вторник, 11 сентября 2018 г.

Таямніцы роду Дамейкаў

Спадарства!

 Прадстаўляем вашае ўвазе пачатак шэрагу , які мы прысвячаем Ігнацію Дамейку. Цягам верасня і, магчыма, кастрычніка, ў газеце "Культура".

 

Нашчадкі сарматаў

№ 36 (1371) 08.09.2018 - 15.09.2018 г
Таямніцы роду Дамейкаў
Які беларус самы вядомы на зямным шары? Натуральна, дакладнага адказу на гэтае пытанне няма. Але калі згадаць, што межы свету зусім не абмяжоўваюцца Еўропай, адзін з галоўных прэтэндэнтаў будзе відавочны: гэта Ігнацій Дамейка, які праявіў сябе ў далёкай Лацінскай Амерыцы. Імя яго не забытае і ў нас.

/i/content/pi/cult/708/15515/24.JPGПачынальнікам дамейказнаўства на Беларусі можна смела назваць прафесара Адама Мальдзіса. Яшчэ ў далёкім 1967 годзе ён апублікаваў першы ў айчынным друку артыкул пра выбітнага навукоўца. А ўжо да пачатку новага тысячагоддзя колькасць публікацый, якія прысвяцілі Дамейку ягоныя землякі, наблізілася да 80.
У верасні 2002 года ў Міры адбыліся VI Карэліцкія чытанні з нагоды 200-годдзя з дня нараджэння Ігната Дамейкі. Вынікам стаў зборнік матэрыялаў канферэнцыі. Сярод іх асаблівую цікавасць уяўляе артыкул вядомага беларускага гісторыка Анатоля Грыцкевіча “Радавод Ігната Дамейкі”. Нельга сказаць, што гэтая публікацыя, заснаваная ў асноўным на звестках з гербоўніка польскага гісторыка Адама Банецкага (1842 — 1909), была прарыўной — яна толькі пераказала па-беларуску збольшага вядомыя факты. Але само з’яўленне артыкула стала важным крокам айчыннай “дамейкіяны”. Ён паказаў паспалітаму чытачу шчыльную сувязь прадстаўнікоў гэтага роду з Беларуссю і іх немалую ролю ў нашай гісторыі. Пазнейшыя папулярызатары жыцця і творчасці нашага славутага земляка тым ці іншым чынам звярталіся або да публікацыі прафесара Грыцкевіча, або непасрэдна да гербоўніка Банецкага, дзе прыводзіліся, як падавалася, вычарпальныя радаводныя звесткі.
Крокам наперад стала выданне Нацыянальным гістарычным архівам Беларусі пятага тома “Гербоўніка беларускай шляхты” (2018). У ім змешчаны артыкул пра род Дамейкаў герба “Дангель”, у якім зроблена спроба на падставе гербоўнікаў і з далучэннем звестак з архіўных дакументаў пашырыць веды пра гэты род. Але вывучэнне яго гісторыі яшчэ далёка не выпадае лічыць завершаным. Пытанні ўсё ж застаюцца. У гэтым я асабіста пераканаўся падчас сваіх нядаўніх архіўных штудый, якія дазволяць зараз пазнаёміць чытачоў “К” з шэрагам цікавых і невядомых сучаснікам падрабязнасцяў жыцця і радаводу гэтага вечнага падарожніка, якім да апошняй сваёй хвіліны заставаўся Ігнацій Дамейка. Пра некаторыя з іх мы згадаем у гэтай серыі публікацый.

Прычынай быў вырак?

