понедельник, 9 января 2017 г.

Віньшуем спадара Сяргея Сергачова! або " Ці выжыве пабудова?" -2

Ад імя Арт-суполкі імя Тадэвуша Рэйтана шчыра віньшуем сп. Сяргея Сергачова!
Год таму, калі пытанне захавання старажытнага гумна (ХІХ ст. ) на тэрыторыі сядзібы роду Рэйтанаў у Грушаўцы,  стала рубам , сп.Сергачоў не вагаючыся далучыў свой голас у справу абароны унікальнай для нашае краіны пабудовы!  
Але, пытанне аднаўлення гумна, якое моцна пацярпела ад недбайнага гаспадара і яшчэ больш ад урагана,  і да гэтага часу цалкам актуальна! 
У гэтым годзе сіламі Арт-суполкі на праблемным аб'екце будуць праведзены супраць-аварыйныя працы, якія мы не паспелі здзейсніць у годзе мінулым. Але, яны не вырашаюць праблемы ў глабальным вымярэнні.
Таму. звяртаемся да тых , хто можа і хоча  чым-небудзь дапамагчы ў гэтай вельмі складанай справе. Адгукніцеся! 

9 Студзеня 2017 12:01

Прэзідэнт падпісаў указы аб прысуджэнні прэмій за духоўнае адраджэнне і спецпрэмій дзеячам культуры і мастацтва

Калядная традыцыя ў Беларусі -  ушаноўваць тых, хто ўносіць свой уклад у развіццё краіны і грамадства. Сёння Кіраўнік дзяржавы  падпісаў указы аб прысуджэнні прэмій за духоўнае адраджэнне і спецпрэмій дзеячам культуры і мастацтва.
Самых высокіх узнагарод  пяць....
Сярод лаўрэатаў прэміі - таксама загадчык кафедры архітэктуры Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта Сяргей Сергачоў, які стварыў адзіную ў сваім родзе кнігу "Народнае дойлідства Беларусі". 


Ці выжыве пабудова?

№ 6 (1236) 06.02.2016 - 12.02.2016 г
Гумно ў Грушаўцы: які лёс чакае гмах у складзе шляхецкай сядзібы?
Захаванне гумна ў Грушаўцы, што на Ляхавіччыне, было б вельмі добрым прыкладам клопату аб гісторыка-культурнай спадчыне Беларусі. Так, гэта не замак і не палац, а частка сядзібы, але... Пачну сваю аргументацыю здалёк.

