суббота, 24 июня 2017 г.

Суботнічнік. 3.5 кубы пяску. 24 чэрвеня 2017.


24 чэрвеня, правялі чарговы суботнік (ніяк не ўдаецца перавесці фармат прац  з адна- ў двудзённыя "ўікэнднікі" :) ). 
Аб'етам даследвання , на гэты раз стала гара пяску (3.5 метраў кубічных), якім мы авалодалі за зімбалічны кошт, дзякуючы спадару Анатолю Салодкаму.
Зграя мокрых чорных варон, як ганаровая варта,  ужо чакала нас, пасеўшы на каркасе былога навесу.  Тры з паловай гадзіны праляцелі вокамгненна. Пясок перамясціўся на адмысловае месца на ўчастку родавага пахавання. 
Вельмі , як заўсёды, пашанцавала з надвор'ем. На гэты раз дзякуем паднябеснай канцэлярыі за "дробненькі дожджык, што скача ля тына, дзе чырванея кветка шыпшына"! Было не да размоваў і не да адпачынкаў " з гарбатай".

Пасьля працы адбылася невялічкая вандроўка па "энэргетычных" мясцінах Ляхавічаў і Баранавічаў, чаму вельмі спрыяла сонца, якое пад канец дня разагнала хмары над Берасцейшчынай і Меншчынай.

На гэты раз шэрагі "субацістаў шостага дня" дапоўніла мастачка Кацярына Зелянко, якая немала спрычынілася да прац, якія вялі генералы пясчанных кар'ераў.

Працяг запланаваны на наступныя выходныя. Як заўсёды, будзем рады бачыць новых людзей, але ад дапамогі старых знаёмых таксама не адмовімся :)

Дзякуем спадару Юрыю Мачульскаму за перавоз з Баранавічаў у Ляхавічы ўдзельнікаў талакі!


"Давай-давай" працавалі:
Анатоль Новікаў
Алесь Мачульскі
Кацярына Зелянко

і аўтар радкоў Зьміцер Юркевіч
























воскресенье, 18 июня 2017 г.

Таямніцы Міцкевіча па мячы. Частка ІІІ. ("Культура", №24. 2017)


У частцы нумар ІІІ вядзецца ўласна пра род Пянкальскіх, дакладней, пра вялікалітоўскую галіну роду. Што прымусіла Яна І Пянкальскага збегчы з Польшчы ў ВКЛ, стаць у шэрагі радзівілаўцаў і пры Радзівілах выбіцца ў людзі, застаецца гадаць. Пры гэтым, служылі Пянкальскія і іншыя продкі Адама Міцкевіча  тым Радзівілам, якія былі прыхільнікі разрыву уніі з Польшчай, то бок, з пункту гледжання палякаў былі сепаратыстамі і здраднікамі. Безумоўна, такія погляды патронаў , ды яшчэ пакладзеныя на рэлігіёзны момант (гвалтоўнае супрацьстаянне кальвіністаў і каталікоў), відавочна не рабілі з Пянкальскіх палонафілаў.

Застаецца загадкай, чаму , нібыта маючы пэўныя падсказкі (імя і прозвішча бабкі Міцкевіча не было таямніцай ні для дасьледчыкаў ні для сваякоў паэта), гісторыя гэтае часткі роду так і не была разгорнута.

У завяршальнай частцы нашага доўгага апавядання чытач даведаецца пра чэшскую кроў у жылах беларускага паэта Адама Міцкевіча. І тут чытача чакае папраўдзе  дзіўны кактэйль з самых розных экзатычных інгрыдыентаў.  Спадзяемся, што яе выхад не зацягнецца.


Зьміцер Юркевіч






Каплічнік 17чэрвеня. Працяг. Працяг будзе.

Працягваем падрыхтоўчыя працы да аднаўлення капліцы.  Цэгла і тынк, якія не вытрымліваюць аніякай крытыкі і рассыпаюцца ад дотыка, прыбіраюцца.  Гэты этап прац падыходзіць да завяршэння. Далей, болей)

Чарговы суботнік ў суботу.





















понедельник, 12 июня 2017 г.

Факты з “разыначкай” і “разыначкі” без фактаў (круглы стол у рэдакцыі "Культура")

Адносна недаўна  http://reyten.blogspot.com.by/2017/04/20-42017.html, мы згадвалі аб тым, што ў рэдакцыі газеты "Культура" адбыўся круглы стол, тэмай якога з'яўлялася архівістыка ў самым шырокім сэнсе.

