вторник, 19 августа 2014 г.

Што "са стoлі", а што — не Сенсацыі і “сенсацыі” жыццяпіса Тадэвуша Рэйтана


Метрыка давяршэння працэдуры хросту Тадэвуша Рэйтана.

Наўрад ці знойдзецца ў нашай гісторыі герой, з якім звязана больш загадак, чым з Тадэвушам Рэйтанам, наваградскім падкаморным, паслом на Надзвычайны Сойм Рэчы Паспалітай 1773 — 1775 гг. Але навукоўцам і дасюль не вядомыя ні дакладная дата ды месца нараджэння, ні прычына смерці і нават месца спачыну чалавека, імя якога залатымі літарамі павінна быць напісана на гістарычных скрыжалях Беларусі. Затое жыццяпісы ягоныя насычаны прыгожымі міфамі. Але, як вядома, праўда цікавейшая за байкі.
Адно з пытанняў датычыцца паходжання роду Рэйтанаў. Чый ён: ліцвінскі (беларускі) ці польскі? Галасы з-за Буга ва ўнісон безапеляцыйна абвяшчаюць: “Польскі!”, — іх рэха чуваць і ў нас. Але што кажуць крыніцы? Зазірнём у радавод. Першы з Рэйтанаў, які прыбыў на тэрыторыю Вялікага Княства Літоўскага, быў прускім рыцарам на службе Радзівілаў, а далей род глыбока пусціў карані ў нашу, а не ў польскую глебу. 300-гадовая гісторыя ліцвінскай галіны Рэйтанаў скончылася ў 1910-м у Грушаўцы, калі памёр апошні яе прадстаўнік — Язэп Рэйтан.

Калі ж нарадзіўся Тадэвуш?

200 гадоў таму шляхціч з Берасцейшчыны Юльян Урсын Нямцэвіч напісаў першы жыццяпіс Тадэвуша Рэйтана. Што не ведаў, дадаў ад сябе. Напрыклад, дату нараджэння, якую ўжо забыліся і сваякі героя. Выйсце было знойдзена простае: пісьменнік узяў яе літаральна са столі. Тое ж тычылася і акалічнасцей смерці Рэйтана, і месца яго пахавання.
Да шчыраванняў Нямцэвіча і сучаснікі, і нашчадкі паставіліся некрытычна, расследаванняў ніхто не праводзіў. Таму ажно да нашага часу ўсе, хто шануе імя героя, падымаюць келіх у гонар Тадэвуша Рэйтана менавіта 20 жніўня, адлічваючы яго жыццё ад 1742-га.
Вышукваючы аднойчы ў Нацыянальным гістарычным архіве інфармацыю пра свой радавод, натрапіў я на абцягнутую рудой скурай касцельную кнігу, дзе былі запісаны хросты Ляхавіцкай парафіі за ўсё XVIII стагоддзе. Гэта неверагодная ўдача: колькі такіх кніг пад час войнаў пайшлі дымам, разам з тымі звесткамі, што ўтрымлівалі!
Адкрыў я кнігу на 1742 годзе, хутчэй адшукаў жнівень месяц і... не знайшоў там інфармацыі пра Рэйтанаў. Затое сярод запісаў за ліпень, а менавіта 20-га, выявілася першая згадка імені Тадэвуша, сына Дамініка Рэйтана і Тэрэзы з Валадковічаў — з нагоды абраду завяршэння хросту.
Мая знаходка абвергла “вядомую” дату нараджэння. Тадэвуш не мог з’явіцца на свет у жніўні, дый у ліпені, мяркуючы па ўсім, таксама. Чаму так упэўнена сцвярджаю? Бо, як вынікае з той самай касцельнай кнігі, хрост ягонай малодшай сястры Ганны Уршулі адбыўся ўжо 28 лістапада 1742-га. Адпаведна, розніца атрымліваецца зусім невялікая. Дый хрысцілі тады, як правіла, амаль адразу па нараджэнні дзіцяці.
Лагічна дапусціць, што Тадэвуш мог нарадзіцца не пазней, чым у апошнія месяцы 1741-га. Шукаючы адгадку, супастаўляючы вядомыя мне звесткі, корпаючыся ў архівах, прыйшоў да такой высновы: хутчэй за ўсё, патрэбная нам дата — напрыканцы кастрычніка. На гэты час прыпадае большасць хростаў пад імем у гонар апостала Юды Тадэвуша (згадваецца 28 кастрычніка), які, дарэчы, лічыцца апекуном тых, хто бярэцца за безнадзейную справу!
Заставалася знайсці доказы сваіх здагадак. Тут варта прыгадаць і яшчэ адну дату: Дамінік і Тэрэза Рэйтаны ўзялі шлюб 1 снежня 1739 года. Мяркуючы па ўсім, Тадэвуш быў іх першынцам — прынамсі, згадак пра ранейшыя хросты дзяцей выявіць не ўдалося. Затое знайшоў два лісты Дамініка Рэйтана да сваіх патронаў Радзівілаў. Першы датуецца лістападам 1740 года, а другі — кастрычнікам 1741-га. Напісаны яны на латыні, што сведчыла пра іх надзвычайны характар. Пераклад, які на маю просьбу зрабіў знаны філолаг-латыніст Алесь Жлутка, даў адказ на пытанні. Тадэвуш (хоць яго імя не згадваецца) нарадзіўся напрыканцы кастрычніка 1740 года (або, магчыма, у самым пачатку лістапада), але ў першыя ж дні жыцця моцна захварэў. Таму занепакоены бацька звяртаўся па параду да Міхала Казіміра Радзівіла “Рыбанькі” — свайго сябра, а да таго ж бацькі куды больш дасведчанага. У 1741-м стан здароўя сына зноў моцна занепакоіў Дамініка, таму Радзівілу давялося другі раз ратаваць малога Тадэвуша. І толькі 20 ліпеня 1742 года, калі хлапчук ачуняў, быў завершаны хрост...

