понедельник, 29 апреля 2019 г.

Падарожжы з Жыгамонтам. Вёска Грушаўка

У апошні красавіцкі дзень , як і было паабяцана Юрыем Жыгамонтам, выйшаў чарговы выпуск праграмы "Падарожжы Жыгамонта". І прысвячаецца ён і Грушаўцы... і Тадэвушу Рэйтану!

Але, значна раней, яшчэ ў 2003 годзе, спадар Жыгамонт ўжо пабываў у Грушаўцы. Але, відэа таго выпуска, нажаль, не захавалася.
Пытанне да аматараў "Падарожжаў" усіх фарматаў. Можа, хто займаўся запісам выпускаў на відэа-касеты? І, выпадкам, захаваў у прыватным архіве тую праграму?
Бо, у тыя часы, мы ўсе займаліся чым-нечым падобным. :)

Хачу шчыра падзякаваць спадара Жыгамонту, а таксама і ўсю суполку ягоных падлечнікаў, якія стварылі гэты важны фільм! Бо, артыкулы -добра, але стужкі-выдатна! :)



«Забіце мяне, не забівайце Айчыну!»


https://novychas.by/poviaz/zabice-mjane-ne-zabivajce-ajczynu

«Забіце мяне, не забівайце Айчыну!»

Імя Тадэвуша Рэйтана для палякаў даўно, яшчэ з ХІХ стагоддзя, стала ўвасабленнем вобразу самаахвярнага патрыёта. У Беларусі ж гэты чалавек пасля Другой сусветнай вайны быў забыты, нягледзячы на яго мясцовае паходжанне.
Ян Матэйка. Рэйтан на Сойме 1773 года
Твор напісаны ў 1866 годзе, а выяўленая на ім сцэна нагадвае пра трагічную сітуацыю, якая склалася на Сойме Рэчы Паспалітай у красавіку 1773 года. Ляжачы чалавек у шляхецкім убранні, разарваўшы на грудзях жупан, адчайна закрывае соймавым паслам выхад з памяшкання.
Тадэвуш Рэйтан, мастак  Уладыслаў Барвіцкі, 1917
Але ў XVIII–XIX стагоддзі закладалі падмуркі культу памяці пра Рэйтана яго землякі-літвіны з Віцебшчыны, Наваградчыны, Брэстчыны і Віленшчыны: пісьменнікі Францішак Князьнін, Юльян Урсын Нямцэвіч, Адам Міцкевіч, Генрык Жавускі (стрыечны ўнук Тадэвуша Рэйтана), Уладзіслаў Сыракомля, мастакі Францішак Смуглевіч і Людвік Горварт. З беларусаў жа ў другой палове ХХ стагоддзя адзіным пісьменнікам, які меў мужнасць згадаць пра Рэйтана ў сваіх творах, стаў Уладзімір Караткевіч.
Сёння, аднак, памяць пра Тадэвуша Рэйтана і ў нас ажыла ды ўсё больш актуалізуецца. Яму ўжо аддае належнае нават сучасная беларуская дзяржава, пра што сведчаць дакументальны фільм, створаны на тэлеканале АНТ, фестывалі, выставы, публікацыі ў дзяржаўных СМІ. Праўда, пакуль у нас няма прысвечаных Рэйтану вуліц, школ, памятных дошак і помнікаў, але трэба спадзявацца, што з часам з’явяцца і яны. Бо, як казаў Адам Міцкевіч, «сам народ прызнаў Рэйтана Вялікім». А той народ, за інтарэсы якога змагаўся Рэйтан, быў не толькі польскім.

Нашчадак крыжакоў

Першыя згадкі пра род Рэйтанаў сягаюць у сярэдзіну XV стагоддзя, і датычаць яны тэрыторыі Усходняй Прусіі. У 1467–1468 гадах Якуб фон Рэйтан атрымаў ад кіраўніцтва Тэўтонскага ордэна дзве вёскі, за што павінен быў станавіцца ў шэрагі крыжакоў у лёгкім узбраенні. Адкуль быў родам і якога паходжання быў гэты Якуб, да гэтага часу не вядома. Мог ён быць і прусам, і немцам, і анямечаным славянінам з тэрыторыі Саксоніі, адкуль на землі Тэўтонскага ордэна ішоў самы вялікі паток каланістаў. У любым выпадку, у жылах нашчадкаў Якуба цякла мяшаная кроў, бо Рэйтаны актыўна радніліся з мясцовымі родамі, сярод якіх былі як немцы-перасяленцы, так і анямечаныя прусы-аўтахтоны.
У пачатку XVII стагоддзя, падчас вайны Рэчы Паспалітай са Швецыяй, адзін з Рэйтанаў, Фрэдэрык Ян, паступіў на службу да аднаго з літоўскіх магнатаў — Жыгімонта Караля Радзівіла, які быў сваяком. Вярнуўшыся з гэтага паходу разам з Рэйтанам, Радзівіл, «мінуючы сойм», увёў яго ў шляхецтва ВКЛ. З таго часу і аж да пачатку ХХ стагоддзя, калі памёр, не пакінуўшы нашчадкаў, апошні прадстаўнік роду Юзаф Пётр Павел, Рэйтанаў і Радзівілаў лучылі розныя сувязі: і сваяцкія, і сяброўскія, і адносіны «кліент-патрон».
Графічны шэраг "Род Рэйтанаў. Асобы .Падзеі" . Мастак Алесь Родзін, гістарычны кансультант Зміцер Юркевіч

Бацькі і Грушаўка

У мінскім фарным езуіцкім касцёле Найсвяцейшай Панны Марыі 4 кастрычніка 1739 года адбылася цырымонія вянчання. Маладымі былі Дамінік Рэйтан, гусарскі харужы і наваградскі стражнік, і Тарэза, дачка мінскага стольніка Лявона Паўла Валадковіча. Род Валадковічаў меў вялікі ўплыў на Міншчыне, а іх радавая сядзіба знаходзілася на тым месцы, дзе сёння размяшчаецца Палац Рэспублікі. Мінскім паходжаннем Тарэзы якраз і тлумачыцца, чаму вянчанне адбывалася ў гэтым горадзе — тады была традыцыя рабіць гэта менавіта ў парафіі, да якой належала маладая.
Але жыць наваствораная сям’я стала ў радавым котлішчы Рэйтанаў — маёнтку Грушаўка, які знаходзіцца паміж Ляхавічамі і Нясвіжам. Гэты маёнтак Міхал Рэйтан, бацька Дамініка, набыў у канцы XVII стагоддзя. З таго часу і да 1910 года Грушаўка належала роду Рэйтанаў, а пазней іх сваякам.

Дамінік Рэйтан добра падрыхтаваўся да сустрэчы жонкі. Ім быў узведзены аднапавярховы драўляны сядзібны дом, даволі тыповы для таго і пазнейшага часу. Гэты будынак вядомы з акварэлі Напалеона Орды, які і сам і сваякі якога не раз бывалі ў Рэйтанаў як госці.

Пад харугвамі Радзівілаў

Тадэвуш Рэйтан, якому лёсам было наканавана стаць самым славутым прадстаўніком свайго роду, нарадзіўся праз год пасля шлюбу бацькоў, блізу 28 кастрычніка 1740 года. Атрымаўшы імя ў гонар святога Тадэвуша, добрую хатнюю адукацыю і ўзорнае выхаванне, ён працягнуў навуку, па ўсёй верагоднасці, у нясвіжскім езуіцкім калегіуме. Завяршыўшы навучанне, Тадэвуш стаў правай рукой свайго бацькі. Паводле даўняй сямейнай традыцыі, Рэйтаны былі прыхільнікамі Радзівілаў. А паколькі па смерці Міхала Казіміра Радзівіла «Рыбанькі» тагачасны галава гэтага роду, Караль Станіслаў «Пане Каханку», браў актыўны ўдзел у міжусобных магнацкіх войнах, якія разгортваліся на фоне палітычнай нестабільнасці ў краіне, то і Тадэвуш таксама не мог застацца ад гэтага ўбаку. І калі «Пане Каханку» прайграў вайну роду Чартарыйскіх падчас міжкаралеўя 1763–1764 гадоў, часова страціўшы ўсе свае ўладанні і змушана выправіўшыся ў эміграцыю, яго долю падзяліў і малады Рэйтан. Праўда, ужо ў 1766 годзе Рэйтан атрымаў амністыю і змог вярнуцца ў ВКЛ.
Неўзабаве вярнуўся на радзіму і «Пане Каханку». Але ён зноў не ўтрымаўся, каб не ўмяшацца ў бягучыя палітычныя падзеі. Далучыўшыся да Барскай канфедэрацыі, скіраванай супраць караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага і расійскага ўплыву, Радзівіл сабраў войскі ў Нясвіжы і ўступіў у баі з расійскімі падраздзяленнямі. У гэтым яму дапамагалі стары наваградскі падкаморы Дамінік Рэйтан і ягоны сын Тадэвуш. Але сілы аказаліся няроўнымі, канфедэраты прайгралі, а «Пане Каханку» зноў мусіў падацца на эміграцыю, гэтым разам на доўгія 10 гадоў.
У 1769 годзе памёр Дамінік Рэйтан, пасля чаго Тадэвуш стаў галавой усяго роду. На яго зваліліся вялікія побытавыя клопаты, бо трэба было «ставіць на ногі» шматлікіх малодшых братоў і сясцёр. Але мірна займацца гаспадаркай зноў доўга не давялося. Новая пагроза паклікала ваяра ў сядло.

