пятница, 28 июля 2017 г.

Таямніцы Міцкевіча “па мячы” . Кальвіністы ад стварэння свету. Частка ІІІ

Таямніцы Міцкевіча “па мячы”

№ 24 (1307) 17.06.2017 - 23.06.2017 г
Кальвіністы ад стварэння свету. Частка ІІІ
У мінулых частках мы распавялі пра акалічнасці таямнічага знікнення з радаводу Адама Міцкевіча ягонай бабкі Тадоры Пянкальскай, і аб тым, як гістарычная праўда адваявала сваю пазіцыю. Паспрабуем распавесці пра ролю, якую адыгралі продкі-кальвіністы Тадоры ў гісторыі Вялікага Княства Літоўскага XVII — XVIII стагоддзяў. Каб не паўтарацца, адразу адзначым, што бадай усе згаданыя ў артыкуле асобы належалі да пратэстантаў, дакладней да кальвіністаў.

(Працяг. Пачатак у №№ 14, 19.)

Тадора, або Аляксандра-Тадора

Месца і час хросту Тадоры (Слуцк, 1740) былі вядомыя даследчыкам. Праўда, аб тым, што яна даводзіцца роднай бабкай Адама Міцкевіча, яны, па ўсёй верагоднасці, і не падазравалі. 9 мая 1740 года ў Слуцкім кальвінскім зборы ксёндз Ян Равінскі, рэктар слуцкага калегіюма, ахрысціў імёнамі Аляксандра-Тадора дачку яснавяльможных пана Яна Пянкальскага, лоўчага віленскага, і Сузаны з Краінскіх. Яе хроснымі бацькамі сталі ўласна сам слуцкі рэктар з паннай Крысцінай Жаўровіч. Асіставалі жа шматлікія сваякі — Павал Пянкальскі, дзядзька Тадоры, і Ядвіга Чашкевічова, Сымон Пянкальскі і сястра Тадоры Ганна Пянкальская.
/i/content/pi/cult/642/14295/24 kultura 14 copy.jpg
Акрамя Тадоры і Ганны, бацькі мелі сыноў Яна-Станіслава (1736), Багуслава-Казіміра (1738). Пазней мы яшчэ вернемся да жыццяпісу Тадоры Пянкальскай, а пакуль распавядзем чытачу пра род Пянкальскіх.