Нарэшце, знаёмім чытача з яго вынікамі. Лічым, што ў выніку матэрыял атрымаўся  цікавы, хоць, часам, не зусім паліткарэктны.


Факты з “разыначкай” і “разыначкі” без фактаў

№ 21 (1304) 27.05.2017 - 02.06.2017 г
"Калекцыянеры" дакладнасці супраць інерцыі мыслення і поп-гісторыі
Адчувальны ўздым грамадскай цікавасці да беларускай мінуўшчыны спараджае і мноства пытанняў. Адказы пакуль ёсць далёка не на кожнае, і на іх месца часцяком прыходзяць гіпотэзы і дадумкі. Без сумневу, замена аднаго гістарычнага міфа на іншы — гэта далёка не самы лепшы сцэнарый. І таму масавы працэс засваення ўласнай гісторыі павінен мець трывалы факталагічны падмурак. У авангардзе яго стварэння поруч з археолагамі знаходзяцца і гісторыкі-архівісты. Пра спецыфіку гэтай працы і праблемы, якія яе атачаюць, мы гаворым з дзейнымі даследчыкамі.

/i/content/pi/cult/639/14213/4-1.jpgІлья СВІРЫН: — Спадар Алесь, наколькі мне вядома, вы не так даўно вярнуліся з чарговай даследчыцкай камандзіроўкі. Што ўдалося “ўпаляваць” гэтым разам?
Алесь ЖЛУТКА: — Апошняя цікавая знаходка — два лісты сына Францішка Скарыны Сымона з ягоным аўтографам з архіва Індржыхава Градца — невялічкага гарадка, дзе яму некалі даводзілася працаваць садоўнікам. Гэтым зборам неверагодна пашчасціла: за многія стагоддзі нічога адтуль не знікала, бо іх ніколі не краналі пажары ці войны. Разам з даследчыкам Паўлам Котавым, які вучыцца ў Карлавым універсітэце, мы выправіліся ў абласны архіў горада Тржэбаня, філіялам якога з’яўляецца архіў у Індржыхавым Градцы, зрабілі запыт, і не паспеў я вярнуцца ў Мінск, як атрымаў адказ. Знайшліся пакуль толькі гэтыя дакументы, але паколькі існуе гіпотэза, што глебу для сына ў тых мясцінах рыхтаваў яго бацька, ёсць сэнс працягваць пошукі.
І.С.: — Ці багата наогул застаецца белых плямаў у біяграфіі Скарыны?
А.Ж.: — Па сутнасці, мы ведаем толькі паасобныя факты яго жыцця, а прамежкі паміж імі дасюль застаюцца лакунамі: ад нараджэння да паступлення ў Кракаўскі ўніверсітэт, паміж бакалаўрэатам і дактаратам, пасля — з 1535 года, калі звесткі пра Скарыну трапляюцца ў пражскіх дакументах, і да 1552 года, калі ён згадваецца ўжо як памерлы. Гэтыя фрагменты жыццяпісу пакуль можна ўзнавіць хіба на ўзроўні гіпотэзаў, але спадзяюся, што пошук у архівах з часам дасць плён…
І.С.: — А ці ёсць прагрэс?
А.Ж.: — Не так даўно ў архіве Ватыкана мне ўдалося натрапіць на ўрывак з дзённіка папскага цырымоніймайстра Парыса Грасі, дзе апавядаецца пра прыём Папам Юліем ІІ у 1512 годзе трох паслоў Даніі. Ад імя дэлегацыі выступаў не названы па імені сакратар дацкага караля, чыя прамова ўразіла Грасі сваёй красамоўнасцю. Супаставіўшы гэты факт з вядомымі нам звесткамі з жыцця Скарыны, можна высунуць гіпотэзу, што тым прамоўцам быў менавіта ён. Бо літаральна праз тры месяцы, падчас абароны дактарату ў Падуі, наш суайчыннік быў названы сакратаром дацкага караля. Адпаведна, тыя добрыя веды ў галіне медыцыны, якімі былі ўражаныя падуанскія прафесары, Скарына мог атрымаць ва ўніверсітэце Капенгагена.
