суббота, 29 июля 2017 г.

Сюрпрызы Нясвіжа, або хто ты гэткі, Казімір Маляўскі?


Акалічнасці знаходкі пры нясвіжскім касцёле Божага Цела надмагілля падваяводы наваградскага, отчыма Дамініка Рэйтана (бацькі Тадэвуша!).
Вынікі нашай вандроўкі.










Сюрпрызы Нясвіжа, або хто ты гэткі, Казімір Маляўскі?


У пачатку ліпеня беларуская інтэрнэт-супольнасці бы маланкай была працятая навіной аб тым, што пры рэстаўрацыі нясвіжскага касцёла Божага Цела (гісторыка-культурнай каштоўнасці вышэйшай катэгорыі!) рабочымі быў пашкоджаны адзін са слупоў брамы. Сапраўды, было з-за чаго ўзняць шум. Але інфармацыйная хваля, як цунамі, раптоўна накацілася на ўзбярэжжа грамадскай думкі, а потым супакоілася, і праз некалькі дзён пра ўсё забылі. Балазе, браму адразу аднавілі.


 І ніхто не звярнуў увагі на важны каментарый, які даў беларускім СМІ ксёндз-пробашч касцёла Пётр Шарко: “У нас знойдзена пліта, на якой ёсць надпіс “Тут спачывае Казімір Маляўскі, падваявода наваградскі. 1718 год” Вось гэта сенсацыя!”.
 Магчыма, і я б не адрэагаваў на той каментарый, калі б ксяндзом Шарко не было названа імя гэтай  асобы, якая здаўна заняла трывалае месца ў маёй картатэцы “рэйтаназнаўства”. Але пачуўшы яго, адразу вырашыў выправіцца ў Нясвіж у якасці пазаштатнага карэспандэнта “К”. І гэта была вандроўка не толькі ўглыб гісторыі, але таксама і ў нетры зямлі. Як мне ўдалося пераканацца, не так даўно быў адкрыты (прычым у літаральным сэнсе слова) новы пласт гісторыі знакамітага месца. Зрэшты, пра ўсё па парадку.  


Нясвіжскі краявід тым сонечным ранкам, як звычайна, поўніўся людзьмі. Турыстычныя гурмы перасоўваліся па ўсіх накірунках, не абмінаючы і касцёл, таму настроіцца на ўзнёслы лад усё не атрымлівалася. Але паколькі пробашч быў заняты прыёмам парафіянаў, я меў час агледзіць ня толькі вынікі працы на панадворку храма, але і цікавосткі ўнутры. Напрыклад, нейкіх істотаў “касмічнага” выгляду, жыўшых у Швецыі 500 міліёнаў год таму, застылых ў плітах падлогі,  якія вечнымі вартавымі сцерагуць уваход, крыпту Радзівілаў, куды акурат у гэты час было не прабіцца ад цікаўных да гісторыі беларускіх турыстаў, розныя памятныя дошкі, размешчаныя па сценах касцёла -- у тым ліку, і “Першаму пасля Міцкевіча пявуну Літвы” Уладыславу Сыракомлю (Людвіку Кандратовічу), а таксама Эдварду Вайніловічу.


Як вы неўзабаве зразумееце, многае з пералічанага мела тое ці іншае дачыненне да мэты майго візіту. У нейкі момант касцёл з невядомай прычыны апусцеў, і чакаючы аўдыенцыі, я заглыбіўся ў свае думкі, перабіраючы, як ружанец, факты жыццярыса падваяводы Маляўскага і яго сям’і. 

Гістарычная даведка
Род Маляўскіх герба “Помян” меў карані ў Плоцкім ваяводстве. Першым Маляўскім, які знайшоў сваё шчасце ў ВКЛ, быў, падобна,  бацька Казіміра, Станіслаў-Міхал. Яго імя стала фіксуецца ў гістарычных крыніцах з канца 1660-х -- то бок, пасля самай страшнай вайны 1654-67 гг., якая выпала на долю беларусаў за ўсё другое тысячагоддзе нашай эры.


Станіслаў, як і належыць прыбышу, спярша давёў сваю адданасць новай бацькаўшчыне служачы ў войску як ротмістр пяцігорскі, пазней зрабіў грамадзянскую кар’еру: гараднічы і войскі мсціслаўскі, войскі наваградскі і, урэшце, нясвіжскі губернатар. Двойчы ад Наваградскага ваяводства ВКЛ браў удзел у выбарах каралёў Рэчы Паспалітай -- Міхала Карыбут-Вішнявецкага (1669) і Яна ІІІ Сабескага (1674). Быў уладальнікам фальварка Гарадзей (цяпер -- Гарадзея). Памёр губернатар Нясвіжа ў 1712 годзе.
У шлюбе з нейкай нявядомай нам беларускай прыгажуняй Станіслаў нарадзіў двух сыноў – Казіміра і Юрыя (Георга), які стаў войскім мсціслаўскім і нашчадкі якога жылі ў ВКЛ і праз сто год. Казімір, як і бацька, прайшоў доўгі шэраг кар’ерных прыступак – падчашага, гараднічага, войскага, -- а ў 1716 годзе заняў пасаду падваяводы наваградскага. Ваяводай, якога час ад часу мусіў замяшчаць Казімір Маляўскі,  тады быў Ян-Мікалай-Аляксандр Радзівіл. Сама пасада падваяводы была не надта пачэсная, як пішацца ў “Энцыклапедыі ВКЛ”. Але паколькі яна давала магчымасць кантраляваць фінансавыя струмяні, на яе заўсёды было шмат прэтэндэнтаў.
Казімір быў і фундатарам – дабрадзеем кляштара ў Вольнай, збудаванага у 1632 годзе Крыштапам Каменскім.


