воскресенье, 19 февраля 2017 г.

Ад хаткі да хайтэка (інтэрв'ю з праф. С. Сергачовым). Яшчэ раз пра Грушаўку.

Спадар праф. С.Сергачоў  (БНТУ) неаднаразова выказваўся ў падтрымку нашай справы, скіраванай на захаванне ня толькі ўнікальнага грушаўскага гумна, але і амаль не закранутай "цывілізацыяй знішчэння" сядзібы роду Рэйтанаў. У гэтым годзе, як можна даведацца з папярэдніх матэрыялаў, падтрымка набывае новыя рысы!   А пакуль, прадстаўляем інтэрв'ю, у якім вядзецца і пра пэўны алгарытм "паводзінаў" у выпадках, аналагічных "нашаму".


Ад хаткі да хайтэка

№ 5 (1288) 04.02.2017 - 10.02.2017 г
Пра архітэктуру ў чалавечым маштабе
Прафесар Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта, доктар архітэктуры Сяргей СЕРГАЧОЎ не толькі ведае пра народнае дойлідства амаль усё (сведчаннем таму — яго нядаўняя грунтоўная манаграфія), але і здолеў вывесці яе ўтоеную ад павярхоўнага погляду квінтэсэнцыю, абагульніўшы свае шматгадовыя даследаванні ў некалькіх трапных фармулёўках. З сёлетнім лаўрэатам прэміі Прэзідэнта краіны “За духоўнае адраджэнне” мы гаворым як пра захаванне набыткаў нашых продкаў, так і пра той карысны ўрок, які яны могуць даць сучасным архітэктарам і асабліва іх замоўцам.

