вторник, 6 января 2015 г.

Тадэвуш RE: turn Выстава прысвечаная 275-ай гадавіне з дня нараджэння Тадэвуша Рэйтана







Выстава прысвечана памяці Тадэвуша Рэйтана, Вялікага сына беларускай зямлі, Героя з вялікай літары,  імя якога доўгі час для нашых суайчыннікаў з’яўлялася сінонімам слова “Патрыёт”. Як вядома, за сваё кароткае жыцьцё, Тадэвуш здзейсніў толькі адзін подзьвіг, рэха якога  пралунала па ўсім свеце. У 1773г., пад час надзвычайнага сойму Рэспублікі Абодвух Народаў , на які ён быў абраны дэпутатам ад Наваградскага ваяводтсва ВКЛ, Рэйтан, на чале невялікай па колькасці групы паслоў з беларускіх земляў, выказаў рашучую нязгоду планам зацьвердзіць Першы падзел Рэспублікі. 
Тут , на яго Бацькаўшчыне, асабліва на Наваградчыне, ганарыліся сваім вялікім земляком,  надавалі школам і вуліцам яго імя, усталёўвалі помнікі і памятныя дошкі. Але, пад уплывам падзей 20 ст., з выхадам на гістарычную сцэну новых герояў пакліканых неабходнасцю часу, пра яго пачалі забывацца. Тым ня меньш, з моманту як Рэспубліка Беларусь стала сувярэннай краінай, руплівай працай гісторыкаў , літаратараў і мастакоў пачалі “вяртацца на Бацькаўшчыну” нашы славутыя землякі, якія за папярэднія некалькі дзесяткаў гадоў атрымалі трывалыя “замежныя” пашпарты”. Так, але не без складанасцяў, знайшлі дарогу да роднага ганку Адам Міцкевіч, Напалеон Орда, Тадэвуш Касцюшка, Станіслаў Манюшка, Удладзіслаў Сыракомля (Людвік Кандратовіч), і яшчэ шмат хто з ня меньш вядомых асобаў.
Але, Тадэвушу Рэйтану такой увагі не надалі. Цяжка зразумець чаму, але чалавеку, на прыкладзе якога было выхавана шмат пакаленняў патрыётаў нашай зямлі, які быў апеты Адамам Міцкевічам у “Пане Тадэвушу”, якому былі прысвечаны творы тутэйшых 
 літаратараў ХІХ ст.Юльяна Урсына Нямцэвіча і Генрыка Жавускага , мастакоў віленскай мастацкай школы Францішка Смуглевіча і Людвіка Горварта і іншых, за 23 гады Незалежнасці было прысвечаны толькі тузін артыкулаў. Пісалі аб ім М.Турыянскі, У.Емельянчык, З.Сіцька, С.Чарановіч, У.Арлоў, З.Санько і інш. Але, гэтага было яўна недастаткова, каб імя Тадэвуша Рэйтана трывала ўвайшло ў наш айчынны пантэон вялікіх людзей краіны.

Сядзіба Рэйтанаў, якой пашанцавала  перажыць падзеі 19-20 ст. у незалежнай Беларусі прыйшла ў амаль поўны занепад. Замест мемарыяльнага музэя адной з самых значных у нашай гісторыі постацей ,там віруюць кажаны ды гукаюць па начах совы, замест культурнага жыцця –цішыня.
Ладзячы напачатку 2015г. мастацкую выставу прысвечаную Тадэвушу Рэйтану, мы, у 275-ю гадавіну з дня яго нараджэння, аддаем даніну павагі яго подзьвігу і яго памяці.
На выставе можна будзе убачыць ня толькі творы сучасных беларускіх мастакоў - графічны шэраг "Род Рэйтанаў.Асобы.Падзеі" А. Родзіна і З. Юркевіча, Р.Сітніцы,М.Купавы, Р.Батальёнка, В.Вядрэнкі, К.Янушкевіч, А.Лабкоўскага,П. Татарнікава, З.Вішнева,Н.Шапавалавай,  Дз. Шапавалава, С.Бадак, А.Шарыпы,Я .Шунэйкі, М.Карпука,  І.Грынберга,  В.Мікіты, М.Аўчыннікава,А.Ясінскай, К.Булас, А.Чэкан ,  В.Маркаўца, П.Шарыпы,Я.Куліка, але і рэпрадукцыі выяў Тадэвуша Рэйтана нашых папярэднікаў –мастакоў XVIII-XX стст. Ф.Смуглевіч, Л. Горварта.  А таксама літаратурныя творы  прысвечаныя Тадэвушу Рэйтану, або створаныя яго пляменнікамі - Станіславам Рэйтанам і Ганнай Герычовай з Рэйтанаў  з прыватных збораў і кнігасховішчаў НББ.
Выстава абяцае быць цікавай і насычанай, а галоўнае мусіць стаць знакавай падзеяй году!

пракуратары
Зьміцер Юркевіч і Алесь Родзін,
Арт –суполка імя Тадэвуша Рэйтана,
фестываль эксперыментальнага мастацтва “Дах”
www.reyten.blogspot.com
lefthunder@gmail.com
+375 33 3757250

Комментариев нет:

Отправить комментарий