Прыведзеныя звесткі няцяжка знайсці ў працах беларускіх і польскіх дасьледчыкаў. А цяпер трохі майго ўласнага даробку на падставе архіўных крыніц. Пасьля 1709 года Казімір Маляўскі ажаніўся з Ганнай з Рассудоўскіх.  Першым яе мужам быў Крыштап-Пётр Вайніловіч (родны прапрапрадзед Эдварда!!!), пасьля смерці якога, яна выйшла замуж за мазырскага скарбніка Міхала-Казіміра Рэйтана (роднага дзеда  Тадэвуша Рэйтана, нашага нацыянальнага героя!!!). Падобна, што Казімір Маляўскі быў добрым сябрам сям’і Рэйтанаў, бо менавіта яго, у 1706 годзе Міхал Рэйтан папрасіў быць сведкам пры складанні свайго  тастамента.
Сам Міхал у гэтым жа годзе і памер. Магчыма, баронячы Слуцк ад швецкіх войскаў. Пахавалі яго таксама ў Нясвіжы, у касцёле бернардзінцаў.

Касьцёл Сьвятой Кацярыны і кляштар бэрнардынаў

З мапы Г. Ляйбовіча, 1750-я 


Цікава, што на  трывалую сувязь Маляўскіх з менавіта гэтым касцёлам паказвае і знойдзеная мной метрыка шлюбу 30 лістапада 1720 года Юрыя (Георга) Маляўскага з Марыянай з Гаўрыловічаў.
Як мы бачым, выпадковая знаходка мае ня толькі матэрыяльную каштоўнасць, бо пліце гэтай 300 год, але і гістарычную, бо паказвае,між іншым, дзе магла быць пахавана бабка Тадэвуша Рэйтана, Ганна-Людавіка з Расудоўскіх.

Аўдыенцыя
З сутоння гістарычных вадакрутаў мяне выцягнула на дзённае святло гасціннае запрашэнне  ксяндза да доўгачаканай размовы, якое, дарэчы, прагучала на выдатнай беларускай мове. На пачатку гутаркі я запытаў, з якой нагоды сёлета распачаліся такія буйныя земляныя працы каля касцёла.
-- Некалькі год таму пры будаўніцтве аўтастаянкі і чыстцы става, была парушаная сістэма адводу ад касцёла грунтавых вод, -- святар, як выявілася, надзвычай абазнаны ў такіх пытаннях. --  Вада паднялася, і зараз знаходзіцца на глыбіні каля двух метраў. Гэта адмоўна ўплывае і на захаванасць крыпты, і на фрэскавы жывапіс у самім храме. Не кажучы ўжо пра тое, што ў халодны сезон у касцёле невыносныя для людзей тэмпература і вільготнасць.
Як патлумачыў ксёндз Пётр, паколькі помнік унесены ў спіс ЮНЕСКА, рэстаўрацыйныя працы адбываюцца з дапамогай дзяржавы. Прынятае рашэнне ў гэтым годзе зрабіць камунікацыі і добраўпарадкаванне тэрыторыі вакол касцёла, на што адпушчаны пэўныя сродкі. Але навукова-метадычная рада прыняла рашэнне, што перш чым удабрапарадкаваць тэрыторыю, неабходна правесці гідраізаляцыю падмурка храма пры дапамозе пластыкавага шпунта: зрабіць своеасаблівы пояс, каб адсекчы грунтавыя воды.   


 Святар падрабязна апісаў даволі складаную тэхніку закладання крохкіх пластыкавых шчытоў шпунта на глыбіню ад пяці да дзевяці метраў, а таксама распавёў і пра свой досвед як сваёго кшталту навуковага кіраўніка  рэстаўрацыі. Досвед у яго багаты -- балазе, аб’ект не першы.
 Яму не раз даводзілася падымацца на дах касцёла, каб прасачыць за тым, ці слушна кладзецца бляха. А слухаючы прафесійныя каментары і  спецыфічныя тэрміны, я міжволі задаваўся пытаннем, а ці шмат у нас знойдзецца такіх апантаных святароў, якія ставяцца да дома Божага, як да свайго роднага. І не  спрабуючых яго перарабіць на свой капыл, пад уплывам нейкіх “заморскіх” узораў (“каб блішчала па багатаму”),  а захаваўшы поўную аўтэнтыку..   
Размова паступова  выйшла на акалічнасці знаходкі пліты. 