Зміцер ДРОЗД: — Белых плямаў у нашай гісторыі наогул багата — нават у тых тэмах, якія падаюцца канчаткова вывучанымі. Прыкладам, калі я кажу, што даследую жыццяпіс Дуніна-Марцінкевіча, людзі дзівяцца: няўжо на гэтай ніве можна знайсці хоць нешта новае? Але як паказвае мой досвед, там яшчэ шчыраваць ды шчыраваць! Усяго за 2 — 3 гады працы я адшукаў матэрыялу кніг гэтак на пяць. Падаецца, усё пакуль наперадзе…
І.С.: — Хаця, здавалася б, імя класіка забытым не назавеш…
З.Д.: — І тым не менш, нават яго сапраўднае прозвішча мы да нядаўняга часу не ведалі — не кажучы ўжо пра шматлікія дэталі біяграфіі. Бо, як выявілася, ніякі ён насамрэч не Дунін — гэты прыдомак з’явіўся толькі пасля таго, як Вінцэнт уласнаручна падрыхтаваў свой радавод. Для даследчыкаў даўно не сакрэт, што ён быў профі ў плане падробкі архіўных крыніцаў, але ніхто чамусьці не ўсумніўся ў ягонай уласнай радаслоўнай — выведзенай, дарэчы, ажно з ХІІ стагоддзя! Таму няма нічога дзіўнага, што ва ўсіх дакументах — а іх вядома сотні — яго род фігуруе толькі як Марцінкевічы.
Зміцер ЮРКЕВІЧ: — У Польшчы пра нашага нацыянальнага героя Тадэвуша Рэйтана выдадзена процьма літаратуры, але тамтэйшыя даследчыкі так і не здолелі аднавіць яго біяграфію хаця б на траціну — хаця жыў ён усяго 39 гадоў! Больш за тое, яны не ўстанавілі ні дакладную дату нараджэння, ні прычыну смерці — "агульнапрынятая" версія пра самагубства не мае дакументальнага абгрунтавання і даволі лёгка абвяргаецца. Мне ж у выніку некалькіх гадоў карпатлівай працы ўдалося запоўніць жыццяпіс Рэйтана літаральна па гадах, прычым зрабіць гэта менавіта на падставе архіўных крыніц, а не гіпотэз. Зрэшты, лакунаў і тут пакуль не бракуе.
Святлена НЕМАГАЙ: — Ледзь не ўсё свядомае жыццё я займаюся даследаваннем біяграфіі Міхала Клеафаса Агінскага, але… чым далей тым болей разумею, наколькі шмат у ёй застаецца белых плямаў. Прыкладам, не так даўно ўдалося выявіць збор яго лістоў аб падарожжаx у Галандыю, Францыю, Англію, Расію, Германію і г.д. — па сутнасці, яшчэ адну аўтабіяграфію. Гэты твор адкрыў для мяне зусім іншага Агінскага — не як палітыка або дыпламата, але найперш як чалавека. Там прыгадваюцца і бадай анекдатычныя жыццёвыя сітуацыі: прыкладам, неяк у лонданскім тэатры ён ледзь не пабіўся з самім герцагам Ёркскім. Агінскі, які не ведаў тамтэйшых нюансаў этыкету, паставіў локаць на парапет ложы, і Яго Высокасць гэта абурыла.
І.С.: — Ёсць вядомы стэрэатып: усе каштоўныя дакументы даўно былі вывезены з тэрыторыі краіны, і спадзявацца на нейкія ашаламляльныя знаходкі належыць толькі па-за яе межамі…
З.Д.: — Што самае цікавае — здабытыя мною звесткі ляжалі літаральна пад рукой, у мінскіх архівах, і не трэба было нікуды па іх ехаць. Нярэдка бывае так: бярэш справы, якія праляжалі ўжо 200 гадоў, і бачыш, што ты першы, хто імі зацікавіўся! Хаця, здавалася б, калі ты навуковец і займаешся той ці іншай тэмай, міма такой важнай крыніцы проста не прайсці. З аднаго боку, гэтая абыякавасць выглядае ледзь не як катастрофа, з другога — абнадзейвае і забяспечвае вялікія планы на будучыню.
Дзяніс ЛІСЕЙЧЫКАЎ: — Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі — адзін з самых буйных ва ўсёй Усходняй Еўропе. Тут захоўваецца вялікі комплекс дакументаў перыяду Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай. Маюцца на захаванні таксама дакументы ўстановаў Мінскай, Віцебскай і Магілёўскай губерняў Расійскай імперыі. Калі да нас звяртаюцца, прыкладам, прадстаўнікі раённых музеяў і пытаюць, што ў нас можна знайсці пра іх край, мы адказваем: ды не раўнуючы ўсё!
