У экспазіцыі, арганізаванай сябрамі арт-суполкі імя Тадэвуша Рэйтана Змітром Юркевічам і Алесем Родзіным, прадстаўлены прысвячэнні Рэйтану: творы сучасных беларускіх мастакоў, у тым ліку графічны шэраг Алеся Родзіна і Змітра Юркевіча "Род Рэйтанаў. Асобы. Падзеі", рэпрадукцыі твораў мастакоў XVIII-XX стагоддзяў, літаратурныя працы, у тым ліку створаныя пляменнікамі юбіляра — Станіславам Рэйтанам і Ганнай Герычовай з Рэйтанаў, фота і памятныя медалі з прыватных збораў і кнігасховішчаў НББ.
Адам Мальдзіс
На думку доктара філалагічных навук, прафесара Адама Мальдзіса, для ўшанавання памяці Тадэвуша Рэйтана — адной з самых шматпакутных асобаў беларускага нацыянальнага пантэону XVIII стагоддзя — арт-суполцы імя Тадэвуша Рэйтана неабходна стварыць аднайменны фонд, які б выкупіў і ўзяў у надзейныя рукі радавы маёнтак Рэйтанаў у вёсцы Грушаўка, што на Ляхавіччыне ў Брэсцкай вобласці. Навукоўца заклікаў беларускае грамадства ўсебакова падтрымаць гэтую ідэю.
Рыгор Сітніца
Старшыня Беларускага саюзу мастакоў Рыгор Сітніца выказаў падзяку Алесю Родзіну і Змітру Юркевічу за тое, што яны ўзялі на сябе вельмі пачэсны цяжар – вывесці з нябыту наймагутнейшую асобу беларускага нацыянальнага чыну Тадэвуша Рэйтана, роўную Тадэвушу Касцюшку і Адаму Міцкевічу. На меркаванне спадара Сітніцы, узнёслы грамадзянскі чын, што распачала арт-суполка імя Тадэвуша Рэйтана, не толькі выклікае захапленне, але будзе аддзячаны Богам і людзьмі, бо гэты свядомы чын грунтуецца на штодзённай руплівай працы, веры ў Бога і любові да Бацькаўшчыны.
Алесь Родзін
Як распавёў мастак Алесь Родзін, у графічным шэрагу "Род Рэйтанаў. Асобы. Падзеі", створаным сумесна з Змітром Юркевічам, налічваецца 60 прац. Мастак выказаў падзяку Змітру Юркевічу за ягоную працу ў беларускіх і замежных архівах па пошуку гістарычных сведчанняў пра жыццё і дзейнасць Тадэвуша Рэйтана, ягоных продкаў і нашчадкаў. Менавіта дзякуючы гэтым знаходкам на графічных лістах з’явіліся тэксты Змітра Юркевіча з цікавымі звесткамі пра род Рэйтанаў, сказаў Алесь Родзін. На ягоную думку, арт-суполка будзе крок за крокам працягваць гэтую справу, бо такія выбітныя асобы, як Тадэвуш Рэйтан, сёння вельмі патрэбныя беларускай дзяржаве, каб захаваць родную зямельку.
Зміцер Юркевіч
Зміцер Юркевіч зазначыў, што арт-суполка існуе ўсяго трэці год. На ягоную думку. розныя справы суполкі, у тым ліку прыборка тэрыторыі сядзібы Рэйтанаў у Грушаўцы, праца ў архівах, падрыхтоўка артыкулаў, імпрэз і выстаў, абуджалі цікаўнасць грамадства да імя Тадэвуша Рэйтана — велічнай постаці, сапраўднага патрыёта Вялікага Княства Літоўскага і беларускай зямлі. Паводле ягоных словаў, маёнтак Рэйтана з’яўляецца нацыянальнай святыняй, таму не можа быць выстаўлены на таргі і сысці ў прыватныя рукі, а павінен належыць дзяржаве. І ў гэтай сядзібе трэба стварыць Дзяржаўны мемарыяльны музей Тадэвуша Рэйтана, які цягам часу стане буйным культурным цэнтрам з вялікай фестывальнай праграмай дзеля выхавання сапраўдных патрыётаў Бацькаўшчыны, сказаў Зміцер Юркевіч. Ён заклікаў беларускую грамадскасць паспрыяць гэтай вартай справе.
Фрагменты экспазіцыі
Нагадаем, што за сваё кароткае жыццё, Тадэвуш Рэйтан здзейсніў толькі адзін подзвіг, але рэха яго пралунала па ўсім свеце. У 1773 годзе ў Варшаве, падчас надзвычайнага сойму Рэчы Паспалітай, на які Тадэвуш быў абраны дэпутатам Наваградскага ваяводства ВКЛ, Рэйтан узначаліў нешматлікую групу паслоў з беларускіх земляў і выказаў рашучую нязгоду планам зацвердзіць I падзел Рэспублікі абодвух народаў.
Фрагменты экспазіцыі
Сучаснікі лічылі Тадэвуша Рэйтана нацыянальным героем. У ягоны гонар у Ляхавічах, Баранавічах, Наваградку і Мінску называліся школы і вуліцы, узводзіліся помнікі і мемарыяльныя дошкі. Вядомыя літвіны XIX стагоддзя Адам Міцкевіч, Юліян Нямцэвіч, Гэнрык Жавускі і Францішак Смуглевіч прысвячалі Рэйтану і яго паплечнікам літаратурныя і мастацкія творы. На прыкладзе героя, які выратаваў гонар сваіх сучаснікаў, выхоўваліся пакаленні патрыётаў.
Комментариев нет:
Отправить комментарий