воскресенье, 25 ноября 2018 г.

"Ці была Рэч Паспалітая беларускай дзяржавай? (эфір 25.ХІ.2018)


Даволе цікавыя развагі вядомых гісторыкаў з трох краінаў - Беларусь, Летува, Польшча. 
www.youtube.com/watch?v=9W7ar9T4-lw&feature=share

+ Стваральнікі праграмы пацешылі "рэйтаназнаўцаў", ўставіўшы малюнак (гл. 21:49) "Камяніцы-Мураванкі" Тадэвуша Рэйтана. Знакаміты малюнак Напалеона Арды, які ён зрабіў, наведаўшы сядзібу Рэйтанаў у Грушаўцы. Ад таго візіта сярэдзіны ХІХ ст. засталася акварэль і графіка.
Дзіўна, але іншыя мастакі , падобна, "бачком" аб'язжалі Рэйтанаўскае котлішча.



“Шляхціц Пружанскага павета Павал Барэйша – праўнук Тадэвуша Рэйтана па кудзелі”

24 лютага 1863 года адбылася адна з першых бітваў Паўстання, бітва пад Малагашчай (блізу Кракава). У нераўным баі сыйшліся 3000 паўстанцаў, узброеных косамі і паляўнічымі стрэльбамі, з невялікай колькасцю карабінаў і 6000 выдатна ўзброеных расейцаў (карабіны, гарматы).
Сярод кракаўскіх студэнтаў, якія ледзь не цалкам дабраахвотнікамі падаліся на фронт, быў і пятнадцацігадовы хлапец "з Літвы" (Берасцейшчына) - Павел Барэйша, праўнук Тадэвуша Рэйтана па -кудзелі.
24 лютага, за тры дні да 16-годдзя, адважны Павел Барэйша быў паранены куляй, а потым дабіты сям'ю ўдарамі расейскага штыка.
Пад час канферэнцыі, прадставіў радавод Паўла Барэйшы ад 1530-х гг., і першы больш меньш поўны нарыс удзелу ў паўстанні хлапца і яго бацькі Міхала Барэйшы.
Дарэчы, канферэнцыя атрымалася даволе цікавай. Не абышлося і без палемікі. Але, усё было на выдатным узроўні. Бо , гэта - Пружаны! Гэта - Пружанскі палацык!
Mая шчырая падзяка дырэктару музея і сябру -@Юрый Зялевіч (Yury Zialevich)!!
.
Праграма правядзення
VII навукова-краязнаўчай канферэнцыі
«ПРУЖАНСКІ ДЫЯРЫУШ»
23 лістапада 2018 г.
ПРУЖАНЫ
10.00–11.00 – сустрэча ўдзельнікаў канферэнцыі, рэгістрацыя, кава-паўза, знаёмства з музеем.
11.00–16.00 – асноўнае паседжанне:
11.00–11.10 – Дзямідаў Сяргей Юр’евіч, галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Пружанскага райвыканкама, кандыдат гістрычных навук;
11.10–11.15 – Зялевіч Юрый Сяргеевіч, дырэктар музея-сядзібы «Пружанскі палацык»;
11.15–11.35 – Несцярчук Леанід Міхайлавіч, старшыня Брэсцкага грамадскага гісторыка-культурнага аб'яднання імя Т. Касцюшкі, кандыдат гістарычных навук. Даклад "Пошукі беларускамоўнага следу Адама Міцкевіча ў кнігасховішчах і музеях Беларусі і Польшчы", прэзентацыя новага выдання "Беларускі Трышчан - Białoruski Tristan" (ХVІ w.): Poznań, 2018 r.);
11.40–12.00 – Юркевіч Зміцер Юр’евіч, краязнаўца. Даклад “Шляхціц Пружанскага павета Павал Барэйша – праўнук Тадэвуша Рэйтана па кудзелі”;
12.25–12.45– Папека Мікалай Мікалаевіч, краязнаўца. Даклад “Удзельнік Барадзінскай бітвы з Пружаншчыны.”;
12.50–13.10 – Сядова Ірына Уладзіміраўна, краязнаўца. Даклад “Пружанскі некропаль”;
13.15–13.35 – Кенда Аляксандр Васільевіч, краязнаўца (в. Малеч, Бярозаўскі р-н). Даклад “Месца пахавання і яго роля ў штодзённасці малога горада праз прызму метрычных кніг XVIII стагоддзя малецкай уніяцкай царквы”;
13.40-14.00 – кава-паўза
14.00 – 16.00– працяг паседжання:
14.00–14.20 – Арцюх Антон Мікалаевіч, младшы навуковы супрацоўнік, магістр гістарычных навук. Даклад “Аб пытанні першай ўзгадкі Ружан у пісьмовых крыніцах”;
14.25–14.45 – Нячай Іна Аляксандраўна, галоўны захавальнік фондаў ДУК “Ружанскі палацавы комплекс роду Сапег”. Даклад «Культовые сооружения Ружанщины»;
14.50–14.10 – Папека Мікалай Мікалаевіч , краязнаўца. Даклад “Яшчэ адзін след Цверскага княства на Пружаншчыне”;
14.15–14.35 – Зялевіч Юрый Сяргеевіч, дырэктар
музея-сядзібы «Пружанскі палацык». “Чарнаглянцавая кераміка ў фондах музея”;
14.40–15.00 – Крац Іна Сяргееўна, Загадчыца Пружанскай цэнтральнай раённай аптэкі № 7, «Из истории аптечного дела на Пружанщине: XIX-XX»;
15.05–15.25 – Грачова Ірына Міхайлаўна Старшы памочнік пракурора Брэсцкай вобласці. «Становление и развитие прокуратуры Пружанского района Брестской области в 1939-1941 гг.»;
15.30–15.45 – падвядзенне вынікаў канферэнцыі;
15.45-16.00 – кава-паўза.

воскресенье, 28 октября 2018 г.

"Дзень" нараджэння Тадэвуша Рэйтана - 28 кастрычніка!

Сёння ў каталікоў свята ў гонар Юды-Тадэвуша!
Здаралася, што дзецям, якія нараджаліся наконадні, у дзень, або цягам некалькіх дзён пасля свята, давалі імя Тадэвуш.
Таму, мяркуючы па ўсяму, сваё імя Тадэвуш Рэйтан атрымаў у гонар менавіта гэтага нябеснага заступніка тых, хто бярэцца за невырашальную справу.  
Неўзабаве пасля нараджэння, хлопчык моцна захварэў, таму моцна заклапочаны здароў'ем першанца, галоўнага спадкаемца бацькі, дамінік Рэйтан звяртаецца да свайго патрона і сябры, князя Міхала Радзівіла "Рыбанькі" лістом на лаціне (відаць, каб надаць урачыстасці звароту). Просьба была простай. Дамінік Радзівіл пытаўся ў дасьведчаннага на той час ў бацькоўстве князя, якімі лекамі можна пазбавіць сына ад пакутаў.
Прыдворны радзівілаўскі лекар Ян Малер, хоць і немец, але незадарма еў беларускі хлеб. Лекі, якія ён параіў Рэйтанам спрацавалі.
Праз 32 гады, імя "Ліцьвіна Тадэвуша Рэйтана", пасла ад Наваградскага ваяводства Вялікага Княства Літоўскага, стане вядомым ўсёй Еўропе і нават, сягне за Атлантычны акіян!
Праз год 150 пра яго пачнуць забываць на радзіме. У 1959-61 гг.адзіны пісьменнік, які наважыцца згадаць яго імя ў сваіх творах -Уладзімір Караткевіч!
Але, праз 240 год ад тых трагічных падзей, якія зрабілі імя Рэйтана сінонімам слова "Патрыятызм", нарэшце, Герой "вярнуўся" на Бацькаўшчыну!
Прызнанне адбылося і на дзяржаўным узроўні. Пакуль асцярожнае. Бо, міфалогія, рупліва створаная за стагоддзі, кардонным "мурам" стаіць паміж Рэйтанам і Беларуссю. І "мур" гэта мусіць, як Карфаген, пасці!
Запрашаю ўсіх тых, хто шануе памяць Тадэвуша Рэйтана, згадаць сёння яго імя добрым словам. Ды, узняць угару кубак кавы ці гарбаты, салютуючы -"Vivat!"


 Фрагмент карціны Яна Матэйкі "Тадэвуш Рэйтан на Варшаўскім сойме 1773 года" (1866)
Здымак Źmicier Jurkievič

четверг, 25 октября 2018 г.

"Варыяцыі на тэму Грушаўкі"

Гісторыя  макета сядзібы роду Рэйтанаў  пачалася ў траўні 2017 года. Роўна праз год, як і планавалася, адбылася першая  прэзентацыя.

Кароткая справаздача з прэзентацыі https://reyten.blogspot.com/2018/05/75.html


Не так даўно, макет сядзібы, быў урачыста перададзены прадстаўнікам кіраўніцтва Ляхавіцкага раёна. Як гэта было распавёў "Ляхавіцкі веснік".