З.Ю.: — Магу засведчыць, што Нацыянальны гістарычны — гэта сапраўдны Кландайк для дбайных даследчыкаў. Менавіта ў яго нетрах мне літаральна сёлета ўдалося знайсці звесткі пра тое, што Рэйтан і Касцюшка — траюрадныя браты, а Ігнат Дамейка — іх пляменнік у чацвёртай страчы. Ды і пра род Міцкевічаў, якім таксама давялося зацікавіцца, адшукалася нямала новай інфармацыі, што стала асновай для маіх публікацый у “К”. Здавалася б, на гэтую тэму ўжо напісаныя цэлыя бібліятэкі, але, тым не менш, многія вартыя ўвагі факты прайшлі міма ўсіх папярэдніх пакаленняў міцкевічазнаўцаў.
А.Ж.: — У той самы час, многія датычныя нашай гісторыі звесткі можна адшукаць толькі за мяжой. Прыкладам, у езуітаў адзін асобнік кожнага дакумента захоўваўся ў калегіуме, другі скіроўваўся правінцыялу, а трэці — у генеральны архіў у Рыме. І калі першыя два маглі даўно знікнуць, трэці і дасюль чакае беларускіх навукоўцаў. Аднак найбольш дакументаў захоўваецца ў самым буйным зборы гістарычных матэрыялаў –– Ватыканскім Таемным Архіве. Менавіта таму многія краіны Еўропы, у тым ліку і нашы суседзі, нават заснавалі ўласныя інстытуты для пошуку ў тым велізарным сховішчы, дзе агульная даўжыня паліцаў каля 40 кіламетраў, матэрыялаў па сваёй гісторыі. Вядома, і нам бы гэта не пашкодзіла.
Анатоль СЦЕБУРАКА: –– Нацыянальная бібліятэка Францыі, з якой мне даводзілася супрацоўнічаць, выдаткоўвае велізарныя сродкі на алічбоўку сваіх архіўных крыніцаў, і цяпер яны дасяжныя нават праз інтэрнэт. А дакументаў, датычных беларускай гісторыі, там таксама вельмі шмат — прыкладам, дыпламатычная перапіска часоў ВКЛ альбо прыватная карэспандэнцыя вядомых асобаў. Пакуль для даследчыка гэта неўзаранае поле.
З.Д.: — Дарэчы, постаццю Дуніна-Марцінкевіча я ўсур’ёз зацікавіўся абсалютна выпадкова: ён быў адным з “пастаяльцаў” Мінскага турэмнага замка, якім я тады ўшчыльную займаўся. Месца гэтае ведае кожны, а вось яго гісторыя да нядаўняга часу заставалася “цёмным лесам”. Было хіба некалькі газетных артыкулаў, якія паўтаралі тыя самыя аблудныя звесткі. Дый нават у “Вікіпедыі” напісана, што гэта ледзь не самая надзейная турма ў свеце, з якой ніхто ніколі не ўцякаў. Хаця насамрэч уцячы адтуль было не надта складана, і з гэтым звязана нямала камічных гісторый.
Д.Л.: — Плён працы такіх энтузіястаў, як цёзкі Дрозд і Юркевіч, паказвае, што нашы архіўныя сховішчы пакуль зусім нявывучаныя, і нас яшчэ чакае процьма адкрыццяў практычна па ўсіх тэмах. Ды, на вялікі жаль, ёсць і яшчэ адна праблема: інерцыя мыслення. Выданні спраўна тыражуюць тыя самыя звесткі, хаця архівісты даўно ўжо даказалі іх недакладнасць.
З.Д.: — Так, многія выяўленыя звесткі прымушаюць перапісваць энцыклапедыі.
С.Н.: — Але гэтага пакуль не адбываецца. Адкрываю я свежую энцыклапедыю “Культура Беларусі”, знаходжу артыкул пра Агінскага — і бачу, што там проста памылка на памылцы! Звесткі, якія не пераглядаліся з 1960-х... Няўжо нельга тым, хто рыхтуе такія грунтоўныя выданні, хаця б звярнуцца па кансультацыю да спецыяліста — калі ўжо няма сродкаў замовіць яму артыкул? Бо наступная ж энцыклапедыя выйдзе яшчэ гадоў мо праз дваццаць…
