вторник, 8 мая 2018 г.

Рамэа і Джульета з-пад Наваградка - IV (завяршэнне), № 17 (1352) 28.04.2018,

Рамэа і Джульета з-пад Наваградка

№ 17 (1352) 28.04.2018 - 05.05.2018 г
6 сакавіка 1737 года Ян Лешчылоўскі быў пакараны смерцю. Яго жонцы Фларыяне таксама пагражала сякера ката. Але па нейкіх прычынах (ці не праз нечае заступніцтва?) яна ўнікла смерці ды была аддадзеная на парукі сваякам. Падсумаваўшы сціплыя звесткі з дакументаў, паміж з’яўленнем якіх часам больш за 20 гадоў, мне ўдалося прыблізна рэканструяваць ход далейшых падзей.

/i/content/pi/cult/689/15163/26.JPG(Заканчэнне. Пачатак у №№ 12, 13, 15.)
На бедную ўдаву абрынуўся стос праблем. Фларыяна апынулася ў даволі дзіўным статусе — па адных дакументах яна Пацэвіч (па законным мужы), па другіх — Лешчылоўская (хаця гэты шлюб быў прызнаны незаконным). Тыя, хто спачуваў ёй, карысталіся другім варыянтам. Нядобразычліўцы — перш-наперш, браты памерлага мужа — наўмысна абіралі першы.
Па-другое, Галоўны Трыбунал ВКЛ вынес вырак, якім Ян і яго патомства абодвух палоў, народжанае з Фларыянай, было адстаўлена ад права на імя і маёмасць, а таксама прызнана незаконным. Нават калі б Ян і пакінуў тэстамент (а згадак пра гэта ў дакументах няма), яго жонцы нічога б не дасталося. Таму яна пачала сваю барацьбу за месца пад сонцам перадусім са сваякамі.

Дабрынскія на Дабрынскіх

Напрыканцы снежня 1737 года паміж дзвюма сёстрамі — Францішкай і Фларыянай — пачаўся судовы працэс. Ініцыявала яго Францішка, на баку якой выступіла частка клана Дабрынскіх. Другая частка падтрымала Фларыяну — ейная бабка, Сафія з Ізоўскіх, удава па Андрэі Дабрынскім, а таксама яе дзеці, дзядзькі Фларыяны. Апошнія ў судовым дэкрэце названы “violatоry”(гвалтаўнікі, разбойнікі).
Паколькі дакумент адзіны, і невядома, якімі думкамі кіравалася Фларыяна ды яе паплечнікі, мы не можам дакладна адказаць, на чыім баку была праўда. Але тое, што ад таго часу Фларыяна згадваецца ў фальварку Тупалы ў Наваградскім ваяводстве, сведчыць: насуперак жаданню сястры і маці, ёй такі ўдалося “адбіць” частку маёнтка. Магчыма, цалкам справядліва.
Як сведчыць наш наступны эпізод, беларуская Джульета была не з тых, каго можна беспакарана пакрыўдзіць.

Лешчылоўскія на Дабрынскіх і Пацэвічаў

У наступным годзе, а можа і раней, разгарнулася наступная судовая вайна — паміж Фларыянай і братамі Яна Лешчылоўскага Уладыславам і Пятром. Працэс пачаўся 8 красавіка 1739 года. Браты прыгадалі, што Фларыяна Пацэвіч і яе апекуны наехалі на фальварак Мацёшыцы і гвалтам вывезлі адтуль скрыні з дакументамі, якія і да гэтага часу ўтрымліваюць у Тупалах. Паскардзіўся Уладыслаў і на тое, што 20 чэрвеня 1738 года ў Наваградку Фларыяна добра апарыла яго кіпнем, патрапіўшы ў вочы! Ну, і нарэшце яе абвінавацілі ў тым, што яна з апекунамі нібыта ўмацавалася ў фальварку Мацёшыцы.
Прыгадалі ёй браты і тыя 200 злотых, якіх так дамагаўся ксёндз Паніквіцкі, і якія былі выплачаныя за Яна — верагодна, каб захаваць спадчынны маёнтак. А таксама і прысуд Трыбунала, паводле якога Фларыяна і яе дзеці не мелі ніякіх правоў ні на прозвішча Лешчылоўскіх, ні на маёнтак гэтага роду, бо “ведучы сваё жыццё супраць права Божага і
абураючы людзей хрысціянскіх …”, былі ўзятыя пад варту Трыбунала на кадэнцыі наваградскай…”, што суд трыбунальскі дэкрэтам Яна Лешчылоўскага “і патомства яго народжанае абодвух палоў з абжалаванай ад імя і маёнтка адсудзіў, шлюбны кантракт нячынным прызнаў” і гэтак далей.
Прыведзеныя звесткі ствараюць цалкам негатыўны вобраз Фларыяны, але ці так яно было на самай справе?
З дакументаў Галоўнага Трыбунала ВКЛ, якія паўсталі ў 1759 годзе і датычыліся адной з дачок Яна Лешчылоўскага, вынікае, што яшчэ 24 красавіка 1720 года Фларыяна пазычыла будучаму мужу “100 бітых талераў” (каля 800 злотых), а ён запісаў ёй правам застаўным фальварак Мацёшыцы разам з забудовай, зямлёй, сенажацямі ды ўсім іншым. То бок атрымліваецца, што Фларыяна распачала барацьбу не на пустым месцы, а выключна на падставе закона. Чаго браты Яна або не ведалі (што сумнеўна), або проста не жадалі прызнаваць.