Згодна з паданнем, якое адлюстроўвае гербоўнік Банецкага, карані (ці першыя згадкі) Дамейкаў — у Жамойціі. Якім жа чынам яны патрапілі на Беларусь?
Згаданы знаўца шляхецкай генеалогіі пачынальнікам (або пратапластам) роду называе Шымана Дамейку. Ягоны сын Юры-Казімір, які памёр у 1682 годзе, пакінуў у спадчыну свайму брату Крыштапу і яго дачцэ Гальшцы (зрэдчас такое жаночае імя сустракаецца сярод кальвінскай шляхты) сякую-такую маёмасць. А ў Крыштапа быў сын Юрый-Казімір, стражнік інфлянцкі. У 1695 годзе ён судзіўся з нейкім Вайшвілам, які захапіў маёнтак ягонага дзядзькі і поўнага цёзкі.
Чым скончыўся той працэс, нам пакуль невядома. Магчыма, гродскі суд так павярнуў справу Дамейкі, што той вымушаны быў шукаць іншую “зямлю абяцаную”, каб пусціць там карані. У кожным разе, на пачатку XVIII стагоддзя Юры-Казімір рушыць у Менскі павет. І неўзабаве, ужо на новым месцы, абзаводзіцца сям’ёй.
Банецкі паведамляе, што жонак у Юрыя было дзве — Кацярына з Княжыцкіх і Залеская, імя якой гісторыкам невядомае. Магчыма, гаворка вядзецца пра род Княжыцкіх-Дубінаў, прадстаўнікі якога караніліся на Слонімшчыне, а некаторыя жылі і ў Аршанскім павеце. У прыватнасці, маецца згадка пра Рыгора Голуба-Княжыцкага, які добра адзначыўся ў вайне з Масквой у часы Стэфана Баторыя (1579 — 1581).
Уласна, гэта мы да чаго? Калі — утропы за складальнікамі гербоўнікаў — лічыць, што паходжанне Юрыя Дамейкі было жамойцкім (ці, прынамсі, з тэрыторыі Жамойціі), то, асеўшы ў Літве і ўзяўшы жонку з ліцвінак-беларусак, сваіх нашчадкаў ён ужо смела мог называць “ліцвінамі”. А ў тыя часы гэтая розніца была адчувальная. Нават Ігнацій Дамейка, які нарадзіўся амаль праз 100 гадоў на Наваградчыне, у сэрдцы Літвы, называў сябе ліцвінам, а свайго камандзіра Мацэвіча — “жамойтам” і выдатным знаўцам “жамойцкай мовы” (на якой ён звяртаўся да паўстанцаў Ковеншчыны, чым вельмі іх цешыў). Іншымі словамі, нашчадкі Юрыя мусілі ў Літве-Беларусі “натуралізавацца”.
Дзеці Юрыя — Францішак, Казімір-Ануфрый (1725 — 1781) і Апалонія — нарадзіліся ў межах Менскага павета, дзе іх бацькі трымалі ў заставе фальварак Забалоцце. Пазней скарбнік інфлянцкі Казімір разам са сваёй маці і братам перабіраецца бліжэй да Заслаўя. У 1777 годзе ад заможных Рымвід-Міцкевічаў (сапраўдных Рымвідаў, якія ў судовых дакументах заўсёды згадвалі свой прыдомак, у адрозненне ад продкаў Адама Міцкевіча) яны бяруць у заставу маёнтак Задарожжа.

Тэстамент Казіміра

У 1779 годзе, складаючы тастамент, дзед Ігнація Казімір згадаў сваю памерлую жонку. Звалі яе Багуміла з Адахоўскіх. Памерла яна 17 верасня 1775 года ў досыць маладым узросце — 32 гады. Сужонкі былі, па ўсёй верагоднасці, людзьмі жарснымі, бо за вельмі кароткі час у гэтым шлюбе нарадзілася ажно дзевяць дзяцей, згаданых у тастаменце. Калі, зразумела, Казімір не быў жанаты двойчы.
Рыхтуючы гэты артыкул, аўтар вырашыў наведацца ў Заслаўе. Згодна з тастаментам, Казімір хацеў быць пахаваным у тамтэйшым фарным касцёле. Барочны храм Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі, які і сёння ўзвышаецца ў гістарычным цэнтры, быў пабудаваны акурат незадоўга да смерці дзядулі Ігнація: асвяцілі яго 8 верасня 1779 года. Цалкам магчыма, што дойлідам стаў італьянец Павал Антоні Фантана, які раней ужо займаўся сякімі-такімі будаўнічымі працамі на культавых аб’ектах Заслаўя і, магчыма, будаваў палац яго ўладальнікаў Пшаздзецкіх, камісарам маёнткаў якога быў Дамейка.
Казімір прасіў пахаваць яго без усялякай помпы, у труне, пафарбаванай у цёмны колер. Але не проста ў зямлі на прыкасцёльным цвінтары. 800 злотых ён адклаў на тое, каб у скляпеннях касцёла былі памураваныя дзве крыпты: адна для яго труны і труны жонкі, а ў другой ён загадаў паставіць труны яго маці і брата. Рэшта грошай мелася пайсці на імшу за іх душы, якую мусіў справіць ягоны брат — заслаўскі пробашч ксёндз Залескі. Або яго наступнік — відаць, у тым выпадку, калі сам Казімір перажыве брата.
Такім чынам, у скляпеннях касцёла я спадзяваўся адшукаць дзве падвойныя крыпты. Але, на вялікі жаль, візіт мой плёну не спазнаў. Цяперашні ксёндз-пробашч, на жаль, з прычыны занятасці не меў магчымасць правесці мне невялічкую экскурсію па скляпеннях. І распавёў, што там усё адно не захавалася ніводнай пліты з імёнамі. Магчыма, яны былі зафарбаваны падчас пераробкі касцёла на праваслаўную царкву ў ХІХ стагоддзі, а магчыма і ўвогуле страчаныя.
Дарэчы, як выявілася, ні ў касцёле, ні ў музеі-запаведніку пра сувязь роду Дамейкаў з Заслаўем не ведалі. Спадзяемся, гэты факт прыдасца для ўзбагачэння турыстычнага патэнцыялу горада.

Хто быў графам Гарэшкам?