http://www.lves.by/?p=64190




Варыяцыі на тэму Грушаўкі


Пра гэты палацава-паркавы ансамбль так і хочацца сказаць: наша Грушаўка – натхненне, наша Грушаўка – муза. Вабіць падзеямі даўніх часоў, людзьмі, што там гаспадарылі, жылі, гасцявалі, якія ў пэўным сэнсе стваралі гісторыю. Вабяць гэтыя мясціны велічнасцю, незвычайнымі канструкцыямі, складанасцю і ўнікальнасцю архітэктурных формаў. Проста вабяць, проста прыцягваюць да сябе людзей нібы магнітам.
Цяпер наша Грушаўка, няхай і ў зменшаным памеры, але такая, якую маляваў Напалеон Орда, якую здымалі стагоддзе назад, з’явілася ў аб’ёмным фармаце. Шыкоўны падарунак – макет-рэканструкцыю сядзібна-паркавага ансамбля – наш раён атрымаў ад выпускніцы мінскай гімназіі №75 Марыі Краўцовай. У мінулую сераду ва ўрачыстай абстаноўцы ў сталіцы яго ўручылі прадстаўнікам ляхавіцкай дэлегацыі. І ў той жа дзень ён быў дастаўлены ў наш раён.
Але ўсё ж хочацца пачаць спачатку. Акрамя праграмных дысцыплін, гімназісты вывучаюць і прадметы мастацкага накірунку. Літаральна кожны паверх школы ўпрыгожаны работамі юных талентаў – ад карцін, кампазіцый з паперы, сувеніраў з саломы да макетаў старажытных будынкаў (што здзівіла, многія з іх проста вісяць на сценах).
З 2000 года тут ажыццяўляецца дабрачынны рэспубліканскі праект «Нам засталася спадчына». Разам з навучэнцамі яго кіраўнік, выкладчык выяўленчага мастацтва гімназіі Таццяна Вайтэнка займаюцца аднаўленнем поўнасцю або часткова згубленых гісторыка-архітэктурных помнікаў і ўвасабленнем іх у макет. Потым макеты-рэканструкцыі перадаюцца бязвыплатна краязнаўчым музеям нашай краіны.
– Пра ляхавіцкую Грушаўку я даведалася з інтэрнэта. Па-першае, зачапіла яна мяне сваёй архітэктурнай прыгажосцю, а па-другое, гістарычная вартасць гэтага палацава-паркавага ансамбля проста неверагодная. Досыць прыгадаць Тадэвуша Рэйтана і яго жаданне зберагчы Рэч Паспалітую ад падзелу. А што казаць пра капліцу, між іншым, яна ў спісе самых вядомых помнікаў у стылі неаготыкі ў Беларусі, – расказвае аўтар макета, дарэчы, цяпер ужо студэнтка філалагічнага факультэта БДУ.
Вясной мінулага года разам з бацькам і кіраўніком праекта яна прыехала на Ляхавіччыну, каб пазнаёміцца з Грушаўкай асабіста. Здзівіла, уразіла і, зноў жа, натхніла. Марыя прызнаецца, як убачылася з ёй, проста марыла прыступіць хутчэй да работы і паказаць сваю Грушаўку.
Зрабілі замеры, каб макет быў прапарцыянальны рэальным збудаванням, і безліч фотаздымкаў, каб у макеце ўвасобіць усе дэталі. Канешне, вывучылі вялікі пласт літаратуры –
апісанні сядзібнага дома з розных крыніц, успамінаў людзей, гістарычных звестак.
Пасля – роздум, праца, бяссонныя ночы. І з каляровага кардону, паперы, высушаных кветак, нават губкі атрымліваецца цуд . Глядзіш і не верыш вачам – наша Грушаўка!
Пра будучы лёс гэтага палацава-паркавага ансамбля, пра тое, што яго чакае частковае аднаўленне, расказала гімназістам намеснік старшыні райвыканкама Святлана Юрлевіч. Яна ўручыла падзячныя пісьмы райвыканкама за творчы падыход у працы і, канешне, за выхаванне такіх таленавітых дзяцей дырэктару гімназіі і кіраўніку дабрачыннага праекта «Нам засталася спадчына», падарункі аўтару макета на памяць пра ляхавіцкую зямлю.
Госці з Нідэрландаў, якія сталі сведкамі гэтай падзеі, былі ў захапленні.
– Акрамя намаганняў аўтара і педагога, у гэтым макеце закладзена жаданне захаваць, зафіксаваць гісторыю і, што самае важнае, паказаць і данесці ідэю іншым. Гэта прыклад таго, як трэба шчыра і бескарысліва рабіць дабро.
Маргарыта КУХТА.
Фота аўтара. Больш фота тут

Грушаўка "-1".


За гэты год мы толькі раз выязжалі ў Грушаўку. Не ладзілі і штогадовы фэст. На тое былі свае прычыны - прыйшлося далучыцца да абароны Вайсковых могілак у Менску. 

Чарговы раз удалося наведаць Грушаўку толькі 24 кастрычніка.  За гэтыя поўгады нехта падправіў інфармацыйны шчыт (гл.раней), які пацярпеў ад рук невядомых. 

Нехта адарваў шыльду "ГРУШАЎКА", на ў'ездзе ў вёску. А таксама, знік без сляда будынак "сенасховішча", які быў за стайней, з боку поля. І які, да самага апошняга часу выкарыстоўваўся  мясцовым калгасам.  І які не даваў магчымасці ўбачыць стайню з адваротнага боку ў "поўным фармаце".

Іншымі словамі, навіны не з найлепшых.  Але, нашмат горш іншае. Аб чым будзе іншы пост...



"Сенасховішча"  (Красавік , 2017 )

(Кастрычнік, 2018)





Інфармацыйны стэнд "стаў на ногі"!


Пад час суботніка, які мы штогод ладзім у Грушаўцы напрыканцы красавіка, было заўважана, што інфармацыйны стэнд, які быў пастаўлены намі пад час суботніка 2014 года, пацярпеў ад невядомых аматараў даўніны. Нехта так моцна абаперся на яго , чытаючы "гістарычны экскурс" у сядзібнае жыццё, што надламіў  жалезныя стойкі апоры. 
Стэнд мы крыху направілі, але, ён патрабаваў сур'ёзнай дапамогі, якую улетку мы аказаць не змаглі. 
А ўвосень, невядомыя  Дабрадзеі з мясцовых, узяліся і выправілі "зацяжную хваробу" пры дапамозе зваркі. 

Выказваем ім шчырую падзяку!



среда, 17 октября 2018 г.

"Він був не поляк", "Білорус". Темна синя вода, 2016)

Крыху кніжных цікавостак. Гэтым разам з Украіны.  Нечакана, а можа і наадварот, імя Рэйтана сустрэлася ў кнізе украінскага пісьменніка Радія Радутнага.




Темна синя вода. Ручай

Front Cover
Радій Радутний (нар. 1969 р.) – відомий український письменник, автор фантастичних творів та бойовиків, після деякої творчої паузи виступив з монументальним циклом.В історико-фантастичному циклі «Темна синя вода» планується не менше трьох книг. Перший роман – «Темна синя вода. Джерело» – вийшов у видавництві «Фоліо» в 2016 році й одразу зажив широкої популярності серед читачів.«Темна синя вода. Ручай» – це другий роман із серії подорожей в минуле України, де всі подробиці тогочасного життя виписані автором зі знанням тих реалій, чого б вони не стосувалися – побуту, масштабних вікопомних подій у нашій історії чи відомих постатей.Химерна доля зібрала кількох героїв у Києві ХVIII століття, де ще зовсім немає таких знайомих нам орієнтирів, де все – інакше. Троє чоловіків й одна молода жінка. Кожен несе в собі якусь моторошну таємницю. Один – наш сучасник, що побував у бувальцях, знає війну не з переказів. Інші, схоже, із майбутнього, десь так через пару століть. Вони вимушені гуртуватися, бо на кожному кроці на них чекає смертельна небезпека, вона – скрізь...
More »


вторник, 16 октября 2018 г.

Шляхам Тадэвуша Рэйтана! 3 лістапада


Шаноўныя Сябры!

      Штогод
, наша Арт-суполка  ладзіць невялічкую вандроўку па мясцінах нашага нацыянальнага героя - беларуса-ліцьвіна Тадэвуша Рэйтана (1740-1780), які ў 1773 годзе мужна выступіў супраць Першага падзела Рэчы паспалітай Абедзвух Нацый.      
Выбар часу правядзення вандроўкі абумоўлены тым, што згодна з нашымі вылічэннямі, менавіта на канец кастрычніка, або на самыя першыя дні лістапада прыпадае дзень нараджэння Тадэвуша.  Дарэчы, на гэты час прыпадае і дзень св.Тадэвуша -Юды, у гонар якога, па ўсей верагоднасці, атрымаў імя і наш Герой! 
     Маршрут пралягае па родных Тадэвушу Рэйтану мясцінах. І пачынаецца ад Менску, дзе ў 1739 годзе ўзялі шлюб  ягоныя бацькі - Дамінік Рэйтан і Тарэза Валадковіч.     Так як Наваградскае ваяводства ВКЛ, і часткова Менскае, гэта  родная зямля і Ігнату Дамейку і Адаму Міцкевічу, то пад час вандроўкі можна будзе пачуць і некаторыя цікавыя факты, звязаныя з іх продкамі.

Вядучы: Зміцер Юркевіч
Кіроўца аўтобуса : Віктар Бразоўскі      

Ад'езд з Дружнай (Менск)

Пажадана мець пры сабе ежу і пітво. Ужыванне алкаголя не вітаецца.

Час : 8:30 - 22 00 (вандроўка зойме каля 12 гадзінаў, як паказвае досьвед)  Кошт: 25 р.         Тэл.для даведак +375 33 375 72 50        lefthunder@gmail.com       www.facebook.com/zmicer.yurkevich
Здымак Źmicier Jurkievič



Image result for Віктар Бразоўскі


пятница, 12 октября 2018 г.

Тадэвуш Рэйтан ў падручніку па "Гісторыя Беларусі" (7 клас, 2017)

Як памятаюць сталыя чытачы нашага блогу, прысвечанага памяці Нацыянальнага Героя Беларусі -Тадэвуша Рэйтана, два гады таму мы зразмяшчалі матэрыял пра падручнік па беларускай гісторыі за 8 клас. 

З якога вынікала, што імёны беларускіх паслоў Рэйтана, Корсака, Багушэвіча-Мінькоўскага яшчэ ў 2010 годзе атрымалі сталую прапіску ў школах Беларусі. 

У мінулым годзе быў падрыхтаваны новы падручнік, цяпер ўжо за 7 клас, які патрапіў у школы у 2018 годзе.   Вось як асвятляюцца падзеі 1773 года яго складальнікамі.











вторник, 11 сентября 2018 г.

Таямніцы роду Дамейкаў

Спадарства!

 Прадстаўляем вашае ўвазе пачатак шэрагу , які мы прысвячаем Ігнацію Дамейку. Цягам верасня і, магчыма, кастрычніка, ў газеце "Культура".

 

Нашчадкі сарматаў

№ 36 (1371) 08.09.2018 - 15.09.2018 г
Таямніцы роду Дамейкаў
Які беларус самы вядомы на зямным шары? Натуральна, дакладнага адказу на гэтае пытанне няма. Але калі згадаць, што межы свету зусім не абмяжоўваюцца Еўропай, адзін з галоўных прэтэндэнтаў будзе відавочны: гэта Ігнацій Дамейка, які праявіў сябе ў далёкай Лацінскай Амерыцы. Імя яго не забытае і ў нас.