 Па логіцы, размышляў я, перш, чым на якім –небудзь аб’екце распачынаюцца працы, спярша праводзяцца “ізысканія”.  Тое, што пры любым храме, у ранейшыя часы існавалі могілкі, а ў самім храме хавалі фундатараў касмцёла, вядомы факт. Напрыклад,  у крыпце заслаўскага касцёла спачываюць дзяды Ігната Дамейкі, а бацька Ігната, Гіпаліт, пахаваны пры храме ў Міры. Таму, перш чым буравіць зямлю шнэкамі і рыць экскаватарамі, як мне падавалася, там павінны былі дневаць і ночыць археолагі. Бо, сам аб’ект адносіцца да тых, што маюць найвышэйшы статус аховы. Тым ня меньш, папярэднія “ізысканія”, як можна было прачытаць у інтэрнэце, былі праведзены не на належным пазёме.  Таму, калі б шнэк бура цудам не зачапіў край пліты Казіміра Маляўскага, па ўсей верагоднасці, касцёльныя могілкі ціха перапахалі бы і забылі аб гэтым…   

 
З.Ю. –Ці, былі гэтыя раскопкі планавыя, і хто іх праводзіць?
Фактычна , комплексныя раскопкі пачаліся толькі з выпадковай  знаходкі гэтай пліты. Яе зачапіла шнэкам, але расколата на кавалкі яна была значна раней, бо разкол ўжо пачарнеў. Магчыма, гэта адбылося некалькі год раней, пад час нейкіх прац на тэрыторыі касцёла, калі цяжкая тэхніка наехала колам на яе.  Пліта ляжала на глыбіні 30-40 см , засыпаная зямлёй, прычым  сіметрычна да касцёла. Пад гэтай плітой, археолагі Інстытута Археалогіі Акадэміі Навук, пад кіраўніцтвам Андрэя Вайцяховіча , знайшлі некалькі пахаванняў, сярод якіх адно жаночае. У дадзены момант парэшткамі займаюцца антраполагі, каб паспрабаваць адказаць на пытанне, ці належалі гэтыя пахаванні сям’і Маляўскіх , Казіміру  і яго жонцы, ці зусім іншым людзям.
Археолагі кажуць, што пліта хутчэй за ўсё знаходзілася ў крыпце касцёла --  якая раней, дарэчы, выглядала не так, як цяпер. Некаторыя даследчыкі выказваюць думку, што да перабудовы сутарэнняў у 1750-1753 гг. адна з капліц там належала сям’і Маляўскіх. Але тут здзіўляе наступны факт: калі яны былі такім знатным родам, чаму ж тады пры пераносе іх магіл не было зроблена адмысловае пахаванне, абкладзенае цэглай, якое накрылі б гэтай плітой?  Бо выглядае на тое, што яе проста вынеслі з касцёла і кінулі на зямлю.



Падобная пліта (яе фрагмент захаваўся) з надпісам “Тут спачываюць грэшнікі” раней закрывала ўваход у скляпенні капліцы Булгарынаў 

(на правым рагу касцёльнай агароджы). Цяпер яна стаіць пры званіцы.

Зрэшты, пліта Казіміра Маляўскага стала не адзіным “трафеем” падчас раскопак. Па словах ксяндза Пятра, на касцёльным дворыку былі знойдзены шматлікія магілы – агулам каля трыццаці. Адны з парэшткаў, верагодна ,прыналежаць святару, аб чым кажа ўзор тканіны яго вопраткі.

Што Вы плануеце зрабіць з такой каштоўнай знаходкай?
Маем надзею, пасля рэстаўрацыі пліты, выставіць яе на адмысловым пастамеце на тым месцы, дзе яна была знойдзена,  для агляду.

 

Пасьля размовы ксёндз Шарко паказаў мне месца знаходкі пліты  і археалагічных  раскопак, падмуркі невядомых пабудоў, выпадкова знойдзеных рабочымі -- і зразумела, вынікі цыклапічных гідраізяляцыйных прац. 


Сама пліта, даволе буйных памераў (2х1.40 м), была акуратна пакладзена ля касцёльнай агароджы, каб не замінаць будаўнічай тэхніцы перасоўвацца па падворку.



Падзякаваўшы за вельмі цікавы і насычаны аповяд ксяндзу Пятру Шарко, мы развітался на ганку касцёла. Наперадзе быў Мінск. Мяне чакалі  размовы з археолагамі і антраполагамі. Аб чым будзе ў другой частцы тэкста.



Зьміцер Юркевіч
Арт-суполка імя Тадэвуша Рэйтана




  

Комментариев нет:

Отправить комментарий