія сувязі[15].
Невядома, ці прысутнічаў ён у Парыжы 6 красавіка пры адрачэнні Напалеона ад трону, але, вядома, што ў гэты час Дамінік Рэйтан звярнуўся да расейскага імператара Аляксандра І з прашэннем.
Адказ Аляксандра І прыводзім цалкам.

№ 45 Министру Юстиции                                                                                                25 апреля 1814 г. за № 53, г. Париж.

Снисходя на принесенную Мне просьбу от пребывающего в Париже польской службы подполковника Рейтена, Я позволил возвратиться ему в Россию; а вам повелеваю освободить от секвестра имение его Минской губернии в уездах: Слуцком и Бобруйском состоящее и за неявку на срок в Россию конфискованное [7, с. 26].
Наступны указ за № 46 дае амністыю усім удзельнікам вайны [7, с. 27].
У чэрвені сябры Рэйтана пачалі раз’язджацца да дамах. Некаторыя, ужо як цывільныя асобы, але Рэйтан быў пры войску да канца. 11 жніўня, а 9 гадзіне раніцы, “польскі корпус” стаў на мяжы Варшаўскага герцагства. Сто адзін стрэл з гармат агучыў пачатак цэрамоніі. Да войска, якое пашыхтавалася ў калоны, з палымяннай прамовай да войска і словамі ўдзячнасці Аляксандру І звярнуўся генерал Красінскі. Пасля чаго войска ўрачыстым маршам крочыла ў апошні шлях. Імя падпалкоўніка Дамініка Рэйтана “са штабу”, згадана сярод тых, за кім лічыцца не адзін гераічны ўчынак [17, с. 812].
Ужо ў лістападзе 1814 г. Дамінік стаў хросным бацькам, калі разам са Станіславам[16], Саламеяй [17] і Юліяй[18] Рэйтан у маёнтку Дактаровічы[19] Капыльскага павету, прысутнічаў на хросце ў Ракевічаў.
1 (13) снежня 1816 г. Дамінік атрымаў адстаўку ў вайсковым дэпартаменце Царства польскага. На гэтым скончыліся яго вайсковыя прыгоды і пачаліся цывільныя.
У вайне 1812 года на баку Напалеона выступілі шматлікія сваякі Рэйтанаў, напрыклад, Несялоўскія, Кашыцы, Герычовы, Багдановічы, Есьманы і інш. Таму, хацелася б падкрэсліць, што вайна гэта не проста увайшла ў кожны дом нашай зямлі. Нельга не пагадзіцца з Леанідам Несцярчуком, які сказаў – “Для Беларусі вайна 1812 года таксама была Айчыннай, але зусім не ў тым сэнсе, які маюць і мелі на ўвазе дарэвалюцыйныя, савецкія і сучасныя расійскія гісторыкі. За 17 гадоў пасля задушэння паўстання Т. Касцюшкі і падзелу Рэчы Паспалітай расійскія ўлады не паспелі русіфікаваць мясцовае насельніцтва настолькі, каб поўнасцю схіліць яго на свой бок. Вайна 1812 года давала шанец беларусам, украінцам і палякам вярнуць страчаную Айчыну, а разам з тым скінуць ганебнае прыгоннае права, гвалтам уведзенае на нашых землях Расійскай імперыяй. Таму беларуска-польская шляхта і просты люд у большасці падтрымалі Напалеона, а значыць з гэтага пункту гледжання вайну 1812 года ў Беларусі можна лічыць Айчыннай” [19, с. 13].







Крынiцы i літаратура

1. Юркевіч,З. Станіслаў Рэйтан: пісьменнік з роду Рэйтанаў, асуджаны на забыццё / З. Юркевіч // Тэксты, Літартурна-мастацкі альманах. – Мінск. – 2014. - № 5. – С. 139-145.
2. Юркевіч,З. І ён Рэйтан / З.  Юркевіч // Краязнаўчая газета. – 2013. - № 44. – С. 4-6.
3. Юркевіч,З. Нобіль, не ўзяты “на аловак” / З. Юркевіч // Культура. - 2014. – № 11–15. – С. 14; № 14. – С. 14.
4. Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі (далей НГАБ). – Ф. 937. - Воп. 4. - Спр. 210.
5. Z pamietnikow Anny z Rejtenow Geryczowej zmarlej w Paryzu roku 1857. - Lwow, 1858. - S. 54.
6. Reyten,S. Tak bylo u nas / S. Reyten. – Warszawa, 1858. – S. 370.
7. Сборник исторических материалов извлеченных из архива собственной его императорской величества канцелярии / С.-Петербург, 1891. - Вып. 4. – С. 493.
8. Швед,В. Масоны і ложы на землях Беларусі (канец XVIII - першая чвэрць XIX ст.) / В. Швед. Гродна, 2007. - С. 275.
9. Журнал министерства народного просвещения / С.-Петербург, 1864. - Ч. 2.
10. Historya domu Rawitow-Ostrowskich, zwiazana z dziejami Polski I Litwy / t. 2, - Lwow,1873. - S. 584.
11. Gembarzewski,B. Rodowody pulkow polskich I oddzialow rownorzednych od r.1717 do r.1831 / B. Gembarzewski. - Warszawa,1925. - S.100.
12. Gembarzewski,B. Wojsko polskie: Księstwo Warszawskie: 1807-1814 / B.  Gembarzewski. – Warszawa, 1905. - S. 439.
13. Konczynska,W. Pamiatki po Tadeuszu Rejtanie w Krakowie” / W. Konczynska // Czas. – 1935. - № 185. - S. 12.
14. Pamietniki wojskowie Jozefa Grabowskiego 1812-1813-1814. – Warszawa, 1905. - S. 344.
15. Bielecki,R. Berezyna 1812 / R. Bielecki. – Warszawa, 1990. - S. 254.
16. Kurier Wilenski. - 1813.- № 53. - S. 5.
17. Fredro,A. Trzy po trzy Pamietniki z epoki napoleonskiej / A. Fredro.Warszawa, 1917. - S. 292.
18. Pamietniki Franciszka z Blociszewa Gajewskiego pulkownika wojsk polskich (1802-1831). – Poznan, 1913. – T. 1. - S. 407.
19. Gazeta Poznanska. – 1814. - № 67. - S. 811-820.
20. Лякин,В.Л. Белорусские солдаты Наполеона / В.Л. Лякин. – Мозырь, 2013. - С. 238.
21. Несцярчук,Л. Беларусь у вайне 1812 года. Паміж Напалеонам і Аляксандрам / Л. Несцярчук. – Брэст, 2012. - С. 319.