Хто пахаваны  “пад грабамі”?

У чэрвені 1930 года польскія газеты распаўсюдзілі сенсацыю: знойдзена пахаванне героя! Момант абраны зручны: набліжалася 150-я гадавіна з дня смерці Тадэвуша Рэйтана — 8 жніўня 1780-га. Раскопкі ў Грушаўцы праводзіў камітэт росшуку магілы Рэйтана, якім кіраваў уладальнік недалёкага адтуль маёнтка Нача Зыгмунд Чарноцкі. Прысутнічалі чыноўнікі, гаспадары сядзібы і проста цікаўныя.
У месцы, якое тутэйшыя называлі “пад грабам”, згодна з паданнем, было пахаванне. З’явілася здагадка, што Рэйтан знайшоў свой спачын там. Легенда не была галаслоўнай. Рыдлёўкі ўдзельнікаў раскопак неўзабаве ўтыркнуліся ў нешта цвёрдае: перад вачыма адкрылася старажытная цагляная крыпта. Некалі ў ёй ужо папрацавалі “чорныя капачы” немаведама якога стагоддзя, і, апрача няпоўнага касцяка ды некалькіх кавалкаў іржавай бляхі, у магіле нічога не засталося…
Косткі акуратна склалі ў дубовую скрыню, і газеты адразу ж абвясцілі пра сенсацыйную знаходку, яшчэ раз нагадаўшы ўсім грамадзянам пра подзвіг героя. На тле эмацыйнага ўздыму дысананс выклікала хіба меркаванне прафесара Рэйхера: маўляў, астанкі не маюць да Тадэвуша Рэйтана дачынення.
Каб паставіць “навуковую кропку” ў пытанні ідэнтыфікацыі шкілета, з Кракава быў запрошаны антраполаг Казімір Сталыхва. Праведзенае даследаванне прывяло да няпэўнай высновы, якая канчаткова пытанне не закрыла. Хаця, здавалася б, якія тут магчымы сумневы? Знойдзены касцяк належыў асобе жаночага целаскладу, якая мела рост 160,8 см і век ад 40 да 50 гадоў. Тадэвуш Рэйтан, відавочна, не трапляе ні пад адзін з параметраў. З апісанняў, якія пакінулі гісторыкі ды відавочцы соймавых падзей, вядома, што “выскачыў праз лавы велізарны ліцвін Рэйтан”, быў ён “моцнай будовы цела” — чаго нельга сказаць пра мініяцюрную асобу, пахаваную “пад грабамі”. Да ўсяго, Тадэвушу ў жніўні 1780 года было толькі 39.
Тым не менш, параўноўваючы выявы героя, створаныя праз паўстагоддзя пасля ягонай смерці, Казімір Сталыхва прыйшоў да высновы, што астанкі... “маглі належыць, у тым ліку, і Тадэвушу Рэйтану”. Труну ўрачыста ўнеслі ў родавую капліцу-спачывальню ў гонар Усіх Святых у Грушаўцы і змясцілі ў надбудову над магілай апошняга з роду — Язэпа Рэйтана. Ужо ў савецкі час капліца была разрабавана, але ёсць інфармацыя, быццам скрыня з “астанкамі Тадэвуша Рэйтана” і ў наш час захоўваецца ў нейкага з Ляхавічаў.
