суббота, 20 декабря 2014 г.

1812 – 2014: «Каладзееўскія чытанні» ў Барысаве

http://bfk.by/?p=1239#more-1239


1812 – 2014: «Каладзееўскія чытанні» ў Барысаве
 Пяты раз Барысаў прымаў канферэнцыю, якая ўжо трывала заваявала рэпутацыю выдатнай пляцоўкі для абмеркавання гістарычных пытанняў, звязаных з напалеонаўскімі войнамі. Падкрэслім, што ініцыятарам і непасрэдным месцам правядзення сустрэчы з’яўляецца Барысаўская цэнтральная раённая бібліятэка імя Івана Каладзеева. Адсюль і такая назва чытанняў. Сёлета якраз споўнілася 155 гадоў з дня нараджэння Каладзеева, добра вядомай у Беларусі асобы. Калекцыянер і краязнаўца, І. Каладзееў пакінуў па сабе значную спадчыну (яго славутая бібліятэка часткова захавалася і знаходзіцца цяпер у Мінску і Маскве).Чытаць далей…
Праграма чытанняў была дужа шматабяцальнай. У горад на Бярэзіне мусілі сабрацца шматлікія навукоўцы, але, на жаль, усё прайшло больш сціпла. Па розных прычынах у канферэнцыі не ўзялі ўдзел шэраг спецыялістаў, а іх даклады, у лепшым выпадку, проста зачыталі перад удзельнікамі (сярод іх такія вядомыя гісторыкі, як І. Груцо, М. Плавінскі, В. Кошман). Не з’явіўся ў Барысаве і даследчык эпохі Жэром Бакур з Цэнтра напалеонаўскіх даследаванняў (Францыя), які працягвае справу свайго бацькі Фернана Бакура – вывучае месца пераправы Вялікага войска праз Бярэзіну ў 1812 г. У свой час прафесар Ф. Бакур усталяваў помнік на Брылёўскім полі і стаў аўтарам даследавання пад назвай «Бярэзіна. Ваенная перамога» (выдадзена пасмяротна ў 2006 г.).
Такім чынам, кола асобаў, што сабраліся на канферэнцыі, было не дужа шырокім, але гэта дазволіла засяродзіцца на канкрэтных тэмах.
Напрыклад, госць з далёкага Іркуцка А. Ануфрыеў у канцы свайго дакладу прапанаваў аздобіць ваенныя казармы ў Барысаве мемарыяльнай дошкай у гонар слаўных іркуцкіх гусараў, што да рэвалюцыі кватаравалі ў горадзе і аддана служылі «Богу, Цару і Айчыне»…
Вельмі цікавыя матэрыялы былі прысвечаныя археалагіным знаходкам у наваколлях Барысава, зробленыя аматарамі «метала-дэтэктарнага пошуку» (а прасцей, чорнымі археолагамі). Прагучаў і змястоўны даклад Г. Кірэевай пра кнігі і рукапісы з бібліятэкі Каладзеева ў фондах Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.
czytanni_01«Каладзееўскія чытанні» таксама сталі дадатковай магчымасцю, каб узняць пытанне пра забытых герояў напалеонаўскіх войнаў – братоў Станіслава і Дамініка Рэйтанаў, якім былі прысвечаныя два асобныя даклады. Так, менавіта тых Рэйтанаў, чый дзядзька, славуты Тадэвуш, калісьці клаўся на падлогу і крычаў: «Тапчыце мяне, але не тапчыце Бацькаўшчыну». Абодва пляменнікі бралі ўдзел у вайне на баку Банапарта.
С. Рэйтан, паручнік драгунскага расійскага палка ў адстаўцы, як толькі Бацькаўшчына паклікала сваіх сыноў пад харугвы новастворанага літоўскага войска, уступіў у 20-ы ўланскі полк, куды камісарам быў прызначаны паплечнік Т. Рэйтана па сейме 1773 г. – Станіслаў Багушэвіч-Мінькоўскі. Вайна для Станіслава скончылася даволі хутка, бо неўзабаве, хворым, ён патрапіў у расійскі палон.
Малодшы брат Станіслава Дамінік яшчэ раней уступіў у войскі Напалеона, і пад час «Рускай кампаніі 1812 г.» ужо служыў пры Генеральным штабе ад’ютант-капітанам. Вайсковую службу Дамінік завяршыў пасля адрачэння Напалеона ад трона, падпалкоўнікам Генштаба, з атрыманымі за адвагу крыжамі.
Дарэчы, 1812 г. паклікаў на гістарычную сцэну яшчэ аднаго героя сейма 1773 г., Самойлу Корсака, былога наваградскага пасла, неадступнага таварыша Рэйтана і Багушэвіча. С. Корсак – палкоўнік літоўскай кавалерыі, чалец найвышэйшай Рады ВКЛ пад час паўстання 1794 г., доўгія 18 гадоў туляўся па чужыне, перш чым змог вярнуцца на Бацькаўшчыну.
Завяршыліся чытанні экскурсіяй у адноўленым нядаўна доме-сядзібе І. Каладзеева і праглядам фільма з тэндэнцыйнай назвай «1812. Першая Айчынная вайна».
Зміцер ЮРКЕВІЧ, арт-суполка імя Т. Рэйтана,
Анатоль СЦЕБУРАКА, кандыдат гістарычных навук

Комментариев нет:

Отправить комментарий