/i/content/pi/cult/708/15515/24.JPGПачынальнікам дамейказнаўства на Беларусі можна смела назваць прафесара Адама Мальдзіса. Яшчэ ў далёкім 1967 годзе ён апублікаваў першы ў айчынным друку артыкул пра выбітнага навукоўца. А ўжо да пачатку новага тысячагоддзя колькасць публікацый, якія прысвяцілі Дамейку ягоныя землякі, наблізілася да 80.
У верасні 2002 года ў Міры адбыліся VI Карэліцкія чытанні з нагоды 200-годдзя з дня нараджэння Ігната Дамейкі. Вынікам стаў зборнік матэрыялаў канферэнцыі. Сярод іх асаблівую цікавасць уяўляе артыкул вядомага беларускага гісторыка Анатоля Грыцкевіча “Радавод Ігната Дамейкі”. Нельга сказаць, што гэтая публікацыя, заснаваная ў асноўным на звестках з гербоўніка польскага гісторыка Адама Банецкага (1842 — 1909), была прарыўной — яна толькі пераказала па-беларуску збольшага вядомыя факты. Але само з’яўленне артыкула стала важным крокам айчыннай “дамейкіяны”. Ён паказаў паспалітаму чытачу шчыльную сувязь прадстаўнікоў гэтага роду з Беларуссю і іх немалую ролю ў нашай гісторыі. Пазнейшыя папулярызатары жыцця і творчасці нашага славутага земляка тым ці іншым чынам звярталіся або да публікацыі прафесара Грыцкевіча, або непасрэдна да гербоўніка Банецкага, дзе прыводзіліся, як падавалася, вычарпальныя радаводныя звесткі.
Крокам наперад стала выданне Нацыянальным гістарычным архівам Беларусі пятага тома “Гербоўніка беларускай шляхты” (2018). У ім змешчаны артыкул пра род Дамейкаў герба “Дангель”, у якім зроблена спроба на падставе гербоўнікаў і з далучэннем звестак з архіўных дакументаў пашырыць веды пра гэты род. Але вывучэнне яго гісторыі яшчэ далёка не выпадае лічыць завершаным. Пытанні ўсё ж застаюцца. У гэтым я асабіста пераканаўся падчас сваіх нядаўніх архіўных штудый, якія дазволяць зараз пазнаёміць чытачоў “К” з шэрагам цікавых і невядомых сучаснікам падрабязнасцяў жыцця і радаводу гэтага вечнага падарожніка, якім да апошняй сваёй хвіліны заставаўся Ігнацій Дамейка. Пра некаторыя з іх мы згадаем у гэтай серыі публікацый.

Прычынай быў вырак?

Згодна з паданнем, якое адлюстроўвае гербоўнік Банецкага, карані (ці першыя згадкі) Дамейкаў — у Жамойціі. Якім жа чынам яны патрапілі на Беларусь?
Згаданы знаўца шляхецкай генеалогіі пачынальнікам (або пратапластам) роду называе Шымана Дамейку. Ягоны сын Юры-Казімір, які памёр у 1682 годзе, пакінуў у спадчыну свайму брату Крыштапу і яго дачцэ Гальшцы (зрэдчас такое жаночае імя сустракаецца сярод кальвінскай шляхты) сякую-такую маёмасць. А ў Крыштапа быў сын Юрый-Казімір, стражнік інфлянцкі. У 1695 годзе ён судзіўся з нейкім Вайшвілам, які захапіў маёнтак ягонага дзядзькі і поўнага цёзкі.
Чым скончыўся той працэс, нам пакуль невядома. Магчыма, гродскі суд так павярнуў справу Дамейкі, што той вымушаны быў шукаць іншую “зямлю абяцаную”, каб пусціць там карані. У кожным разе, на пачатку XVIII стагоддзя Юры-Казімір рушыць у Менскі павет. І неўзабаве, ужо на новым месцы, абзаводзіцца сям’ёй.
Банецкі паведамляе, што жонак у Юрыя было дзве — Кацярына з Княжыцкіх і Залеская, імя якой гісторыкам невядомае. Магчыма, гаворка вядзецца пра род Княжыцкіх-Дубінаў, прадстаўнікі якога караніліся на Слонімшчыне, а некаторыя жылі і ў Аршанскім павеце. У прыватнасці, маецца згадка пра Рыгора Голуба-Княжыцкага, які добра адзначыўся ў вайне з Масквой у часы Стэфана Баторыя (1579 — 1581).
Уласна, гэта мы да чаго? Калі — утропы за складальнікамі гербоўнікаў — лічыць, што паходжанне Юрыя Дамейкі было жамойцкім (ці, прынамсі, з тэрыторыі Жамойціі), то, асеўшы ў Літве і ўзяўшы жонку з ліцвінак-беларусак, сваіх нашчадкаў ён ужо смела мог называць “ліцвінамі”. А ў тыя часы гэтая розніца была адчувальная. Нават Ігнацій Дамейка, які нарадзіўся амаль праз 100 гадоў на Наваградчыне, у сэрдцы Літвы, называў сябе ліцвінам, а свайго камандзіра Мацэвіча — “жамойтам” і выдатным знаўцам “жамойцкай мовы” (на якой ён звяртаўся да паўстанцаў Ковеншчыны, чым вельмі іх цешыў). Іншымі словамі, нашчадкі Юрыя мусілі ў Літве-Беларусі “натуралізавацца”.
Дзеці Юрыя — Францішак, Казімір-Ануфрый (1725 — 1781) і Апалонія — нарадзіліся ў межах Менскага павета, дзе іх бацькі трымалі ў заставе фальварак Забалоцце. Пазней скарбнік інфлянцкі Казімір разам са сваёй маці і братам перабіраецца бліжэй да Заслаўя. У 1777 годзе ад заможных Рымвід-Міцкевічаў (сапраўдных Рымвідаў, якія ў судовых дакументах заўсёды згадвалі свой прыдомак, у адрозненне ад продкаў Адама Міцкевіча) яны бяруць у заставу маёнтак Задарожжа.

Тэстамент Казіміра

У 1779 годзе, складаючы тастамент, дзед Ігнація Казімір згадаў сваю памерлую жонку. Звалі яе Багуміла з Адахоўскіх. Памерла яна 17 верасня 1775 года ў досыць маладым узросце — 32 гады. Сужонкі былі, па ўсёй верагоднасці, людзьмі жарснымі, бо за вельмі кароткі час у гэтым шлюбе нарадзілася ажно дзевяць дзяцей, згаданых у тастаменце. Калі, зразумела, Казімір не быў жанаты двойчы.
Рыхтуючы гэты артыкул, аўтар вырашыў наведацца ў Заслаўе. Згодна з тастаментам, Казімір хацеў быць пахаваным у тамтэйшым фарным касцёле. Барочны храм Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі, які і сёння ўзвышаецца ў гістарычным цэнтры, быў пабудаваны акурат незадоўга да смерці дзядулі Ігнація: асвяцілі яго 8 верасня 1779 года. Цалкам магчыма, што дойлідам стаў італьянец Павал Антоні Фантана, які раней ужо займаўся сякімі-такімі будаўнічымі працамі на культавых аб’ектах Заслаўя і, магчыма, будаваў палац яго ўладальнікаў Пшаздзецкіх, камісарам маёнткаў якога быў Дамейка.
Казімір прасіў пахаваць яго без усялякай помпы, у труне, пафарбаванай у цёмны колер. Але не проста ў зямлі на прыкасцёльным цвінтары. 800 злотых ён адклаў на тое, каб у скляпеннях касцёла былі памураваныя дзве крыпты: адна для яго труны і труны жонкі, а ў другой ён загадаў паставіць труны яго маці і брата. Рэшта грошай мелася пайсці на імшу за іх душы, якую мусіў справіць ягоны брат — заслаўскі пробашч ксёндз Залескі. Або яго наступнік — відаць, у тым выпадку, калі сам Казімір перажыве брата.
Такім чынам, у скляпеннях касцёла я спадзяваўся адшукаць дзве падвойныя крыпты. Але, на вялікі жаль, візіт мой плёну не спазнаў. Цяперашні ксёндз-пробашч, на жаль, з прычыны занятасці не меў магчымасць правесці мне невялічкую экскурсію па скляпеннях. І распавёў, што там усё адно не захавалася ніводнай пліты з імёнамі. Магчыма, яны былі зафарбаваны падчас пераробкі касцёла на праваслаўную царкву ў ХІХ стагоддзі, а магчыма і ўвогуле страчаныя.
Дарэчы, як выявілася, ні ў касцёле, ні ў музеі-запаведніку пра сувязь роду Дамейкаў з Заслаўем не ведалі. Спадзяемся, гэты факт прыдасца для ўзбагачэння турыстычнага патэнцыялу горада.

Хто быў графам Гарэшкам?

