суббота, 8 августа 2015 г.

8 жніўня -гадавіна смерці Тадэвуша Рэйтана



8 жніўня 1780 года , у родавай сядзібе Рэйтанаў (Грушаўка, Наваградскае ваяводства , ВКЛ)  перастала біцца сэрдца  Тадэвуша Рэйтана.
У апошнія гадзіны жыцця ён прыйшоў у поўную свядомасць, спавядаўся ксяндзу і да апошней хвіліны трымаў таго за руку . Пахавалі Героя ў старым ляхавіцкім касцёле.




Вось як апісаў у 1839 годзе скон свайго стрыечнага дзеда знакаміты пісьменнік і грамадскі дзеяч Генрык Жавускі :

"У хуткім ужо часе й скончыў ён паломніцтва сваё па тым падоле плачу. Убачыў праз вакно генэрала расейскага, які высядаў з возу, прыехаўшы з Наваградка, каб аддаць візыт пану Міхалу, на той час гаспадару Грушаўкі. Пан Тадэвуш хацеў, вядома, ісьці на пакоі, пагражаючы генэралу, але людзі не пусьцілі ды замкнулі яго. Тады ўпаў у нейкае памяшаньне і, шыбы ў вакне разьбіўшы, шклом парэзаўся моцна. Праз два дні па тым выпадку Пану Богу душу сваю аддаў. Кажу "Пану Богу", бо за колькі гадзінаў перад скананьнем поўная яму вярнулася прытомнасьць, і найпрыкладна рыхтаваўся ён да сьмерці, якой гэтулькі разоў бяз страху шукаў. Пану Міхалу розныя як бы прадказаньні пра далейшыя лёсы нашыя рабіў, каторых той шаноўны брат яго не хацеў перад людзьмі адкрываць, кажучы: "Не жадаю засмучаць вас, бо што добрага мае быць, тое гэтак далёка, што жадны з нас не дачакаецца, а бяда на карку".
Потым ужо, толькі Збаўцаю нашым і ягонае Маці Найсьвяцейшаю заняты быў, ахвяруючы ім тыя новыя пакуты, што ў непрытомнасьці сабе задаў.
— Сьведама Творцы майго ніколі не абразіў я й найменшага сумневу ня меў аб веры. Спадзяюся, што яго міласэрнасьць і заслугі яго найдаражэйшага сына мяне не абмінуць; а цярпеньне маё ўбогае ахвярую табе, о Пане, за маю нешчасьлівую Айчыну.
Гэта былі яго апошнія словы.

Улічваючы гэта НЯМА падстаў казаць, што Тадэвуш Рэйтан скончыў жыццё самагубствам і  быў пахаваны як самагубца!

Просім не пашыраць міфы!



Комментариев нет:

Отправить комментарий