Пянкальскія

Як можна зрабіць выснову, першым Пянкальскім герба “Адравонж”, які прывандраваў у ВКЛ у пошуках лепшага жыцця, быў таксама Ян, але той, які нарадзіўся ў 1595 годзе ў Малюшах пад Кракавам. Пасля кароткай і неблагой адукацыі ў Торуні ды іншых месцах у 1613-м ён паступіў на службу да падчашага літоўскага Януша Радзівіла (сын Крыштапа “Перуна” і бацька Багуслава, але гэта не Януш Радзівіл — будучы віленскі ваявода і вялікі гетман літоўскі). Адносіны з ім у Яна Пянкальскага склаліся найлепшым чынам. Неўзабаве ён становіцца сакратаром князя і нават піша асабістыя лісты. У 1617-м Ян ужо падскарбі і трымае ў сваіх руках падручную казну князя, пасля смерці якога становіцца адміністратарам удавы Януша, Альжбеты Сафіі з Брандэнбургскіх. Дарэчы, першая жонка Януша — знакамітая Сафія Слуцкая (!).
Пасля шлюбу княжны з князем Юліем Генрыхам Саска-Лаўэнбургскім (1628) Пянкальскі адмовіўся выконваць яго загады, “рукі яму не падаваў” і неўзабаве перайшоў на службу да Крыштапа Радзівіла, гетмана вялікага літоўскага (сын “Перуна” і бацька згаданага Януша). Тут Ян Пянкальскі заняў даволі важнае месца. Займаўся набыццём зброі і вайсковага рыштунку для князя, адміністраваў розныя маёнткі і быў прызначаны біржанскім старастам. Правёў бліскучую працу па ўмацаванні замка ў Біржах, а ў мястэчка запрасіў рамеснікаў. За адданую службу атрымаў ад Радзівіла дазвол набыць фальварак Завулкі пад Капылём. Пазней паступіў на службу да Багуслава Радзівіла, пры якім таксама займаў надзвычай важнае становішча. Не толькі вандраваў з ім па Заходняй Еўропе, але быў прызначаны старастам і дазорцам за будаўніцтвам галоўнай рэзідэнцыі князя ў Старой вёсцы каля Венграва на Мазовіі. І нават у 1656-м узначаліў яе абарону ад войск Паўла Сапегі, які, у адрозненне ад Радзівілаў, у часы “маскоўска-шведскага патопу” застаўся на баку караля. У 1660-х у якасці камісара назіраў за радзівілаўскімі маёнткамі Случчыны, Капыльшчыны і Койданавам, а таксама арганізоўваў іх абарону ад казацкіх уварванняў.
Нямала высілкаў прыклаў Ян Пянкальскі і да кальвінскай справы. Будаваў ды рэстаўраваў кальвінскія зборы, браў чынны ўдзел у сінодах “Ядноты літоўскай”, сам абавязаўся фінансаваць друк падрыхтаванага праз Паўла Дзмітравіча “Вызнання веры евангельскай”. Быў неблагім хранікёрам, радзівілаўскім гісторыкам і мемуарыстам. У Радзівілаўскім архіве захаваліся копіі ягоных кніг, вартых увагі беларускіх гісторыкаў.
Жанаты быў двойчы. Ад першай сужэнкі Яўфеміі фон Тэрмо меў дачку і двух сыноў. Першы загінуў у 1653 годзе ў сечы пад Батогам. Другі, Тобіас, спачатку паручык у войску ВКЛ і агент Багуслава Радзівіла, пазней суддзя гродскі віленскі, каралеўскі сакратар і лоўчы віленскі. Ад другой жонкі, Марыяны з Брастоўскіх (ад 1653-га) у Яна І Пянкальскага засталіся сыны — Ян, хросным бацькам якога стаў Багуслаў Радзівіл, і Стафан, дзед Тадоры.
Выкажу меркаванне, што Стафан быў жанаты двойчы, і Ян, бацька Тадоры, быў сынам ад першага шлюбу з Аленай з Цадроўскіх, дачкой Аляксандра, канюшага менскага. Падобна, што аўтар знакамітага дыярыуша “Успаміны Яна Цадроўскага…”, у якім маляўніча апісана гісторыя Беларусі сярэдзіны і канца таго крывавага для беларускіх земляў XVII стагоддзя, скарбнік менскі Ян Цадроўскі быў дзядзькам Алены і, такім чынам, “прапрадзедам” Адама Міцкевіча. Род Цадроўскіх атабарыўся ў ВКЛ у 1650-х дзякуючы Яну, ротмістру каралеўскіх войскаў, які ў 1651 годзе біўся ў Інфлянтах з войскамі Івана Жахлівага. Па вайне ён знайшоў прытулак у Менскім ваяводстве, дзе пусціў трывалыя карані. Як і першы, так і яго нашчадкі, усе Цадроўскія трымаліся кальвінізму. У XVII стагоддзі яны былі далёка не апошнімі сярод радзівілаўскіх кліентаў, згаданых Крыштафа, Януша і Багуслава, таму сваяцтва Пянкальскіх і Цадроўскіх, можна сказаць, было непазбежным.
Нарэшце сам Ян Пянкальскі, бацька Тадоры, нарадзіўся ў Свідчыцах у 1687 годзе. Ахрышчаны ён быў 29 мая ў капыльскім зборы. З 1738 па 1749 гады, то бок, да смерці, меў пасаду лоўчага віленскага. Даследчыкі так і не прыйшлі да адзінай думкі, ці пераняў сын Яна, Сымон, урад лоўчага па смерці бацькі. Вядомы знаўца кальвінскай шляхты ВКЛ Шыман Канарскі дадатна адказваў на гэта пытанне ў пачатку ХХ стагоддзя. Але наш сучаснік польскі гісторык і знаўца віленскіх ураднікаў Анджэй Рахуба даводзіць супрацьлеглае. Акрамя Сымона, лоўчыца віленскага, які памёр у 1794-м, меў Ян сына Яна-Станіслава, ахрышчанага 17 мая 1738-га ў Мядзведцы, “у сябе”. (Ці не тая гэта Мядведка, дзе ў 1802 годзе нарадзіўся Ігнат Дамейка, юбілей якога мы будзем шырока адзначаць сёлета?). А таксама сына Багуслава-Казіміра, ахрышчанага 19 лютага 1738 года.
У судовых кнігах Наваградскага ваяводства адлюстраваўся жыццёвы шлях Яна і яго жонкі Сузаны з Краінскіх. Нагадаю, што згаданыя яны і ў першых дакументах дзядоў Адама, у якіх у 1764-м маладыя сужэнцы, Якуб Міцкевіч і Тадора з Пянкальскіх, выступаюць са скаргай на былых апекуноў Тадоры.
Памёрлі бацькі Тадоры амаль адначасова. Яна пахавалі 10 чэрвеня 1749-га, а Сузану 25 лютага 1750-га ў Капылі. Па ўсёй верагоднасці, Тадора да 1761 года знаходзілася ў Койданаве на выхаванні ў сваёй бабкі, Кацярыны з Баржымоўскіх Краінскай. І адразу па яе смерці пайшла замуж за Якуба Міцкевіча. Як так сталася, што дзяўчына, у якой у сваяках былі такія значныя асобы, якіх можна лічыць “правымі рукамі” князёў Радзівілаў, стала жонкай звычайнага шляхціца Якуба Міцкевіча, які нават не меў сваёй маёмасці і жыў у арандаванай ягонай маці частцы Гарбатовічаў? Не выключаю, што і тут адыгралі ролю нейкія роднасныя сувязі сваякоў Міцкевічаў і Пянкальскіх.
/i/content/pi/cult/642/14295/24 kultura 14.jpg

