среда, 24 мая 2017 г.

Таямніцы Міцкевіча “па мячы” (працяг, частка ІІ)

Таямніцы Міцкевіча “па мячы”

№ 19 (1302) 13.05.2017 - 19.05.2017 г
Новыя факты пра род паэта і барацьба за "фамільнае срэбра"
Паставіўшы за мэту разабрацца ў такім, падавалася б, нескладаным пытанні, ці была Тадора Пянкальская бабкай Адама Міцкевіча, аўтар нечакана адкрыў невядомы пласт гісторыі роду Міцкевічаў. Знайшліся і незалежныя дакументы, якія сталі ключом, што адкрыў “куфар”.

/i/content/pi/cult/637/14166/15-1.jpg

Малюнак 1889 года "Сям’я Адама Міцкевіча": бацькі паэта Мікалай і Барбара (сілуэты ў верхнім шэрагу), Францішак і Аляксандр  — браты (у сярэднім шэрагу па краях выявы), Адам і Цэліна (у цэнтры) і іх дзеці Марыя, Уладзіслаў, Алена.
(Працяг. Пачатак у № 14.)
Нагадаю, у першай частцы гэтага артыкула, прысвечанага генеалогіі Адама Міцкевіча, мы прадаставілі чытачу агульнавядомыя звесткі пра бабку паэта, маці Мікалая Міцкевіча, Тадору Пянкальскую. Звесткі гэтыя паходзяць з дзвюх крыніц. Першую, урывак з “пасагавага запісу” Пянкальскай, у 1861-м апублікаваў зямляк паэта — літаратар Вінцэсь Каратынскі. Другую, Акт вывадовага дэкрэта за 1804-ы, у 1898 годзе апублікаваў архівіст менскага акруговага суда Браніслаў Брэсцкі. У 1916 годзе паўтарыў яе ў сваёй кнізе міцкевічазнаўца Тадор Вярбоўскі, які, фактычна, і быў першаадкрывальнікам гэтага каштоўнага дакумента.
У ХХ — ХХІ стагоддзях усе, хто пісаў пра радавод Адама Міцкевіча, карысталіся часцей за ўсё інфармацыяй Каратынскага, аб чым сведчыць маркер — “4000 злотых” пасагу Пянкальскай. Адзіным чалавекам, які ў 1990 — 2000-х паставіў пад сумнеў імя бабкі, стаў Сяргей Рыбчонак, на той момант — галоўны архівіст Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі. Бо ў вывадовай справе Міцкевічаў, якая знаходзіцца на спецзахаванні ў названай установе, яе імя, як пісаў у сваіх артыкулах гісторык, не згадана. А той вывадовы дэкрэт 1804 года, актыкаваны як дзвюхчасткавы, верагодна, у справе Міцкевічаў змешчаны не цалкам. Адзіны дакумент, знойдзены спадаром Рыбчонкам, а менавіта — “Акт рэестру спадчынай рухомасці па маці на вяльможную яе мосць Тадору Пянкальскую дачку…”, актыкаваны ў наваградскіх судовых кнігах 3 сакавіка 1798 года (складзены ж ён 25 лютага 1751-га), гісторыкам у якасці доказу не прыняты, бо ім не былі знойдзены незалежныя крыніцы.
Дык вось, перш чым пяройдзем да паглыблення ў генеалогію Адама Міцкевіча, прывядзем вытрымкі з апісаных вышэй папер, звязаных з Тадорай Пянкальскай.