Перад смерцю Казімір Дамейка вырашыў даручыць лёс свайго шматлікага патомства яснавяльможнаму графу Дамініку Пшаздзецкаму. Такая просьба магла сыходзіць толькі ад чалавека, які быў добрым слугой свайго патрона. І патрон, па ўсёй верагоднасці, паставіўся да яе адказна. Дзеці Казіміра, падобна, не зведалі судовага клопату з-за прысваення іх маёмасці іншымі сваякамі, што здаралася ў тыя часы паўсюдна.
На постаці патрона я хацеў бы трохі засяродзіць увагу — каб паказаць, як часта лёсы шляхецкіх родаў дзівосным чынам перасякаліся, нават праз пакаленні.
Граф Аўгуст-Дамінік быў адным з двух сыноў падканцлера ВКЛ Антона і Кацярыны Пшаздзецкіх, графаў на Заслаўі і Чорным Востраве. У шлюбе з Антанінай-Барбарай-Ганнай Радзівіл ён меў толькі аднаго сына — Міхала. Назвалі яго ў гонар дзядзькі, які па смерці бацькі ў 1772 годзе выехаў на Падолле, ажаніўся з Кацярынай Маслоўскай (або Мастоўскай) і меў з ёй двух сыноў. Адзін з іх — будучы палкоўнік Караль-Дамінік.
У 1967 годзе ў варшаўскім часопісе “Сталіца” быў надрукаваны артыкул Станіслава Гепнера “Хто быў апошнім з роду Гарэшкаў?” Абапіраючыся на розныя крыніцы, аўтар па-майстэрску давёў, што менавіта Караль-Дамінік Пшаздзецкі і быў тым самым графам, якога ўславіў Адам Міцкевіч у несмяротным творы “Пан Тадэвуш”! Сапраўды, біяграфія палкоўніка, які ў 1812 годзе камандаваў 18-м Нясвіжскім уланскім палком навастворанага войска ВКЛ, не пакідае і цені сумневу. Граф Пшаздзецкі — гэта граф Гарэшка!
Такім чынам, зычлівым апекуном бацькі Ігната Дамейкі стаў дзядзька караля — Дамініка Пшаздзецкага, які ў 1831 годзе ўзначаліць ашмянскіх паўстанцаў і будзе мужна біцца з царскімі войскамі. З Каралем-Дамінікам Ігнат Дамейка меў шанец пазнаёміцца ў штабе генерала Гелгуда, а потым у Прусіі, дзе нейкі час жылі інтэрнаваныя паўстанцы з ВКЛ.
Магчыма, у родавым архіве беларускай галіны роду Пшаздзецкіх недзе захаваліся каштоўныя дакументы, у якіх быў адлюстраваны клопат графа над сям’ёй Казіміра Дамейкі. Знаходка такіх папер дала б ключ да раскрыцця гісторыі Антона (Гіпаліта) Дамейкі і ягоных шматлікіх братоў. Пакуль жа можна сцвярджаць толькі тое, што амаль усе яны выбіліся ў людзі.
Напрыклад, адзін з дзядзькоў Ігнація — Мацей (маёнтак Гервяты) — быў сакратаром малой пячаткі ВКЛ. Другі, таксама Ігнацій (маёнтак Жыбуртоўшчына) займаў пасаду рэгента асэсарскіх судоў і Галоўнага трыбунала ВКЛ, а ў 1817 годзе быў віцэ-маршалкам Слонімскага павета. А вось трэці дзядзька — Юзаф (маёнтак Азераны) — засведчыў, што схільнасць да навук пра зямлю была ў гэтым родзе ці не генетычнай. Ён вывучаў мінералогію і горную справу ў вядомага прафесара Вернера ва ўніверсітэце ў Фрайбергу, Саксонія.
Цікава, што цётка Ігнація Іаана выйшла замуж за старадубскага ротмістра Андрэя Алэндскага. Па дзіўным супадзенні, Алэндскі пэўны час выконваў функцыю “камісара” маёнткаў графа на Заслаўі Пшаздзецкага, як раней Казімір Дамейка.
Падсумоўваючы гісторыю ліцвінска-беларускага рода Дамейкаў — дакладней, тую яе частку, у якой яшчэ няма месца Ігнацію — хацелася б падкрэсліць наступнае. Пакуль застаецца шмат загадак, якія варта разблытаць. Напрыклад, ці быў той пратапласт Шыман (Сямён) сапраўды жамойцкага паходжання? Прозвішча, узятае ад маёнтка Дамейкі, не можа служыць доказам. А тое, што ў Жамойцкае княства ўвесь час рухаліся калоны шляхцічаў з Літвы-Беларусі, засведчылі ў XVI стагоддзі самі жамойты. У Метрыцы ВКЛ захаваліся іх патрабаванні да караля, каб ён забараніў казаць, што Жамойць была ў ВКЛ узятая гвалтам, і каб да іх не ставілі ўраднікаў “літвы і русі”, бо гэта супярэчыць мясцовым традыцыям.
Зміцер ЮРКЕВІЧ,
даследчык-архівіст

понедельник, 30 июля 2018 г.

АРХЭ , № 4 (154) — 2017.

№ 4 (154) — 2017. Беларусь напярэдадні Першай сусветнай вайны. Папяровае выданьне



https://arche.by/item/6484








№ 4 (154) — 2017. Беларусь напярэдадні Першай сусветнай вайны. Папяровае выданьне

среда, 20 июня 2018 г.

Канферэнцыя ""Беларуска-польскія моўныя, літаратурныя, гістарычныя і культурныя сувязі", 21-23 чэрвеня

Атрымалі запрашэнне выступіць на канферэнцыі ў гонар Адама Міцкевіча. Так як, безумоўна, ёсць з чым (" Новыя дакументальныя крыніцы, датычныя сям'і Барбары Маеўскай, маці Адама Міцкевіча"), запрашэнне прынялі. 22 чэрвеня,  недзе паміж 9 00 і 12 00.



"Беларуска-польскія моўныя, літаратурныя,
гістарычныя і культурныя сувязі"
Праграма
21 чэрвеня (чацвер)
Філалагічны факультэтБеларускага дзяржаўнага ўніверсітэта
(вул. Карла Маркса, 31)
9.00 — рэгістрацыя ўдзельнікаў
10.00 — урачыстае адкрыццё канферэнцыі (аўд. 307)
10.40-13.30 — пленарнае пасяджэнне
13.30-15.00 — перапынак
Інстытут мовазнаўства імя ЯкубаКоласа
Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі
(вул. Сурганава, 1,корпус 2, зала пасяджэнняў 302-304)
15.00-19.00 — круглы стол, прысвечаны Антаніне Абрэмбскай-Яблоньскай і Юзафу Абрэмбскаму
22 чэрвеня (пятніца)
Філалагічны факультэтБеларускага дзяржаўнага ўніверсітэта
9.00-12.00 — праца секцый
13.00-22.00 — падарожжа памясцінах, звязаных з жыццём і творчасцю Адама Міцкевіча (Завоссе, Навагрудак,возера Свіцязь)
23 чэрвеня (субота)
Філалагічны факультэт Беларускагадзяржаўнага ўніверсітэта
10.00-11.20 — праца секцый
11.30-12.00 - закрыццё канферэнцыі (322 аўд.)
Здымак Źmicier Jurkievič

Нашчадак крыжакаў, літвін, патрыёт (інтэрв'ю)

Нашчадак крыжакаў, літвін, патрыёт: гісторык Зміцер Юркевіч разбурае міфы пра Тадэвуша Рэйтана