Наданне апекі

Назіраючы за няпростым жыццём Фларыяны і, верагодна, спачуваючы ейным няшчасцям, 4 чэрвеня 1739 года некалькі шляхціцаў узялі яе пад апеку і абарону. Імі сталі падваявода наваградскі і харужы мазырскі Мікалай Булгарын, віцэ-інстыгатар ВКЛ Аляксандр Мотвід Вяжэвіч і Ян Яблонскі, які прайшоў шлях ад таварыша гусарскай харугвы да наваградскага чашніка. Цікава, што апошні быў жанаты на… Марыі Міцкевіч. У якой ступені сваяцтва была яна з тымі Міцкевічамі, якія нас цікавяць, і ці было яно ўвогуле — гэта пытанне на будучыню. Але супадзенне прыцягвае ўвагу.
Па ўсёй верагоднасці, апека такіх сур’езных асобаў паўплывала на Лешчылоўскіх, і частку фальварка ім давялося саступіць. У вывадовай справе, якая захоўваецца ў Нацыянальным гістарычным архіве Рэспублікі Беларусь, прыводзіцца адзін дакумент ад 16 красавіка 1760 года, паводле якога Фларыяна разам з дачкой Марцыянай (!) жыла ў тых самых Мацёшыцах, за якія два дзесяцігоддзі таму вялася барацьба. Як вынікае, жыла не ў раскошы, бо жытлом ёй стала “пякарня”.
Дакумент гэты з’яўляецца “працягам” трыбунальскага акта 1759 года. І тут мы наблізіліся да галоўнага пытання, якое датычыцца нашчадкаў Яна і Фларыяны. Праўда, гэта трохі “падважвае” назоў нашага артыкула, бо, як вядома, літаратурныя героі Шэкспіра не паспелі нарадзіць дзяцей. Але на тое яно і жыццё, каб уносіць свае карэктывы.

Марыяна і Марцыяна

Польскі даследчык Яўзебі Лапацінскі згадвае толькі адну дачку Яна Лешчылоўскага — Марыяну. Ды і тое мімаходзь. Такі брак цікавасці да важнага пытання не можа не здзіўляць. Тым больш, што ў 1930-х даследчык меў пад рукой значна болей архіўных дакументаў, чым мы цяпер — як і часу для іх апрацоўкі. Дык а колькі іх было насамрэч?
У знойдзеных намі дакументах 1759 — 1760 гадоў згадваецца толькі дачка Марцыяна, прычым у адным месцы, калі пісар памыліўся і напісаў яе імя як Марыяна, нехта ўзяў ды і выправіў памылку, вярнуўшы згубленае “ц” на сваё законнае месца. Больш пісар не памыляўся.
Марыяна і Марцыяна, як вядома, розныя імёны. Іх мужчынскімі адпаведнікамі з’яўляюцца Марыян і Марцыян.
З кантэксту дакументаў вынікае наступнае. У 1757 годзе Фларыяна Лешчылоўская запісала на сваю дачку і яе мужа тую частку фальварка Мацёшыцы, на якую мела законнае права. Мужам Марцыяны быў Дамінік Далмацкі, адміністратар наваградскага езуіцкага калегіюма. Калі ён ажаніўся з Лешчылоўскай, невядома. Але ў 1760 годзе іх сын Караль ужо выступае як апякун маці ў чарговай судовай справе з Лешчылоўскімі.
Справа ўзнікла з-за таго, што, ажаніўшыся, Дамінік Далмацкі адразу адчуў сябе гаспадаром становішча і вырашыў стаць сапраўдным панам. У Мацёшыцы пайшлі абозы з будаўнічым дрэвам, з якога павыраслі новыя будынкі. Працягнулася доўгая рука гаспадарніка і да дзедзічных лясоў і сенажацяў роду Лешчылоўскіх. Дасталося і зямлі, якую пачалі араць і засяваць.
Верагодна, браты Яна, усё тыя ж Уладыслаў і Пётр, не вельмі жадалі мець пад бокам імпэтнага шляхціца, таму, аб’яднаўшыся, падалі на яго скаргу. Чым завяршылася справа з Далмацкім, на вялікі жаль, у дакументах не напісана. Але нагадаю, што Лешчылоўскіх нікому не ўдалося пасунуць з іх родавага маёнтка цягам трохсот гадоў! Хіба толькі ў ХХ стагоддзі, калі ўсё навокал зведвала метамарфозы, ім давялося скарыцца перад машынай лёсу.

