суббота, 17 января 2015 г.

Станіслаў Багушэвіч-Мінькоўскі – ліцвін з Літвы

Беларускі Фонд Культуры

Краязнаўчая газета  

Юркевіч З. «Станіслаў Багушэвіч-Мінькоўскі — ліцвін з Літвы», «Краязнаўчая газета» № 2, 2015


У 1773 годзе адбыўся ганебны сейм, які зацвердзіў першы падзел Рэчы Паспалітай Абодвух Народаў і з якога пачаўся працэс знішчэння дзяржавы нашых продкаў – Вялікага Княства Літоўскага, Рускага і Жамойцкага. Але, безумоўна, найперш мы будзем памятаць той год дзякуючы мужнасці нашых продкаў – Тадэвуша Рэйтана, Самойлы Корсака і Станіслава Багушэвіча-Мінькоўскага, якія мелі адвагу не скарыцца перад моцнымі гэтага свету і не паддацца спакусам чынамі і грашыма, не спалохацца перад пагрозай страты жыцця. Гэта яны, а таксама некаторыя іншыя паслы з ВКЛ, аднялі ў рашэння сейма аб падзеле легітымнасць і гучна абвясцілі пра тое, што адбылася анексія земляў ВКЛ і Кароны на карысць трох мілітарызаваных імперыяў.
Мы ўжо згадвалі ў папярэдніх артыкулах аб Т. Рэйтане і С. Корсаку. Надышла чарга распавесці чытачу і аб наймалодшым з герояў сейма.
С. Багушэвіч паходзіў з вельмі старажытнага роду, кожная галіна якога мела свой асобны прыдомак. Да гэтага часу дакладна невядома, ці ад злучэння з родам Мінькоўскіх атрымалі нашыя Багушэвічы такі прыдомак, ці ад маёнтка Мінькоўцы, якім валодаў далёкі продак Станіслава.
S Bahuszevicz_01Бацькамі Станіслава, які нарадзіўся ў 1751 ці 1752 годзе, былі сын полацкага стражніка Мікалай Багушэвіч-Мінькоўскі і стальнікоўна менская Феліцыяна з Быкоўскіх. М. Багушэвіч быў забіты пад час сабельнага бою на менскім сейміку ў 1756 годзе, калі ў сечы сышліся прадстаўнікі дзвюх палітычных партый – Радзівілаў і Чартарыйскіх. Лёг ён, як пісалі апаненты, ад рукі дзядзькоў Т. Рэйтана – братоў Міхала і Язэпа Валадковічаў, прыхільнікаў Караля Радзівіла Пане Каханку.
Сям’ёй Мікалая пасля яго смерці апекаваўся Антоні Багушэвіч, які спачатку ў заставу перадаў сваякам в. Літва, а потым і ўвогуле падараваў яе.
Ледзь скончыўшы вучобу ў Віленскім езуіцкім калегіуме, Станіслаў на грамнічным сейміку атрымлівае патэнт на ротмістрства менскае і адначасова абіраецца паслом на варшаўскі Надзвычайны сейм, разам з Тадэвушам Валадковічам, крайчым Менскага ваяводства.
Аб чынным удзеле С. Багушэвіча ў супраціве паслоў-ліцвінаў першаму падзелу сваёй краіны захавалася не так шмат звестак. Вядома, што ён ад першай да апошняй хвіліны стаяў поруч з Рэйтанам і Корсакам. І што менавіта дзякуючы яго лісту, які юнак напісаў для Менскага ваяводства, не маючы магчымасці пакінуць Варшаву, аточаную колам варожых пастоў, пазней быў узяты пад варту і асуджаны галоўны лялькавод сейма – найманая пешка «трох чорных арлоў», самаабвешчаны маршалак злачыннай Канфедэрацыі – паляк Адам Паніньскі. Гэты ліст таемна вывез у ВКЛ і актыкаваў у кнізе гродскага менскага суда гарадзенскі зямянін Адам Кулікоўскі.
Пасля сейма лёс быў прыязны да Багушэвіча. Праўда, у маі 1780 года Станіслаў ледзь не страціў жыццё, бо быў перастрэты шляхтай блізу Вільні і ледзь вырваўся з пасткі. Нагадаю, што Корсак у тым жа годзе страціў малодшага брата, а Рэйтан, па ўсёй верагоднасці, быў забіты.
У 1812 годзе, калі ліцвіны з надзеяй сустракалі войскі Напалеона, сярод якіх было вельмі шмат землякоў, С. Багушэвіч на менскім сейміку быў абраны на Галоўную канфедэрацыю. Адбылося гэта ў дзень імянінаў Напалеона. У гэты ж дзень быў пакладзены пачатак нашай грамадзянскай авіяцыі, бо пасля перайменавання плошчы Верхняга рынка ў пляц Напалеона мясцовыя паэты склалі свае вершы ў гандолу паветранага шара, які ўзняўся ў неба над ратушай…
На вялікі жаль, усе дзеці героя сейма памерлі маладымі. Іх лёс нам невядомы, за выключэннем адной з дачок, якая пабралася шлюбам і, магчыма, пакінула нашчадкаў.
S Bahuszevicz_02Сёлета мы запланавалі сумесна з Івянецкім краязнаўчым музеем правесці фестываль «Дах», каб ушанаваць ліцвіна з вёскі Літва, памяць аб якім толькі пачынае прачынацца да летаргічнага сну на яго Бацькаўшчыне.
 Зміцер ЮРКЕВІЧ, Арт-суполка імя Тадэвуша Рэйтана
(Далей  чытайце ў №2 «Краязнаўчай газеты»)