FB_IMG_1528811608389-678x1024_cr
Улетку ў былым маёнтку Грушаўка ў Ляхавіцкім раёне адбудзецца чарговы фэст, прысвечаны асобе выбітнага мясцовага ўраджэнца Тадэвуша Рэйтана. З гэтай нагоды генеалагічны партал Radawod.by і хрысціянскі інфармацыйны партал Krynica.info паразмаўлялі са старшыёй Арт-суполкі імя Тадэвуша Рэйтана, даследчыкам і папулярызатарам памяці аб ім Змітром Юркевічам.
— Вы пражываеце ў Мінску, але цікавіцеся асобай Тадэвуша Рэйтана. Шмат мерапрыемстваў праводзіце ў яго на радзіме? У чым прычына такой цікавасці?
— Я нарадзіўся ў Мінску, адсюль мая маці, жыў у Баранавічах, адкуль мой бацька. Таму маё жыццё непарыўна звязанае з гэтымі двума гарадамі. Нешта падобнае было і ў Тадэвуша Рэйтана, бо яго маці таксама была з Менску, а бацька з-пад Ляхавічаў, а гэта 20 кіламетраў на поўдзень ад Баранавічаў. Менавіта з тых мясцінаў мае дзяды. Таму я ўспрымаю яго асобу не проста як нацыянальнага героя нашай краіны, але і як чалавека, з якім ў нас адна Малая радзіма. Па гэтых прычынах больш востра ўспрымаю тую несправядлівасць, якая дапушчана ў дачыненні да яго, тое забыццё і небыццё, у якім знаходзіцца яго імя. Гэта і прымушае мяне займацца папулярызацыяй асобы Тадэвуша Рэйтана і тых драматычных падзей, дзякуючы якім яго імя пранеслася па небасхіле зыркім метэорам, пакінуўшы след на стагоддзі.
Упершыню пра яго я даведаўся дзесяць гадоў таму, калі прачытаў пераклад на беларускую мову кнігі “Гавэнды Сапліцы”, якая была напісана яшчэ ў першай траціне ХІХ стагоддзя. Яе аўтарам быў стрыечны ўнук Тадэвуша Рэйтана, знакаміты ў тыя часы пісьменнік Генрык Жавускі. А сапраўдны выбух цікавасці, які перавярнуў маё жыццё, здарыўся ў 2011 годзе. У той час я выпадкова даведаўся, што сядзіба Рэйтанаў у Грушаўцы ўнесена ў “Спіс 46 сядзібаў”, якія Міністэрства культуры было гатова прадаць любому ахвочаму. Мяне гэта вельмі моцна абурыла, бо я ўжо ведаў пра шырокую вядомасць Тадэвуша Рэйтана. Але пра тое, што ён наш нацыянальны герой і што ён настолькі моцна павязаны з Беларуссю, яшчэ не ўяўляў. Інфармацыі пра яго ад беларускіх аўтараў практычна не было, калі не лічыць некалькіх артыкулаў, якія з’явіліся цягам 1993-2010 гадоў і якія ў асноўным былі або эмацыйнымі развагамі, або скарбонкай міфалогіі – “кракаўскі рыцар”, “самагубца”і г.д.
А ўсё, што было напісана палякамі, казала адно – “вялікі паляк”, і кропка. Дарэчы, трэба прызнаць і той факт, што і палякі, нягледзячы на дзвесце год намаганняў, і дагэтуль пра жыццё Рэйтана ведаюць да дзіўнага мала. Калі нарадзіўся (шмат версій), дзе вучыўся (шмат версій), болей пра сойм (сцвярджаючы, пры гэтым, што ён “бараніў Польшчу”) і калі памёр – вось і ўсё. Прычым палова з гэтага, нават на стадыі пераліку, памылковыя звесткі. А калі заглыбіцца ў тэму, то будзе яшчэ горш.
Зацікавіўшыся гэтым, мы пачалі думаць, як выратаваць сядзібу ад продажу. Спярша думалі набыць яе за сімвалічны кошт, каб захаваць для Беларусі, каб не даць ёй стаць уласнасцю якога-небудзь замежніка або “нуварыша”, які пераўтварыў бы сядзібу ў гатэль ці казіно. Гэта было б страшэннай ганьбай для Беларусі! Але неўзабаве прыйшло “працверазенне”. Сядзібы нацыянальных герояў ці вялікіх людзей краіны мусяць заставацца ўласнасцю дзяржавы, служыць інтарэсам дзяржавы і, калі дазволіце, быць яе візітоўкамі. Прыкладаў процьма – сядзібы і палацы Адама Міцкевіча, Тадэвуша Касцюшкі, Напалеона Орды, князёў Радзівілаў, Нямцэвічаў, Ваньковічаў і г.д. Таму мы вырашылі дабівацца таго, каб сядзіба засталася ў дзяржаўнай уласнасці і аднаўлялася па прыкладзе іншых мемарыяльных сядзібаў дзяржаўнымі і грамадскімі высілкамі. Але адразу сутыкнуліся з тым, што асоба Тадэвуша Рэйтана ў Беларусі ўспрымаецца дзіўным чынам: ён хоць і прадстаўляў Вялікае Княства Літоўскае на сойме 1773-1775 гадоў, мае непасрэднае дачыненне і да Наваградчыны, і да Меншчыны, як і ўсе ягоныя продкі, але ў Беларусі лічыцца “палякам” і “польскім палітычным дзеячам”. Таму ніякай гаворкі пра яго ўшанаванне на дзяржаўным узроўні і быць не магло.
Тады адначасова са стварэннем Арт-суполкі імя Тадэвуша Рэйтана, з лістамі ў розныя інстанцыі пра ратаванне сядзібы мне давялося адправіцца ў архівы Беларусі, Летувы і Польшчы. Патрэбны былі бясспрэчныя доказы, што ён “наш”. І каб самому цвёрда стаяць на нагах, і каб іншым даводзіць гэта.
Дагэтуль я ўжо займаўся радаводнымі справамі і, шукаючы сваіх сваякоў, ужо раз-пораз сустракаў прозвішча Рэйтанаў у актавых кнігах Наваградскага гродскага і земскага судоў, таму я ведаў, дзе шукаць. І я гэтыя кнігі прагледзеў, амаль што ад “а” да “я”. А паралельна і лідскія, менскія, мазырскія, полацкія і іншыя, дзе пакінулі свой след родзічы і сваякі Тадэвуша. З цягам часу ў мяне назбіралася велізарная калекцыя дакументаў, датычная роду Рэйтанаў. Мне ўдалося ўстанавіць іх сваяцкія сувязі, якія аказаліся неверагодна шырокія. Было знойдзена шмат цікавай інфармацыі, датычнай роду. І самае галоўнае: мне ўдалося рэканструяваць жыццярыс Тадэвуша Рэйтана літаральна па гадах.
— Што канкрэтна вам удалося высветліць?
— Да гэтага часу найбольш поўны жыццярыс Тадэвуша Рэйтана выглядаў так: нарадзіўся 20 жніўня 1742 года ў вёсцы Грушаўка, бацькі Дамінік і Тарэса з Валадковічаў Рэйтаны, вучыўся або ў Наваградку, або ў Вільні, або ў Варшаве (усе версіі мне падаюцца хібнымі, я лічу, што вучыўся ён у нясвіжскім езуіцкім калегіуме), а далей гаворка ўжо ішла пра сойм. Трыццаць гадоў яго жыцця былі проста невядомыя, як і тое, што адбывалася з ім пасля сойму. Такім чынам, з 39 гадоў яго жыцця было недзе запоўнена пяць-шэсць. А тут удалося аднавіць ад пачатку да канца. Напрыклад, на падставе метрыкі давяршэння хросту Тадэвуша Рэйтана за 20 жніўня 1742, метрыкі хросту яго сястры ў 1742 годзе, метрыкі шлюбу іх бацькоў у 1739 годзе, якую знайшоў Зміцер Дрозд, а таксама двух лістоў бацькі Тадэвуша, якія ён пісаў Міхалу Казіміру Радзівілу “Рыбаньку”, чыім кліентам быў, удалося акрэсліць часавы абсяг, калі нарадзіўся Тадэвуш Рэйтан. Гэта адбылося або напрыканцы кастрычніка, або ў самым пачатку лістапада 1740 года. Калі каталікі адзначаюць свята ў гонар святога Тадэвуша-Юды. Публікацыя на гэты конт выйшла у Гадавіку Цэнтра Беларускіх Студыяў №2 (2016).
Таксама ўдалося сабраць крыніцы, якія датычаць апошніх дзён жыцця Тадэвуша Рэйтана і сцвярджаюць, што самагубцам ён не быў. Барацьба з гэтым міфам стаіць для мяне на першым месцы, бо на яго падставе ў Ляхавічах блакуецца наданне адной з вуліц горада яго імя. Маўляў, людзі баяцца жыць на вуліцы самагубцы. Абвяржэнню гэтага міфа прысвечаны мой артыкул у 4 нумары АРХЭ (2017).
— Прозвішча Рэйтан мае нетыповае гучанне для нашых мясцін. Ці ўдалося вам прасачыць яго паходжанне?
— Сапраўды, гучыць неяк нязвыкла. Але беларускі навуковец-філолаг Алесь Жлутка, які на нашу просьбу зрабіў спробу этымалагізацыі гэтага прозвішча, выказаў між іншым меркаванне, што паходжанне Рэйтанаў, магло быць і славянскім. Прычым карані яго могуць сягнуць у Х стагоддзе (!). Публікацыя на гэты конт змешчана ў юбілейным, “рэйтанаўскім”, нумары альманаха “Тэксты” №5 (2014). Але дакладны радавод Тадэвуша Рэйтана, які атрымалася ўзнавіць, пачынаецца з пачатку XVІІ стагоддзя. І ён значна паўнейшы за той, які змешчаны ў вывадовай справе роду Рэйтанаў, і які быў надрукаваны Анатолем Федаруком. Новыя звесткі чакаюць сваіх публікацый.
Праўда, першая ўзгадка ў дакументах Тэўтонскага ордэна прозвішча Рэйтан належыць да 1467 года – года, калі толькі завершылася Трынаццацігадовая вайна 1454-1467 гадоў, якая раскалола Ордэнскую Прусію на дзве часткі. Рэйтаны ўзгадваюцца ў Княскай Прусіі, той частцы, якая захавала аўтаномію ад Польшчы. У гэтым годзе Якабу фон Рэйтану быў нададзены даволі значны зямельны надзел блізу таго месца, дзе ў 1410 годзе адбылася знакамітая Грунвальдская сеча. Ён, хутчэй за ўсё, быў актыўным удзельнікам той Трынаццацігадовай вайны. Праз год ён атрымаў побач яшчэ адну вёску і колькі дзясяткаў гуфаў зямлі, што пераўтварыла яго ў даволі значнага абшарніка.
Нашчадкі гэтага Рэйтана павязаліся сваяцкімі сувязямі як з мясцовымі анямечанымі прускімі родамі, якія яшчэ ў XІІІ-ХIV стагоддзі прынялі бок Ордэна, так і з рыцарскімі родамі, якія прыбывалі ў Прусію як каланісты з-пад Ляйпцыга і Дрэздэна. На падставе гэтых звестак, я мяркую, што, магчыма, Рэйтаны таксама маглі быць з тых мясцінаў, бо там ёсць тапонімы, падобныя да прозвішча “Рэйтан”. Але калі яны дакладна прыбылі ў Прусію, невядома. Ёсць цікавая згадка ў адным з гербоўнікаў на 1410 год, але дакументальных пацверджанняў гэтаму няма. Таму пытанне, ці бралі ўдзел прадстаўнікі роду ў Грунвальдскай сечы, застаецца адкрытым.
Калі казаць пра тое, што прывяло да перасялення нашчадкаў Якаба Рэйтана ў Вялікае Княства Літоўскае, то варта ўзгадаць, што з 1601 года па 1629 год ішла вайна Швецыі супраць Рэчы Паспалітай. Яна закранула і Прусію, якая была спустошаная шведамі. У 1629 годзе паміж Швецыяй і Рэччу Паспалітай у мястэчку Альтмарк (сёння Стары Тарг у Польшчы – рэд.) была падпісаная мірная дамова. Блізу гэтага мястэчка была вёска, якой валодаў адзін з імаверных продкаў Тадэвуша Рэйтана. Гэтыя мясціны зведалі спусташэнне. Гэта і магло быць тым штуршком, які змусіў Рэйтана паступіць у шэрагі войска, якое гэтыя землі бараніла.