Дакумент і слова

Думаю, чытачу будзе цікава даведацца пра змест самага позняга дакумента, згаданага Сяргеем Рыбчонкам, — акта рэестру рухомасці, пададзеным да актыкавання Вінцэнтам Стыпулкоўскім і актыкаваным Стафанам Прыбароўскім, капітанам Яго каралеўскай мосці. (Памянёны Ступулкоўскі (1763 (?) — 1813), сын Валянціна, асэсар (засядацель) Ніжэйшага земскага суда, 22 траўня 1797 года ажаніўся на Барбары, роднай сястры Мікалая Міцкевіча.) Дык вось: “Рэестр, што засталося па маці пане Тадоры Пянкальскай, пісаны ў Закутках 27 лютага 1751. У золаце — пярсцёнак дыяментавы 1, у якім дыяментаў 7, штука рубінавая адна, бранзалет рубінавы перламі пранізаны адзін, штучкі рубінавыя дзве, лыжкі срэбныя 2, нажоў пара адна, цына (волава — З.Ю.) — міса адна вялікая, паўмісак 3, талерак 3, лыжкі 4…” Далей пералічаюцца вырабы з тканін — спадніцы, сукенкі, хусткі, абрусы, сурвэткі, ручнікі, кашулі, фартухі…
Згаданы ў дакуменце і брат Тадоры — Сымон Пянкальскі. Подпіс апекуна — Стафан Прыбароўскі, з якім мы сустрэнемся яшчэ не раз, бо ён знаходзіўся ў даволі блізкім сваяцтве з Пянкальскімі. Здзіўляе, што пры такіх падказках папярэднікі-міцкевічазнаўцы не пайшлі далей, не зрабілі спробаў высветліць, кім былі бацькі Тадоры.
Але ад справаў земскіх пяройдзем да справаў гродскіх. Балазе наступны блок дакументаў паўстаў ужо пасля шлюбу Тадоры Пянкальскай з Якубам Міцкевічам, які, вынікае з кантэксту, адбыўся напрыканцы 1761 года.

Міцкевічы супраць...

З імпэтам у пачатку 1764 года “маладыя” ўступілі ў “баявое” ўзаемадзеянне са сваякамі-апекунамі Пянкальскай. Перш-наперш, 9 студзеня ў Наваградскім гродскім судзе дзедам паэта быў актыкаваны Акт запісу вечыста дарчага ад Тадоры Міцкевіч Якубу Міцкевічу супругу свайму. Прывядзем найбольш цікавыя радкі з гэтага вельмі каштоўнага дакумента.
“Я, Тадора з Пянкальскіх Якубава Міцкевічова, чыню вядомасць тым маім лістом дабравольна вечыста адазнаным дароўным”, “…даным Якубу Міцкевічу міламу супругу майму на тое, што з прэдстанцыі боскай пайшоўшы ў стан святы супружасці за вышэй памянёнага мілага супруга майго па якім пазнаўшы ўсялякага прыстойнага шанавання шлюбнага…”, “...я, Тадора Пянкальская Якубава Міцкевічава, маючы суму пасагову 2000 злотых па памерлых дабрадзеях бацьках маіх Яне і Сузане з Краінскіх Пянкальскіх супругах, належная якая сума 2000 злотых польскіх у брата майго роднага Сымона Пянкальскага застаецца, міламу супругу майму дарую і на вечныя часы запісваю з усялякай рухомасцю…”, “…на мне Міцкевічова роўна з сястрой маёй пані Ганнай з Пянкальскіх Крывіцкай…”, “Пісан у Гарбатовічах 1761 10 снежня. Печатары — Павал Аляксандр Дашкевіч, Ян Корвін Буйноўскі, Язэп Ятофт”.
Гэты дакумент, складзены ў 1761 годзе, утрымлівае, па сутнасці, сенсацыйныя звесткі! Бо дае нам не толькі бясспрэчны доказ, што Пянкальская ёсць жонкай Міцкевіча, але і амаль што поўны сямейны спіс Тадоры — імёны яе бацькоў, брата, сястры!
Наступны дакумент быў занесены ў актавыя кнігі гродскага суда 27 чэрвеня таго ж года. Тычыцца ён працэсу Міцкевічаў супраць Прыбароўскіх і Галухоўскіх.
“Салёна маніфеставаў Якуб і Тадора з Пянкальскіх Міцкевічы на вяльможнага пана Станіслава Прыбароўскага капітана Яго каралеўскае мосці, Ганну з Вольскіх Прыбароўскую паручнікаву Яго каралеўскае мосці, таксама на Казіміра і Эльжбэту з Прыбароўскіх Галухоўскіх падчашыцаў зямлі мінскай [...] аб тым, што абжалаваны Станіслаў Прыбароўскі […]па памерлых Яне Пянкальскім і Сузане з Краінскіх Пянкальскай, і застаўшымся патомстве Сымоне сына, Ганне, цяпер Крывіцкай, і Тадоры, якая скардзіцца, дэлатарцы цяпер Міцкевічовай [...]” усю спадчыну ўзяў і не жадаў аддаваць яе законным нашчадкам”.
Колькі словаў пра Станіслава Прыбароўскага (памёр ён у 1766 годзе) і іншых згаданых асобаў. Быў ён нашчадкам Самуэля (памёр у 1705-м), віленскага стольніка. Ажаніўся ж у 1746-м на Сафіі з Цадроўскіх. Эльжбэта-Ганна з Прыбароўскіх (нарадзілася ў 1744 годзе), дачка віленскага стольніка Тобіяса і Яны з Волкаў (памерла ў 1782-м), ад 1764 года была замужам за Казімірам Галухоўскім.
Як бачым, сваякі ў Тадоры, з якімі счапіўся за пасаг жонкі непісьменны Якуб Міцкевіч, былі людзьмі больш высокага сацыяльнага кола. Што, вядома ж, гарантавала любы вынік, акрамя справядлівага права на перамогу.