І.С.: — Наколькі ўвогуле наша навуковая супольнасць схільная да рэвізіі поглядаў?
З.Д: — Даследчыкі, якія прысвяцілі пэўнай тэме ледзь не ўсё жыццё, часта ўпарта стаяць на сваім ды ўспрымаюць такую рэвізію як асабісты выклік. Зразумела, маладыя і нахабныя хлопцы кшталту мяне іх бянтэжаць. Хаця такая сітуацыя — усяго толькі адгалосак агульнай ісціны: ніколі нельга ставіць кропку ў даследаваннях.
З.Ю.: — Мне ўдалося пазбегнуць удару з боку прызнаных аўтарытэтаў, бо, як выявілася, у абранай мной тэме даследаванняў іх папросту няма — прынамсі, у Беларусі! Чамусьці я быў першым, хто грунтоўна зацікавіўся постаццю Тадэвуша Рэйтана ды стаў мэтанакіравана даследаваць яе ў архівах не толькі Беларусі, але таксама Польшчы і Літвы.
С.Н.: — Мая магістральная тэма — музыка ХІХ стагоддзя, і тут знаходкі пакуль не вычэрпваюцца. Прыкладам, не так даўно ўдалося выявіць вялікі музычны архіў Забельскага дамініканскага калегіума, падзелены цяпер па розных бібліятэках Літвы. Адшуканы творы кампазітара Плашыны — першыя ўзоры сімфанічнага жанру на нашых землях. Раней лічылася, што да рэвалюцыі нічога падобнага не было. Яшчэ адна знаходка — партыі імшы аўтарства Дамініка Стэфановіча. Раней ён быў вядомы выключна як настаўнік Манюшкі, але твор, які выконваўся ў Мінскай катэдры, выяўляе яго і як практыкуючага кампазітара. Адпаведна, ён мог навучыць Манюшку не толькі ігры на фартэпіяна.
І.С.: — А ці лёгка бывае вярнуць гэтыя творы ў культурны ўжытак?
С.Н.: — На жаль, не заўсёды. Многія выяўленыя за мяжой музычныя знаходкі — тыя ж оперы “Фаўст”, “Агатка” ці “Чужое багацце нікому не служыць” — мелі шчаслівы лёс, бо былі пастаўлены на сцэне альбо прынамсі запісаныя. А вось, напрыклад, “Вастрабрамская літанія” Юзафа Дашчынскага, партытуру якой нам удалося аднавіць, выконвалася ўсяго адзін раз і, як мне падаецца, не найлепшым чынам. Адно з выдавецтваў узялося надрукаваць гэты твор, але выйшла пакуль усяго пару асобнікаў. Хаця вартасць яго несумненная. Аўтар — беларускі кампазітар, які нечым нагадвае Гайдна і Моцарта, вядомы і шанаваны ў Еўропе, пражыў большую частку жыцця ў Рэчыцкім павеце. Шкада, што аб вяртанні яго спадчыны рупяцца хіба адзінкі.
Д.Л.: — І гэта наогул істотная праблема — як данесці знойдзеныя ў архівах звесткі да шырокага кола грамадскасці. Пакуль што навідавоку разрыў паміж даследчыкам, які працуе па пэўнай тэматыцы, і карыстальнікам інфармацыі.
І.С.: — Даследчык займаецца карпатлівай працай, і ў выніку назапашваецца тая крытычная маса, якая павінна выліцца ў манаграфію. Куды ісці яму з рукапісам кнігі? Ці хтосьці яго чакае?
З.Д.: — У мяне шлях наступны: сам напісаў кнігу, сам зрабіў макет, выдаў за ўласны кошт і займаўся распаўсюдам. Думаю, большасці калегаў такі алгарытм знаёмы.