Таксама ёсць сведчанні, што Рэйтаны былі сваякамі Радзівілаў. У 1600 годзе памёр Ганс Рэйтан, унучка якога пабралася шлюбам з сынам Сафіі, дачкі Мікалая Радзівіла Чорнага. А прамы ўнук Чорнага – Жыгімонт Караль Радзівіл, які быў камандорам Мальтыйскага ордэна (камандорыя ў Сталовічах пад Баранавічамі), удзельнічаў у той вайне, у тым ліку з войскамі быў у Прусіі. Такім чынам, ён мог сваіх сваякоў узяць у войска, пасля чаго яны прыбылі з ім у Вялікае Княства Літоўскае. Першым з гэтых Рэйтанаў быў Ян Фрыдэрык. Яго поўнае імя таксама ўдалося высветліць нядаўна. Дагэтуль, у гербоўніку Нясецкага ён быў вядомы як Ян, сын Юрыя (Ганс, сын Георга). А ў прыватных лістах, якія знайшоў я, ён падпісваўся як Фрыдэрык. У дакуменце, які нядаўна знайшоў даследчык Фёдар Чарняўскі, ёсць яго поўнае імя – Ян Фрыдэрык. Як напісана ў дзённіку вялікага канцлера ВКЛ Альбрэхта Станіслава Радзівіла (стрыечны брат Жыгімонта), ён быў любімым слугой (кліентам) Жыгімонта Караля Радзівіла. Калі ён у 1639 годзе раптоўна памёр падчас сойму ў Варшаве, то яго патрон з павагі да сваяка загадаў перавезці яго цела і пахаваць у капліцы Мальтыйскага ордэна ў Сталовічах. Там спачываў першы Рэйтан, які заклаў падмуркі роду Рэйтанаў у Вялікім Княстве Літоўскім, пакуль у ХІХ ст. ягоныя рэшткі адтуль не прыбрала Праваслаўная Царква.
Усе нашчадкі Яна Фрыдэрыка Рэйтана служылі ў элітных гусарскіх частках ВКЛ. Невыключэнне і Тадэвуш Рэйтан, які яшчэ ў 11 год быў запісаны бацькам на службу ў харугву Міхала Казіміра Радзівіла “Рыбанькі”. Пасля смерці “Рыбанькі” Тадэвуш перайшоў на службу да “Пане Каханку”, з якім зведаў нямала прыгодаў.
— У чым заключаецца гераічнасць асобы самога Тадэвуша Рэйтана?
— Для разумення выключнай мужнасці Тадэвуша, таго, чаму ён стаў для дзясяткаў, калі не сотняў тысяч людзей у XVIII–XX культавай асобай, Героем, прыкладам шчырага, нязломнага патрыёта, трэба заглыбіцца ў падзеі канца XVIII ст. У 1772 годзе Расея, Прусія і Аўстрыя пасля доўгіх нарадаў, нарэшце, дамовіліся пра падзел Рэчы Паспалітай Абодвух Народаў. Былі прыдуманыя нейкія “спрадвечныя правы” на тыя абшары, якія яны вызначылі пад анексію, былі падпісаныя патаемныя канвенцыя, і 5 верасня варожыя войскі ўвайшлі на тэрыторыю сучасных Беларусі, Украіны і Польшчы і занялі вызначаныя тэрыторыі. Вялікае Княства Літоўскае ў адзін дзень страціла каля траціны тэрыторыі – 92 тыс. квадратных кіламетраў з гарадамі Невель, Віцебск, Полацк, Магілёў, Гомель, з насельніцтвам блізу 1,5 млн чалавек.
FB_IMG_1528811674594
Адкрыццё фестываля ДАХ -"РЭЙТАН", Палац Мастацтва, 2015 год.
Каб жыхары захопленых і вольных земляў не падняліся на ўзброены справядлівы супраціў, вяртаючы захопленае, быў прыдуманы неверагодны па нахабнасці план – прымусіць насельніцтва Вялікага Княства Літоўскага і іншых земляў Рэчы Паспалітай добраахвотна адмовіцца ад гэтых земляў на карысць агрэсараў. Гэта рашэнне трэба было правесці праз сойм, дзе рукамі скліканых на яго дэпутатаў, сенатараў, міністраў і караля гэты падзел мусіў быць зацверджаны. Такі стан рэчаў надаў бы гвалту над краінай нейкі фармальны выгляд легітымнасці.
20 лютага 1773 года кароль Станіслаў Панятоўскі пад націскам Расеі, Прусіі і Аўстрыі выдае ўніверсал, у якім абвяшчае аб правядзенні ў сакавіку павятовых соймікаў, а на красавік прызначае агульнадзяржаўны вальны сойм. Шляхта па паветах ужо ведала, пра што на сойме будзе гаворка, таму асаблівага гонару ўдзельнічаць у ганебным спектаклі не бачыла. Да таго ж, па паветах былі разасланыя лісты кракаўскага біскупа Солтыка з заклікам зрываць соймікі і байкатаваць сойм. І сапраўды, шмат у якіх паветах соймікі не адбыліся. Гэтак, у Вялікім Княстве Літоўскім, Жамойцкае княства сарвала ўсе свае соймікі і ніводнага чалавека бараніць ВКЛ не дэлегавала. З тэрыторыі сучаснай Летувы былі толькі вількамірскі і ковенскі паслы. Астатнія, каля 20 паслоў, былі з тэрыторыі сучаснай Беларусі. Насельніцтву акупаваных земляў было ўвогуле забаронена праводзіць соймікі, бо яны ўжо лічыліся падданымі краінаў-агрэсараў.
Тым не менш, на сойм сабралася 111 паслоў, менш за палову камплекту паслоў. Палякаў было 87, у тры разы болей, чым літвінаў-беларусаў. За тры дні да пачатку сойму 76 прысутных у Варшаве паслоў, сярод якіх толькі 7 літвінаў, на прыватнай кватэры прызналі вядомага ліхадзея – кухмістра вялікага кароннага Адама Панінскага – маршалкам канфедэрацыі і такім чынам далі яму паўнамоцтвы верхаводзіць на сойме.
І калі ў Пасольскай Ізбе яму збіраліся перадаць маршальскае жазло, са свайго месца ўскочыў наваградскі пасол Тадэвуш Рэйтан і заявіў, што ніколі не прызнае ні канфедэрацыі, ні Панінскага за легітымнага маршалка сойму. Разам з тым ён гучна абвесціў, што так як па чарзе сойм мусіў адбывацца ў Вялікім Княстве Літоўскім, то маршалкам мусіў быў быць літвін, а не паляк. У чым быў падтрыманы не толькі ўсімі прысутнымі пасламі з ВКЛ (за выключэннем “великолепной семерки”), але і адзінкамі з палякаў.
Як сведчаць дзённікі сойму, для Рэйтана галоўным было данесці голас сумлення да ўсяго свету, што, насамрэч, няма згоды паслоў і жыхароў Рэчы Паспалітай на падзел краіны. Што ўсё, што адбываецца на сойме, гэта фарс, спектакль і робіцца пад пагрозай гвалту і за грошы трох суседніх імперый. Стоячы на гэтым, ён чатыры дні і тры ночы разам з бальшынёй паслоў Вялікага Княства Літоўскага (дзейсную падтрымку яму аказалі яшчэ адзін наваградскі пасол Самуэль Корсак, Станіслаў Багушэвіч-Мінкоўскі з Менска, Ігнат Куранеўскі з Пінска і іншыя) блакаваў Пасольскую Ізбу. Яны нічога не елі гэты час, каб не пакідаць Пасольскай Ізбы і не даць Панінскаму правесці тут аніводнага легальнага пасяджэння. У выніку Панінскаму давялося перанесці сваю зборню ў іншыя пакоі Каралеўскага замку. Дзякуючы гэтаму ўчынку, вестка аб гвалтоўным падзеле Рэчы Паспалітай маланкай разляцелася па ўсім свеце, бо на сойме прысутнічалі карэспандэнты ўсіх еўрапейскіх краін, якія штодня адпраўлялі цыдулкі рэдактарам сваіх газетаў. Беларускія паслы зрабілі немагчымае: сарвалі з гэтага сойму ўзоры легітымнасці, якая была галоўнай мэтай правядзення сойму. Свет убачыў, што, насамрэч, Расея, Аўстрыя і Прусія – звычайныя гвалтаўнікі-рабаўнікі. І ўсё гэта, гэты адчайны супраціў адбываўся пад пагрозай магчымага смяротнага пакарання, бо такія прысуды спехам выпісвала судовая камісія Адама Панінскага.
Панінскі, які з 1767 года знаходзіўся на розных паслугах у расейскага двара, сваім першым дэкрэтам назваў Тадэвуша Рэйтана “ворагам народу” і асудзіў яго, паставіўшы па-за законамі – фактычна любы чалавек мог яго беспакарана забіць. Але кароль, які не знайшоў у сабе мужнасці выступіць супраць падзела, таемна сімпатызаваў Рэйтану і скасаваў смяротны вырак. Рэйтан у сваю чаргу быў гатовы да смерці і неаднаразова заяўляў падчас сойму, што дзеля Бацькаўшчыны гатовы пакласці сваё жыццё. Ён быў душой і сэрцам супраціву супраць той цемры, якая ахапіла тады краіну. Ён выступіў не толькі супраць знешніх ворагаў, але і супраць унутраных, карумпаванай большасці паслоў, сенатараў і міністраў. І невядома яшчэ, што было небяспечней. За такую рашучую непахіснасць, асабістую мужнасць, за выключны патрыятызм Рэйтана пачалі паважаць нават прускія і расейскія вайскоўцы – генералы Лентулус і Бібікаў. Дарэчы, тая павага сустракаецца і ў расейскіх літаратараў ХІХ ст., напрыклад, Мардоўцава.
— Патрыётам чаго быў Тадэвуш Рэйтан: Рэчы Паспалітай ці Вялікага Княства Літоўскага?
— Тое, што ён выступіў у абарону гонару Вялікага Княства Літоўскага, сведчыць аб тым, што ён быў у першую чаргу патрыётам ВКЛ. А тое, што найбольш дзейсную падтрымку яму выказала “ўся Літва”, а не польскія паслы, сведчыць і пра пэўны антаганізм ВКЛ і Польшчы.
Дарэчы, раней некаторыя соймы зрываліся з-за таго, што палякі хацелі прасунуць умовы, невыгодныя для ВКЛ. І адзін з такіх соймаў праз гэта сарваў прадзед Тадэвуша Рэйтана Марцін Казімір Валадковіч. Адбылося тое ў 1665 годзе. Унутраная прага да вяртання незалежнасці ВКЛ жыла. “Сепаратысцкія”, з пункту гледжання палякаў, незалежніцкія памкненні літвінаў удалося трохі прыглушыць толькі напачатку XVIII стагоддзя.
Цікавым фактам, з’яўляецца тое, што пляменнік Тадэвуша Дамінік, які ў 1814 годзе падаваў свае дакументы ў Парыжы ў вайсковую камісію Напалеона, запісаўся літвінам, не палякам. Гэтыя звесткі знайшоў у Парыжы беларускі гісторык Анатоль Сцебурака.
— Традыцыйна заяўляецца, што Тадэвуш Рэйтан скончыў жыццё самагубствам. Але ў сваіх публікацыях вы аспрэчваеце гэта.
— Так, гэта агульнае месца ва ўсіх публікацыях, якія прысвечаны Тадэвушу Рэйтану. Розняцца толькі варыянты, якія год ад году толькі множацца (!).
Пры гэтым, дзве ўсім вядомыя “крыніцы” – нарысы жыцця Рэйтана, якія ў ХІХ ст. напісалі Юльян Нямцэвіч і Генрык Жавускі і якія доўгі час з’яўляліся крыніцай усіх ведаў пра жыццё Тадэвуша, – гэты міф падсякаюць. Бо ў першай з іх кажацца пра “пахаванне ў Ляхавіцкім касцёле”, а ў другой – пра тое, што рыхтаваўся ён да смерці як прыкладны хрысціянін.
Знойдзены мной ліст пляменніцы Тадэвуша Саламеі (жонкі вайскоўца-ўрадніка-пісьменніка Станіслава Рэйтана) да нашага вядомага пісьменніка з-пад Пружанаў Язэпа Крашэўскага з’яўляецца дадатковым сведчаннем супраць міфа. У ім гаворыцца, што “нядаўна памёр стары Вольскі, які быў пры смерці яго, у хвіліну, у якую вярнуўся да поўнай прытомнасці і спавядаўся, сціскаючы ксяндза за руку”. Ліст датаваны 1845 годам.
Верагодна, ён памёр у выніку няшчаснага выпадку, які адбыўся ў Грушаўцы ў жніўні 1780 года. Ён не быў самагубцам, ён не быў забіты. Нейкі час я разглядаў варыянт гвалтоўнага пазбаўлення жыцця Тадэвуша Рэйтана, між іншым, небезпадстаўна. Але знаходка гэтага сведчання прымусіла мяне перагледзіць свае погляды.
Ён паміраў у прысутнасці ксяндза, якога да апошняй хвіліны трымаў за руку. Я не ведаю, як такога чалавека можна назваць самагубцам.
Літаральна адразу пасля смерці Тадэвуша Рэйтана пачаў узрастаць яго культ. Хоць слава яго яшчэ пры жыцці грымела і ў Літве-Беларусі, і ў Польшчы, і ў Еўропе. На адным з пазнейшых соймаў паслы з беларускіх земляў – з Полацкага і Менскага ваяводстваў — нагадалі каралю пра годны чын жывых Корсака і Багушэвіча і памерлага Рэйтана. Таксама кароль Панятоўскі ўхваліў праект аб усталяванні дзвюх памятных шыльдаў перад Пасольскай Ізбой: з чорнага мармуру, прысвечанай Панінскаму, і з белага, прысвечанай Рэйтану. Але задуму ён рэалізаваць не паспеў. У 1795 годзе ў выніку Трэцяга падзелу, які правялі ўсё тыя самыя “тры чорныя арлы”, Рэч Паспалітая была сцёртая з мапаў свету.
