среда, 25 марта 2015 г.

Памяці Тадэвуша Рэйтана

"Краязнаўчая газета"


Памяці Тадэвуша Рэйтана

Напярэдадні заканчэння выстаўкі
 У Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі працуе выстаўка «Тадэвуш Rе:turn». Яна размясцілася ў дзвюх залах: у галерэях «Лабірынт» і «Атрыум» (пад час мантажу экспазіцыі атрымала назву «Барбакан» за сваё падабенства з тыпам абарончага збудавання).
Экспазіцыя падзеленая на дзве часткі. У «Лабірынце» змясціліся творы, прысвечаныя яркім старонкам з жыцця Т. Рэйтана, гісторыі роду, а таксама найбольш вядомым прадстаўнікам і сваякам Рэйтанаў: С. Манюшку і Я. Наркевічу-Ёдку. Асобна былі прадстаўленыя графічныя і жывапісныя творы Н. Орды, В. Маркаўца, Р. Сітніцы, А. і П. Шарыпаў, У. Басалыгі, З. і Н. Шапавалавых, С. Бадак, А. Лабкоўскага, М. Купавы, Р. Батальёнка. Іх творы, прысвечаныя рыцарам і помнікам старасветчыны, краявідам і памятным мясцінам нашай Бацькаўшчыны, як нельга лепей падыходзілі па духу графічным творам Алеся Родзіна з серыі «Род Рэйтанаў. Асобы. Падзеі» (гістарычны кансультант – аўтар гэтых радкоў). Варта адзначыць, што некаторыя з працаў былі створаныя ў Грушаўцы Ляхавіцкага раёна пад час мінулых пленэраў.Чытаць далей…
Экспазіцыя «Атрыума» прадстаўляе падзеі надзвычайнага сейма Рэспублікі Абодвух Народаў – ВКЛ і Польшчы, які пачаўся 19 красавіка 1773 г. На палотнах А. Родзіна знайшлося месца ўсім галоўным дзейным асобам: як сапраўдным героям Т. Рэйтану, С. Корсаку, С. Багушэвічу-Мінькоўскаму, так і іх апанентам – А. Паніньскаму і яго прыхільнікам. Тыя першыя дні сейма былі адноўленыя мастакамі на падставе дыярыўшаў, якія вялі некаторыя з прысутных на сейме ўраднікаў. Таму, калі адняць ад іх трошкі творчага пошуку, то працы могуць лічыцца «жывымі ілюстрацыямі і дакументальнымі сведчаннямі эпохі».
Rejtan_01Тут жа змешчаныя фотаздымкі А. Ясінскай і К. Булас, зробленыя ў Грушаўцы пад час здымак дакументальнага фільма «Аліна Рэйтан. Апошняя з роду» (рэжысёр А. Ясінская).
Rejtan_02Асобным блокам былі размешчаныя рэпрадукцыі выяваў Т. Рэйтана, створаныя мастакамі ХІХ і ХХ стст. Ф. Смуглевічам, У. Барвіцкім і інш. Знайшлося тут месца і самаму знакамітаму твору Яна Матэйкі – «Рэйтан на сейме 1773 года».
Намаганнямі супрацоўнікаў бібліятэкі і Арт-суполкі быў зроблены і літаратурны блок выстаўкі. Гледачам былі прадэманстраваныя ледзь не ўсе творы, прама ці ўскосна датычныя асобы Т. Рэйтана. Старыя кнігі Станіслава Рэйтана і Ганны Герычовай (пляменнікаў Тадэвуша), Г. Жавускага, А. Міцкевіча, Я. Шуйскага, Л. Вегнера, В. Канчынскай і творы-артыкулы нашых сучаснікаў У. Емельянчыка, А. Марцыновіча, М. Турыянскага, С. Чарановіча і інш. Тут жа былі прадстаўленыя і вынікі дзейнасці Арт-суполкі – артыкулы, календары ды інш.
Літаратурныя творы, сабраныя намі за тры гады пошуку, з’яўляюцца каменем «першапачатковага фонду» мемарыяльнага музея Т. Рэйтана, які (такая думка гучала пад час адкрыцця з вуснаў усіх выступоўцаў) павінен паўстаць у радавой сядзібе Рэйтанаў у в. Грушаўка.
На думку многіх наведнікаў выстаўка аказалася вельмі насычанай і змястоўнай. Намеснік дырэктара бібліятэкі А. Суша выказаў думку, што яна ці не самая цікавая з тых выставак, што апошнім часам адбыліся ў НББ. А тое, што яна праходзіць без асаблівай увагі нашых СМІ, насамрэч, вельмі станоўчы факт. Гэта адлюстроўвае сапраўдны стан рэчаў з гістарычнай памяццю аб Т. Рэйтане. А значыць, нам яшчэ рана складваць рукі. Наперадзе ў нашай суполкі шмат «тых палёў, якія не перайсці» на шляху да вяртання Рэйтана да роднага ганка. Наступны значны праект распачнецца ў чэрвені, калі ў сталічным Палацы мастацтва пройдзе фестываль «Дах-XXVIII. Рэйтан». Карыстаючыся нагодаю, запрашаем да ўдзелу! Тым жа, хто зацікавіўся выстаўкай, скажу, што паглядзець яе можна да 24 сакавіка.
 Зміцер ЮРКЕВІЧ, Арт-суполка імя Тадэвуша Рэйтана
Скарыстаныя фотаздымкі М. Гаравога і аўтара

Комментариев нет:

Отправить комментарий