/i/content/pi/cult/623/13855/4-1.jpg— Ваша першая манаграфія, прысвечаная народнаму дойлідству, выйшла чвэрць стагоддзя таму. Ці змяніўся з таго часу ваш погляд на прадмет даследавання?
— Найперш, ён стаў значна шырэйшым. Раней народная архітэктура асацыявалася выключна з сельскімі дварамі, але ў мяне ўзнікла заканамернае пытанне: а што, хіба ў горадзе не народ жыве? Так, месцічы заўсёды мелі болей інфармацыі, нярэдка яны звярталіся па дапамогу да прафесіяналаў у сферы будаўніцтва. Але ім далёка не ўсё аддавалася на водкуп, і справа не толькі ў пэўных не надта кваліфікаваных работах, якія гараджане выконвалі самастойна, найперш у саміх ідэях: якім павінен быць мой дом? Вядома ж, гэта вырашаў гаспадар.
А таксама ў сферу народнай архітэктуры можна з пэўнымі агаворкамі ўключыць і шляхецкія маёнткі. Хто будаваў, скажам, тыя шыкоўныя гаспадарчыя пабудовы з бутавага каменя, якія так часта ў нас сустракаюцца? Натуральна, тутэйшыя ўмельцы. А кроквы на даху, канструкцыя якіх часам і дасюль нас уражвае сваім майстэрствам, — чыіх рук справа? Больш за тое, падчас гэтай працы сяляне засвойвалі тыя інавацыйныя для свайго часу архітэктурныя рашэнні, якія пан падгледзеў недзе ў Італіі.
— Адпаведна, архітэктура палацаў пэўным чынам уплывала і на сялянскія хаціны?
— У нашай сучаснай вёсцы ці не ўсе хаты ашаляваныя. А адкуль яно пайшло? Менавіта ад знаёмства з каменнай архітэктурай і сусветнымі будаўнічымі тэхналогіямі. Сцены сталі рабіць не рубленыя, а пляскатыя, вуглы пачалі зашываць, і яны ў нечым нагадваюць класіцыстычныя пілястры. Натуральна, рабілася гэта не з эстэтычных, а з практычных меркаванняў: каб хата станавілася цяплейшай. Бо, наогул, самая галоўная ідэя народнай архітэктуры гучыць вельмі проста — як палепшыць якасць жыцця. І я імкнуўся гэта ў сваёй кнізе адлюстраваць.
— А ці можна прасачыць адваротны ўплыў — народных умельцаў на прафесійную архітэктуру?
— Вядома! Возьмем хаця б знаёмы ўсім нам прынцып панэльнага будаўніцтва. Тэхналагічна ён быў вынайдзены нашымі продкамі, якія рыхтавалі бярвенні не на самім месцы будучага дома, а недзе наўзбоч — там, дзе працаваць зручней. Затым маркіравалі іх, прывозілі куды трэба ды збіралі дом бы канструктар. Думаю, гэты рацыянальны алгарытм, які выводзіць складаныя працэсы па-за межы будпляцоўкі, будзе выкарыстоўвацца яшчэ вельмі доўга — спадзяюся, у значна лепшым варыянце, чым цяпер у нашых мікрараёнах.
— Адпаведна, у майстроў ёсць чаму павучыцца і прафесійнаму архітэктару…
— Гэта дакладна! Cамы галоўны прынцып народнага дойлідства — у ім няма глупстваў. Будучы архітэктарам, я не раз здзіўляўся таму, наколькі там усё прадумана. Калі гаспадар пачынаў будаваць хату, ён ужо дакладна ведаў, колькі дроў спатрэбіцца назапасіць на зіму, дзе будзе праходзіць кароўка па вяртанні з выпасу і як адрамантаваць дах, калі нешта здарыцца. Менавіта таму стрэхі, дарэчы, рабілі скатнымі — бо паправіць такую даволі нескладана. Кожнае рашэнне рацыянальна абгрунтавана, і трохі паразважаўшы, ты лёгка разумееш, чаму печка ўсталяваная менавіта ў гэтым куце, а лазня размешчаная менавіта ў той частцы сядзібы… Каб у вёсцы нехта збудаваў штосьці непадуладнае законам логікі, суседзі прыйшлі б да яго і спыталі: “Дружа, што з табой?” Не з тваім домам, а з табой.
А сёння ты ідзеш па Мінску ці па любым іншым горадзе — і ўвесь час здзіўляешся: авой, а што гэта такое дзіўнае пабудавалі, і як яно функцыянуе, скажам, з пункту гледжання інжынерных камунікацый? Нават у добрых архітэктараў ёсць спакуса самавыявіцца, прадэманстраваць талент. А можа, часам яно і не трэба? Можа, лепш проста прыладкавацца да наваколля і ўпісаць свой будынак ва ўжо існую забудову? У народнай архітэктуры так было заўсёды, і таму нам ёсць ад яе чаму павучыцца. Сто разоў яшчэ зменяцца матэрыялы і тэхналогіі, але прынцып разумнага ніколі не страціць сваёй актуальнасці.
— Дык а чым дрэннае самавыяўленне ў архітэктуры?
— Яно дрэннае толькі тады, калі супярэчыць здароваму сэнсу. Я неяк па маладосці таксама вырашыў самавыявіцца і зрабіў у сваёй кватэры ліштвы не белага, а жоўтага колеру. Вылучыцца сярод суседзяў мне ўдалося: мае вокны добра пазнаваліся нават здалёк, што служыла падставай для гонару. Але наступствы былі не надта прыемныя: аказваецца, дзённае святло, якое трапляе праз шыбу, павінна адлюстроўвацца ад белых элементаў. Жоўтыя ліштвы яго папросту з’ядалі, і дома стала прыкметна цямней. Адпаведна, давялося мне перафарбоўваць. Патраціў час і грошы, але затое займеў каштоўны досвед, пра які заўсёды распавядаю сваім студэнтам.
— Зазвычай антытэзай самавыяўленню нам уяўляюцца абрыдлыя шэрыя панэлькі…
— А вы па вёсцы прайдзіце — і заўважыце, што дамкі там, з аднаго боку, падобныя, а з іншага — кожны нечым адрозніваецца ад суседняга. І ўсё ў чалавечым маштабе, нічога не цісне на псіхіку. У такім асяроддзі ты пачуваешся вельмі камфортна. А калі ідзеш па гарадской вуліцы, дзе кожны будынак навыперадкі здзіўляе сваімі формамі, памерам вокнаў, шкленнем, дэкорам… На трэцім-пятым доме ты ўжо ўшчэнт стомішся і не будзеш увогуле ні на што рэагаваць. Часам у цябе ствараецца ўражанне, нібы архітэктар выкарыстоўвае ў адным аб’екце наогул усё, што ён толькі ведае пра аздабленне — і ў выніку яно не працуе. А вось калі на старой хаціне адна сціплая бэлька вылучаецца сваімі абрысамі, вока за яе чамусьці адразу чапляецца.
— Сучасная трансфармацыя старой добрай хаты — гэта індывідуальная катэджная забудова. На вашу думку, ці стане некалі аб’ектам даследавання тое, што з’яўляецца цяпер у нас у гэтай намінацыі?
— Чаму не? Навукоўцу цікава вывучаць любы прадмет — у тым ліку і досвед гэтага першага катэджнага будаўніцтва. Зрэшты, асноўныя яго матывацыі ўжо і сёння навідавоку. У традыцыйнай вёсцы, дзе ўсе адзін аднаго ведалі з пялюшак, спрабаваць пусціць суседзям пыл у вочы было марнай справай. Тыя адразу сказалі б: ды не высільвайся, усе мы цудоўна разумеем, які ты насамрэч. А ў катэджных пасёлках атрымлівалі ўчасткі людзі, зусім паміж сабою незнаёмыя, і таму яны навыперадкі імкнуліся данесці іншым інфармацыю пра сябе, пераўтварыць свой дом у своеасаблівую візітоўку яго ўладальніка. Адзін пачаў увасабляць сваю дзіцячую мару (прыкладам, жыць у замку), другі — уласныя ўяўленні пра хараство, трэці нешта ў Нямеччыне пабачыў… І такая выставачная архітэктура — гэта тое, чым нам трэба было перахварэць.
— Вы лічыце, што ўжо перахварэлі?
— Па-мойму, цяпер гэта тэндэнцыя спакваля ідзе на спад. Замоўцы разумеюць, што даводзіць свае амбіцыі да камізму проста няма сэнсу. На Захадзе заможныя людзі ўжо даўно ўсвядомілі, што ўласны дом патрэбны найперш для таго, каб там жыць. А неверагодныя аб’ёмы, дэталі дэкору і колеры камфортнаму побыту наўрад ці спрыяюць.
— Здаецца, ганіць сучасных архітэктараў апошнім часам стала добрым тонам. Сярод іх твораў нават складаюцца рэйтынгі кандыдатаў на знос…
— І таму я вельмі рады, што атрыманая мною высокая прэмія прымусіла згадаць нашу прафесію ў станоўчым кантэксце. Насамрэч, прычына архітэктурных памылак тоіцца ў сацыяльных з’явах. Бо архітэктар адно выконвае волю замоўцы. Хоча ён чырвоныя ліштвы або адкрыты басейн (пры нашым клімаце!) — наце вам, калі ласка… Потым, праўда, засыпаць яго давядзецца.
— Тая драўляная забудова, пра якую вы пішаце, даўно здаецца анахранізмам. Больш за тое — многія яе жыхары не бачаць у ёй каштоўнасці ды гатовыя з радасцю памяняць стары дом на кватэру ў панэльцы — але з душам...
 — Гэта нармальнае памкненне няспынна паляпшаць асяроддзе свайго побыту і ўмовы жыцця. Я нават прывёў у сваёй кніжцы такую прымаўку: “Хоць альховы, абы новы”. Алешына, увогуле, далёка не самы лепшы будаўнічы матэрыял, але… цяга да чагосьці новага заўсёды была ўласціва людзям. Таму складана іх за гэта асуджаць.
Зразумела, што захоўваць усю драўляную забудову наўрад ці мэтазгодна. Іншая справа — нейкія асобныя лапікі, якія б сведчылі пра нашу мінуўшчыну. Напрыклад, Паўночны завулак у Мінску, які я пачаў даследаваць яшчэ ў 1970-я, альбо кавалачак старога драўлянага Гомеля з шыкоўнымі разнымі ліштвамі… Любы горад павінен дэманстраваць сваю гісторыю, іначай гасцям ён проста не будзе цікавы. Прычым не выпадае сумнявацца ў тым, што з цягам часу каштоўнасць такіх дамоў толькі ўзрасце. Уяўляеце, якімі вачыма будуць глядзець на іх нашы нашчадкі гадоў праз сто!
Таму самае галоўнае сёння — вызначыцца, што трэба захоўваць, і знайсці спосабы ды магчымасці гэта зберагчы. Калі ў нас атрымаецца, потым будзем ганарыцца, калі не — давядзецца шкадаваць, як у выпадку з тым жа мінскім Замчышчам… Калісьці яго можна было пакінуць, праклаўшы магістралі трохі іначай, і цяпер гэтая гістарычная ўзвышанасць упрыгожвала б горад.