"Зброю" не склалі

Так, бо стаўкі былі занадта высокімі, каб можна было падпісаць “дэкрэт аб міры”. 14 ліпеня 1764 года ў судзе было актыкавана сведчанне таго, што позвы на далейшае разбіральніцтва ў справе Якуба і Тадоры з Пянкальскіх Міцкевічаў са Станіславам Прыбароўскім, капітанам ІКМС (Яго каралеўскай мосці), і тут жа Яне з Волкаў Прыбароўскай, паручнікавай ІКМС, у асістэнцыі апекуноў, а таксама Казіміру і Эльжбэце з Прыбароўскіх Галухоўскім, падчашым зямлі (Н)урскай у мястэчку Пніводах, дастаўлены.
Здзейсніў гэты ваяж ажно генерал ІКМС Францішак Батукоўскі. Праўда, пад такой яскравай пасадай “хаваўся”… звычайны судовы возны, які, атрымліваючы патэнт на названае месца, прысягаў спраўна развозіць позвы, дэкрэты і іншыя дакументы, якія выдаваліся яму, адпаведна, у гродскім ці земскім судах. Да ўсяго, пасада была не надта зайздросная, бо часам возных, калі яны дастаўлялі “сумныя паперы”, збівалі на “горкі яблык”. Як аднойчы, напрыклад, зрабілі з кур’ерам Гарэшкі сваякі Адама Міцкевіча па кудзелі.
Праз два дні ў кнізе гродскага суда быў актыкаваны такі самы дакумент, толькі цяпер у справе Вяльможнага Станіслава з Прыбараў Прыбароўскага, капітана ІКМС, з Якубам і Тадорай з Пянкальскіх Міцкевічамі. Позву даставілі ім у фальварак Гарбатовічы, з “прапановай” прадстаць перад галоўным каптуровым судом у ліпеньскай наваградскай кадэнцыі.

“Няхай жыве кароль!”

