понедельник, 6 октября 2014 г.

Прэентацыя юбілейнага нумара альманаха "Тэксты"

АРТ-СУПОЛКА ІМЯ ТАДЭВУША РЭЙТАНА
ВЫДАВЕЦТВА “ГАЛІЯФЫ”




ПРЭС-РЭЛІЗ

27 кастрычніка 2014 г. а 19-й гадзіне у канферэнц-залі мінскага Палаца мастацтва (вул.Казлова,3) адбудзецца гістарычная падзея.
Арт-суполкай імя Тадэвуша Рэйтана і выдавецтвам “Галіяфы” , адзначаецца дзясяцігоддзе літаратурна-мастацкага альманаха “Тэксты”, які з’яўляецца выключнай адметнасцю на літаратурнай ніве нашай краіны.
У гэтым юбілейным пятым нумары “Тэкстаў” змешчаны вынікі літаратурнага конкурса імя Тадэвуша Рэйтана, які быў абвешчаны ў 2013г. 
Упершыню, на землях былога Вялікага Княства Літоўскага выходзіць з друку зборавая праца навукоўцаў і літаратараў, якая прысвечана вялікаму сыну беларускай зямлі – Тадэвушу Рэйтану, герою знакамітага Надзвычайнага сойму 1773г. Не было раней нічога падобнага і па-за межамі Беларусі.
Імя ліцьвіна-беларуса наваградскага падкаморыча Тадэвуша Рэйтана, які ў тыя трагічныя для нашай краіны дні стаў на чале невялікага кола патрыятычных дэпутатаў сойму, паўстаўшых супраць Першага падзела Рэчы паспалітай Абодвух Народаў –ВКЛ і Кароны Польскай, назаўсёды стала сімбалем шчырага, нязломнага патрыятызму.
Быў час, калі тут, на Бацькаўшчыне героя , імя Тадэвуша Рэйтана , а таксама тых ліцьвінаў-беларусаў, якія неадступна таварышылі яму пад час сойму - Самойлы Корсака (Наваградак) , Станіслава Багушэвіча-Мінькоўскага (Мінск) былі ў вялікай пашане.
У гонар Тадэвуша Рэйтана, як найбольш яркай і трагічнай асобы, якая явіла свету прыклад выключнай грамадзянскай мужнасьці перад тварам смяротнай небяспекі , у Ляхавічах, Баранавічах, Наваградку і Мінску нашы продкі называлі школы, надавалі вуліцам яго імя, ставілі помнікі і памятныя дошкі. Вядомыя ліцьвіны 19ст. – Адам Міцкевіч, Юліян Нямцэвіч, Гэнрык Жавускі, Францішак Смуглевіч і інш., прысвячалі ім літаратурныя і мастацкія творы. На яго прыкладзе выхоўваліся пакаленьні патрыётаў сваёй краіны. Тое самае, было і ў Польшчы, дзе ліцьвін Тадэвуш Рэйтан , стаў на вершыне гераічнага пантэону, бо , як пісалі польскія пісьменнікі – ён выратаваў гонар “палякаў”. Як вядома фактычна ўсе польскія паслы , сенатары і міністры на тым сойме, замест таго, каб бараніць Карону Польскую, падкупленыя або застрашаныя сталі на бок здрады. І дзяржаву абодвух народаў баранілі фактычна адныя ліцьвіны-беларусы на чале з Рэйтанам, Корсакам, Багушэвічам.
Мінуў час, і ў 20 ст. на радзіме вялікага ліцьвіна-беларуса, памяць аб ім разам з гістарычнай памяццю аб падзеях 18 ст. прыйшла ў заняпад. Але, імя яго працягвалася ўшаноўвацца за межамі нашай краіны. Дзякуючы гэтаму быў створаны жывучы міф аб “польскасці” Героя, аб тым, што “бараніў ён Польшчу”, а таму не з’яўляецца суб’ектам нашай гісторыі. Але, як вядома, міфы існуюць у тым ліку і дзеля таго, каб іх руйнавалі…
Ладзячы прэзентацыю , мы адначасова выносім на абвестку дня і найактуальнейшыя пытаньні – вяртанне ў наш нацыянальны гістарычны пантэон імёнаў Рэйтана, Корсака, Багушэвіча, і усебаковага ўшанавання іх памяці, а таксама, лёс родавага котлішча Рэйтанаў у в.Грушаўка, на Ляхавіччыне. На нашу думку, якую падзяляюць прафесар Адам Мальдзіс, старшыня Беларускага Саюза Мастакоў Рыгор Сініца і вельмі шматі ншых дзячоў культуры Беларусі , у сядзібе мусіць паўстаць Дзяржаўны мемарыяльны музэй Тадэвуша Рэйтана. Але ня толькі яго, бо сярод прадстаўнікоў роду былі і іншыя дастойныя памяці людзі – пісьменнікі Станіслаў і Ганна Рэйтаны, асветнікі і дабрадзеі мясцовых людзей – апошнія з роду , Язэп і Аліна Рэйтаны і шмат хто яшчэ. Таму, гісторыка-культурны комплекс рэспубліканскай значнасці на базе Грушаўскай сядзібы быў бы вельмі цікавым і прыцягальным , і ў той самы час карысным ня толькі раену, але і ўсёй Беларусі. Таму, мы звяртаемся да ўсіх зацікаўленых, падымаць гэта пытаньне ў прэсе. Мы не павінны даць гэтай сядзібе, нашай агульнай Святыне ні загінуць, ні стаць уласнасцю “новых магнатаў”. Сядзіба павінна служыць інтарэсам нашай дзяржавы!
У прэзентацыі бяруць удзел гісторыкі, пісьменнікі , мастакі ,філосафы і музыкі–  Валянцін Акудовіч, Адам Глобус, Алесь Родзін, Зміцер Юркевіч, Сяргей Сыс, Алесь Жлутка, 

Вольга Гарбачова,Уладзімір Арлоў, Альгерд Бахарэвіч, Юрась Зялевіч,Язэп Янушкевіч, Ілля Сін, Зміцер Вішнёў, Віктар Жыбуль, Ніна Дыдышка, Уладзімір Мароз,Зміцер Крымоўскі, Георгій Барташ, Фёдар Чарняўскі, Адам Шостак, Уладзімер Варанец, Віктар Шніп, Зміцер Гуд,, Віктар Сямашка, Аляксей Палачанскі, Ягор Nebo і іншыя.
Гледачы убачаць дакументальныя стужкі “Тадэвуш Рэйтан:Беларускі Дон-Кіхот “ (ОНТ), “Аліна Рэйтан.Апошняя з роду” (рэж.А.Ясінскай)
Будзе паказана выстава “Род Рэйтанаў. Асобы.падзеі” , якая складаецца з графічнага шэрагу вядомага мастака А.Родзіна.

Сардэчна запрашаем на прэзентацыю!
Зьміцер Юркевіч,
Арт-суполка імя Тадэвуша Рэйтана
+375 33 375 72 50
lefthunder@gmail.com
www.reytan.blogspot.com

Зьміцер Вішнёў,
Выдавецтва “Галіяфы”
+375 29 6786806
vish@bk.ru
www.galiafy.by

Комментариев нет:

Отправить комментарий