Бацькаўшчына ў небяспецы

У 1772 годзе, пасля патаемных перамоў, якія вялі міжсобку расійскі, прускі і аўстрыйскі манаршыя двары, было прынятае рашэнне аб падзеле Рэчы Паспалітай. У верасні 1772 года войскі аўстрыйскага і расійскага імператараў і прускага караля ўвайшлі на яе тэрыторыю і занялі вызначаныя пад анексію землі. З земляў Вялікага Княства Літоўскага да Расійскай імперыі мусілі адысці такія гарады, як Полацк, Віцебск, Мсціслаў, Магілёў, Гомель — агулам 92000 квадратных кіламетраў з насельніцтвам блізу 1300000 чалавек.
Каб надаць сваім дзеянням выгляд законнасці (толькі і ўсяго, што вяртанне «спрадвечных тэрыторый»), дзяржавы-захопніцы дамагаліся правядзення надзвычайнага Сойму Рэчы Паспалітай, які меў задачай пацвердзіць падзел і санкцыянаваць новыя межы. Кароль Станіслаў Аўгуст, паддаўшыся вонкаваму ціску, у лютым 1773-га склікаў сенат, які прыняў рашэнне аб правядзенні Сойму. Соймікі, дзе абіраліся дэпутаты на яго, праводзіліся ў сакавіку.
Усяго ў Варшаву з’ехаліся 111 паслоў: 87 з тэрыторыі Польшчы, 24 — з ВКЛ. Намагаючыся забяспечыць сабе на Сойме большасць галасоў, расійскія, прускія і аўстрыйскія агенты — дзе грашыма, а дзе і зброяй — дабіваліся, каб шляхта выбрала дэпутатамі найменш прынцыповых асобаў. І гэта ў цэлым удалося. Але нават у такіх умовах знайшліся дэпутаты, якія ехалі на Сойм бараніць інтарэсы не чужынцаў, а ўласнай дзяржавы.
З такімі думкамі ехалі ў Варшаву і паслы, абраныя ў Наваградскім ваяводстве, — наваградскі падкаморы Тадэвуш Рэйтан (32 гады) і наваградскі земскі пісарэвіч Самуэль Корсак (каля 27 гадоў). Пра тое, што гэтыя паслы ехалі «на смерць», сведчыць адзін з пунктаў іх інструкцыі. Ён загадваў сваім паслам «пад пагрозай страты жыцця і маёнтка» не дазволіць адняць ад краіны нават маленькага кавалка тэрыторыі. Выкананне гэтай інструкцыі было справай маларэалістычнай, але наваградскія паслы, прынамсі, збіраліся паспрабаваць. Мелі яны на мэце і іншае.
Графічны шэраг "Род Рэйтанаў. Асобы .Падзеі" . Мастак Алесь Родзін, гістарычны кансультант Зміцер Юркевіч

Гістарычнае супрацьстаянне

Сойм мусіў урачыста адкрыцца 19 красавіка 1773 года. Праўда, яго замежныя рэжысёры пачалі рэалізоўваць свае планы за некалькі дзён да таго. 16 красавіка на прыватнай кватэры сабраліся на сход тыя паслы, якія да таго часу ўжо прыехалі ў Варшаву. Яны былі папярэдне апрацаваныя і падкупленыя, а таму паслухмяна выканалі дзеянні, якія ад іх патрабаваліся. На сходзе была заснавана шляхецкая канфедэрацыя, маршалкам якой быў абраны расійскі агент Адам Панінскі. Трэба адзначыць, што з амаль 80-ці паслоў, якія заснавалі гэтую канфедэрацыю, толькі сем прадстаўлялі ВКЛ.
Сэнс гэтай камбінацыі быў наступны. Паводле тагачасных законаў Рэчы Паспалітай, у Сойме дзейнічала правіла liberum veto, якое прадугледжвала прынцып аднагалосся пры прыняцці ім рашэнняў. Згодна з гэтым правілам, любы пасол мог спакойна сарваць Сойм, бо пасля ўжывання liberum veto Сойм мусіў спыніць сваю працу. Але правіла пераставала дзейнічаць у тым выпадку, калі Сойм меў статус канфедэрацкага. Каб надаць Сойму менавіта такі статус і такім чынам пазбавіць апазіцыю ўсялякіх магчымасцяў для хоць нейкага ўплыву, акурат і павінна была служыць патаемна заснаваная канфедэрацыя. Праўда, па законах краіны гэта было нечуванае да таго злачынства. Бо канфедэрацыі мусілі стварацца задоўга да Сойму, а не ў апошні дзень.
Пра стварэнне канфедэрацыі і, адпаведна, перафарматаванне Сойму было абвешчана адразу пасля пачатку яго працы. Адам Панінскі быў прадстаўлены як маршалак Сойму.
І тут са свайго месца гучна адазваўся Тадэвуш Рэйтан. Ён заявіў, што скліканне Сойму ў Варшаве ўвогуле незаконнае, бо кожны трэці Сойм мусіць, па законе, праходзіць на тэрыторыі ВКЛ і маршалкам мусіць быць «ліцьвін, абраны адкрытым галасаваннем з прысутных паслоў ВКЛ». Далей Рэйтан засведчыў неадпаведнасць закону створанай на прыватнай кватэры нейкай «канфедэрацыі», а таксама перафарматавання Сойму з вальнага ў канфедэрацкі.
Выступленне Рэйтана мела выбуховы эфект, у залі пасля яго ўзняўся страшэнны шум. Наваградскага пасла падтрымалі 16 іншых паслоў з ВКЛ, а таксама адзінкі з палякаў. Рэйтан не даў Панінскаму прыступіць да выканання абавязкаў маршалка, сам заняўшы адпаведнае крэсла. Гэтым Тадэвуш дэманстраваў, што выбар маршалка на патаемным сходзе з пункту гледжання закона — нікчэмны, і што з такім жа поспехам гэтую функцыю можа выконваць і ён сам, нікім не абіраны.
Пратэсты Панінскага і яго прыхільнікаў нічога не далі. Першае пасяджэнне Сойму скончылася нічыёй. З аднаго боку, Сойм не ўдалося адразу павесці паводле загадзя запланаванага сцэнарыя, з другога — у Рэйтана і яго аднадумцаў не атрымалася пераламаць настроі, арганізаваўшы выбары новага, законнага маршалка. Сесія была толькі перанесеная на наступны дзень.
Змаганне, аднак, працягвалася. Паслы-патрыёты засталіся ў зале пасяджэнняў на ўсю ноч з мэтай прадухіліць яе захоп агентамі Панінскага. А назаўтра жарсці разгарэліся з новай сілай. Рэйтан і яго прыхільнікі голасна даводзілі, што канфедэрацыя ніяк не можа стварацца вось так — на прыватнай кватэры за дзень да Сойму. Бо паслы адпаведнымі ўніверсаламі караля склікаліся на вальны Сойм, і менавіта на яго павятовай шляхтай выпраўляліся, пра што сведчаць іх інструкцыі. Пра канфедэрацыі ж ніякай гаворкі не вялося. Слоўныя баталіі цягнуліся некалькі гадзін, пакуль пасяджэнне зноў было не закрытае і перанесенае на новы дзень. Рэйтан з аднадумцамі зноў начавалі ў памяшканні Сойму.
Такім самым чынам прайшоў і трэці дзень — апошні з тых, якія адводзіліся законам на выбары маршалка Сойму. Калі было абвешчана, што сесія зноў закрываецца і пераносіцца на заўтра, а частка паслоў пацягнулася да выхаду, Рэйтан наважыўся на зусім адчайны крок. Роспачна апелюючы да сумлення паслоў-здраднікаў і заклікаючы іх успомніць пра любоў да Бацькаўшчыны, ён заступіў ім выхад сваім распасцёртым на падлозе целам, у разадраным на грудзях кунтушы і жупане. Сэнс словаў, якімі ён спрабаваў растапіць сэрцы апанентаў, быў такі: «Забіце мяне, не забівайце Айчыну!» Але нічога не дапамагло. Прыхільнікі Панінскага пераступілі праз Рэйтана і выйшлі з залы. Тыя з паслоў, якія не падпісалі акта канфедэрацыі раней, зрабілі гэта цяпер.
Толькі трое паслоў з ВКЛ, — Рэйтан, Корсак і прадстаўнік Мінскага павета Станіслаў Багушэвіч, — засталіся ў Сойме і на трэцюю ноч, каб зранку не даць Панінскаму ўвайсці ў залу з трыумфам. Іх спрабавалі падкупіць, запалохаць ці выманіць адтуль рознымі хітрыкамі, але ўсё было марна. Сышлі яны з залы толькі тады, калі ўвечары каралеўскі сакратар паведаміў пра далучэнне да канфедэрацыі самога Станіслава Аўгуста Панятоўскага. Далейшы супраціў у такіх умовах рабіўся бунтам супраць караля і дзяржавы. Таму літоўскія паслы пайшлі, і дзверы за імі зачыніліся. Фармальна яны прайгралі, але маральная перамога была на іх баку.
Дарэчы, многія еўрапейскія выданні таго часу адгукнуліся цэлымі серыямі публікацый пра падзеі на Сойме. «Наваградскія паслы Рэйтан і Корсак», не сыходзілі з іх старонак доўгі час. Праз гэта свет даведаўся сярод іншага і пра існаванне беларускага горада.
Негатыўная інфармацыйная хваля, якая, дзякуючы тром паслам з Ляхавічаў, Наваградка і Мінска, знесла ўсе грэблі «легальнасці» падзелаў Рэчы Паспалітай. Дэкарацыі, якія так старанна выбудоўвалі тры імперыі, абваліліся праз намаганні трох чалавек! Свет даведаўся, што гаворка вядзецца пра гвалтоўны захоп чужых земляў, пра выкручванне рук Панятоўскаму праз «трох арлоў, якія мелі на траіх пяць галоваў».
Рэйтан працягваў сваё змаганне з Панінскім, ваюючы словам. Той выдаў загад арыштаваць наваградскага пасла. Калі за Рэйтанам прыйшлі судовы чыноўнік, афіцэр і сем жаўнераў, Тадэвуш з такім імпэтам наляцеў на іх з шабляй, што яны вымушаныя былі збегчы.
У гэты самы час Станіслаў Багушэвіч перадаў з гродзенскім шляхціцам Адамам Кулікоўскім для актыкацыі ў мінскі гродскі суд свой ліст, у якім апісаў усё, што насамрэч адбывалася на Сойме. Усе «подзвігі» Панінскага сталі вядомыя жыхарам ВКЛ. На падставе гэтага ліста і некаторых дакументаў у час Вялікага Сойму Панінскага ўзялі пад варту, асудзілі, пазбавілі чыноў і ўзнагарод і выгналі з краіны. Але Расія не пакінула свайго кліента ў бядзе. Праз некалькі гадоў ён вярнуўся ў Рэч Паспалітую, атрымаў усё адабранае і прыдбаў яшчэ болей.
Здрада не прынесла яму шчасця. Памёр Панінскі ў 1798 годзе ў прыдарожнай канаве, адмовіўшыся ад апошніх паслугаў ксяндза.
А што ж Тадэвуш Рэйтан? Ён прыняў рашэнне застацца ў Варшаве, каб быць сведкам гвалту з краіны. Увесь час быў напагатове, гатовы схапіцца за шаблю, каб задорага прадаць сваё жыццё. Ліставаўся з Радзівілам.
У красавіку 1775 года Сойм яшчэ раз пацвердзіў Акт падзелу ВКЛ і Польшчы. Некаторыя паслы, якія хоць і падпісалі Акт канфедэрацыі, не паставілі свае подпісы пад Актам падзела Бацькаўшчыны. Больш за тое, у апошнія дні Сойму яны занеслі ў суд свае маніфесты, у якіх не прызнавалі падзел законным.
Грушаўка ,  мастак Ян Матэйка