/i/content/pi/cult/572/12546/14-2.jpg/i/content/pi/cult/572/12546/5-1.jpg“А ў гумне старонкі поўныя саломкі...” — словы з народнай песні з Іў’еўскага раёна Гродзеншчыны, і раней яны слухачам распавядалі шмат пра што. “Старонкі” — звычайны ў народным дойлідстве тэрмін, які азначаў пэўную частку гумна, гаспадарчай пабудовы для захоўвання і малацьбы снапоў збожжа. “Старонкі” — гэта прастора па баках праезда ці тока ў гумне, аддзеленая ад самога праезду невысокімі сценкамі. Успамін аб старонках у фальклоры — сведчанне дабрабыту сям’і, удалага вядзення гаспадаркі, добрых перспектыў на будучыню. Бо, калі ў гумне саломы шмат, то і збожжа намалацілі нямала. А гэта спрадвеку — найлепшы паказчык эканамічнай паспяховасці.
Лета на Беларусі, вельмі часта і ў жніво, бывае дажджлівым. Таму снапы трэба хутчэй з поля знесці пад дах, дзе яны дасушваліся, а потым, калі асноўныя гаспадарчыя работы выкананы, там жа іх і малацілі. Сваімі памерамі гумны заўсёды вылучаліся сярод іншых будынкаў сядзібы. Вазы, загружаныя снапамі, праз шырокія вароты ўязджалі ў гумно, разгружаліся і напрасткі выязджалі з будынка. Пасярэдзіне гумна — “ток”, выбітая глінай пляцоўка, на якой малацілі. Ад тока і праезда невысокімі сценкамі (“застаранкамі”) аддзялялі адсекі (“стораны”), дзе захоўвалі снапы, а пасля малацьбы — салому. Магла быць знадворку невялікая прыбудоўка для мякіны (“мякіннік”). Да гумна мог быць прыбудаваны “манеж” (конная малатарня) — асобны будынак, у якім коні ці валы круцілі кола, чым прыводзілі ў рух прыстасаванні для малацьбы. А на Паазер’і і ў Падзвінні ў гумне магла быць зроблена асець (еўня) — сушня ў выглядзе зруба, дзе з дапамогай курной печы снапы дасушвалі. Зараз усе гэтыя словы выключаюцца з гутарковай мовы, як і пабудовы для сельскагаспадарчых тэхналогій мінулых часоў.
Асаблівай шчыльнасці паміж вянкамі сцен у гумне не дамагаліся. Хай вецер гуляе! Снапы будуць лепш сохнуць. Гумно было пабудовай вялікіх памераў, таму мела высокі дах з саломы ці гонты. Асноўным у канструктыўнай аснове гумна былі слупы у сярэдзіне, якія гэты дах падтрымлівалі. Слупы злучалі брусамі паміж сабой і са сценамі, што стварала надзейную і ўстойлівую ў гарызантальных кірунках канструкцыю вялікага будынка. Колькасць слупоў вызначалася памерамі гумна, што, у сваю чаргу, залежала ад эканамічнай магутнасці гаспадаркі: колькі зямлі, колькі — пад пашу, колькі свойскай жывёлы...
Сялянскае гумно (на Палессі яно называлася “клуня”, на Паазер’і — “ток”, у Падняпроў’і сустракалася назва “хлебны сарай”) па сваіх памерах саступала гумнам, што будаваліся ў панскіх сядзібах. Невыпадкова герой паэмы “Сымон-музыка” Якуба Коласа, калі апынуўся на тэрыторыі панскай сядзібы, быў уражаны перш за ўсё гаспадарчымі пабудовамі:
“Былі тут розныя будынкі:
Гуменцы, гумны і адрынкі,
Хлявы і стайні, і аборы,
Дабра, набытку былі горы”.
Гумны ў панскіх сядзібах з-за памераў вылучаліся і канструкцыямі. Калі сялянскае гумно мела ў сярэдзіне па 4 — 6 пар слупоў, якія падтрымлівалі дах, то ў панскіх сядзібах гумны маглі мець і па 22 — 24 пары слупоў. Дык вось, менавіта да такіх вялікіх гумнаў адносіцца і драўлянае ў Грушаўцы, якое было калісьці пабудавана ў сядзібе Рэйтанаў. Як і патрабавалася, быў пастаўлены гмах воддаль ад панскага дому з прычыны функцыянальнай — бліжэй да палёў, і з прычыны пажарнай бяспекі — праз вялікую колькасць саломы пад дахам. Гэты будынак захаваўся, хаця выпрабаванняў спазнаў дастаткова. Не абыходзяць яны гэтае гумно і зараз.
Гарызантальныя элементы падоўжаных сцен у гумне злучаны слупамі, і гэта было звычайным у такіх пабудовах. Але ў Грушаўцы будаўнікі ўдасканалілі старадаўнюю канструкцыю: кожны слуп сцяны меў унізе падкос — нешта ў выглядзе контрфорса з магутнага бруса, які павялічваў жорсткасць канструкцыі. Была прадугледжана і патрэба ў будучых рамонтах. Справа ў тым, што для драўляных канструкцый пагібельным з’яўляецца межаванне з зямлёй. Таму ніжняя частка слупоў, што стаялі ў сярэдзіне па баках праезду і падтрымлівалі дах, была зроблена здымнай, з апорай на крыжападобную падкладку. Гэта дазваляла пры патрэбе хутка зрабіць рамонт ніжняй часткі любога слупа. Такія канструктыўныя знаходкі невядомыя ў тых будынках, якія захаваліся на Беларусі.
Гумен, наогул, захавалася вельмі мала. Сучасным тэхналогіям сельскагаспадарчай вытворчасці яны непатрэбныя ў сваім спрадвечным выглядзе. А тут яшчэ і звычайныя складанасці рамонту даху. Таму шанцаў у гэтых будынкаў на жыццё ў ХХІ стагоддзі амаль няма. Жыццё яны могуць захаваць толькі ў складзе музейных экспазіцый ці мемарыяльных сядзібных комплексаў, звязаных з жыццём і дзейнасцю славутых людзей мінулага. Гумно ў Грушаўцы — выдатны прыклад народнага дойлідства. Тут спалучаліся функцыянальныя пытанні: зручнасць праезду вазоў праз будынак і працы работнікаў з арыгінальнымі канструкцыямі, якія былі развіццём традыцыйных канструктыўных прыёмаў сялянскіх дойлідаў. Дзякуючы гэтаму быў створаны прывабны мастацкі вобраз магутнага, амаль манументальнага збудавання. Дакладна знойдзеныя суадносіны прапорцый паміж сценамі і аб’ёмам даха, заўважныя магутныя канструкцыі стваралі аснову пабудовы, на першы погляд звычайнай, а з іншага боку — асаблівай, якая заканамерна заняла месца менавіта у гэтай частцы сядзібы.
Сяргей СЕРГАЧОЎ, доктар архітэктуры

Комментариев нет:

Отправить комментарий