пятница, 16 января 2015 г.

Выстава ў гонар 275-годдзя з дня народзінаў Тадэвуша Рэйтана

Вечарам 15 студзеня ў Мінску ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адкрылася выстава, прысвечаная 275-годдзю з дня народзінаў вялікага сына беларускай зямлі Тадэвуша Рэйтана.



У экспазіцыі, арганізаванай сябрамі арт-суполкі імя Тадэвуша Рэйтана Змітром Юркевічам і Алесем Родзіным, прадстаўлены прысвячэнні Рэйтану: творы сучасных беларускіх мастакоў, у тым ліку графічны шэраг Алеся Родзіна і Змітра Юркевіча "Род Рэйтанаў. Асобы. Падзеі", рэпрадукцыі твораў мастакоў XVIII-XX стагоддзяў, літаратурныя працы, у тым ліку створаныя пляменнікамі юбіляра — Станіславам Рэйтанам і Ганнай Герычовай з Рэйтанаў, фота і памятныя медалі з прыватных збораў і кнігасховішчаў НББ.


Адам Мальдзіс

На думку доктара філалагічных навук, прафесара Адама Мальдзіса, для ўшанавання памяці Тадэвуша Рэйтана — адной з самых шматпакутных асобаў беларускага нацыянальнага пантэону XVIII стагоддзя — арт-суполцы імя Тадэвуша Рэйтана неабходна стварыць аднайменны фонд, які б выкупіў і ўзяў у надзейныя рукі радавы маёнтак Рэйтанаў у вёсцы Грушаўка, што на Ляхавіччыне ў Брэсцкай вобласці. Навукоўца заклікаў беларускае грамадства ўсебакова падтрымаць гэтую ідэю.


Рыгор Сітніца

Старшыня Беларускага саюзу мастакоў Рыгор Сітніца выказаў падзяку Алесю Родзіну і Змітру Юркевічу за тое, што яны ўзялі на сябе вельмі пачэсны цяжар – вывесці з нябыту наймагутнейшую асобу беларускага нацыянальнага чыну Тадэвуша Рэйтана, роўную Тадэвушу Касцюшку і Адаму Міцкевічу. На меркаванне спадара Сітніцы, узнёслы грамадзянскі чын, што распачала арт-суполка імя Тадэвуша Рэйтана, не толькі выклікае захапленне, але будзе аддзячаны Богам і людзьмі, бо гэты свядомы чын грунтуецца на  штодзённай руплівай працы, веры ў Бога і любові да Бацькаўшчыны.


Алесь Родзін

Як распавёў мастак Алесь Родзін, у графічным шэрагу "Род Рэйтанаў. Асобы. Падзеі", створаным сумесна з Змітром Юркевічам, налічваецца 60 прац. Мастак выказаў падзяку Змітру Юркевічу за ягоную працу ў беларускіх і замежных архівах па пошуку гістарычных сведчанняў пра жыццё і дзейнасць Тадэвуша Рэйтана, ягоных продкаў і нашчадкаў.  Менавіта дзякуючы гэтым знаходкам на графічных лістах з’явіліся тэксты Змітра Юркевіча з цікавымі звесткамі пра род Рэйтанаў, сказаў Алесь Родзін. На ягоную думку, арт-суполка будзе крок за крокам працягваць гэтую справу, бо такія выбітныя асобы, як Тадэвуш Рэйтан, сёння вельмі патрэбныя беларускай дзяржаве, каб захаваць родную зямельку.

