Маленькая прадмова да "Экспазіцыя шмат згубіла б у сваёй выразнасці, каб у выставе не браў удзел ветэран нон-канфармізму — Алесь Родзін. Створаная ім і яго паплечнікам Змітром Юркевічам манументальная інсталяцыя распавядае пра драматычныя наступствы, якія мела для Беларусі Рыжская дамова 1921 года.".

https://www.svaboda.org/a/kod-voli/29145830.html
Інсталяцыя "Чацверты падзел" Зьмітра Юркевіча і жывапісны твор "Карэнні" Алеся Родзіна, складаюць адно цэлае. І ў той за самы час, маюць розных аўтараў.
Код мары пра ўласны дом
№ 14 (1349) 07.04.2018 - 14.04.2018 г
4 красавіка ў сталічным Палацы мастацтва адкрылася Рэспубліканская мастацкая выстава “Код: 25.03.18”, прысвечаная стагадоваму юбілею абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі. У гэтых лічбах насамрэч закадзіравана цэлая эпоха, напачатку якой была звычайная чалавечая мара пра шчасце. А што для чалавека шчасце? Апытайце дзесяцярых — і дзевяць з іх адкажуць: “Уласны дом!”

Мне давялося на свае вочы бачыць, як стваралася “Код: 25.03.18”. Работа экспазіцыянера звычайна застаецца “за кадрам”. Экспазіцыямі рэспубліканскіх выстаў у Палацы мастацтва ўжо не адзін год займаецца вядомы жывапісец Леанід Хобатаў, і, трэба адзначыць, робіць гэта па-майстэрску. Гэтым разам яму давялося “адсякаць” немалую колькасць работ, дзе тэма беларускай гісторыі вырашалася залішне непрафесійна, просталінейна, па-дылетанцку, інакш кажучы — не па-мастацку. Назіраючы за гэтым, я ў нейкі момант нават засумаваў па “сацыялістычным рэалізме”. Ідэалагічны вектар гэтага напрамку мне не даспадобы, але, што ні кажы, мастакоў ён дысцыплінаваў, прывучаў працаваць у зададзеных абставінах, вымагаў прафесіяналізму.
Так што невыпадкова ўпрыгожаннем выставы сталі творы тых аўтараў, якія яшчэ заспелі савецкую школу і савецкі лад. Гэта містычна-ўзнёслыя палотны Гаўрылы Вашчанкі, пакутлівы роздум пра трагічны лёс Беларусі пэндзля Віктара Маркаўца, і сёння не да канца прачытаны выяўленчы і сэнсавы код Сяргея Цімохава. Гэтых постацяў ужо няма з намі, але іх набыткі не страцілі актуальнасці, і выстава ў чарговы раз тое засведчыла.
Як цэльны твор успрымаецца і графічны шэраг партрэтаў славутых ліцвінаў (ад Вітаўта да Дастаеўскага) работы Міхася Басалыгі. Асобна хачу сказаць пра жывапіс Андрэя Дубініна. Гэты творца не захацеў выстаўляцца на такой выставе з чымсьці ўжо вядомым, і таму за кароткі час зрабіў паўнавартасны жывапісны твор. У сваім палатне “Звеставанне” мастак звярнуўся да біблійнай вобразнасці, якой вельмі пасуе упадабаная ім рэнесансная стылістыка. Манументальны лад і філасофскі змест палатна робяць яго вартым экспазіцыі Нацыянальнага мастацкага музея. Такое сумленнае стаўленне да творчай працы нагадвае мне словы аднаго кінагероя: “Гэта, можа, і не подзвіг, але нешта гераічнае ў гэтым ёсць”.