Дык чыя ж магіла была знойдзена? Маю ідэю. Згодна з адным з сучасных планаў, ад сядзібы ў бок таго граба ў даўнія часы вяла алея, напрыканцы якой стаяла капліца — верагодна, драўляная. Падземныя цагляныя крыпты будаваліся ўжо ў XVIII стагоддзі, а матэрыял адпавядаў таму часу. Значыць, пахаванне магло належыць якой-небудзь асобе з роду Рэйтанаў. Вядома, што маці Тадэвуша памерла ў веку 40 — 50 гадоў, і гэта адбылося ўлетку 1760-га. Таксама ўстаноўлена, што на наступны дзень пасля пахавання Дамінік Рэйтан быў у Грушаўцы, а значыць, яго жонку маглі там і пахаваць.
З матэрыялаў раскопаў вядома, што форма чэрапа асобы, знойдзенай у магіле, была падобна на выявы Тадэвуша Рэйтана, якія маглі быць спісаны з якога-небудзь з яго сваякоў — іх на той час было багата. Калі скласці ўсе гэтыя звесткі разам, то ёсць усе падставы дапусціць, што чалавек, які прыхаваў скрыню з “рэшткамі Тадэвуша” (вядома, калі гэта не містыфікацыя), на самой справе збярог тое, што бязлітасны час пакінуў нам ад ягонай маці, Тэрэзы Рэйтан з Валадковічаў.
Будзем спадзявацца, што праз некаторы час гэтая скрыня вернецца ў адноўленую капліцу ў Грушаўцы. Але цяпер перад нашай арт-суполкай паўстала чарговая задача: адшукаць сапраўдную магілу ліцвіна-беларуса, нязломнага патрыёта Вялікага Княства Літоўскага, нашага нацыянальнага героя Тадэвуша Рэйтана. А пакуль мы выступаем з прапановай, якую ўжо падтрымалі многія дзеячы культуры Беларусі (Адам Мальдзіс, Алесь Родзін, Алесь Жлутка ды шматлікія іншыя): насыпаць сімвалічны мемарыяльны курган у гонар Тадэвуша Рэйтана, па ўзоры навагрудскага кургана яшчэ аднаго выбітнага ліцвіна-беларуса — Адама Міцкевіча. І зрабіць гэта неабходна на радзіме Героя — на Ляхавіччыне. Варта адзначыць, што ідэя была сустрэта з разуменнем і сімпатыяй землякоў Рэйтана, астатняе ж залежыць ад добрай волі кіраўніцтва раёна і агульных высілкаў па здзяйсненні задумы.
Аўтар: Зміцер ЮРКЕВІЧ
калумніст газеты "Культура", арт-куратар

http://kimpress.by/index.phtml?page=2&id=10515

Комментариев нет:

Отправить комментарий