Кадэнцыя — перыяд, цягам якога праходзілі паседжанні Галоўнага Трыбунала ВКЛ ці некаторых іншых судоў. У дадзеным выпадку, Каптуровага. “Каптуровы суд, — працытую артыкул гісторыка Валерыя Пазднякова з энцыклапедыі “Вялікае Княства Літоўскае”, — часовы надзвычайны суд у Рэспубліцы Абодвух Народаў (Рэчы Паспалітай) для разгляду тэрміновых справаў у часы бескаралеўя. У склад суда ўваходзілі ваявода, або павятовы стараста ці іх намеснікі, суддзя і пісар гродскага суда, падкаморы. Суддзя, падсудак, пісар земскага суда і іншыя. Пасяджэнні павінны былі адбывацца раз на 6 тыдняў па 3 тыдні кожнае, што не заўсёды вытрымлівалася. Разглядаліся справы аб парушэнні грамадскага спакою, крымінальныя справы аб забойствах, рабаваннях, падпалах, нападах на маёнткі, фальсіфікацыі дакументаў на маёмасць (у дачыненні да шляхты, астатнія справы разглядаў гродскі суд) […] Сойм 1768 года скасаваў практыку ўтварэння Каптуровых судоў”.
Разгляд працэсу Міцкевічаў супраць Прыбароўскіх прыпаў на самы эпіцэнтр перыяду бескаралеўя. Папярэдні манарх Аўгуст ІІІ Саксонскі Прыгожы, які караляваў амаль 30 гадоў, з 1733/1735 па 1763, памёр. У краіне пачалася падрыхтоўка да элекцыі новага караля. І тут суседзі Расія і Прусія змовіліся лабіраваць на трон свайго кандыдата. Выбар паў на Станіслава Антона Панятоўскага, літоўскага стольніка, пасла і былога каханка Кацярыны ІІ. Каб забяспечыць “поспех”, прадстаўнікі фаміліі (клан Чартарыйскіх) Андрэй Замойскі і Аўгуст Чартарыйскі, запрасілі рускія войскі, мэтай якіх было “забяспячэнне ўсіх вольнасцей Рэчы Паспалітай”.
7 верасня 1764 года 5320 асоб абралі каралём Рэспублікі Абодвух Народаў Станіслава Панятоўскага. Гэта была вельмі нізкая колькасць падпісантаў, што сведчыла пра нежаданне прымаць замежнага стаўленіка, прычым пад наглядам замежнага ж войска (у краіну тады ўвайшло 7000 жаўнераў). 25 лістапада, у дзень імянінаў сваёй былой каханкі Кацярыны ІІ, Панятоўскі быў каранаваны і стаў Станіславам Аўгустам. У той самы час на сойме расійскі пасол Мікалай Рапнін пажадаў ад Рэчы Паспалітай надання роўных правоў для гэтак званых “дысідэнтаў” — пратэстантаў і праваслаўных. Новаабраны кароль жаданне пасла не задаволіў, баючыся выклікаць супраць сябе гнеў каталіцкай шляхты, якая складала пераважную большасць “палітычнага народа” краіны.
Гэты момант супрацьстаяння пратэстантаў і каталікоў ВКЛ для нашага расследавання з’яўляецца істотным, пра што і пойдзе гаворка ў наступных частках.

Прамежкавая выснова

Як мы ўбачылі, існуе корпус “незалежных” дакументаў, якія неабвержна даводзяць, што спадарыню Пянкальскую з радаводу Адама Міцкевіча не выключыць. Сумма “4000 злотых”, па ўсей верагоднасці, памылка. З акалічнасцяў барацьбы за “фамільнае срэбра” Пянкальскіх сталі вядомыя імёны бацькоў, брата і сястры Тадоры. Далей жа чытача чакае гісторыя “страчанага” роду Пянкальскіх.
Зміцер ЮРКЕВІЧ, архівіст, сябра Арт-суполкі імя Тадэвуша Рэйтана
Працяг — у наступных нумарах "К".
Аўтар: Зміцер ЮРКЕВІЧ
калумніст газеты "Культура", арт-куратар

http://kimpress.by/index.phtml?page=2&id=14166&DomainName=cult

Комментариев нет:

Отправить комментарий