Маўклівы сведка падзей

У адсутнасць дакументаў адзіным сведкам, які ведаў гісторыю Яна і Фларыяны ад пачатку і да канца ды мог бы расказаць, як усё было насамрэч, з’яўляецца айцец Лукаш Баравік. Прычым святар з’яўляўся не толькі сведкам, але і актыўным саўдзельнікам нашых герояў.
Праўда, памёр ён у сярэдзіне XVIII стагоддзя і сам распавесці нічога не зможа. Таму ўся надзея на тое, што недзе ў вёсцы Рута або ў архіве ўніяцкіх мітрапалітаў ляжыць нікому не патрэбны дыярыуш гэтага святара, які быў пробашчам руцкай царквы без малога 40 гадоў (1716 — 1754). То бок ад самага моманту яе заснавання мітрапалітам Львом Кішкам. Кароткую і каштоўную нататку пра яго ўдалося знайсці ў працы беларускага гісторыка Дзяніса Лісейчыкава “Святар у беларускім соцыуме: прасапаграфія ўніяцкага духавенства 1596 — 1839 гг.”(2015).
На нашу думку, Лукаш Баравік не толькі абвянчаў Яна Лешчылоўскага і Фларыяну Дабрынскую, але і ахрысціў іх дзяцей. А гэта значыць, што былі яны, як і іх бацькі, грэка-католікамі. Верагодна, Баравік стаў і тым, хто ў сакавіку 1737 года адправіў у апошні шлях самога Яна. Калі гэта так, то пахаванні Лешчылоўскіх могуць быць і на могілках у Дольнай Руце — вёсцы ў цяперашнім Карэліцкім раёне.

Лешчылоўскія і Міцкевічы

Мяркуючы па ўсім, першы сын Яна Міцкевіча Якуб (дзед Адама) нарадзіўся недзе ў 1739 — 1740 гг. Што дае нам прыкладную дату шлюбу Яна Міцкевіча з Марыянай Лешчылоўскай. Ёсць верагоднасць таго, што Марыяна знаходзілася пад апекай сваякоў са згаслай галіны Лешчылоўскіх. Вядомыя дакументы Наваградскага гродскага суда 1744 года, з якіх вынікае, што тыя Лешчылоўскія яшчэ ад 1724 года мелі фінансавыя інтарэсы з Янам Міцкевічам — а значыць, ён быў значна старэйшым за Марыяну.
Магчыма, калі справа дайшла да канчатковай расплаты, Лешчылоўскія прапанавалі яму ў жонкі прыгожую паненку. Можа, і сам Міцкевіч закахаўся ў дзяўчыну так, што на нейкі час забыў пра не вернутую яму пазыку. Але пазней, калі ў шлюбе ўжо пайшлі дзеці, Міцкевічы вырашылі дабівацца праўды.
Калі-небудзь мы вернемся да гэтай гісторыі, у якой яшчэ застаецца шмат невядомага, але ўжо іншым разам. Наастачу хіба нагадаем, што сувязь Міцкевічаў і Руты не была абарваная ў 1737 годзе. Ці то адгалоскі родавай памяці, ці то інтуіцыя, але гэтая вёска як магніт цягнула да сябе Адама Міцкевіча. Ізноў жа, не абышлося без Яго Вялікасці Кахання! Падрабязней пра гэта і наогул пра Дольную Руту захапляльна распавядае Юры Жыгамонт у сваіх “Прыгодах дылетанта”.
Зміцер ЮРКЕВІЧ,
гісторык, архівіст

http://www.kimpress.by/index.phtml?page=2&id=15163

Комментариев нет:

Отправить комментарий