Д.Л.: — Наш архіў займаецца выданнем зборнікаў дакументаў і біяграфічных даведнікаў, агулам за дзесяць гадоў іх выйшла пад тры дзясяткі. Штогод выходзіць адмысловы навуковы зборнік “Архіварыус”. Многія навуковыя ўстановы таксама маюць свае спецыялізаваныя перыёдыкі. Але ў падобных выданняў вузкая мэтавая аўдыторыя. Даследчыкам неабходна шукаць іншыя каналы папулярызацыі сваіх набыткаў. Прыкладам, актыўна працаваць з прэсай, у тым ліку і рэгіянальнай. На яе старонках вельмі часта перадрукоўваюць звесткі са старых энцыклапедый альбо сумнеўныя белетрыстычныя паданні, бо свежавыяўленых фактаў пра мінуўшчыну свайго краю не хапае. Не ведаю, ці публікуе “Ляхавіцкі веснік” матэрыялы пра Рэйтана…
З.Ю.: — Мне ўдалося апублікаваць артыкулы на гэтую тэму ледзь не ў дзясятку цэнтральных выданняў, а вось адзіная газета, якая іх друкаваць адмаўляецца — акурат ляхавіцкая раёнка. Нават не ведаю чаму, бо адказаў я не атрымліваў.
С.Н.: — Думаю, час Рэйтана на Беларусі проста яшчэ не прыйшоў, але не выпадае сумнявацца, што ён абавязкова прыйдзе. З Агінскім усё было гэтаксама. Дзесяць гадоў таму, калі я абараняла дысертацыю, нехта нават напісаў на мяне ў ВАК “ананімку”: маўляў, тэма “недобранадзейная”… Але вельмі хутка ўсё кардынальна змянілася: адкрыты музей-сядзіба Агінскага ў Залессі, пры Акадэміі навук ствараецца навуковы цэнтр спадчыны кампазітара. Вы кідаеце добрыя зярняткі ў глебу, і з часам яны дадуць свой плён.
Д.Л.: — Парадаксальным чынам, вельмі часта выяўленыя архівістамі факты не знаходзіць водгуку менавіта ў тых мясцінах, дзе, здавалася б, імі павінны былі б найбольш зацікавіцца.
З.Д.: — Мне ўдалося ўстанавіць дзясяткі месцаў на Беларусі, звязаных з родам Марцінкевічаў — раней у гэтым спісе былі хіба Панюшкавічы, Мінск і Люцынка. Прыкладам, стала вядома, што маці літаратара пахаваная на глускіх могілках. Здавалася б, раёну варта было б праявіць да гэтага факта пэўную цікавасць — хаця б адносна турыстычнага патэнцыялу…
Д.Л.: — На жаль, ініцыятывы на месцах відавочна бракуе. Не так даўно энтузіяст з Ганцавіцкага раёна Віталь Герасіменя адшукаў непадалёк ад вёскі Малькавічы старажытныя надмагільныя помнікі, звярнуўся да нас з просьбай зрабіць іх даціроўку, і ўдалося ўстанавіць, што яны ажно з XVI стагоддзя! Навукоўцы з усёй краіны назвалі гэтае адкрыццё бадай сенсацыйным, аднак, тамтэйшы краязнаўчы музей пакуль не спяшаецца перанесці тыя камяні на сваю тэрыторыю, забяспечыўшы тым самым іх захаванне. Хаця гэта, напэўна, самыя каштоўныя экспанаты ў іх фондах!
З.Д.: — Што да папулярызацыі ведаў… Вялізныя магчымасці тут дае інтэрнэт, хаця б нават сацыяльныя сеткі. Калі я напісаў пост, запытаўшы, каму цікава інфармацыя пра турэмнае зняволенне Дуніна-Марцінкевіча, адразу з’явілася прапанова зрабіць артыкул для аднаго з выданняў.
Д.Л.: — Апошнім часам мы спрабуем папулярызаваць архіўныя дакументы акурат праз сацсеткі і я магу падзяліцца пэўнымі высновамі. Калі гэта проста скупыя факты — наколькі б яны ні былі эксклюзіўнымі — болей за пару лайкаў не дачакаешся. Але калі нават даўно вядомыя ў вузкім коле рэчы падаць смачна, гэтае паведамленне потым будуць ахвотна тыражаваць. Адпаведна, даследчыкам неабходна вучыцца “віруснай” падачы інфармацыі. Мы ж памятаем, колькі розгаласу выклікала нядаўняя “навіна” пра тое, што ў Скарыны не было вусоў…
А.С.: — Неяк патрапілася публікацыя, прысвечаная славутым месцам Напалеона ў Мінску…