Зміцер Юркевіч 

Зміцер Юркевіч зазначыў, што арт-суполка існуе ўсяго трэці год. На ягоную думку. розныя справы суполкі, у тым ліку прыборка тэрыторыі сядзібы Рэйтанаў у Грушаўцы, праца ў архівах, падрыхтоўка артыкулаў, імпрэз і выстаў, абуджалі цікаўнасць грамадства да імя Тадэвуша Рэйтана — велічнай постаці, сапраўднага патрыёта Вялікага Княства Літоўскага і беларускай зямлі. Паводле ягоных словаў, маёнтак Рэйтана з’яўляецца нацыянальнай святыняй, таму не можа быць выстаўлены на таргі і сысці ў прыватныя рукі, а павінен належыць дзяржаве. І ў гэтай сядзібе трэба стварыць Дзяржаўны мемарыяльны музей Тадэвуша Рэйтана, які цягам часу стане буйным культурным цэнтрам з вялікай фестывальнай праграмай дзеля выхавання сапраўдных патрыётаў Бацькаўшчыны, сказаў Зміцер Юркевіч. Ён заклікаў беларускую грамадскасць паспрыяць гэтай вартай справе.   



Фрагменты экспазіцыі

Нагадаем, што за сваё кароткае жыццё, Тадэвуш Рэйтан здзейсніў толькі адзін подзвіг, але рэха яго пралунала па ўсім свеце. У 1773 годзе ў Варшаве, падчас надзвычайнага сойму Рэчы Паспалітай, на які Тадэвуш быў абраны дэпутатам Наваградскага ваяводства ВКЛ, Рэйтан узначаліў нешматлікую групу паслоў з беларускіх земляў і выказаў рашучую нязгоду планам зацвердзіць I падзел Рэспублікі абодвух народаў.

                                                                                      Фрагменты экспазіцыі

Сучаснікі лічылі Тадэвуша Рэйтана нацыянальным героем. У ягоны гонар у Ляхавічах, Баранавічах, Наваградку і Мінску называліся школы і вуліцы, узводзіліся помнікі і мемарыяльныя дошкі. Вядомыя літвіны XIX стагоддзя Адам Міцкевіч, Юліян Нямцэвіч, Гэнрык Жавускі і Францішак Смуглевіч прысвячалі Рэйтану і яго паплечнікам  літаратурныя і мастацкія творы. На прыкладзе героя, які выратаваў гонар сваіх сучаснікаў, выхоўваліся пакаленні патрыётаў.


http://novychas.info/kultura/vystava_u_honar_275_hoddzia_z/

четверг, 15 января 2015 г.

Стварэнне і Адкрыццё выставы . Стэп-бай-стэп...





                                                                  Перадача досьведу
                                                          
                                     Невядомы. Але вельмі падобны на Зьмітра Шапавалава, які стаіць                                                                            побач з новым творам.










                           
                                                 Сп.Аксана і сп.Дзяніс  (супрацоўнікі НББ)


                                                               Кіраўніцтва Галерэі

                                                               сп.Адам Мальдзіс
                                                        сп.Уладзімір Арлоў
                                                                
                                                                       сп.Рыгор Сітніца                     
                                                                   сп.Алесь Родзін
                                 Пасьля, колькі слоў прагучала ад Зьмітра Юркевіча, за якім, 
                    пад час вольнага доступу да мікрафону слова мелі яшчэ некалькі чалавек.

                                     Выстава атрымалася змястоўная, імпрэза цікавай. 

Выказваем шчырую павагу кіраўніцтву  галерэі, НББ і Мінкульта, якія шмат высілкаў прыклалі для таго, каб усё атрымалася так, як мае быць. У глабальным сэнсе. 
Асобая падзяка супрацоўнікам галерэі за непаўторную атмасферу братэрскай узаемадапамогі, за камфортныя ўмовы для працы! 
Былому супрацоўніку галерэі -Алесю Сухадолаву за тое, што у свой час выступіл ледаколам у справе. 
Юрасю Зялевічу - за  ідэю назову выставы!

Арт-супола

вторник, 6 января 2015 г.