Перад смерцю Казімір Дамейка вырашыў даручыць лёс свайго шматлікага патомства яснавяльможнаму графу Дамініку Пшаздзецкаму. Такая просьба магла сыходзіць толькі ад чалавека, які быў добрым слугой свайго патрона. І патрон, па ўсёй верагоднасці, паставіўся да яе адказна. Дзеці Казіміра, падобна, не зведалі судовага клопату з-за прысваення іх маёмасці іншымі сваякамі, што здаралася ў тыя часы паўсюдна.
На постаці патрона я хацеў бы трохі засяродзіць увагу — каб паказаць, як часта лёсы шляхецкіх родаў дзівосным чынам перасякаліся, нават праз пакаленні.
Граф Аўгуст-Дамінік быў адным з двух сыноў падканцлера ВКЛ Антона і Кацярыны Пшаздзецкіх, графаў на Заслаўі і Чорным Востраве. У шлюбе з Антанінай-Барбарай-Ганнай Радзівіл ён меў толькі аднаго сына — Міхала. Назвалі яго ў гонар дзядзькі, які па смерці бацькі ў 1772 годзе выехаў на Падолле, ажаніўся з Кацярынай Маслоўскай (або Мастоўскай) і меў з ёй двух сыноў. Адзін з іх — будучы палкоўнік Караль-Дамінік.
У 1967 годзе ў варшаўскім часопісе “Сталіца” быў надрукаваны артыкул Станіслава Гепнера “Хто быў апошнім з роду Гарэшкаў?” Абапіраючыся на розныя крыніцы, аўтар па-майстэрску давёў, што менавіта Караль-Дамінік Пшаздзецкі і быў тым самым графам, якога ўславіў Адам Міцкевіч у несмяротным творы “Пан Тадэвуш”! Сапраўды, біяграфія палкоўніка, які ў 1812 годзе камандаваў 18-м Нясвіжскім уланскім палком навастворанага войска ВКЛ, не пакідае і цені сумневу. Граф Пшаздзецкі — гэта граф Гарэшка!
Такім чынам, зычлівым апекуном бацькі Ігната Дамейкі стаў дзядзька караля — Дамініка Пшаздзецкага, які ў 1831 годзе ўзначаліць ашмянскіх паўстанцаў і будзе мужна біцца з царскімі войскамі. З Каралем-Дамінікам Ігнат Дамейка меў шанец пазнаёміцца ў штабе генерала Гелгуда, а потым у Прусіі, дзе нейкі час жылі інтэрнаваныя паўстанцы з ВКЛ.
Магчыма, у родавым архіве беларускай галіны роду Пшаздзецкіх недзе захаваліся каштоўныя дакументы, у якіх быў адлюстраваны клопат графа над сям’ёй Казіміра Дамейкі. Знаходка такіх папер дала б ключ да раскрыцця гісторыі Антона (Гіпаліта) Дамейкі і ягоных шматлікіх братоў. Пакуль жа можна сцвярджаць толькі тое, што амаль усе яны выбіліся ў людзі.
Напрыклад, адзін з дзядзькоў Ігнація — Мацей (маёнтак Гервяты) — быў сакратаром малой пячаткі ВКЛ. Другі, таксама Ігнацій (маёнтак Жыбуртоўшчына) займаў пасаду рэгента асэсарскіх судоў і Галоўнага трыбунала ВКЛ, а ў 1817 годзе быў віцэ-маршалкам Слонімскага павета. А вось трэці дзядзька — Юзаф (маёнтак Азераны) — засведчыў, што схільнасць да навук пра зямлю была ў гэтым родзе ці не генетычнай. Ён вывучаў мінералогію і горную справу ў вядомага прафесара Вернера ва ўніверсітэце ў Фрайбергу, Саксонія.
Цікава, што цётка Ігнація Іаана выйшла замуж за старадубскага ротмістра Андрэя Алэндскага. Па дзіўным супадзенні, Алэндскі пэўны час выконваў функцыю “камісара” маёнткаў графа на Заслаўі Пшаздзецкага, як раней Казімір Дамейка.
Падсумоўваючы гісторыю ліцвінска-беларускага рода Дамейкаў — дакладней, тую яе частку, у якой яшчэ няма месца Ігнацію — хацелася б падкрэсліць наступнае. Пакуль застаецца шмат загадак, якія варта разблытаць. Напрыклад, ці быў той пратапласт Шыман (Сямён) сапраўды жамойцкага паходжання? Прозвішча, узятае ад маёнтка Дамейкі, не можа служыць доказам. А тое, што ў Жамойцкае княства ўвесь час рухаліся калоны шляхцічаў з Літвы-Беларусі, засведчылі ў XVI стагоддзі самі жамойты. У Метрыцы ВКЛ захаваліся іх патрабаванні да караля, каб ён забараніў казаць, што Жамойць была ў ВКЛ узятая гвалтам, і каб да іх не ставілі ўраднікаў “літвы і русі”, бо гэта супярэчыць мясцовым традыцыям.
Зміцер ЮРКЕВІЧ,
даследчык-архівіст