Смерць не была самагубствам

Пасля завяршэння Сойму Тадэвуш Рэйтан вярнуўся ў Грушаўку. Больш ён ніколі не браў удзелу ні ў якіх палітычных гульнях, заняўшыся, пры падтрымцы братоў, аднаўленнем падупалай сямейнай гаспадаркі. Да траўня 1780 года яго імя можна было часта сустрэць на старонках розных судовых дакументаў.
Памёр Тадэвуш Рэйтан 8 жніўня 1780 года, і яго смерць даволі загадкавая. Да нядаўняга часу лічылася, што ён скончыў жыццё самагубствам. Але гэта міф. З таго, што засталося з апісанняў падзей, якія разыграліся ў Грушаўцы напачатку жніўня 1780 года, а таксама з архіўных дакументаў, вынікае наступнае. Расійскі генерал Іван Міхельсон, які за год да таго набыў у Міхала, малодшага брата Тадэвуша, маёнткі Рэйтанаў каля горада Невеля, што пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай апынуўся ў складзе Расіі, наведаў Грушаўку з візітам ветлівасці. Полк Міхельсона базаваўся недзе непадалёк, а сам Міхельсон яшчэ меў і іншыя эканамічныя інтарэсы ў Наваградскім ваяводстве.
Пабачыўшы ворага — а расійскіх вайскоўцаў ён адназначна лічыў ворагамі, — на сваёй роднай зямлі, Тадэвуш пачаў гнаць яго са двара. Браты, напалоханыя, што гэта можа мець непажаданыя наступствы, зачынілі Тадэвуша ў невялічкім цагляным дамку, так званай Мураванцы (яна захавалася да нашага часу). Вокны ў дамку былі добра закратаваныя. Тадэвуш Рэйтан, разгневаны, што яго браты гасцінна прымаюць ненавісных акупантаў, разбіў шыбы і, спрабуючы вырваць жалеза, моцна пакалечыўся, страціўшы шмат крыві.
Праз два дні ён памёр, сустрэўшы смерць так, як і належыць узорнаму хрысціяніну — у прысутнасці святара, якога да апошняга трымаў за руку. Пахавалі героя ў касцёле ў мястэчку Ляхавічы, чаго ніколі б не зрабілі, каб гаворка ішла пра самагубцу.
Праўда, спакойнага жыцця не было нават і праху Рэйтана. Праз 87 гадоў, пасля паўстання 1863–1864 гадоў, касцёл зачынілі, а праз месяц асвяцілі як праваслаўную царкву. Труну Тадэвуша з крыпты былога касцёла перанеслі на могілкі і, відаць, перапахавалі на родавым магільніку, дзе спалі вечным сном яго браты, пляменнік Дамінік і сын Дамініка Стафан з жонкай. Раскопкі, якія ў 1930 годзе былі праведзеныя ў Грушаўцы і якія ў тагачасных польскіх СМІ грымнулі сенсацыяй «Знойдзена магіла героя!», на самай справе далі адмоўны вынік. Тады была знойдзена цагляная крыпта, у якой знаходзіліся парэшткі жанчыны, ростам каля 161 сантыметра, узростам 40–50 гадоў. Магчыма, гэта была магіла маці Тадэвуша, якая памерла ў Грушаўцы ўлетку 1760 года.
Сямейная капліца Рэйтанаў
Дакладнае ж месца пахавання Тадэвуша Рэйтана дагэтуль не вядомае. Таму, магчыма, нас яшчэ чакае сенсацыя на ўзроўні знойдзеных нядаўна парэшткаў Кастуся Каліноўскага.
А галоўнае, наперадзе паўнагучнае вяртанне з часовай эміграцыі імя Тадэвуша Рэйтана. Гэтым годам пачнуцца аднаўленчыя працы ў Грушаўскай сядзібе, якія будзе праводзіць наша дзяржава. І будзем спадзявацца, што ў наступным годзе ў Ляхавічах, на малой радзіме Рэйтана, з’явіцца і вуліца ў гонар героя. Бо гэта будзе 280-гадавіна нараджэння чалавека, імя якога стала сінонімам слова «патрыёт».

четверг, 25 апреля 2019 г.

Значок " Тадэвуш Рэйтан" ад выдавецтва "Тэхналогія"!

Спадарства!

Тое, аб чым 6 год толькі марыла Арт-суполка імя Тадэвуша Рэйтана,  і што казаць, гэта трэба было зрабіць раней за ўсё,  здзейснілася сёння!
Але, гонар выдаць першы значок з выявай Тадэвуша Рэйтана належыць выдавецтву "Тэхналогія"!
Бо, сёння, 25 сакавікавіка 2019 года  мы  маем выдатную  магчымасць ня толькі паказаць, як ён выглядае. Але і падзяліцца ім з тымі, хто прыйдзе ўвечары на нашу імпрэзу, прысвечаную Тадэвушу Рэйтану. Якая, нагадаем, адбудзецца а 18 00 гадзіне, у сядзібе роду Ваньковічаў, у Менску.

Сённяшні, святочны кошт значка-1.20 талераў!




Крыху раней, у выдавецтве быў створаны значок з выявай траюраднага брата
 Тадэвуша Рэйтана , Тадэвуша Касцюшкі!



P.S. Каб крыху апраўдаць свой летаргічны сон у значковым пытанні,  мусім паведаміць, што ёсць і прошукі на на нашым рахунку!

Знаёмцеся!
Паштоўка ад друкарні ColorPoint
Магніты
і налепка (адзін з 10 варыянтаў)
Бюст
Былі яшчэ постэры і календары, але, усяго не ўзгадаешь :)








среда, 24 апреля 2019 г.

Вечарына памяці Тадэвуша Рэйтана ў сядзібе Ваньковічаў. 25 красавіка.

25 красавіка 2019 года адбудзецца штогадовая імпрэза, якую мы прысвячаем памяці нашага славутага земляка Тадэвуша Рэйтана.Зорка Героя ўзыйшла 19 красавіка 1773 года, у дзень пачатку надзвычайнага сойму Рэчы паспалітай Абедзьвух Нацый, удзельнікі якога мусілі сваімі рукамі зацвердзіць падзел уласнай краіны. Пасол Наваградскага ваяводства ВКЛ Рэйтан стаў на чале нешматлікай групы паслоў-патрыётаў, якія рашуча выступілі супраць падзела Рэчы паспалітай краінамі -захопніцамі.Ад таго часу і да нашых дзён, само імя Рэйтана з'яўляецца сінонімам слова "Патрыёт".На вялікі жаль, доўгі час імя Тадэвуша Рэйтана было ў ценю. Але, час змяніўся!У імпрэзе бяруць удзел беларускія гісторыкі і мастакі. Аздабленнем стане вулічная выстава аднаго вечара "Род Рэйтанаў. Асобы. Падзеі" (мастак Алесь Родзін, гіст. кансульт. Зміцер Юркевіч).Запрашаем на імпрэзу тых, хто цікавіцца гісторыяй Беларусі!Ладзіць імпрэзу Арт-суполка імя Тадэвуша Рэйтана, якая адзначае шостую гадавіну стварэння.18 00-20 00Дом-музей Ваньковічаў, Менск, Інтэрнацыянальная , 33.Уваход вольны."Рэйтан на сойме 1773 года" , Ян Матэйка, (1866)

пятница, 19 апреля 2019 г.