— Драўляныя помнікі спадчыны даўно прыспеў час заносіць у Чырвоную кнігу, бо іх колькасць імкліва скарачаецца: матэрыял жа не надта трывалы. Літаральна за апошнія гады мы страцілі цэлы шэраг цікавых аб’ектаў: нешта згарэла, нешта свядома знеслі, а нешта ўшчэнт згніло і ўжо не падлягае аднаўленню. Што ж рабіць, калі час не чакае?


— Арганізоўвацца ў грамадскія супольнасці ды самім шукаць магчымасці захаваць той ці іншы помнік — як, напрыклад, гэта робіцца ў выпадку з гумном сядзібы ў Грушаўцы. А дзяржава потым падключыцца і дапаможа — асабліва калі ўбачыць, што справа пайшла, што ёсць інтарэс і перспектыва. Проста так грошы ўкладаць сёння ніхто не будзе. Я, са свайго боку, стараюся прапагандаваць важнасць захавання такіх помнікаў. Езджу па розных кутках Беларусі з дакладамі, каб людзі там разумелі, што ад продкаў ім засталося не аварыйнае ламачча (як многія, на жаль, думаюць), а ўнікальныя культурныя набыткі, якія абавязкова трэба перадаць нашчадкам.

Фота аўтара
Аўтар: Ілья СВІРЫН
аглядальнік газеты "Культура"
http://www.kimpress.by/index.phtml?page=2&id=13855

Комментариев нет:

Отправить комментарий