У гэты самы час вядомы паэта Францішак Дыянізі Князьнін, які быў родам з Віцебшчыны, напісаў “Оду да Літвы”, у якой адзначыў чын Рэйтана. У хуткім часе пачалі ўзгадваць Рэйтана і палякі. Наколькі я ведаю, першая такая згадка была ў кнізе “Перасцярогі для Польшчы” Станіслава Сташыца, але яна не была ў тыя часы надрукавана і заставалася, калі не памыляюся, у рукапісе да ХХ ст.
Пазней, у пачатку ХІХ стагоддзя, імя Тадэвуша Рэйтана паднялі на шчыт нашы іншыя землякі. Першым быў берасцеец Юльян Нямцэвіч, які напісаў першы кароткі жыццярыс Тадэвуша Рэйтана, у якім паплечнік Касцюшкі прывёў памылковую дату нараджэння, дапусціў памылку ў назве Грушаўкі і памыліўся з імем маці Тадэвуша Рэйтана: назваў яе Веранікай, а не Тарэсай. Але, між іншым, ён напісаў пра падзеі сойма на падставе дзённіка Тадэвуша Рэйтана, а таксама пра тое, што Тадэвуш Рэйтан памёр 8 жніўня 1780 года і пахаваны ў Ляхавіцкім касцёле.
У 1817-1819 гадах у першым сваім буйным творы – паэме “Бульба” – узгадаў Тадэвуша Рэйтана Адам Міцкевіч, які заўважыў, што тут, у “Краі Наваградскім, краі родным”, “Рэйтаны моц сэрцаў рымскіх гартавалі”. Трошкі пазней ён напісаў паэму “Пан Тадэвуш”, у якой згадаў і Тадэвуша Рэйтана, і іншых прадстаўнікоў роду. Неаднаразова звяртаўся да вобраза Тадэвуша Рэйтана Міцкевіч і ў палітычных артыкулах.
Літаральна праз некалькі год пасля “Пана Тадэвуша” з’яўляецца ўжо ўзгаданы твор “Гавэнды Сапліцы” (“Успаміны пана Севярына Сапліцы, чашніка парнаўскага”). Там ёсць цэлае апавяданне, прысвечанае Тадэвушу Рэйтану, у якім, вядома, шмат памылак, але ў той жа момант вельмі добра апісаныя апошнія дні з жыцця Тадэвуша Рэйтана. Гаворыцца, што прычынай яго смерці паслужыў прыезд у Грушаўку расейскага генерала, якога Тадэвуш пачаў праганяць з падворку. Браты і слугі, спалохаўшыся, што гэта можа прывесці да нейкіх непрыемных неспадзяванак, зачынілі яго ў “мураванцы”. А так, як ён быў неверагоднай моцы, то, верагодна, паспрабаваў выбрацца з мураванкі, разбіў шыбы, але вельмі моцна скалечыўся і праз два дні “аддаў Богу душу”.
Гэты выпадак, сапраўды, мог мець месца. Расейскі генерал, які прыехаў, — гэта, хутчэй за ўсё, Іван Міхельсон, які ў свой час адзначыўся падчас задушэння паўстання Пугачова, а за год да смерці Тадэвуша набыў у яго брата Міхала маёнткі, якія адышлі да Расеі па першым падзеле, і яго імя ў той час сустракалася ў дакументах Наваградскага ваяводства.
— Наколькі адпавядае гістарычнасці вядомая карціна Матэйкі?
Тадэвуш-Рэйтан-на-варшаўскім-сойме-1773-года-Ян-Матэйка-1866-1024x578
 "Тадэвуш Рэйтан на варшаўскім сойме 1773 года" (Ян Матэйка, 1866)
— Твор Матэйкі нельга ўспрымаць як гістарычны, бо ён алегарычны. Матэйка сабраў на ім асобаў, час здрады якіх надышоў альбо да сойму, альбо падчас, альбо пасля, падчас Таргавіцкай канфедэрацыі 1792 года. Зразумела, што Панінскі ў той час не мог быць у Ізбе, бо запалоханы ваяўнічым Рэйтанам пасля фіяска першага дня больш у Ізбе не з’яўляўся. А Тадэвуш Рэйтан прадстаўлены ў вобразе распятай Бацькаўшчыны, у той час як здраднікі ганяць яго, а маладушныя асобы адварочваюцца.
Акрамя Матэйкі, Тадэвуша Рэйтана малявалі і іншыя мастакі. Яшчэ на 30 год раней за Матэйку прадстаўнікі Віленскай школы мастацтва Францішак Смуглевіч і Людвік Горват намалявалі яго выявы. Былі створаныя нашымі землякамі, скульптарамі Астроўскім і Закрэўскімі два бюсты Тадэвуша Рэйтана. Апошні, магчыма, нават даводзіўся вельмі далёкім сваяком Рэйтану. Зараз гэтыя два бюсты знаходзяцца ў Польшчы.
Але пасля паўстання 1863 года культ Тадэвуша Рэйтана на яго Радзіме прыйшоў у поўны заняпад. Расейскія ўлады забаранілі ўзвядзенню на могілках у Грушаўцы яго помніка. І таму апошні Рэйтан, Язэп, у 1889 годзе падараваў яго Кракаву. Ён уяўляў сабой 11-метровую чыгунную вежу, ад якой захаваўся толькі бюст. Зараз у Кракаве стаіць дакладная копія таго помніка.
Імя Рэйтана на нашых землях трошкі ўзнялося толькі ў прамежку паміж 1917 і 1939 гадамі. У Менску на месцы Палацу Рэспублікі з’явілася вуліца Рэйтана – былая Юраўская, на якой калісьці стаяў палац маці Тадэвуша, Тарэсы з Валадковічаў. Яна праіснавала толькі два гады, потым Менск апынуўся пад расейска-савецкай акупацыяй, і яе зноў перайменавалі. Але ў Баранавічах вуліца Тадэвуша Рэйтана праіснавала да 1939 года. Там была не толькі вуліца, але і гімназія імя Тадэвуша Рэйтана, будынак якой захаваўся. Зараз ён закінуты, а мог бы стаць культурнай пляцоўкай для баранавіцкай моладзі.
Пасля вайны пра Тадэвуша Рэйтана на нашых землях забыліся. Але яго культ ззяў і буяў на тэрыторыі Польшчы: амаль у кожным горадзе ёсць ці вуліца, ці школа, ці маладзёвая дружына яго імя. А ў нас адважыўся яго ўзгадаць у сваіх творах толькі Уладзімір Караткевіч: першы раз у 1959 годзе ў расейскамоўнай паэме “Родина”, а другі раз, больш разгорнута, – у паэме “Леаніды не вернуцца да зямлі”, альбо “Нельга забыць”. Падобна, што больш ніхто яго імя да 1980-х гадоў не згадваў.
Толькі з 1987-1988 гадоў яно паціху пачынае вяртацца. Вельмі сур’ёзны артыкул у 1993 годзе напісаў гісторык Уладзімір Емяльянчык, які таксама спрабаваў вярнуць імя Рэйтана Беларусі, але не давёў справу да канца, бо заўчасна памёр. Пасля гэтага цягам 20 гадоў на свет з’явіўся тузін артыкулаў, якія збольшага паўтаралі ўжо вядомыя міфы.
Разумеючы ўсё гэта, у красавіку 2013 года – у гадавіны Варшаўскага сойму – мы заснавалі Арт-суполку імя Тадэвуша Рэйтана, каб паступова ўбіваць маленькія цвікі ў справу вяртання яго імя на Беларусь. Было праведзена больш за 30 розных фестываляў, выстаў, вечарын, канферэнцый, напісана каля 40 розных артыкулаў, знята пара дакументальных стужак. Магчыма, бо не бяруся гэтага сцвярджаць, наша дзейнасць ўскосна паўплывала на тое, што дзяржава адмовілася прадаваць сядзібу ў Грушаўцы. Не так даўно Ляхавіцкі райвыканкам прыняў рашэнне стварыць у ёй краязнаўчы музей. Дзеля гэтага неўзабаве павінна пачацца рэстаўрацыя сядзібы. Зараз на гэта Еўразвязам вылучана каля 1,2 млн еўра. Падрыхтоўчыя працы вядуцца поўнай хадой. Спадзяюся, што ўжо праз некалькі год у Грушаўцы будзе не толькі краязнаўчы музей, але і музей Тадэвуша Рэйтана, для якога мы збіраем матэрыялы.
— Вы ўзгадвалі, што перад самай смерцю Тадэвуш Рэйтан трымаў за руку ксяндза. Таксама ён апеляваў да Бога і падчас сойму. Якую ролю адыгрывала рэлігія ў яго жыцці?
— Як мне падаецца, роля гэта была важная. Але я б не стаў рабіць з гэтага нейкай сенсацыі. Справа ў тым, што ў тыя часы па-іншаму і быць не магло. Немагчыма было выжыць, не належачы да якой-небудзь з канфесій. Праўда, гэта прыналежнасць не была гарантыяй таго, што хрысціянін заўсёды паступіць з табой “па-хрысціянску”. Адной з такіх праяваў “любові да бліжняга” былі ў тыя часы “шляхецкія наезды”, пад час якіх дапускаўся любы гвалт, а кроў лілася струмянямі. А наезды здараліся штодня і па ўсёй Беларусі. Ну, і каб пазбегнуць памяншэння колькасці вернікаў, законы Рэчы Паспалітай прадугледжвалі смяротнае пакаранне за пераход з каталіцызму ў іншую веру (тое самае, але ў Расеі, было ў дачыненні да праваслаўя). Гэта права пацвердзіла і знакамітая Канстытуцыя 3 траўня 1791 года. Таму, не ўсё было так проста.
Што да веры самога Тадэвуша і веры яго бацькоў, то яны былі каталікамі. Хоць аднойчы сустрэлася згадка, што маці яго магла быць уніяткай, бо яе дзядзька Феліцыян Філіп Валадковіч быў першасвятаром Уніяцкай царквы Рэчы Паспалітай. Але доказаў таму пакуль не знойдзена.
Сведчаннем яго рэлігійнасці можа быць такі эпізод. Калі падчас соймавай барацьбы з пасламі-здраднікамі ці тымі, хто яшчэ вагаўся, ён выкарыстаў усе разумовыя довады, то засталося толькі адно. Заступіўшы выхад з Пасольскай Ізбы, Тадэвуш “ранамі Хрыста, за вас ўкрыжаванага” заклінаў іх адступіцца ад здрадніка Панінскага. Гэтыя словы пазней трансфармаваліся ў “Забіце мяне, не забівайце Бацькаўшчыны!”.
Калі ж Нямцэвіч захацеў напісаць біяграфію Тадэвуша Рэйтана, ён пажадаў атрымаць копію яго дыярыуша з сойму. Рэйтаны з вялікай неахвотай дазволілі гэта, але зрабілі для яго копію. Копію пісаў пляменнік Рэйтана, які словы пра “раны Хрыста” прыбраў, палічыўшы смешным мяшаць рэлігію і палітыку. Надышло ХІХ стагоддзе.
З таго, што мне ўдалося знайсці, вынікае, што Тадэвуш Рэйтан быў незвычайнай асобай. Я ўжо згадаў “наезды”. У тыя часы гэта быў найбольш “дзейсны” спосаб вырашэння самых розных пытанняў, перш за ўсё маёмаснага характару. І калі імёны братоў Тадэвуша ў судовых дакументах у сувязі з якім-небудзь наездам ці гвалтам сустракаюцца даволі часта, то яго імя туды заносілася “для галачкі”, бо ён у гэты час быў на сойме.
Рэйтан быў вельмі адказнай асобай, бо на яго руках пасля смерці бацькоў засталася велізарная сям’я – чатыры браты і тры сястры, а значыць, шмат клопату. Таксама і буйны маёнтак не даваў часу на глупствы. І да таго ж трэба было годна несці імя роду.
Пра тое, што ён быў справядлівым чалавекам, сведчыць і такі эпізод: яго бацька набыў суседні фальварак, а калі памёр, то яго былыя ўладальнікі пажадалі вяртання, бо раптам знайшліся нейкія “зачэпкі”. І паміж Рэйтанамі і родам Візгердаў разгарэлася барацьба. Яна доўжылася вельмі доўга, і, каб яе спыніць, Тадэвуш вырашыў падзяліць фальварак “па роўнаму”, на дзве часткі: адну аддаць Візгердам, а палову пакінуць сабе. Хоць меў законныя правы на ўвесь фальварак. Суд прызнаў гэта рашэнне. І калі ўжо пасля смерці Тадэвуша Візгерды ізноў пачалі каламуціць ваду, Галоўны Трыбунал ВКЛ прызнаў рашэнне Тадэвуша за справядлівае і найлепшае і пакінуў яго без зменаў. Гэта тыя дробныя моманты, якія ажыўляюць яго забранзавелую асобу.
Тадэвуш-Рэйтан-1740-1780-759x1024