У экспазіцыі шмат краявідаў, якія ў той ці іншай ступені суадносяцца з тэмай. Гэта старасветчына, якая нейкам цудам захавалася ў віры войнаў, рэвалюцый, разбурэнняў і перабудоў ХХ стагоддзя, альбо жывапісныя ці графічныя рэканструкцыі ўжо няісных помнікаў гісторыі і культуры. Варта адзначыць работы Рыгора Сітніцы, Віктара Нікіты, Івана Іванова ды іншых. Удалай гістарычнай рэканструкцыяй уяўляецца малюнак дома ў Мінску, дзе адбылося абвяшчэнне незалежнасці БНР (работа Віктара Сташчанюка, якога ўжо няма з намі болей за 10 гадоў). Мяркуючы па дадзенай экспазіцыі, беларускія мастакі часта малююць Вільню. Так часта, як армянскія — Арарат.
БНР — БССР — РБ. Гэты гістарычны ланцуг застаецца непарыўным, пакуль у ім прысутнічаюць усе звёны. Таму лагічным з’яўляецца наяўнасць у экспазіцыі твораў, якія тэматычна знітаваныя з савецкім перыядам станаўлення нашай дзяржаўнасці. Нядзіўна і тое, што на выставе не раз сустракаюцца партрэты Васіля Быкава, якому мастакі даўно прысвоілі годнасць Апостала. Такім ён паўстае, у прыватнасці, у трактоўцы графіка Уладзіміра Вішнеўскага і мастака габелена Святланы Баранкоўскай.
Стылістыку і вобразны лад, якія мусяць увасабляць сучаснае разуменне гістарычных падзей, прадставілі на выставе, сярод іншых, Віктар Касцючэнка, Леанід Хобатаў, Канстанцін Вашчанка, Марта Шматава. У раздзеле скульптуры вылучаюцца работы Генадзя Лойкі — арганізатара і ўдзельніка разнастайных нацыянальна-скіраваных культурных праектаў. Экспазіцыя шмат згубіла б у сваёй выразнасці, каб у выставе не браў удзел ветэран нон-канфармізму — Алесь Родзін. Створаная ім і яго паплечнікам Змітром Юркевічам манументальная інсталяцыя распавядае пра драматычныя наступствы, якія мела для Беларусі Рыжская дамова 1921 года.
На заканчэнне згадаю, што выстава “Код: 25.03.18” займае другі паверх Палаца, а ў фае месціцца персаналія жывапісца Алеся Цыркунова, прымеркаваная да яго 70-годдзя і таксама прысвечаная юбілею БНР.
Па шчырасці, мастацкія выставы з выразным сацыяльным зместам не часта гасцююць пад дахам Палаца мастацтва. Усё больш экспазіцыі там маюць камерцыйна-забаўляльны ўхіл. Тут крыўдаваць няма на што, бо гэта знак часу. Ад мастацтва, якое прымушае думаць, паціху адвыкае і публіка. На тле эстэтычных рэфлексій і спантанных пошукаў немаведама чаго, якімі поўніцца выставачная прастора, “Код: 25.03.18” выразна вылучаецца як спроба знайсці адказ на адвечнае пытанне “Хто мы і куды ідзём?” Далёка не ўсё на гэтай выставе мне даспадобы. Штосьці падаецца залішнім, а чагосьці не стае. Скажам, можна было не засяроджваць увагу на некаторых рэаліях памежжа 1980 — 1990-х гадоў. Жыццё пайшло далей, і пэўныя палітычныя тэзы і лозунгі тае пары сёння ўспрымаюцца інакш. А прадстаўленая ў экспазіцыі тэма сярэднявечнай беларускай дзяржавы Вялікага Княства Літоўскага мусіла б быць спалучанай з тэмай далейшай нашай гісторыі не механічна, а праз лагічна-вобразны ланцуг. Але экспазіцыя, галоўнае, чапляе за жывое. Тут ёсць аб чым думаць і пра што гаварыць. І ўжо за адно гэта варта падзякаваць тым, чыімі намаганнямі мастацкая падзея адбылася.
Комментариев нет:
Отправить комментарий