суббота, 12 декабря 2015 г.

Грушаўка ў часы Першай сусветнай вайны

Грушаўка ў часы Першай сусветнай вайны
 Вёска Грушаўка добра вядомая чытачам «КГ» як месца нараджэння Тадэвуша Рэйтана (1740 – 1780). Гісторыя вёскі, а дакладней, сядзібы, збольшага знаёмая дасціпным даследчыкам. Але белыя плямы ўсё ж застаюцца. Да нядаўняга часу мала што было вядома пра яе лёс пад час вайны 1914 – 1917 гг., што сякерай і вогнішчам прайшлася па тэрыторыі Беларусі. І вось завеса паціху прыадчыняецца.
Год таму ў інтэрнэце, дзякуючы невядомаму рупліўцу пад імем «Дерсу», з’явіліся 4 каштоўныя здымкі сядзібы і капліцы-пахавальні Рэйтанаў, з архіва Л. Свяценкі. Тры з іх датаваныя – чэрвень 1916, 10 мая і ліпень 1917-га. Усе здымкі, як сведчыць «Дерсу» (Свяценка?), падпісаныя адным і тым жа чалавекам – Мікалаем Дзенісенкам, штабным фатографам і «летнабам» 9-га армейскага корпуса 3-й арміі, якая да пачатку вайны 1914 г. была ў складзе Кіеўскай вайсковай акругі. Цікава, што за год, калі 9-ы корпус стаяў у ваколіцах Грушаўкі, тройчы змяніліся яго камандуючыя генерал-лейтэнанты: А. Драгаміраў, М. Кісялеўскі, П. Шрайдэр.Чытаць далей…
Што да асобы фатографа, то «летнаб» – гэта лётчык-назіральнік. Падобна, што ён праслухаў курсы і налятаў неабходную колькасць гадзінаў у Качы (Севастопольская Его Императорского Высочества Великого князя Александра Михайловича военная авиационная школа). Пасля чаго «асядлаў» нейкі лятальны апарат 9 корпуса.
Rejtel_00Як засведчыў сваёй камерай штабны фатограф, у Грушаўскай сядзібе месціўся штаб 9-га армейскага корпуса, у мезаніне – чарцёжная фотаметрычнай часці. Аператыўны аддзел знаходзіўся ў нейкай іншай сядзібнай пабудове, мажліва, знішчаным доме аканома.
Акрамя здымкаў, зробленых на тэрыторыі сядзібы, спадар Дзенісенка пакінуў два здымкі капліцы – пахавальні роду Рэйтанаў (якія ён падпісаў з памылкай – «часовня Рейтеля»).
Каштоўнасць іх у тым, што пастаўлена кропка ў пытанні, калі пачалі будаваць гэтую капліцу ў неагатычным стылі, даволі папулярным на нашых землях у пачатку ХХ ст. Як вядома, апошні з роду Рэйтанаў, Язэп, хворы на сухоты, памёр 17 жніўня 1910 г. Першы ж здымак капліцы зроблены ў маі 1917 г. На ім добра бачна, што яна яшчэ не мае агароджы і нават дзвярэй. Вежа і дах, што ўзвышаліся над маладым лесам, былі замаскаваныя галінамі. Мажліва, у вежы быў назіральны пункт, а пры капліцы, схаванай лесам, месцілася яшчэ якаясь часць корпуса.
Rejtel_01Праз месяц, пасля таго, як у ліпені 1917 г. быў зроблены другі здымак каля капліцы, штаб перамясціўся ў сядзібу Яленскіх, што ў в. Туча. Дарэчы, да таго, як расійскія войскі атабарыліся ў Грушаўцы, штаб 9-га корпуса год стаяў у нясвіжскім замку Радзівілаў.
Зусім нядаўна знайшоўся адказ яшчэ на адно пытанне. Паводле чутак, на тэрыторыі сядзібы было вайсковае пахаванне часоў Першай сусветнай. Мясцовыя жыхары паказвалі на пляцоўку паміж кароўнікам (1909 г. пабудовы) і новай кузняй.
Мы звяртаемся да чытачоў «Краязнаўчай газеты» з просьбай. Калі вам патрапяцца фотаздымкі (што раней не друкаваліся) сядзібы, капліцаў Рэйтанаў у Грушаўцы і Ляхавічах, касцёла Св. Язэпа ў Ляхавічах, калі ласка, паведаміце нам праз рэдакцыю «КГ». Мы збіраем матэрыялы для будучага музея ў радавым котлішчы Рэйтанаў, які, раней ці пазней, там паўстане.
 Зміцер ЮРКЕВІЧ, Арт-суполка імя Тадэвуша Рэйтана
(Далей чытайце ў № 46 «Краязнаўчай газеты»)

Комментариев нет:

Отправить комментарий