(МАТЕРИАЛЫ V МЕЖДУНАРОДНОЙ НАУЧНО-ПРАКТИЧЕСКОЙ КОНФЕРЕНЦИИ «КОЛОДЕЕВСКИЕ ЧТЕНИЯ»)




[1] Тадэвуш Рэйтан (1740-1780), разам з іншымі дэпутатамі –ліцьвінамі Самойлам Корсакам і Станіславам Багушэвічам-Мінькоўскім, пад час Надзвычайнага сойму 1773 г., выступіў супраць Першага падзелу Рэспублікі Абодвух Народаў.
[2] Караль Станіслаў Радзівіл “ Пане Коханку” (1734-1790).
[3] Аповесць Станіслава Рэйтана “Як было ў нас” мае рысы біяграфічнага твору.
[4] Полк створаны 13.07.1812 , палкоўнік К. Абуховіч.
[5] А. Фрэдра, Ф. Гаеўскі, Ю. Грабоўскі.
[6] Ложы”Шчастлівага вызвалення”, “Святыня спакою” (Нясвіж), “Святога Ўладзіслава Ягайлы” (Слуцк).
[7] Мінскі віцэ-губернатар (1818-1823). 
[8] Як сведчаць архіўныя крыніцы, у 1863 г. Рудольф Пішчала стаў хросным бацькам унучкі Дамініка, Антаніны Філамены, дачкі Стафана і Марыя з Несялоўскіх (НГАБ. Ф. 319. Воп. 2. Спр. 2716, арк. 4).
[9] Людвік Ельскі пазьней служыў разам з Дамінікам Рэйтанам.
[10] Самойла Корсак , палкоўнік літоўскай кавалерыі,наваградскі пасол на сойм 1773 г. паплечнік Тадэвуша Рэйтана.
[11] Па успамінах Ігната Дамейкі, тое самае было і ў 1831 г., калі яму, каб перабрацца на другі бераг Нёмна, прыйшлося цэлы дзень плаваць ў чаўне, выдаючы сябе за рыбака.
[12] Усяго ён меў тры крыжы Ганаровага Легіона Адзін з іх быў “Кавалерскі”.
[13] Аляксандр Фрэдра (1793-1876), паэт, журналіст, масон, г.зв. “польскі Мальер”.
[14] Луі-Александр Берцье (kn. Neuchatel) (1753-1815),  маршалак Францыі, начальнік Генеральнага штабу Вялікай арміі.
15 Дваюрадны брат Тэклі Ратамскай, маці Тадэвуша Касцюшкі, Марцін Ратамскі, прысутнічаў ў Грушаўцы пры давяршэнні хросту Тадэвуша Рэйтана (НГАБ. Ф. 937. Воп. 4. Спр. 207. Арк. 243 аб.).

16 Станіслаў Карл Рэйтан, былы паручнік рас. войскаў, потым капітан польскіх, Слуцкі павятовы маршалак, пісьменнік.
17 Дачка Язэпа (брат Тадэвуша Рэйтана), жонка Станіслава Карла Рэйтана.
18 Унучка Язэпа, дачка Антона Несялоўскага (ад’ютант Міхала Радзівіла ў вайне 1812 г.) і Ганны Рэйтан (сястра Саламеі).
19 Дактаровічы, маёнтак які належаў дзеду Дамініка па маці, старасце кавалеўскаму Багдановічу. Улетку 1812 г. сядзіба была спачатку абрабована расейскімі казакамі, а днём пазней на суткі стала штабам кн.Юзяфа Панятоўскага (гл. “Успаміны” Ганны Герычовай).

Комментариев нет:

Отправить комментарий