Беларускі Фонд Культуры
Краязнаўчая газета
Юркевіч З. «Станіслаў Багушэвіч-Мінькоўскі — ліцвін з Літвы», «Краязнаўчая газета» № 2, 2015
У 1773 годзе адбыўся ганебны сейм, які зацвердзіў першы падзел Рэчы Паспалітай Абодвух Народаў і з якога пачаўся працэс знішчэння дзяржавы нашых продкаў – Вялікага Княства Літоўскага, Рускага і Жамойцкага. Але, безумоўна, найперш мы будзем памятаць той год дзякуючы мужнасці нашых продкаў – Тадэвуша Рэйтана, Самойлы Корсака і Станіслава Багушэвіча-Мінькоўскага, якія мелі адвагу не скарыцца перад моцнымі гэтага свету і не паддацца спакусам чынамі і грашыма, не спалохацца перад пагрозай страты жыцця. Гэта яны, а таксама некаторыя іншыя паслы з ВКЛ, аднялі ў рашэння сейма аб падзеле легітымнасць і гучна абвясцілі пра тое, што адбылася анексія земляў ВКЛ і Кароны на карысць трох мілітарызаваных імперыяў.
Мы ўжо згадвалі ў папярэдніх артыкулах аб Т. Рэйтане і С. Корсаку. Надышла чарга распавесці чытачу і аб наймалодшым з герояў сейма.
С. Багушэвіч паходзіў з вельмі старажытнага роду, кожная галіна якога мела свой асобны прыдомак. Да гэтага часу дакладна невядома, ці ад злучэння з родам Мінькоўскіх атрымалі нашыя Багушэвічы такі прыдомак, ці ад маёнтка Мінькоўцы, якім валодаў далёкі продак Станіслава.
Бацькамі Станіслава, які нарадзіўся ў 1751 ці 1752 годзе, былі сын полацкага стражніка Мікалай Багушэвіч-Мінькоўскі і стальнікоўна менская Феліцыяна з Быкоўскіх. М. Багушэвіч быў забіты пад час сабельнага бою на менскім сейміку ў 1756 годзе, калі ў сечы сышліся прадстаўнікі дзвюх палітычных партый – Радзівілаў і Чартарыйскіх. Лёг ён, як пісалі апаненты, ад рукі дзядзькоў Т. Рэйтана – братоў Міхала і Язэпа Валадковічаў, прыхільнікаў Караля Радзівіла Пане Каханку.
Сям’ёй Мікалая пасля яго смерці апекаваўся Антоні Багушэвіч, які спачатку ў заставу перадаў сваякам в. Літва, а потым і ўвогуле падараваў яе.
Ледзь скончыўшы вучобу ў Віленскім езуіцкім калегіуме, Станіслаў на грамнічным сейміку атрымлівае патэнт на ротмістрства менскае і адначасова абіраецца паслом на варшаўскі Надзвычайны сейм, разам з Тадэвушам Валадковічам, крайчым Менскага ваяводства.
Аб чынным удзеле С. Багушэвіча ў супраціве паслоў-ліцвінаў першаму падзелу сваёй краіны захавалася не так шмат звестак. Вядома, што ён ад першай да апошняй хвіліны стаяў поруч з Рэйтанам і Корсакам. І што менавіта дзякуючы яго лісту, які юнак напісаў для Менскага ваяводства, не маючы магчымасці пакінуць Варшаву, аточаную колам варожых пастоў, пазней быў узяты пад варту і асуджаны галоўны лялькавод сейма – найманая пешка «трох чорных арлоў», самаабвешчаны маршалак злачыннай Канфедэрацыі – паляк Адам Паніньскі. Гэты ліст таемна вывез у ВКЛ і актыкаваў у кнізе гродскага менскага суда гарадзенскі зямянін Адам Кулікоўскі.
Пасля сейма лёс быў прыязны да Багушэвіча. Праўда, у маі 1780 года Станіслаў ледзь не страціў жыццё, бо быў перастрэты шляхтай блізу Вільні і ледзь вырваўся з пасткі. Нагадаю, што Корсак у тым жа годзе страціў малодшага брата, а Рэйтан, па ўсёй верагоднасці, быў забіты.
У 1812 годзе, калі ліцвіны з надзеяй сустракалі войскі Напалеона, сярод якіх было вельмі шмат землякоў, С. Багушэвіч на менскім сейміку быў абраны на Галоўную канфедэрацыю. Адбылося гэта ў дзень імянінаў Напалеона. У гэты ж дзень быў пакладзены пачатак нашай грамадзянскай авіяцыі, бо пасля перайменавання плошчы Верхняга рынка ў пляц Напалеона мясцовыя паэты склалі свае вершы ў гандолу паветранага шара, які ўзняўся ў неба над ратушай…
На вялікі жаль, усе дзеці героя сейма памерлі маладымі. Іх лёс нам невядомы, за выключэннем адной з дачок, якая пабралася шлюбам і, магчыма, пакінула нашчадкаў.
Сёлета мы запланавалі сумесна з Івянецкім краязнаўчым музеем правесці фестываль «Дах», каб ушанаваць ліцвіна з вёскі Літва, памяць аб якім толькі пачынае прачынацца да летаргічнага сну на яго Бацькаўшчыне.
Зміцер ЮРКЕВІЧ, Арт-суполка імя Тадэвуша Рэйтана
(Далей чытайце ў №2 «Краязнаўчай газеты»)
Комментариев нет:
Отправить комментарий