пятница, 2 февраля 2018 г.

БАЛАДА ТАДЭВУША РЭЙТАНА. ВІКТАР ШНІП

“Забіце мяне, але не забівайце Айчыну!”--
І крыжам ты лёг пад нагамі сваіх землякоў.
Вялікае Княства быць цэлым , як сэрца,
павінна,
Калі ж раздзіраць яго-- будзе пралітая
кроў.
Ды ўжо ўсё падзелена, толькі адобрыць
патрэбна.
Адобрыць падзел аніхто не прымусіць цябе.
Цябе аніхто тут не купіць за золата й
срэбра,
Купляюцца ж многія, потым жывуць у журбе,
Бо золата й срэбра ніколі не будзе
Айчынай,
Дзе сонца ўзыходзіць, нібыта смяецца
дзіця,
Дзе самыя вабныя ў свеце красуні-жанчыны,
З якімі жыць цяжка, але і не будзе жыцця
Без іх на зямлі, дзе туман малаком раніцою
Стаіць ля вакон і па лузе квяцістым плыве,
Дзе бусел, нібыта ад Бога пасол, над зямлёю
Яднае крыжы на касцёле старым і царкве.
“Забіце мяне, але не забівайце Айчыну!”.
Твой голас у шуме, бы ў твані сівой,
патануў.
З табой засталіся найлепшыя нашы мужчыны,
З якімі любую асіліш бяду і вайну,
Але вас нямнога і ўжо не з’іначыш нічога…
І вернешся ў родную Грушаўку ты не
маўчаць,
І будзеш, як свечка адна, прад Айчынай і
Богам
На вочах тутэйшых людзей дагараць…
20-21.07.2008

shnip.jpg
Нарадзіўся 26 сакавіка 1960 года ў вёсцы Пугачы Валожынскага раёна Менскай вобласці ў сялянскай сям'і. Скончыў Менскі архітэктурна-будаўнічы тэхнікум (1978). Працаваў цесляром на будоўлях Менска, літкансультантам у часопісе «Неман» і газеце «Вячэрні Мінск». У 1987 г. скончыў Вышэйшыя літаратурныя курсы ў Маскве, праца старшым рэдактарам аддзела культуры ў часопісе «Беларусь». Сябра СП СССР з 1984 г.
Першыя вершы былі надрукаваны ў 1977 г. (газета «Чырвоная змена»). Аўтар зборнікаў паэзіі «Гронка святла» (1983), «Пошук радасці» (1987), «Шляхам ветру» (1990), «Горад Утопія» (1990).
Лаўрэат прэміі імя Ўладзіміра Маякоўскага Савета Міністраў Грузіі (1987) за зборнік «Гронка святла».

Комментариев нет:

Отправить комментарий