Тадэвуш RE: turn Выстава прысвечаная 275-ай гадавіне з дня нараджэння Тадэвуша Рэйтана







Выстава прысвечана памяці Тадэвуша Рэйтана, Вялікага сына беларускай зямлі, Героя з вялікай літары,  імя якога доўгі час для нашых суайчыннікаў з’яўлялася сінонімам слова “Патрыёт”. Як вядома, за сваё кароткае жыцьцё, Тадэвуш здзейсніў толькі адзін подзьвіг, рэха якога  пралунала па ўсім свеце. У 1773г., пад час надзвычайнага сойму Рэспублікі Абодвух Народаў , на які ён быў абраны дэпутатам ад Наваградскага ваяводтсва ВКЛ, Рэйтан, на чале невялікай па колькасці групы паслоў з беларускіх земляў, выказаў рашучую нязгоду планам зацьвердзіць Першы падзел Рэспублікі. 
Тут , на яго Бацькаўшчыне, асабліва на Наваградчыне, ганарыліся сваім вялікім земляком,  надавалі школам і вуліцам яго імя, усталёўвалі помнікі і памятныя дошкі. Але, пад уплывам падзей 20 ст., з выхадам на гістарычную сцэну новых герояў пакліканых неабходнасцю часу, пра яго пачалі забывацца. Тым ня меньш, з моманту як Рэспубліка Беларусь стала сувярэннай краінай, руплівай працай гісторыкаў , літаратараў і мастакоў пачалі “вяртацца на Бацькаўшчыну” нашы славутыя землякі, якія за папярэднія некалькі дзесяткаў гадоў атрымалі трывалыя “замежныя” пашпарты”. Так, але не без складанасцяў, знайшлі дарогу да роднага ганку Адам Міцкевіч, Напалеон Орда, Тадэвуш Касцюшка, Станіслаў Манюшка, Удладзіслаў Сыракомля (Людвік Кандратовіч), і яшчэ шмат хто з ня меньш вядомых асобаў.
Але, Тадэвушу Рэйтану такой увагі не надалі. Цяжка зразумець чаму, але чалавеку, на прыкладзе якога было выхавана шмат пакаленняў патрыётаў нашай зямлі, які быў апеты Адамам Міцкевічам у “Пане Тадэвушу”, якому былі прысвечаны творы тутэйшых 
 літаратараў ХІХ ст.Юльяна Урсына Нямцэвіча і Генрыка Жавускага , мастакоў віленскай мастацкай школы Францішка Смуглевіча і Людвіка Горварта і іншых, за 23 гады Незалежнасці было прысвечаны толькі тузін артыкулаў. Пісалі аб ім М.Турыянскі, У.Емельянчык, З.Сіцька, С.Чарановіч, У.Арлоў, З.Санько і інш. Але, гэтага было яўна недастаткова, каб імя Тадэвуша Рэйтана трывала ўвайшло ў наш айчынны пантэон вялікіх людзей краіны.

Сядзіба Рэйтанаў, якой пашанцавала  перажыць падзеі 19-20 ст. у незалежнай Беларусі прыйшла ў амаль поўны занепад. Замест мемарыяльнага музэя адной з самых значных у нашай гісторыі постацей ,там віруюць кажаны ды гукаюць па начах совы, замест культурнага жыцця –цішыня.
Ладзячы напачатку 2015г. мастацкую выставу прысвечаную Тадэвушу Рэйтану, мы, у 275-ю гадавіну з дня яго нараджэння, аддаем даніну павагі яго подзьвігу і яго памяці.
На выставе можна будзе убачыць ня толькі творы сучасных беларускіх мастакоў - графічны шэраг "Род Рэйтанаў.Асобы.Падзеі" А. Родзіна і З. Юркевіча, Р.Сітніцы,М.Купавы, Р.Батальёнка, В.Вядрэнкі, К.Янушкевіч, А.Лабкоўскага,П. Татарнікава, З.Вішнева,Н.Шапавалавай,  Дз. Шапавалава, С.Бадак, А.Шарыпы,Я .Шунэйкі, М.Карпука,  І.Грынберга,  В.Мікіты, М.Аўчыннікава,А.Ясінскай, К.Булас, А.Чэкан ,  В.Маркаўца, П.Шарыпы,Я.Куліка, але і рэпрадукцыі выяў Тадэвуша Рэйтана нашых папярэднікаў –мастакоў XVIII-XX стст. Ф.Смуглевіч, Л. Горварта.  А таксама літаратурныя творы  прысвечаныя Тадэвушу Рэйтану, або створаныя яго пляменнікамі - Станіславам Рэйтанам і Ганнай Герычовай з Рэйтанаў  з прыватных збораў і кнігасховішчаў НББ.
Выстава абяцае быць цікавай і насычанай, а галоўнае мусіць стаць знакавай падзеяй году!

пракуратары
Зьміцер Юркевіч і Алесь Родзін,
Арт –суполка імя Тадэвуша Рэйтана,
фестываль эксперыментальнага мастацтва “Дах”
www.reyten.blogspot.com
lefthunder@gmail.com
+375 33 3757250

Тадэвуш Рэйтан


Першы адлівак. 2014г.
ск.Анастасія Чэкан