З.Д.: — Спадзяюся, з яго сэлфі?
А.С.: — Жарты жартамі, але… не так даўно мне ўдалося пралабіраваць уключэнне капліцы Рэйтанаў у Ляхавічах у міжнародны гід па напалеонаўскіх мясцінах. Справа ў тым, што пляменнік Тадэвуша Дамінік, пра якога я адшукаў у Францыі надзвычай цікавыя дакументы, быў не абы-якой значнасці ваяром у арміі Банапарта. Адпаведна, вынікі даследаванняў архівістаў могуць быць карысныя не толькі беларусам…
Д.Л.: — Адна справа — падаваць факты з "разынкай", а зусім іншая — "разынкі" без фактаў. Без сумневу, гэтак званая фолк-гісторыя стала ўжо вялікай праблемай, і грунтоўныя навуковыя даследаванні часта ёй прайграюць у плане пераканаўчасці падачы. Тым больш, сёння кожны можа выдаць кніжку за ўласны кошт без мінімальнага навуковага рэдагавання ды рэцэнзавання. Чалавек прыходзіць у архіў, знаходзіць там паасобныя факты і за месяц-два робіць цэлую кніжку з сенсацыйнымі высновамі… У Расіі ёсць ініцыятыва “Навукоўцы супраць міфаў”, якая даходліва і дасціпна змагаецца з рознымі байкамі. Думаю, хутка і ў нас наспее такая патрэба.
З.Д.: — З поп-гісторыяй вельмі цяжка змагацца. Адна справа — гэта зацяты адэпт, які з запаленымі вачыма будзе пераконваць цябе, напрыклад, у тым, што ў Вялікім Княстве Літоўскім не было прыгоннага права, а зусім іншая — даследчык, які на свае вочы бачыў у архівах купчыя сялян. Наўрад ці яны паразумеюцца.
С.Н.: — Хацелася б спадзявацца, што прадстаўнікі мас-медыя з часам стануць больш сумленнымі і замест таго, каб папулярызаваць антынавуковыя факты, будуць звяртацца да спецыялістаў. Бо пакуль мы, такое адчуванне, існуем у паралельных сусветах. Архівісты збольшага людзі непублічныя, ды і ці трэба ім, наогул, быць шоуменамі?
З.Д.: — Не думаю, што плён нашай працы можа стаць масавай літаратурай — усё ж, яна мае іншую спецыфіку. Але зробленыя архівістамі адкрыцці могуць быць добрым падмуркам для спецыялістаў іншага профіля.
А.Ж.: — Грунтуючыся на архіўных даных, можна зрабіць добры фільм альбо кнігу ў папулярным ключы.
Д.Л.: — Да ўсяго, выяўленыя ў архівах звесткі пры ўмелым выкарыстанні могуць мець не толькі навуковае, але нават і эканамічнае значэнне. Прыкладам, да нас нярэдка звяртаюцца прадстаўнікі буйных вытворцаў, якіх цікавіць гісторыя іх прадпрыемстваў. За апошнія гады такія знаныя брэнды, як “Аліварыя”, “Мілавіца”, “Камунарка”, узнавілі сваю гісторыю паводле нашых дакументаў. Без сумневу, гэта не абы-як працуе на іх імідж.
А.С.: — Яшчэ адзін перспектыўны напрамак —вывучэнне тых французскіх архіваў, што пасля вайны трапілі ў Беларусь і падзеленыя паміж рознымі сховішчамі. Чаму гэта можа быць карысна для нас? Найперш таму, што спрыяе супрацоўніцтву ў навуковых колах. Бо пакуль што, як мне падаецца, у той жа Францыі даследчыкі пра нас мала ведаюць і таму ставяцца трохі насцярожана. То бок ёсць нагода выправіць сітуацыю.
І.С.: — Адпаведна, жніво вялікае, а работнікаў мала…
З.Д.: — Важна стымуляваць тых, хто вучыцца на гістфаку, скіроўваць студэнтаў у архівы, прапаноўваць ім цікавыя і маладаследаваныя тэмы. Бывае, што чалавек атрымлівае дыплом — і нават не ведае, дзе той архіў знаходзіцца.