19 красавіка . Гэты дзень у гісторыію


Гэты дзень у гісторыі.246 год таму, 19 красавіка 1773 года, распачаўся Надзвычайны сойм Рэчы паспалітай Абедзвух Нацый - Каралеўства польскага і Вялікага Княства Літоўскага.Галоўная мэта склікання сойму, якую высунулі і лабіравалі Расейская і Аўстрыйская імперыі і Прускае каралеўства, зацвярджэнне падзела Рэчы паспалітай. Падзел распачаўся з патаемных перамоваў і падпісання адмысловых пагадненняў паміж трымя дзяржавамі-агрэсарамі. Фізічнае "расчленение" ВКЛ распачалося з уварвання расейскіх войскаў на абшары ўсходняй Беларусі 5 верасня 1772 года.18 верасня 1773 года, рукамі карумпаваных замежнымі пасламі сенатараў, міністраў і паслоў Рэчы паспалітай, быў папісаны Акт падзела. Згодна з ім, ВКЛ страціла 92 000 кв. км. "испокон веков русской" землі (Полацк, Невель, Віцебск, Мсціслаў, Магілёў, Гомель. А 1 300 000 чалавек сталі падданымі расейскай імперыі.Мужны супраціў планам зацьвердзіць Падзел паслоў ад ВКЛ - наваградцаў Тадэвуша Рэйтана, Самуэля Корсака, менчука Станіслава Багушэвіча і некаторых іншых, мэты не дасягнуў. Але, дзякуючы іх чатырохдзённай барацьбе супраць здрадніцкай Канфедэрацыі з польскім паслом Адамам Панінскім начала (стаяў напагатове выканаць загад расейскага двара яшчэ з 1767 года) адна з мэтаў - прадставіць сусветнай грамадскасці згоду на падзел з бок пацярпелага боку, як ўсеагульную і дабраахвотную, цалкам правалілася.З цягам часу, імя Тадэвуша Рэйтана стала сінонімам слава "Патрыёт". Культавай асобай яшчэ напрыканцы XVIII-пач.ХІХ стст. ён стаў дзякуючы намаганням, у першаю чаргу, суайчыннікаў- беларусаў-ліцьвінаў (паэтаў, палітыкаў, мастакоў). Пазьней культ падхапілі ў Польшчы. І неўзабаве, разам з інкарпарацыяй гісторыі ВКЛ у "склад польскай гісторыі", Рэйтан "з'явіўся" на свет абноўленым - Вялікім палякам, які склаў жыццё за Польшчу.Вяртанне імя Героя ў Беларусь, якое у 1959-60 гг. распачаў Уладзімір Караткевіч, яшчэ не завершана. Сведчаннем таго з'яўляецца адсутнасць вуліцаў, помнікаў Тадэвуша Рэйтана. Але, так будзе!У заўтрашнім нумары "Новага часу"будзе публікацыя пра Тадэвуша Рэйтана. Пісалася яна для "Нашай гісторыі", але калі высвятлілася, што рэдактар часопіса катэгарычна не жадае яе друкаваць, была перададзена іншаму выданню.Дадаю "нашумелую" апошнім часам выяву карціны Яна Матэйкі. І яшчэ раз нагадваю, што яе назоў "Рэйтан на сойме 1773 года". А не "Рэйтан. Заняпад Польшчы". Апошні быў "прышпілены" да карціны пазьней, з пэўнымі меркаваннямі. і, дзіўным чынам, як беспрытульны, вандруе з аднаго беларускага выдання, у іншае.Учора, дарэчы, было роўна 6 год існавання нашай Арт-суполкі імя Тадэвуша Рэйтана! А 25 красавіка , з гэтай нагоды мы зладзім невялічкую вечарыну і мастацкую выставу. Дакладны час і месца паведамім напачатку тыдня.

пятница, 12 апреля 2019 г.

Нашае Арт-суполцы -6 год!!!

6-я гадавіна стварэння Арт-суполкі імя Тадэвуша Рэйтана (18 красавіка 2013 года) гэтым разам адзначаецца так, як ніколі раней.
"Святкаванне" пачалося са здымак у Грушаўцы адной з серый "Новых падарожжаў дылетанта" на чале са спадаром Юрыям Жыгамонтам. Стужка павінна выйсці неўзабаве. Магчыма, 23 красавіка.
7 красавіка бралі ўдзел у "пілігрымцы" (арганізаванай ад "Чырвоныга касцёла") па мясцінах, родных Тадэвуша Рэйтану. На Ляхавіччыне наведалі Дарава, Флер'янава, уласна Ляхавічы, Мядзьведзічы, Грушаўку і Патапавічы. Спадарыня Алена Прохарава, у якой , дарэчы. 8 красавіка быў дзень народзінаў, "зладзіла" традыцыйны "Паланэз" ў сядзібе Рэйтанаў.
13 красавіка , то бок, ужо заўтра, у межах "Фэст экскурсаводаў" , а 15 00 гадзіне (ад "нулявога кіламетра" на плошчы імя Тадэвуша Рэйтана (ранейшая Кастрычніцкая  ладзім экскурсію, пад час якой можна будзе даведацца, наколькі шчыльна звязана гісторыя горада Менска з асобай Тадэвуша Рэйтана. Адразу ўдакладню, што без Менска і ягонай гісторыі не было б.
14 красавіка, апісанне батальнага палатна пераносіцца непасрэдна ў Грушаўку (Ляхавіцкі раён, не блытаць з рэгіёнам Менску), на Малую радзіму Героя! А 12 00 гадзіне, ад цэнтральнай брамы пачнецца экскурсія ў гісторыю роду Рэйтанаў, і ў гісторыю Грушаўкі, якая з'явілася ў справаводстве ВКЛ амаль 500 год таму.
Пасля экскурсіі плануецца невялічкі суботнік.
Крыху адпачыўшы, сумесна з рэдакцыяй газеты "Культура", зладзім традыцыйны, ужо шосты па ліку, "Суботнік у Грушаўцы". Дата пакуль не вызначана. Спадзяемся на 20 красавіка.
І, напрыканцы красавіка, плануем правядзенне мастацка-гістарычнай вечарыны памяці Тадэвуша Рэйтана. Месца і час сустрэчы стане вядомы пазьней.
Думаю, на гэтым рух не перапыніцца. Бо, на кон пастаўлена значна больш. Аб усіх тэктанічных зрухах у нетрах суполцы , грамадскасць будзе праінфармавана сваечасова 

понедельник, 8 апреля 2019 г.

Дзьве экскурсіі ў гонар Героя -Тадэвуша Рэйтана , 13 і 14 красавіка

Анансую дзьве экскурсіі, якія плануе  правесці наша арт-суполка імя Тадэвуша Рэйтана,  пад час дзесятага, юбілейнага Фэста экскурсаводаў. Абедзьве прысвечаны... Так, вы не памыліліся. 

13 і 14 красавіка, амаль у гадавіну пачатку сойму 1773 года (19 красавіка) ушануем памяць Героя!
І на радзіме ягонай маці Тарэзы з Валадковічаў -Меншчыне, і на Малой Радзіме самога Тадэвуша , Ляхавічччыне.

Запрашаю! 

І раз ўжо ..то спытаю яшчэ раз, ці магу ў каго пазычыць ўзмацняльнік голаса? Бо, Балівар не вынясе дваех..


Здымак Źmicier Jurkievič

Малюнак Паўла Татарнікава. 

                    (герб не зусім адпавядае кананічнаму, хоць і вельмі блізкі, таму не капіраваць яго не варта)




четверг, 21 февраля 2019 г.

“Злачынства і пакаранне” літвіна. Частка ІІ

“Злачынства і пакаранне” літвіна

№ 7 (1394) 16.02.2019 - 23.02.2019 г
Частка ІІ. З шабляй у руках

/i/content/pi/cult/732/15921/24.JPGПадскарбі Трыбунала

У тым самым 1759 годзе Міхала Валадковіча абіраюць дэпутатам Галоўнага Трыбунала ВКЛ ад Наваградскага ваяводства.
Разам з тым, ён атрымлівае і далёка нешараговую пасаду трыбунальскага падскарбія — чалавека, які адказваў за фінансы. Але прадстаўнікі радзівілаўскай партыі ў Трыбунале апынуліся ў меншасці. Таму на прыхільныя для сябе судовыя выракі ёй разлічваць не выпадала.
Адной са справаў, якую разглядаў Трыбунал, быў зацяжны канфлікт Юзафа Валадковіча з пакрыўджаным Яцынічам. Саму ідэю выступіць на Трыбунале супраць Валадковіча Яцынічу мог падказаць будучы падканцлер ВКЛ Антоні Пшаздзецкі, які здавён меў ад гэтага роду непрыемнасці. Праўда гэта ці выдумка тых, хто пазней спрабаваў знайсці нейкую логіку ў падзеях 1760 года, таксама невядома.
Найбольш падрабязна гісторыя Міхала Валадковіча апісаная гісторыкам з наваградскімі каранямі Эдвардам Катлубаем. У 1857 годзе ў Вільні выйшла ягоная праца “Нясвіжская галерэя партрэтаў Радзівілаў”. Заснаваная на архіве магнатаў, яна згадвае вельмі шмат дэталяў, якія не прывёў нават радзівілаўскі агент Марцін Матушэвіч. А менавіта яго дыярыуш стаў для большасці пісьменнікаў асноўнай крыніцай, з якой яны чэрпалі натхненне, апісваючы гэтыя падзеі.