Крыху пра кальвіністаў

Дарэчы, варта ўзгадаць, што дзядзька маці Адама Міцкевіча, “абозны смаленскі” і адміністратар цэтрынскі, Алойзы Маеўскі ў 1761 годзе ажаніўся з Альжбетай з Дыякевічаў, таксама кальвіністкай. Пасля трагічнай смерці Алойзага ў 1763-м Альжбета праз два гады стала жонкай Станіслава Пяткевіча. Прозвішча апошняга таксама сустракаецца сярод кальвінскай шляхты. Насамрэч, было б дзіўна, каб у продках любога са шляхецкіх родаў Наваградчыны не знайшлося пратэстанта. Як пісаў сто гадоў таму нейкі Віктароўскі П. у працы “Западнорусские дворянские фамилии, отпавшие от православия в конце ХVI в.”,  “В том же воеводстве из 600 наиболее богатых дворянских русских семей только шестнадцать остались верны вере своих предков”. Лічбы папраўдзе шакуючыя і могуць сведчыць пра тое, што “вера продкаў” — паняцце нетрывалае і суадносіцца з патрэбамі бягучага моманту.
Можна ўзгадаць і гвалтоўны перавод расійскім урадам мільёнаў беларускіх уніятаў у праваслаў’е ў сярэдзіне ХІХ стагоддзя, пасля якога “вера бацькоў” у чарговы раз зведала метамарфозу. Праз сто гадоў, пасля “маскоўскага патопу” і паразы прашведскай партыі Радзівілаў — Януша і Багуслава, у ВКЛ пачаўся імклівы адток шляхты ад кальвінізму. Гэтым разам змена дыктавалася меркаваннямі ўласнай бяспекі, бо кальвіністы, з падачы перамогшых каталікоў, былі абвешчаныя “здраднікамі”, і часам да іх свае ж землякі — каталікі — ставіліся горш, чым да ворага-замежніка. Тым не менш, пэўная колькасць родаў, якія вызнавалі кальвінізм, засталася на былых пазіцыях. Як мы бачым, тыя, сярод якіх былі і продкі Адама Міцкевіча...
У завяршальнай жа частцы нашай "сагі" мы распавядзём пра род Краінскіх, з якога паходзіла Сузана, маці Тадоры.
Зміцер ЮРКЕВІЧ,
архівіст, сябра Арт-суполкі
імя Тадэвуша Рэйтана

Комментариев нет:

Отправить комментарий