Д.Л.: — Паколькі я сам працую ў архіве, дык магу назіраць за ростам запатрабаванасці архіўных матэрыялаў. Яшчэ напрыканцы 1990-ых у чытальную залу людзі хадзілі мала, не ўяўляючы, што ў архівах можа быць нешта вартае ўвагі, але апошнія год пятнаццаць цікавасць несупынна расце. Што вабіць больш за ўсё? Безумоўна, генеалогія.
І.С.: — А якой інтэнцыяй кіруецца той, хто выпраўляецца працаваць у архіў?
З.Ю.: — Па-першае, Рэйтан — лічы, мой зямляк, ён жыў у колішнім Навагрудскім ваяводстве. А па-другое… Як бы гэта пафасна ні гучала, быў пакрыўджаны мой нацыянальны гонар: у замежных крыніцах ён падаваўся выключна як герой суседняй краіны, хаця, як мне ўдалося высветліць, паводле паходжання Рэйтан быў да пятага калена тутэйшы, і на сойме 1773 года прадстаўляў ВКЛ. Да ўсяго, у архівах я збіраю матэрыялы для таго музея, які, хочацца верыць, паўстане ў Грушаўцы. Займаюся гэтай справай каля пяці гадоў, і яна стала істотнай часткай майго жыцця. Не ўяўляю сябе без яе.
А.Ж.: — Архівазалежнасць…
С.Н.: — Усе гэтыя людзі — у добрым сэнсе апантаныя. Згадваю пачатак даследчыцкай дзейнасці, калі мы разам з маім навуковым кіраўніком, прафесарам Вольгай Дадзіёмавай за свае грошы ездзілі ў Кракаў і Берлін. Гэта была не абы-якая прыгода — падарожжа ў пошуках скарбаў. І сапраўды, для даследчыка новы факт — не меншы скарб, чым схаванае піратамі золата. Тым больш, матэрыяльных дывідэндаў у Беларусі такая праца не прыносіць.
А.С.: — Самыя лепшыя знаходкі здараюцца ў тых людзей, якія архівісты ўжо паводле складу характару. Нечым яны нагадваюць калекцыянераў, хіба з той розніцай, што збіраюць не маркі альбо манеты, а факты — каб потым складаць іх у цэльны пазл. І гэтая ўнутраная патрэба — акурат самая важная матывацыя. Ведаю многіх, хто прыходзіў у архіў, папрацаваў там некалькі дзён і кідаў, бо разбіранне старых нечытэльных дакументаў здавалася ім нуднай і нецікавай справай. А ёсць людзі, для якіх гэта і сапраўды неад’емная частка жыцця. Таму ў пэўным сэнсе мы — калекцыянеры новых фактаў, адкрыццяў, новых часцінак пазла. Гэта нас аб’ядноўвае.
Д.Л.: — Многія прыходзяць з канкрэтнай мэтай — напрыклад, пацвердзіць факт сваёй прыналежнасці да дваранскага саслоўя. Іх не цікавіць ісціна як такая. Цікавіць пацвярджэнне тых міфаў, што ўжо склаліся ў галаве. Таму і імпэту на пошукі надоўга не хапае. Архівісты — зусім іншыя людзі, якім карціць дакапацца да праўды. І ўжо распачаўшы рухацца па гэтым шляху, не можаш спыніцца. А хто шукае, той рана ці позна знаходзіць.
Фота Таццяны МАТУСЕВІЧ
Аўтар: Ілья СВІРЫН
аглядальнік газеты "Культура"

воскресенье, 11 июня 2017 г.

Ляхавіцкі ўікэнд 10-11 чэрвеня 2017

10-11 чэрвеня 2017 года на родавым пахаванні Рэйтанаў, у межах планавых прац па аднаўленню капліці адбылася мікра-талака. 
Стан тынкоўкі па ўсёй паверхні капліцы - катастрафічны, асыпаўся ад дотыка рукой. Тое самае датычыцца і стану некаторых цаглінаў, якія, падобна, былі не абпальваліся, але толькі сушыліся на сонцы.
Фатаздымкі зроблены ў першы дзень. 
Працавалі: 
Алесь Мачульскі, Зьміцер Юркевіч  і Анатоль  Новікаў.

11 чэрвеня "талочылі" Анатоль Новікаў і Алесь Мачульскі.


17-18 чэрвеня , пры спрыяльным надвор'і, плануецца працяг . Запрашаем далучацца!


Інфармацыя і кантакт :