Свавольства як лад жыцця

Як вядома, нормай паводзінаў сапраўднага шляхціца ў тыя часы, была ўмоўная формула “чым горш, тым лепш” (або “баяцца — значыць паважаюць”). Яшчэ трэба было зрабіць выбар, з кім з “моцных гэтага свету” ў ВКЛ ты звяжаш сваё жыццё. Здрада патрону магла мець вельмі цяжкія наступствы. Застацца “незалежным назіральнікам” у бесперапыннай грамадзянскай вайне было немагчыма. Нават сяляне апынуліся ўцягнутымі ў канфлікт. Магчыма, яго водгулле засталося і да нашага часу, стаўшы прычынай варажнечы паміж асобнымі вёскамі, якая часам яшчэ сустракаецца. Сур’ёзны і абгрунтаваны прысуд таму змрочнаму часу анархіі змясціў у сваім нарысе звычаяў шляхты ў Польшчы і Літве (1898) гісторык з Меншчыны Аляксандр Ельскі.
Вось і Міхал Валадковіч мусіў апраўдваць высокі давер Пане Каханку.
Абраны дэпутатам, ён яшчэ падчас Віленскай кадэцыі трыбунала, якая распачалася ў 1759 годзе, адзначыўся рознымі эксцэсамі. Фактычна, сваімі справамі ён не займаўся, увесь час сноўдаючыся з сябрамі па віленскіх вуліцах, не даючы спакою месцічам. Праўда, сыйшло яму тое з рук.
У пачатку лютага Трыбунал распачаў сваю працу ў Менску. Яго маршалак Міхал Сапега, нібыта маючы хатні клопат (!), перадаў маршальскае жазло віцэ-маршалку Міхалу Марыконе, а сам выехаў у свой маёнтак.
Апынуўшыся ў родным Менску, Валадковіч, які і так пачуваўся гэткім рыцарам без страху і дакору, бо заўсёды меў падтрымку сына самага ўплывовага магната, цалкам адключыў тармазы. Маючы да Марыконе справядлівую антыпатыю як да прадстаўніка варожага лагеру Чартарыскіх, а таксама як да “замежніка” — віцэ-маршалак меў карані ў сонечнай Італіі, а Валадковічы былі соллю зямлі беларускай — малады падскарбі даў волю пачуццям.
1 лютага ў сядзібе Валадковічаў (верагодна, на месцы сённяшняга Палаца Рэспублікі) быў наладжаны шыкоўны абед для запрошаных трыбунальскіх калегаў. Кажуць, што такім чынам Міхал хацеў схіліць шалі поспеху ў вырашэнні братавай справы. Калегі ад’ехалі на пасяджэнне, а Валадковіч з бліжэйшымі сябрамі працягнуў баляванне. У зале Трыбунала ён з’явіўся толькі надвячоркам, узмоцнены віном і ў аж занадта добрым настроі.
Наконт таго, дзе маглі адбывацца пасяджэнні Трыбунала, існуе некалькі версій. Адна з іх кажа пра палац, які неўзабаве будзе прыналежыць Пшаздзецкім (цяпер там галерэя Леаніда Шчамялёва), другая — пра будынак менскага гродскага суда на старым замку.
Выхапіўшы шаблю, Валадковіч падскочыў да месца маршалка, дзе сядзелі дэпутаты троцкі Францішак Рамановіч і віленскі Міхал Шумскі. Але ўбачыўшы, што Марыконе там няма, адправіўся яго шукаць і знайшоў пры канцылярскім стале. Затым пачаў патрабаваць, каб той даў загад музыкам трыбунальскай варты прыйсці і ажывіць перапынак у справаводстве гукамі бубнаў і флейтаў. Такое раней здаралася. Але Марыконе не звярнуў увагі на патрабаванні Валадковіча ды яшчэ дадаў, што гэта “гультайскі звычай”. Валадковіч, убачыўшы, што віцэ-маршалак гуляў у пярэрве ў карты на грошы, слушна заўважыў, што “гульня ў карты — шулерская справа”. Пасля чаго з усяго маху трэснуў па стале шабляй, якая апусцілася зусім блізка ад рукі Марыконе. Апошні падхапіўся і спехам адскочыў у бок, падумаўшы, што калі не раздражняць шаленца, той хутка супакоіцца.
Але дух Бахуса і Шалу патрабаваў выйсця. Валадковіч схапіў абрус, якім быў накрыты стол, змахнуў яго разам з грашыма і картамі, а потым накінуў на Марыконе і падрыхтаваўся да нападу на бяззбройнага маршалка. Гэта ўбачыў лідскі дэпутат Юзаф Длускі і паспеў схапіць Валадковіча за кунтуш, выпадкова атрымаўшы пры гэтым шабляй па руцэ. Адносна таго, наколькі сур’ёзнай была атрыманая рана, версіі даследчыкаў
разыходзяцца. Катлубай пісаў пра “да косці”, а а Матушэвіч сцвярджаў, што тая драпіна загаілася ўжо праз суткі.
Длускі кінуўся наўцёкі, бо таксама не меў зброі. Загнаны Валадковічам у кут, ён бы, пэўна, страціў жыццё, калі б на гэты раз у бойку не рынуўся сам Марыконе. Выкруціўшы руку Валадковічу, ён выбіў шаблю, якую падабраў Тадэвуш Рэйтан — ён знаходзіўся побач. Абяззброены, Валадковіч вокамгненна супакоіўся. Але калі Длускі пачаў жаліцца на рану, Міхала зноў ахапіў шал і ён, аблаяўшы таго апошнімі словамі, даў яму ў твар кулаком.
Магчыма, такія паводзіны былі абумоўленыя яшчэ і тым, што дэкрэт у справе брата быў разгледжаны зусім не на карысць Юзафа. Цяпер яму належала выплаціць Яцынічу 2000 коп грошаў (4000 злотых), ды яшчэ адсядзець год і шэсць тыдняў, прычым гэтым разам у сапраўднай вязніцы.
Неўзабаве ў зале зноў пачалася сварка. На гэты раз Валадковіч стаў гасіць свечкі. Іх запальвалі, а ён працягваў секчы кноты. Нарэшце, Марыконе зачытаў дэкрэт. Тады Міхал страшэнна аблаяў сваіх калегаў, а тыя спехам, ад граху падалей, пакінулі залу і раз’ехаліся.
На гэтым справа не скончылася. Хмель штурхаў героя вечарыны на працяг подзвігаў. Трыбунальскім музыкам, якія сядзелі на гаўптвахце, ён загадаў ісці за сабой. Крочачы па цэнтры Менску, Валадковіч
заўважыў дамініканаў, якія рухаліся з насілкамі па памерлага. Разагнаў іх, завалодаў насілкамі і пад жалобныя гукі музычных інструментаў выправіўся ў турнэ па кватэрах, дзе жылі дэпутаты Трыбунала. Нікога не заспеўшы ні там, ні на кватэры маршалка Сапегі (дзе ён паразганяў дваровых людзей), Валадковіч з насілкамі з’явіўся на кватэры трыбунальскага пісара Антонія Паца. Уварваўшыся на вячэру з шабляй, убачыў Марыконе ды ізноў нарабіў вэрхалу. Пасля чаго, зняможаны, паваліўся на падлогу і ў непрытомнасці быў дастаўлены ў сваю сядзібу.

Нечаканы працяг

Трохі ачомаўшыся на раніцу, Міхал схапіўся за хворую галаву — і вывесіў белы сцяг. А тут акурат Пац запрасіў на сваю кватэру Марыконе і Длускага з аднаго боку, і Валадковіча з другога, паспрабаваўшы іх прымірыць. І, нібыта, гэта яму ўдалося. Ва ўсялякім выпадку, вонкава так і выглядала. Але надта разумныя і моцныя гульцы стаялі за спінамі пацярпелых. Ніхто з іх не хацеў марнаваць такі выдатны шанец разабрацца з ненавіснымі Валадковічамі і накаўтам зваліць Радзівілаў.
Таму пакуль падскарбій належным чынам выконваў свой трыбунальскі абавязак, за яго спіной закруцілася сапраўдная змова. На бяду Міхала, браты і ўплывовыя сваякі ў Менску на той час адсутнічалі. Таму Марыконе пайшоў ва-банк.
Лісты, у якіх апісваліся злачынствы Валадковіча, ляцелі ва ўсе бакі. У кожным з іх яго свавольствы павялічваліся ў маштабах. Вось ужо не толькі Длускі пацярпеў, але яшчэ і пара дэпутатаў, а таксама і мэбля. Вось шабляй было рассечанае маршальскае жазло і нават крыж, які стаяў на стале. Праўда, у адных “крыніцах” сцвярджаецца, што Валадковіч шабляй ударыў побач з ім, у другіх — што меў толькі намер знішчыць святыню, а ў трэціх — што ў паўзмроку адсек невялічкі кавалак крыжа. Але агулам на выхадзе атрымлівалася даволі сур’ёзная карціна.
Апісанні злочынаў буякі атрымалі пры каралеўскім двары. Даведаўся пра іх Міхал Сапега, а таксама Чартарыскія і Пшаздзецкія. Вядома, патрапіў такі ліст і да віленскага ваяводы Міхала Радзівіла. У ім Марыконе пытаў, як належыць пакараць Валадковіча. Але думка давесці ўсё да смяротнага выраку за зневажэнне каралеўскага гонару і збройны напад ужо выкрышталізавалася ў штабе змоўшчыкаў.
Аўтарам плана некаторыя лічаць графа Пшаздзецкага — уладальніка Заслаў’я і патрона Казіміра Дамейкі, дзеда Ігната. Пагатоў, графу не раз даводзілася ратавацца з Менску ўцёкамі, калі браты Валадковічы ды іх сваякі выходзілі на “вайскова-палітычны рынг”. Ну, а тое, што Марыконе смела пайшоў у наступ і ў далейшым карыстаўся поўнай падтрымкай Чартарыйскіх, падказвае, хто стаяў на вяршыні піраміды.
Для Радзівілаў і іх прыхільнікаў справа разгортвалася самым горшым чынам. З аднаго боку, Валадковіч быў “іх чалавекам”, і яны былі абавязаны бараніць яго любым чынам. Але з-за таго, што яго свавольства ўдалося падаць як нечуванае злачынства, у якім нібыта пацярпеў гонар караля, без пакарання яно застацца не магло. Тым болей, такая выхадка шляхціца магла даць добры прыклад астатнім, падахвоціўшы іх нападаць на найвышэйшую судовую ўстанову ВКЛ, калі таго пажадаецца.
Таму Міхал Радзівіл адказаў, што суд сам мае паўнамоцтвы вырашыць, як пакараць Валадковіча. Ад удзелу ў справе магнат абстрагаваўся, адчуваючы, што мэты яе значна больш амбітныя, чым проста пакаранне злачынцы. Але ніхто не думаў, што справа вырашыцца так, як таго хацеў Марыконе.
У ноч з 12 на 13 лютага ў памяшканні менскай гаўптвахты прагучаў залп, які абарваў жыццё Міхала Валадковіча.
Зміцер ЮРКЕВІЧ,
гісторык-архівіст

“Злачынства і пакаранне” літвіна . Частка І

Прапануем увазе чытачоў блога першую частку гісторыі дзядзькі Тадэвуша Рэйтана -  Міхала Валадковіча. Які быў растраляны ў Менску ў ноч з 12 на 13 лютага 1760 па несправядлівым прысудзе Галоўнага Трыбунала ВКЛ. 




“Злачынства і пакаранне” літвіна

№ 6 (1393) 09.02.2019 - 15.02.2019 г
Частка І. Іх норавы
Гісторыя, якую мы распавядзем, пачалася 1 лютага 1760 года ў Менску, які ў тыя часы быў “сталіцай” ваяводства. Фіналам стаў расстрэл па прысудзе Галоўнага Трыбунала ВКЛ падскарбія таго ж Трыбунала Міхала Валадковіча, якому было на той момант усяго 25. Рэха растрэльнага залпу, якое пралунала над Менскам у марозную ноч з 12 на 13 лютага, скаланула ўсю “Літву” і ледзь не прывяло да грамадзянскай вайны. Тое, што пачалося як фарс, завяршылася трагедыяй.

/i/content/pi/cult/731/15902/page-15-600.jpgІ невыпадкова, што ці не ўсе пісьменнікі таго часу, карані якіх — у беларускай зямлі, не абыходзілі ўвагай гэтае здарэнне. Сярод тых, хто “пацешылі” мэтавую аўдыторыю той ці іншай яго версіяй — Марцін Матушэвіч, Станіслаў
Рэйтан і Генрык Жавускі (далёкія сваякі Валадковіча), Эдвард Катлубай, Ігнацы Ходзька, Уладыслаў Сыракомля, Каэтан Крашэўскі... А ўжо ў наш час беларускі гісторык Андрэй Мацук апублікаваў сваё даследаванне “Права і справа смяротнага пакарання Міхала Валадковіча ў 1760 г.”, паказаўшы, як працаваў складаны механізм беларускай палітыкі ХVIII стагоддзя. Новыя і цікавыя дакументы, датычныя гэтай справы, удалося знайсці і нам. Склаўшы разам досвед папярэднікаў і свой ўласны даробак, паспрабуем прадставіць чытачу “3D-гісторыю” — хаця, шчыра кажучы, гукі стрэлаў і вібрацыі конскага тупату, гучныя “Віваты!” і водар “дыму Айчыны” ў якасці дапаўнення былі б больш чым дарэчы.

Міхал з роду Валадковічаў гербу “Радван”

Стары беларускі шляхецкі род Валадковічаў мае
даўнюю гісторыю — з канца XV стагодзя. Багата звестак аб ім можна знайсці ў працах гісторыка Фёдара Чарняўскага, выдатнага знаўцы гэтага роду. Мы ж сканцэнтруем увагу на прамых продках Міхала.
Пасля страшнай вайны сярэдзіны XVII стагоддзя Валадковічы занялі даволі сур’ёзныя пазіцыі ў Менскім ваяводстве. Дзядулем Міхала быў менскі стольнік Дамінік Валадковіч. Адзін з дзядзькоў — знакаміты першасвятар уніяцкай царквы Рэчы Паспалітай Феліцыян-Піліп. Кар’ера бацькі Міхала Лявона як менскага ўрадніка таксама склалася даволі паспяхова, але значнай ролі ў палітычным жыцці ВКЛ ён не адыграў. У шлюбе з Канстанцыяй з Цэханавецкіх у яго нарадзілася трое сыноў і дачка Тарэза. Дарэчы, у 1739 годзе ў менскім касцёле Найсвяцейшай Панны Марыі яна пабралася шлюбам з гусарскім харужым і наваградскім стражнікам Дамінікам Рэйтанам. А праз год у іх з’явіўся першынец Тадэвуш, у будучыні — наш нацыянальны герой! Менавіта праз Валадковічаў парадніліся роды Рэйтанаў, Касцюшкаў, Дамейкаў.
Міхал, наймалодшы з дзяцей Лявона, нарадзіўся ў 1735 годзе. Паколькі Валадковічы належалі да прыхільнікаў нясвіжскай галіны Радзівілаў, то і самому Міхалу, і ягонаму брату Юзафу было наканавана пераняць ад бацькі рэй у радзівілаўскай партыі Менскага ваяводства. Як сведчаць паданні, Міхал з дзіцячых гадоў быў сябрам Караля Станіслава “Пане Каханку”, старэйшага за яго ўсяго на год. І, паводле чутак, адзінае, пра што шкадаваў Каханку на схіле жыцця, была трагічная смерць лепшага сябра Міхала і падзел краіны ў 1772 годзе.

Узоры “шляхецкай рамантыкі”

Але такое сяброўства вымагала і адпаведных паводзінаў. Бо, як вядома, Радзівіл і сам не быў анёлам, і таварышы, падабраныя ў княскі почат, мусілі трымаць “высокую планку даверу”. То бок, быць годнымі ўдзельнікамі любых, нават самых шалёных выхадак маладога князя. Таму імёны Міхала і Юзафа Валадковічаў на Меншчыне грымелі. Асабліва сярод апанентаў Радзівілаў.
Пралогам да трагедыі 1760 года паслужыла старая варажнеча паміж двума магнацкімі кланамі — Радзівілаў і Чартарыскіх (г.зв. “Фаміліі”), якія карысталіся падтрымкай “масквы”. Як піша гісторык Андрэй Мацук, новы віток супрацьстаяння паміж магнацкімі групоўкамі распачаўся ў 1755 годзе. І, вядома, не без дай-прычыны.
Як заўсёды, падставай паслужыла барацьба за ўплыў у дзяржаве — за пасады, уладу і вялікія грошы. Пры двары караля Аўгуста ІІІ клан Чартарыскіх пачаў губляць пазіцыі, але здавацца не збіраўся. Цяпер цяжка сказаць дакладна, што ў гэтай “вайне” было на карысць дзяржавы. А вайна была архіскладаная. Чытаючы, як інтрыгавала наша шляхта і магнаты, змагаючыся за “прамень сонца” на сваім твары пад пахмурным беларускім небам, разумееш, што жарсці былі не менш палкія, чым у якіх французаў часоў Рышэлье. Праўда, не знайшлося пакуль свайго Дзюма, які б па-майстэрску вымаляваў мясцовых “трох мушкецёраў”.
Адной з першых ахвяраў 1755 года ледзь не стаў “радзівільчык” Юзаф Валадковіч. Будучы дэпутатам Трыбунала, які адбываўся ў Вільні, ён патрапіў у пастку, падрыхтаваную паплечнікамі Чартарыскіх. Нейкі Францкевіч, пінскі гродскі падстараста, зазваў яго ў палац Флемінгаў, дзе кватэраваў. Там на Валадковіча накінулася зграя шляхцюкоў з шаблямі. Выратавала яго ад немінучай смерці толькі фізічная моц (як ва ўсіх Валадковічаў), выдатнае валоданне халоднай зброяй і своечасова прамоўленая кімсьці фраза, што на дапамогу ўжо ляціць Пане Каханку.
Рубака атрымаў 26 ранаў, але выжыў. Тым шляхцюкам, якія ў 1756 годзе прадстаўлялі на менскім сойміку варожую Радзівілам партыю, пашанцавала куды меней — некалькі з іх загінула ў сечы ад рук братоў Валадковічаў і іх сяброў. Быў сярод іх і Багушэвіч, бацька Станіслава, які ў 1773 годзе стане поплеч з Тадэвушам Рэйтанам і Самуэлям Корсакам.
Думаецца, пара такіх эпізодаў (а было іх значна болей і больш крывавых), з’яўляюцца неблагой ілюстрацыяй “шляхецкай рамантыкі” таго часу. Таму ўсё, што адбылося праз чатыры гады з Міхалам Валадковічам — толькі працяг супрацьстаяння, ці нават яго кульмінацыя.

Маральная сатысфакцыя

Незадоўга да Трыбунала 1760 года краснасельскі стараста Юзаф Валадковіч стаў фігурантам крымінальнай справы. Меў ён суседа, старога шляхціца Яцыніча, які валодаў з даўніх часоў невялічкім фальваркам на беразе возера. Надумаўшы далучыць той фальварак да сваіх немалых уладанняў, Валадковіч прапанаваў Яцынічу прадаць яго. Але той адмовіўся. З гэтай хвіліны не меў ён спакою ні днём, ні ўначы, бо помслівы сусед шкодзіў яму чым мог.
Даведзены да адчаю, Яцыніч вырашыў атрымаць хоць маральную сатысфакцыю. Ён загадаў сваім прыгонным апрануць куль саломы ў кунтуш, раскласці на беразе возера і як след адлупцаваць. Пан пытаў у сялянаў: “Каго тут б’яце?” — “Пана Валадковіча”, — адказвалі яны. “За што?” — “Бо нам шкодзіць, б’е, рабуе і быдла забірае.” — “То біце ж добра, каб розуму набраўся”.
Калі Валадковіч даведаўся пра забавы старога шляхціца, то прыдумаў свой адказ — у духу жартаў Пане Каханку. Нібыта зразумеўшы, што “шкодзіць грэх”, Юзаф стаў паводзіць сябе з Яцынічам падкрэслена ветліва — і такім чынам цалкам пераканаў яго, што цяпер яны зажывуць як раней, па-добрасуседску. Яцыніч клюнуў на прынаду і нават пагадзіўся нанесці візіт Валадковічу.
І вось, пасля сытнага абеду Юзаф прыпёр яго “да сцяны”, і той прызнаўся ў сваіх жартах. Тады Валадковіч загадаў сваім людзям расцягнуць на беразе возера Яцыніча і адмераць яму сто бізуноў. Прычым стоячы побач, ён пытаў “ А каго тут б’яце?”— “Ё то, пане, куль саломы.” — “А, ну то малаціце добра”, — заахвочваў сваіх людзей Валадковіч.
Завершылася гэтая справа тым, што пакрыўджаны Яцыніч занёс скаргу на Валадковіча ў менскі гродскі суд. Асудзілі Юзафа на шэсць тыдняў цывільнай вежы (якія Валадковіч спадзяваўся адсядзець у айцоў бернардынаў, і разам з імі добра пабаляваць) і штрафу 200 коп грошаў (400 злотых, не вельмі вялікая сума для заможнага шляхціца).
Такі прысуд буяка сустрэў са смехам. Але Яцыніч пайшоў далей і апеляваў да Галоўнага Трыбунала ВКЛ. Магчыма, за такім рашэннем стаялі людзі з клана Чартарыскіх, якія пажадалі скарыстаць неблагі шанец прыціснуць, нарэшце,
няўлоўнага Валадковіча. А паколькі ў Трыбунале 1760 года мусіла весці рэй Фамілія, то ажыццявіць такі намер было нескладана.
Зрэшты, вернемся пакуль да Міхала Валадковіча, каб паказаць, што і ён быў годным сваёй славы “вялікага шаленца”.

Прароцтва дамініканіна

Як пісаў Каэтан Крашэўскі, Міхал Валадковіч быў “надзвычайнай сілы і бясстрашных паводзінаў”, і ў рыцарскім чыне не меў ён роўных. Ды, на бяду для яго, час быў мірны, таму шалёная фантазія шукала выхаду пры кожнай аказіі. Зацяты паляўнічы, хадзіў ён на мядзведзя з адным толькі вошчапам (дзідай).
Кажуць, па натуры Міхал быў даволі добрым і шчырым чалавекам. Але пад уплывам віна пераўтвараўся ў бязмежнага свавольніка. А паколькі нападпітку быў ён амаль заўсёды...
Здарылася ў 1759 годзе з ім такая гісторыя. У тыя часы ў Менску з’явіўся вядомы ксёндз-дамініканін Аблачынскі. Аднойчы ў сваім казанні ў фарным касцёле (а яны збіралі нямала слухачоў) ён абрынуўся з жорсткай крытыкай цягі да алкаголю. Развагі пра тое, што віно даводзіць чалавека не толькі да страты розуму, але і да розных злачынстваў, падмацоўваліся прыкладамі — нібыта абстрактнымі. Але прысутным яны падаваліся пералікам таго, што пастаянна чыніў на менскіх вуліцах Валадковіч.
І раптам праз расчыненыя дзьверы касцёла пачуліся гукі нейкай дзіўнай музыкі. Слухачы з цікаўнасцю туды пасунуліся. Калі Аблачынскі застаўся ў прысутнасці хіба толькі служак і невялічкай грамады пачцівай шляхты, ён вырашыў разабрацца, што адцягнула ўвагу паствы.
Карціна, якую ўбачыў ксёндз, вельмі яго здзівіла. На бочцы мёду, якая стаяла на возе, сядзеў Валадковіч. Перад ім пад гукі бубнаў і дудак танчылі два мядзведзі, малпа і цыганы. Сябры Валадковіча і самі частаваліся, і частавалі ўсіх ахвочых раздзяліць з імі забаву.
Аблачынскі, не марудзячы, абрынуў на хлопца такую хвалю праклёнаў, што, падавалася, зараз нябёсы не вытрымаюць. Паства кінулася назад у касцёл, а ксёндз папярэдзіў свавольніка: “ Прыйдзе і на цябе Божай кары час! І ты, які сёння для блюзнерскай забавы адвабіў людзей ад прытулку Боскага, памятай! Каб сам не стаў для тых людзей прадметам страшнага відовішча!”
Ці прамаўляў гэта насамрэч Аблачынскі — або, як і многія падобныя “прароцтвы”, тыя словы прагучалі ўжо постфактум, ніхто цяпер не адкажа.
Зміцер ЮРКЕВІЧ, гісторык-архівіст

понедельник, 28 января 2019 г.

Два Яны, два Чачоты

Два Яны, два Чачоты

№ 4 (1391) 26.01.2019 - 01.02.2019 г
Праз два гады будзе адзначацца 225-я гадавіна “бацькі беларускай этнаграфіі”. Менавіта такую — і, як мне падаецца, трапную —характарыстыку далі літаратуразнаўцы Яну Чачоту. Між тым, у нешматлікіх прысвечаных яму публікацыях беларускіх і польскіх даследчыкаў можна сустрэць настолькі супярэчлівыя звесткі, што сам Шэрлак Холмс мусіў бы выпаліць не адну файку табакі, калі б ён пагадзіўся ўзяцца за даследаванне гэтай справы.

/i/content/pi/cult/729/15863/23.JPGПачну з невялічкага лірычнага адступлення. Апошнія і наступныя гады неверагодна багатыя на выбітныя даты. Мяркуйце самі. Не паспеў прамінуць пазалеташні юбілей геолага Ігната Дамейкі (215 гадоў), як распачалася падрыхтоўка да святкавання ўгодкаў
Адама Міцкевіча (220 гадоў). Толькі сціхлі іх апошнія хвалі, як надышла чарга Станіслава Манюшкі (200 гадоў). У наступным 2020 годзе маем юбілейную дату нашага нацыянальнага героя Тадэвуша Рэйтана (280 гадоў). А там, уласна, і чарга двух сяброў — Яна Чачота і Тамаша Зана.
Забыўся яшчэ згадаць пра юбілей нашага класіка Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча (210 гадоў). На жаль, прайшоў ён даволі сціпла — калі не лічыць з’яўлення шыкоўнай кнігі гісторыка-архівіста Змітра Дразда “Таямніцы Дуніна-Марцінкевіча” (2018). І гэта папраўдзе смутны знак. Таму, пакуль ёсць час, варта было б добра падрыхтавацца, каб належна ўшанаваць памяць годных сыноў Беларусі. Якім чынам? Праз кнігі, фэсты, вечарыны, фільмы, выставы.
Але паколькі “спачатку было слова”, у аснове ўсяго гэтага павінны быць навуковыя даследаванні, якія б адсунулі ўбок шматлікія міфы, шчодра рассыпаныя па жыццяпісах герояў. Пра адзін з іх я і хацеў бы зараз распавесці.

Пакаранне і выкладанне

У 1824 годзе адбыўся гучны палітычны працэс над беларускай моладдзю. Царскія жандары высачылі студэнтаў Віленскага ўніверсітэта і навучэнцаў гімназіі ў Свіслачы, якія ад 1816 года стваралі розныя патаемныя таварыствы. Трое галоўных філаматаў — Зан, Чачот і Сузін — падчас допытаў узялі ўсю адказнасць на сябе, выгароджваючы астатніх “змоўшчыкаў”. Пішучы пра меры іх пакарання, даследчыкі прыводзяць наступныя звесткі. У кастрычніку 1824 года, пасля гадавога затачэння, згодна з “высочайшей волей” расійскага цара Аляксандра І, гэтую тройцу выслалі ў расійскую глухмень. Тамаш Зан атрымаў год фартэцыі ў Арэнбургу і дзесяць гадоў ссылкі. Ян Чачот і Адам Сузін былі пакараны шасцю месяцамі фартэцыі ў Кізіле і дзесяццю гадамі ссылкі.
То бок, гэта суворая праўда жыцця і дакладны факт іх біяграфіі, які няцяжка праверыць. Але пры гэтым у некаторых беларускіх і польскіх публікацыях, пераважна папулярнага характару, можна сустрэць звесткі пра тое, нібы “знакаміты фалькларыст Ян Чачот” выкладаў у 1825 годзе ў Свіслацкай гімназіі геаграфію і гісторыю. Згадка аб гэтым ёсць і на сайце Свіслацкага раёна.
Таму ўзнікае пытанне: як ён мог адначасова адбываць пакаранне ў задушлівых казематах Кізіла, што далёка на поўдні Расіі, і ў той самы час выкладаць навукі ў Свіслачы, на захадзе Беларусі?
Удалося выявіць крыніцу, з якой дапытлівыя чачотазнаўцы ўзялі звесткі пра свіслацкага Яна Чачота. Гэта трохтомнік Uniwersytet Wilenski. 1579 — 1831 (1899 — 1901), які выдаў у Кракаве Юзаф Бялінскі. У трэцім томе аўтар датуе высылку Яна Чачота 1823 годам, прычым “скіроўвае” яго ў Арэнбург, а не ў Кізіл. І дадае, што паводле Kalendarzyka politycznego на 1825 год, “выкладчыкам гісторыі і геаграфіі ў гімназіі з’яўляецца Ян Чачот, канд.філас. Відавочна, у тым апошнім выпадку ёсць памылка; цяжка дапусціць існаванне двух Янаў Чачотаў канд. філас. у адзін час”.
/i/content/pi/cult/729/15863/24.JPGБялінскі не стаў праводзіць дадатковага расследавання, і толькі ў 1977 годзе ў адной польскай публікацыі пра вучняў свіслацкай гімназіі прагучаў адказ на пытанне. Аказваецца, другі Ян Чачот сапраўды існаваў і сапраўды, відаць, выкладаў геаграфію ў гімназіі, займаючы больш за год пасаду намесніка яе дырэктара. У той самы час, як “наш” Ян Чачот “вывучаў” геаграфію новадалучаных расійскіх земляў.
І трэба сказаць, што другі Ян Чачот паспеў пакінуць след не толькі ў гісторыі гімназіі, але і ў крымінальных хроніках. Дзякуючы чаму мы маем бясспрэчны доказ таго, што гаворка вядзецца пра двух Янаў, двух Чачотаў — рознага ўзросту, розных перакананняў і невядома якой ступені сваяцтва. Знойдзеныя мною ў віленскіх архівах звесткі, спадзяюся, канчаткова пераканаюць у гэтым гісторыкаў.

“Духобуйный” Ляўковіч

Напачатку сакавіка 1827 года на стол рэктара Віленскага ўніверсітэта Вянцэслава Пелікана было пакладзена данясенне ад прэфекта свіслацкай гімназіі Яна Чачота, які часова выконваў абавязкі яе дырэктара — пакуль сам дырэктар, Ігнат Брадоўскі, быў у ад’ездзе, па ўсёй верагоднасці, вырашаючы пытанні, звязаныя з патаемнымі таварыствамі.
На трох старонках Чачот распавёў аб надзвычайным здарэнні, непасрэдным удзельнікам якога быў ён сам. Вучань другога класа Феліцыян (далей у дакументах Юзаф — З.Ю.) Ляўковіч “отлучился самовольно из класса, не имея никакой надобности к тому” і “провёл время в неприличной праздности и неизвестно где”. 5 сакавіка Чачот выклікаў да сябе “сачка” і запытаўся, чаму той прапусціў дзве гадзіны лекцый. Ляўковіч, які ўжо меў шэсць штрафаў за падобныя ўчынкі, вядома, пачаў “замыльваць тэму” — “сперва вошел со мной в спор и утверждал, что он был в классе, потом претворился будто того не помнит, а напоследок по долговременному упорству признался в своем поступке”.
Зазвычай такога кшталту правіны караліся карцарам, але зухаватасць паводзінаў і “вынаходлівасць” гімназіста падштурхнулі Чачота прымяніць наступную па ўзроўні меру пакарання — пачаставаць Ляўковіча бізунамі. У адказ вучань праявіў тое, што яго настаўнік у рапарце назваў “духобуйством”. Таму Чачот даў загад двум вартавым пакласці небараку на лаву. Завязалася валтузня, студэнт штурхаў экзекутараў і круціўся ў іх руках як уюн на патэльні. Неўзабаве ўся грамада павалілася на падлогу, а зверху на Ляўковіча ўпала і лава. Вынік — “разбила кость ноги его ниже колена. Таким образом, вместо назначеного ему такого наказания, он сам себя жестоко наказал”.
Перабітая косць, разам з яе носьбітам, была адпраўлена ў лякарню. А Чачот прыняўся апісваць падзеі. Гэтым рапартам быў пакладзены пачатак доўгаму ліставанню зацікаўленых бакоў і прывядзення ў рух патаемных спружын палітыкі мясцовага ўзроўню. Бо прагульшчык меў моцных заступнікаў.

Апошні ўдар для дырэктара

“Духобуйство” Ляўковіча, па ўсёй верагоднасці, абумоўлена своесаблівым разуменнем паняцця “шляхецкі гонар”, якое дазваляла падманваць, але не дазваляла быць справядліва пакараным. Сын былога маршалка Пружанскага павета Вінцэнта Ляўковіча, як цяпер бы сказалі, быў тыповым прадстаўніком “залатой моладзі”. Дарэчы, ягоны бацька, відаць, з’яўляўся адным з заснавальнікаў мінскай масонскай ложы “Паўночная паходня”, з якой звязваюць і знакаміты “Дом масонаў”. (Дарэчы, уваходзіў у яе ў свой час і філамат Ян Чачот!).
Адпаведна, за сына было каму заступіцца. На прэфекта Яна Чачота паляцелі скаргі і Пелікану, і ў судовыя інстанцыі. У адказ дырэктар гімназіі Ігнат Брадоўскі пісаў у сваіх тлумачальных лістах, што такія справы — гэта выключна прэрагатыва гімназічнага суда, таму яны не павінны разглядацца ў павятовых судах. Тым не менш, Ляўковіч-старэйшы вырашыў ісці да канца. Ён казаў, што не пацерпіць, каб двое яго малодшых сыноў, якія працягвалі навучацца ў гімназіі (Юзафа ўжо адтуль забралі), сталі аб’ектам помсты Чачота, і таму патрабаваў выдалення яго з пасады. Брадоўскі ўсяляк бараніў падначаленага, бо ведаў яго 15 гадоў, за якія той аніводнага разу не меў спагнанняў.
Аднак каб залагодзіць узбунтаваную шляхту, было прынятае рашэнне, каб Чачот або пакінуў гімназію без права займацца педагагічнай дзейнасцю, або прымірыўся з Ляўковічамі — і тады яму дазволяць настаўнічаць, але толькі не ў Свіслачы.
У выніку, дамовіцца не ўдалося. Настаўніка ад пасады адхілілі. На яго месца прынялі іншага чалавека. Ігнат Брадоўскі, не вытрымаўшы “перагрузак”, раптоўна памёр на працоўным месцы ва ўзросце 48 гадоў. Здарылася тое 16 траўня 1829 года. Прамову на пахаванні дырэктара ад студэнтаў агучыў Юзэф Крашэўскі — будучы знакаміты пісьменнік. Магіла дырэктара павінна быць недзе на парафіяльных свіслацкіх могілках.
Цікавы гэта быў чалавек, і ў гісторыі Беларусі ён адыграў пэўную ролю. Паходзіў з незаможнай шляхты. Вучыўся спярша ў жыровіцкіх базыльянаў, потым у шчучынскіх піяраў, потым у Віленскім універсітэце, па завяршэнні якога, у 1805 годзе, выдаў падручнік па граматыцы рускай мовы для польскамоўных. Выкладаў спярша гісторыю і права ў Слуцкай павятовай школе, потым у мінскай гімназіі, дзе неўзабаве стаў намеснікам дырэктара. У 1812 годзе горача вітаў аднаўленне ВКЛ і нават стаў на нейкі час рэдактарам Tymczasowej Gazety Minskiej, дзе друкаваліся навіны вайны 1812 года.
Пасля сыходу французаў за сваю дзейнасць Брадоўскі пакараны не быў. Але з Мінска яго перавялі ў Свілач, дзе ён і стаў дырэктарам. Магчыма, у гэты самы час там з’явіўся і настаўнік Ян Чачот, пра якога мы маем такія сціплыя звесткі.
На маю думку, менавіта пераслед прэфекта Яна Чачота стаў апошняй кропкай, якая прывяла да заўчаснай смерці Брадоўскага. Свіслацкая гімназія, разам з Віленскім універсітэтам, была той кузняй, у якой яшчэ ад 1816 года нараджаліся і гартаваліся патаемныя студэнцкія гурткі — Шубраўцаў, Філаматаў, Замранкаў, Прамяністых, Філарэтаў. Падтрымлівалі студэнты і “Таварыства баявых сяброў”, якое нават рыхтавала паўстанне ў 1826 годзе. Таму калі закруціліся жорны “Працэса філарэтаў”, гэтыя дзве навучальныя ўстановы патрапілі пад самы ўважлівы нагляд. Пры гімназіі нават была створана свая паліцыя, каб лепей пільнаваць “благанадежность нравов”.
Таму дырэктару шмат чаго давялося перажыць за 1820-я гады. І вось, калі ўляглася палітычная віхура, гімназія патрапіла ў “крымінальны” скандал. Брадоўскаму было з-за чаго ўвесь час быць у стрэсавым стане.
Далейшы лёс настаўніка Яна Чачота, які таксама “претерпел по службе”, нам невядомы. У аналах гісторыі ён застаўся выключна праз той трагікамічны выпадак. І менавіта дзякуючы яму з’явілася аблудная інфармацыя пра тое, нібы “знакаміты філамат Ян Чачот” выкладаў у Свіслацкай гімназіі. Хаця насамрэч у той час ён сядзеў у кізільскай вязніцы.
Зміцер ЮРКЕВІЧ,
гісторык-архівіст