Тадэвуш Рэйтан, невядомы мастак


— Вы ўзгадвалі, што ў Менску знаходзіўся дом маці Тадэвуша Рэйтана. А якія яшчэ мясціны звязаныя з ім у беларускай сталіцы?
— Вядома, што шлюб яго бацькі 4 кастрычніка 1739 года бралі ў езуіцкім касцёле Найсвяцейшай Панны Марыі (цяпер архікафедральны касцёл – рэд.).
Таксама можна ўзгадаць гісторыю Галоўнага Трыбуналу, калі ў лютым 1760 года па даносе праціўнікаў Радзівілаў з парушэннямі закону быў узяты пад варту, а потым расстраляны дзядзька Тадэвуша Рэйтана 25-гадовы Міхал Валадковіч. Падчас гэтых падзей прысутнічаў і Тадэвуш. Гэта, дарэчы, моцна паўплывала на маці Тадэвуша Рэйтана, бо ў палітычных мэтах праціўнікамі Радзівілаў, быў забіты яе любімы малодшы брат. Не вытрымаўшы несправядлівасці, яна ўлетку таго ж году памерла. Сесія ж Трыбуналу адбывалася або ў тым самым езуіцкім касцёле, або ў ратушы, ці на замку.
У Беларусі ж у Рэйтанаў было вельмі шмат розных маёнткаў. Жылі і на Полаччыне каля Невеля (цяпер Расея – рэд.), дзе атрымалі свае першыя землі. Іх вёскі акурат закрывалі дарогу з Вялікіх Лукаў на Полацк. Яны павінны былі ўставаць па першым сігнале і прыкрываць сабой межы ВКЛ. Мелі маёнткі на Браслаўшчыне і на Смаленшчыне, у Цэнтральнай Беларусі. Што ж датычна Наваградскага ваяводства, то з ім звязаны адзін з самых дзіўных міфаў.
Часам у публікацыях палякаў і беларускіх аўтараў, якія некрэтычна ставяцца да інфармацыі, можна прачытаць, што Грушаўку атрымаў ад караля Яна ІІІ Сабескага нейкі “кракаўскі рыцар” за тое, што ў 1683 годзе праявіў мужнасць у бітве з туркамі пад Венай. Але, як вядома, войска ВКЛ на Венскую сечу не паспела і было заспета весткай аб перамозе над туркамі толькі падцягнуўшыся пад Кракаў.
Грушаўку ж (менавіта Грушаўку, а не нейкую “Грошувку”) набыў ад Радзівілаў Міхал Казімір Рэйтан, дзед Тадэвуша недзе ў 1694-1695 гадах, калі памёр папярэдні ўладальнік Бруханскі. З таго часу Рэйтаны, якія былі кліентамі Радзівілаў, зрабілі Грушаўку цэнтральнай сядзібай, бо яна знаходзіцца за 30 кіламетраў ад Нясвіжа. А бацькі Тадэвуша – Дамінік Рэйтан і Тарэса з Валадковічаў былі прыдворнымі “Рыбанькі” і Францішкі Уршулі Радзівіл. І гэтыя Радзівілы неаднаразова былі ў Грушаўцы, выкарыстоўваючы яе не толькі як пункт, дзе можна спыніцца па дарозе і адпачыць, але і як штаб-кватэру для патаемных нарадаў. Ёсць нават ліст Францішкі Уршулі да мужа, у якім яна піша яму з Грушаўкі “ад нашых мілых Рэйтанаў”.
— Ці засталіся сёння яшчэ прадстаўнікі роду Рэйтанаў?
— На жаль, апошні Рэйтан, Язэп, памёр без нашчадкаў у 1910 годзе. Павінна быць вельмі шмат сваякоў па жаночых лініях, якія пакуль ніякім чынам не праявілі сваёй цікавасці да Грушаўкі.
Што тычыцца некаторых вядомых і цікавых для нас сваякоў Тадэвуша Рэйтана, то ў яго быў пляменнік, таксама Тадэвуш Рэйтан, які напачатку ХІХ стагоддзя адным з першых у былым Вялікім Княстве Літоўскім вырашыў даць сваім сялянам волю і адукацыю. Але супраць яго паўсталі сваякі і атачэнне, якія забаранілі гэта рабіць і нават прызналі яго нядзеяздольным.
Брат гэтага Тадэвуша Станіслаў Караль, акрамя таго, што паўдзельнічаў у вайне Напалеона на баку войска новастворанага ВКЛ, пазней стаў пісьменнікам. Напісаў чатыры буйныя і вельмі цікавыя творы. І яго імя вартае згадкі сярод беларускіх пісьменнікаў ХІХ стагоддзя. Яго творы цікавыя і з гістарычнага пункту гледжання, бо ён вельмі добра апісаў Нясвіж другой паловы XVIII стагоддзя. Паспрабуем перавыдаць іх на беларускай мове.
Другі брат Тадэвуша Дамінік Рэйтан у 1807 годзе добраахвотнікам прарваўся праз Нёман з тэрыторыі Літвы-Беларусі, акупаванай Расейскай імперыяй, да легіёнаў Генрыка Дамброўскага. Даслужыўся да чына капітана, а ў 1812 годзе быў адкамандзіраваны як здольны афіцэр у генеральны штаб Вялікай арміі Напалеона. Ён паўдзельнічаў ва ўсіх самых значных сутыкненнях з расейскім войскам, прайшоў шлях да Масквы і назад і быў з Напалеонам да 1814 года, калі той склаў з сябе паўнамоцтвы і спрабаваў скончыць жыццё самагубствам.
Увогуле, у сваяках у Рэйтанаў такія роды, як Друцкія-Любецкія, Гутэн-Чапскія, Валадковічы, Сялявы, Кубліцкія, Агінскія, Барэйшы, Жавускія, Радзівілы, Юрэвічы. Вельмі цешыць мяне тое, што ўдалося давесці вельмі блізка сваяцтва Тадэвуша Рэйтана з Тадэвушам Касцюшкам і Ігнатам Дамейкам. Удалося высветліць, што Рэйтан даводзіцца Касцюшку траюрадным братам, а Ігнат Дамейка ім – сын траюраднай сястры. І ўсё гэта сваяцтва ідзе праз менскіх Валадковічаў.
Таксама ў Тадэвуша Рэйтана ў сваяках Наркевіч-Ёдка. Зусім нядаўна, падобна, выяўлена і генеалагічная повязь з Адамам Міцкевічам. Гэта сваяцтва на ўзроўні другой паловы XVII стагоддзя па лініі Цадроўскіх. Сваякі Рэйтаны і з Манюшкамі – каго не вазьмі, усе даводзяцца сваякамі Тадэвушу.
Нагадаю, што сёння памяць Тадэвуша Рэйтана ніякім чынам не ўшанавана ў Беларусі. Няма ніводнай вуліцы, беларускай школы ці вайсковай часткі, якая б насіла яго ганаровае імя. Нават памятнай дошкі і помніка – і тых няма. Ці да гонару гэта нам?
Гутарыў Максім Гацак