http://www.lves.by/?p=20752
Ляхавічы, вул… Цікава ведаць думку жыхароў Ляхавіччыны
Серада, 22.10.2014 11:12; Рубрыкі: На парадку дня
Часта людзі не задумваюцца, што ці хто стаіць за назвай вуліцы. Між іншым, гэта вельмі важнае пытанне, якое, дарэчы, мае і выхаваўчае значэнне.
Родны, мілы сэрцу горад Ляхавічы. Запаветная наша зямля. Не перастаю захапляцца яе шматвекавым і гераічным мінулым. Праз стагоддзі захаваліся да сёння імёны звязаных з Ляхавіччынай магнацкіх родаў Вялікага княства Літоўскага: Радзівілаў, Сапегаў, Хадкевічаў і нават вялікага князя Літоўскага і польскага караля Жыгімонта ІІ Аўгуста, які атрымаў Ляхавічы ва ўласнасць пасля смерці сваёй жонкі Барбары Радзівіл. Гісторыя іх кахання чымсьці нагадвае гісторыю шэкспіраўскіх Рамэа і Джульеты.
А колькі дзеячаў культуры і палітыкі ў розны перыяд гісторыі нарадзілася ці жыло на гэтай зямлі. Напрыклад, наш зямляк Ф. Еўлашоўскі лічыцца аўтарам першых мемуараў на беларускай мове. А ў в. Флер’янава (Фларыянава) захавалася сядзіба Яна Атона Бохвіца, якую той назваў у гонар свайго бацькі Фларыяна Бохвіца – вядомага філосафа 19 стагоддзя, аўтара кніг “Сутнасць маёй думкі”, “Асновы маіх думак і пачуццяў”, “Думкі пра выхаванне чалавека”.
Шмат цікавага ў гістрачным плане звязана з былой сядзібай Рэйтанаў у в. Грушаўка. Час збярог не толькі сядзібны дом і стайні, узведзеныя апошнім уладаром сядзібы з роду Рэйтанаў – Юзафам Рэйтанам, але і будынкі, якія захаваліся ад першых уладальнікаў Грушаўкі.
Побач з сядзібным домам размяшчаецца так званая мураванка, дзе правёў апошнія гады жыцця знакаміты Тадэвуш Рэйтан. Ён быў абраны дэпутатам ад навагрудскай зямлі на Варшаўскі сейм 1773 года, які склікаўся ў мэтах легалізацыі і ўзгаднення першага падзелу Рэчы Паспалітай (унія Каралеўства Польскага і Вялікага княства Літоўскага). Тадэвуш Рэйтан разам з паплечнікамі імкнуўся прадухіліць гэта. У гісторыі захаваліся яго словы: “Забіце мяне, затапчыце, але не забівайце Бацькаўшчыны!”, з якімі ён звяртаўся да ўдзельнікаў сейма. Але пераважыла думка прыхільнікаў падзелу Рэчы Паспалітай, і зломлены духам Тадэвуш вярнуўся ў сваю родавую сядзібу ў Грушаўцы. Апошнія гады жыцця ён правёў адасоблена ад людзей і грамадства – у мураванцы, дзе знаходзіўся сямейны архіў Рэйтанаў.
Гэтыя і іншыя падзеі – частка гісторыі ляхавіцкай зямлі. Старонкі мінулага занатаваны ў друкаваных кнігах (“Памяць”, “Ляховичи: из прошлого в будущее”), буклетах, якія знаёмяць чытача з гісторыяй раёна і яго гісторыка-культурнымі каштоўнасцямі.
Гучаць імёны вядомых гістарычных асоб, славутых землякоў і ў назвах вуліц і завулкаў райцэнтра. Пройдземся і занатуем у памяці. Вуліцы названы ў гонар удзельнікаў Вялікай Айчыннай: Дзесюкевіча, Арлоўскага, Равінскага, Астапава; вялікіх пісьменнікаў Янкі Купалы, Пушкіна, Горкага; дзеячаў мастацтва – Цітовіча, Пташука, завулкі Лермантава, Еўлашоўскага…
Крочым далей па вуліцах Юбілейная, Заходняя, Інтэрнацыянальная, Пясочная, Будаўнікоў, Кальцавая…Што за гэтымі назвамі? У кожнага сваё тлумачэнне. Нехта лічыць мэтазгодным даваць назвы вуліцам, не звязаныя з імёнамі людзей і гістарычнымі падзеямі. Іншыя маюць супрацьлеглы падыход: толькі гісторыя, толькі асобы.
Дарэчы, нядаўна з’явілася прапанова ад прыхільнікаў асобы Тадэвуша Рэйтана да 275-годдзя з дня яго нараджэння (2015 г.) ушанаваць яго імя ў назве адной з новых вуліц нашага райцэнтра. Наколькі яна прыйдзецца даспадобы ляхавічанам, мы і пастараемся высветліць.
Гэта прапанова абмяркоўвалася 26 верасня 2014 года на чарговай сесіі раённага Савета дэпутатаў і выклікала супярэчлівыя меркаванні.
Між іншым, імя Тадэвуша Рэйтана ўзгадваецца ў школьным падручніку па гісторыі Беларусі, а ў Польшчы ён ушаноўваецца як нацыянальны герой.
У сувязі з прапановай цікава ведаць думку землякоў. Якія назвы вуліцам нашага роднага горада вы прапанавалі б і чаму? Ці мэтазгодна, на вашу думку, назваць адну з новых вуліц райцэнтра ў гонар Тадэвуша Рэйтана?
Свае абгрунтаваныя меркаванні накіроўвайце ў пісьмовай форме ў аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама па адрасе: г. Ляхавічы, пл. Леніна, 3.
Мікалай ДАБРЫЯНЕЦ,
начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама.
Комментариев нет:
Отправить комментарий