вторник, 29 августа 2017 г.

Сцяжынамі гісторыі (СМІ пра фэст ДАХ-32)


Сцяжынамі гісторыі

У мінулую нядзелю ў былой сядзібе Рэйтанаў у Грушаўцы прайшоў пяты фестываль сучаснага мастацтва ДАХ-ХХХІІ. І сёлетнія сустрэчы ў акружэнні грушаўскіх муроў былі багатыя  на гасцей, на цікавыя і запамінальныя моманты. Сюды варта было прыйсці хаця б для таго, каб палюбавацца на старадаўнія касцюмы, у якія былі апрануты гістарычныя персанажы, ацаніць графічны праект «Гісторыя роду Рэйтанаў».
– Фестываль прысвечаны памяці Тадэвуша Рэйтана, які нарадзіўся 277 гадоў назад, і чыё імя ва ўсім свеце лічыцца прыкладам патрыятызму, з кожным годам збірае ўсё больш прыхільнікаў і ўдзельнікаў, – зазначае Зміцер Юркевіч, старшыня АРТ-суполкі імя Тадэвуша Рэйтана, адзін з ініцыятараў правядзення  фэсту.
Тут па традыцыі было камфортна і ўтульна прыезджым і тутэйшым  мастакам, музыкантам, самадзейным артыстам і гледачам, якіх аб’ядноўвае інтарэс да гісторыі сваёй Бацькаўшчыны.
Дырэктар музея-сядзібы “Пружанскі палацык” Юрый Зялевіч прывёз у Грушаўку прэзентацыю-рэтраспектыву вядомага беларускага мастака, майстра плаката Уладзіміра Крукоўскага.
Прыгожая мелодыя  прыцягвала і захапляла – на валынцы віртуозна іграў не прафесіянал-музыкант – архітэктар Зміцер Мурашка. Ён не ўпершыню прыязджае ў Грушаўку на фестываль. Сёлета – з жонкай Юліяй Літвінавай – гаспадыняй аграcядзібы «Дайнаўскі двор». Яны прадстаўлялі  майстэрню смаку «Зёлка-Пчолка». І, трэба сказаць, было нямала жадаючых пакаштаваць і набыць  гарбату з зёлак, клапатліва сабраных  імі  каля сваёй аграсядзібы ў Валожынскім раёне. Дарэчы, як высветлілася, Юлія сама шые старадаўняе адзенне (у беларускі строй былі апрануты і яна, і яе муж), займаецца ткацтвам, вышыўкай.
Захапляюча прайшла прэзентацыя  гістарычнага фехтавання.
Гучалі фальклорныя і  бардаўскія песні, радавалі сваёй творчасцю мастакі, танцоры, паэты, выканаўцы з розных куточкаў Беларусі,  праходзілі рыцарскія паядынкі і майстар-класы.Увогуле, было цікава. І, канешне, прыемны бонус – паблукаць па гістарычных мясцінах, на якія багата Грушаўка.
Галіна КАНЬКО.
Фота аўтара.

1 комментарий: