понедельник, 20 февраля 2017 г.

Таямніца Міцкевіча "па кудзелі"-2 (з сайта выдання)

Таямніца Міцкевіча "па кудзелі"-2

№ 6 (1289) 11.02.2017 - 17.02.2017 г
Сенсацыйныя дакументы пра маці Адама Міцкевіча тычацца Міра
Чытачам “К” не трэба тлумачыць, хто такі Адам Міцкевіч і кім ён ёсць для Беларусі. Але па пытанні генеалогіі вялікага паэта і да нашага часу вядуцца спрэчкі, хоць, як падаецца, кропкі над “і” былі расстаўлены тройчы — у 1932, 1998 і 2016 гадах. Аўтар спадзяецца, што дыскусія пасля выхаду гэтага артыкула нарэшце спыніцца.

/i/content/pi/cult/624/13865/13-1.jpgХада па коле

У міцкевічазнаўстве пытанне паходжання маці паэта заўсёды было самым кантраверсійным. Не паддаецца ўліку колькасць аўтараў самага рознага паходжання і веравызнання, якія спрабавалі пераважыць шалі на свой бок, карыстаючыся самымі рознымі прыёмамі. Зразумела, што адпраўным пунктам для такой генеалагічнай “анархіі” стала адсутнасць дакладных звестак і пра маці Адама, Барбару, і пра яе бацьку Мацея Маеўскага, і пра бабулю паэта па кудзелі. Магчыма, даследчыкі, чые штабы былі па розныя бакі барыкад, не вельмі імкнуліся шукаць праўды. Бо яе знаходкі маглі “падпаліць” іх “справу жыцця”. Урэшце, шанц, што міцкевічазнаўцы шукалі, ды не маглі знайсці, таксама ёсць. Але, пагадзіцеся, тыя дасягненні, якімі карыстаецца сучасная гісторыя пытання, інакш чым сціплымі не назавеш. Бо было невядома дакладна ні калі і дзе нарадзілася Барбара з Маеўскіх, ні калі яе бацькі бралі шлюб. Нават невядома дакладна, калі яна ажанілася з бацькам будучай зоркі паэтычнага алімпа. Ці не зашмат таямніц на адну валоку? Таму аўтар палічыў немагчымым доўга трымаць “пад сукном” апошнія знаходкі.

Мізансцэна такая

Займаючыся генеалогіяй роду Рэйтанаў у архівах Беларусі, Польшчы, Літвы, Германіі (сам, а часам з дапамогай добрых людзей) я пачаў рабіць “на чорны дзень” нататкі на палях, датычныя нашых наваградскіх Міцкевічаў. За некалькі гадоў працы ў Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі іх назбіралася неблагая калекцыя. Гэта цікавыя дакументы не толькі Міцкевічаў, але і па Маеўскіх, Гарэшках (Арэшках) і іншых сваяках Адама. Па дасягненні “крытычнай масы” звестак у густым тумане пачалі прамалёўвацца контуры зацемненых месцаў радаводу паэта. І з асноўнымі вынікамі даследавання аўтар пазнаёміў чытача ў “К” № 8 і № 11 за 2016 год. Нагадаю асноўны змест артыкулаў гадавой даўніны.
Існуе чутка, нібыта маці Адама Міцкевіча паходзіла з роду Маеўскіх, яўрэяў-неафітаў, паслядоўнікаў “месіі” з Цярнопальшчыны, Якуба Франка, якія ўслед за сваім правадыром прынялі хрост. Пра мітуслівы дух Франка, што, акрамя веры бацькоў, нейкі час быў мусульманінам, каталіком, а потым прадэклараваў расійскім уладам прагу прыняць праваслаў’е, напісана нямала. Але дакументаў, якія сведчылі б пра “франкізм” Барбары або яе бацькоў, апалагеты гэтай канцэпцыі так і не прадставілі. Іх зброя — чуткі. Нягледзячы на гэта, “факт” быў нават замацаваны на старонках некаторых энцыклапедый.
На карысць погляду, што Мікалай Міцкевіч узяў жонку з мясцовага наваградскага шляхецкага роду Маеўскіх, якія былі ў сваяцтве з Гарэшкамі, наўпрост ці ўскосна сведчылі некаторыя дакументы, успаміны і творы паэта (напрыклад, “Пан Тадэвуш”), апублікаваныя яшчэ ў ХІХ стагоддзі. У 1932 годзе прафесар Лапацінскі напісаў некалькі артыкулаў на падставе сваіх знаходак у віленскім архіве, дзе ў той час знаходзілі кнігі гродскага і земскага судоў Наваградскага ваяводства Вялікага Княства Літоўскага. Упершыню з дня смерці паэта за ягоны радавод узяўся сапраўдны навуковец, які ў агульных рысах давёў: род Маеўскіх гербу “Стары конь” сваімі каранямі сягае ў тыя часы, калі яшчэ не нарадзіліся бацькі “месіі”. Сенсацыйныя звесткі патанулі ў крытыцы з боку тых, хто трымаўся за чуткі, як за ратавальны круг. Таму на доўгі час даследаванне Лапацінскага, як мне падалося, выпала з кола зроку міцкевічазнаўцаў. Прынамсі, амаль ніхто не спасылаецца на яго артыкулы. У 1999 годзе наш сучаснік, вядомы беларускі гісторык Сяргей Рыбчонак, напісаў для польскага альманаха навуковы артыкул, у якім на падставе архіўных матэрыялаў распавёў чытачу пра Маеўскіх гербу “Стары конь”. Толькі больш змястоўна. Што праўда, аўтар не сцвярджаў, што Маеўскія гербу “Стары конь” з’яўляюцца продкамі Барбары, бо гісторыку не хапала неабвержных доказаў. Не пераймаючыся гэтым, адказныя за выпуск альманаха дадалі гучны загаловак — “Продкі Адама Міцкевіча па кудзелі”, з чым і выпусцілі джына з пляшкі. Так, артыкул грымнуў у Польшчы як сапраўдная сенсацыя, але праз пэўны час непрымірымыя “праціўнікі” вярнуліся ў свае штабы. Наогул, такія жарсці нам, беларусам, могуць падацца дзіўнымі. Асабліва, калі гаворка ідзе пра Міцкевіча, нашага земляка. Мы, як лёгка можна заўважыць, не дыскутуем пра падобныя рэчы ў СМІ, бо і веды “матэрыі” слабаваты, і дыскутаваць асабліва няма дзе. Што казаць, калі нават на ўзроўні дыскусіі дакладнае паняцце “Пантэон нацыянальных герояў” у нас, лічы, адсутнічае.
Што ж да майго ўласнага даробку, то з тых артыкулаў чытачы маглі даведацца і пра Маеўскіх, якія на Наваградчыне вядомы з 1670-х (!), і пра Гарэшкаў, з якіх паходзіла маці Барбары — Ганна, і пра Эйдзятовічаў, з якіх паходзіла Сузана, яе бабка. Было прыведзена шмат новых і цікавых звестак, неабходных для разумення, на якіх падвалінах вырас геній нашага пявуна. І тым не менш, як пісаў у свой час сп. Рыбчонак, “цень незадавальнення застаўся” і ў мяне. Таму пошук быў працягнуты.

Апошні бастыён

Дакументамі, якія маглі пераканаць нават крайніх скептыкаў, павінны былі стаць метрыкі хросту Барбары і шлюбу яе бацькоў — Мацея Маеўскага (будучага эканома ў Вузлоўскіх) і Ганны з Гарэшкаў, ротмістроўны наваградскай. У 1993 годзе Сяргей Рыбчонак у сваім артыкуле “Радавод Міцкевіча” напісаў так: “Аўтар, зразумела, і не марыў знайсці метрыку аб хрышчэнні маці Адама. Барбара нарадзілася каля 1767 года, а адпаведных дакументаў таго часу захавалася вельмі мала”. Сапраўды, сярод метрычных кніг, якія захоўваюцца ў НГАБ, кнігі хростаў-шлюбаў-пахаванняў Наваградскай парафіі, на тэрыторыі якой, як падавалася, маглі жыць Маеўскія, захаваліся толькі познія, самага канца XVIII і ХІХ стагоддзяў. Таму нават метрыка шлюбу бацькоў паэта (кан. 1795 — пач. 1796 гг.) пакуль што навукоўцамі не знойдзена. Цікава, што гісторыкамі-міцкевічазнаўцамі не знойдзена аніводная кніга, як мінімум з трох, рэгістрацыі шлюбаў. Трох, бо з арыгінальнай кнігі, якая захоўвалася на месцы, рабіліся копіі (часам добра скарочаныя ашчадным пісарам), якія адсылаліся ў вышэйшыя інстанцыі. Пры стварэнні копій маглі знікнуць нечытэльныя імёны, тытулы асобаў, дадатковыя асістэнты пры хросце, якіх у шляхты магло быць і некалькі параў. Не так даўно давялося бачыць арыгінальны запіс 1802 года аб хросце, які ледзь змясціўся на аркушы фармату А4. Пры скароце ж ён мог бы змясціцца на далоні ахрышчанага дзіцяці.
І вось гэтыя наваградскія “тры кнігі”, якія маглі быць у розных архівах розных краінаў, знікаюць без следу. Разам з кнігамі рэгістрацыі хростаў і пахаванняў. Але сум ад такой навіны доўжыўся нядоўга, бо неўзабаве саступіў месца веры і надзеі. З судовых справаў, якія датычыліся Маеўскіх і Гарэшкаў, удалося дакладна лакалізаваць месца, дзе ўпершыню сышліся Мацей і Ганна. Ім стаў фальварак Абрынка, які і зараз не так блізка ад Наваградка, а ў тыя часы дарога заняла б цэлы дзень, каб хто наважыўся ехаць конем.
Ад здагадкі да разгадкі шлях таксама быў няблізкі. Як высветлілася, “згубіліся” не толькі кнігі Наваградскай парафіі за ўсё XVIII стагоддзе, але іншых парафій Наваградскага дэканата Наваградскага павета. Надзея была на замежныя архівы, першым кандыдатам з якіх стаў Дзяржаўны гістарычны архіў у Літве (LVIA). І Вільнюс напоўніцу аддзячыў за ўвагу да сябе.

На Міры сышоўся клінам…

У кастрычніку 2016 года пры пераглядзе парафіяльных кніг касцёла ў Міры, да якога “належала” Абрынка, былі зроблены сенсацыйныя адкрыцці.
Можна верыць у тое, што толькі дзякуючы апрацаваным раней дакументам, удалося выйсці на след, але і фактару шанцавання выключаць нельга. Бо і гэтыя кнігі маглі пайсці дымам ці аказацца проста недасяжнымі даследчыку. Ці пры праглядзе ледзь чытэльных “мультыкаў” (адфатаграфаваныя на плёнку справы) праз падрапанае шкельца апарата можна было проста прапусціць замыленым вокам неабходны дакумент. Дарэчы, шмат што пры першым праглядзе і было прапушчана. Але зробленыя на ўласны фотаапарат здымкі дазволілі потым вярнуцца да “пошуку” і ў спакойнай атмасферы заняцца расчытваннем дакументаў. На вялікае шчасце даследчыкаў, у архівах Літвы, Польшчы, а з нядаўняга часу і ў Расіі дазволена фатаграфаваць дакументы, чаго пакуль, на жаль, нельга ў беларускіх.
І раптам, як з рогу: метрычныя запісы хросту Барбары, яе брата і сясцёр, яе дзядзькаў і цётак, яе шлюбу з Мацеем Маеўскім, шлюбу яе бацькоў Гарэшкаў і яшчэ неверагодная колькасць розных метрык, датычных гэтых двух родаў. Гэта быў сапраўдны скарб! І які адкрыў шмат новых старонак і патаемных дзверцаў міцкевічазнаўства.

Гарэшкі, Маеўскія, Міцкевічы

Каб чытачу было больш зразумела, хто і ў якой ступені сваяцтва знаходзіцца, нагадаю, што Адам быў сынам Мікалая Міцкевіча і Барбары з роду Маеўскіх. З генеалогіяй гэтых двух родаў, пасля артыкулаў спадара Рыбчонка, як быццам асаблівых пытанняў не ўзнікала. Хоць і тут нам цяпер таксама ёсць шмат чаго дадаць або ўдакладніць. Вось так, па ўдакладненні, выглядае, напрыклад, невялічкі эпізод радаводу “ключавога” з дзядоў паэта.
Мацей Маеўскі, бацька Барбары, быў сынам Міхала і Багумілы з Вольскіх. Ад гэтага трэцяга шлюбу Міхал меў яшчэ аднаго сына, Тадэвуша, забітага ў маленстве ў 1737 годзе братам Міхала, Юрыем. Старэйшых братоў Мацея, Тыбурцыя і Алойзыя нарадзіла другая жонка, Чаркаская (або Чаркоўская). Кім быў бацька Міхала і Юрыя — Казімір, Станіслаў, Юры ці Ян Маеўскія, якія жылі ў 1670 — 1680-х у фальварку Бердаўка, пакуль дакладна адказаць немагчыма. Больш востра стаяла да нядаўняга часу пытанне генеалогіі Гарэшкаў і Эйдзятовічаў. Але і яно цяпер пастаўлена на службу навуцы.
А цяпер уласна да сенсацый. Першай з якіх стаў метрычны запіс аб шлюбе дзядоў Адама Міцкевіча “па кудзелі”.
2 кастрычніка 1763 года ў фальварку Абрынка (блізу мястэчка Турэц), Мацей узяў шлюб з Ганнай з роду Гарэшкаў. Сведкамі былі Ян Скарынскі і Міхал Дзюрдзяеўскі.
Акрамя Ганны, яе бацькі Язэп-Станіслаў Гарэшка і Сузанна з Эйдзятовічаў мелі дачку Барбару (1742) і сыноў Паўла (1734) і Аляксандра (1739). Ганна была ахрышчана як Кацярына-Ганна, 8 мая 1732 года. Хрост адбыўся ў Міры (!), у касцёле святога Мікалая.
Пасля заўчаснай смерці бацькі Ганны, Язэпа Гарэшкі, войскага мельніцкага (сын Мельхіёра, войскага мельніцкага, і Петранэлы з Санкевіча, якая памёрла ў 1745 годзе ва ўзросце 70 гадоў), яе маці 6 лютага 1746 года ажанілася з Мацеем Забельскім, лукомскім лоўчым.
Дзяцей таксама было нямала — Разалія (1746), Францішка-Марыяна (1753), Ян-Непамук (1748), Адам (1750), Феліцыян (1758). У 1756 годзе ў гэтай сям’і, як і ў 1737 годзе ў Маеўскіх, здарылася сапраўдная трагедыя. Сын Сузанны ад першага шлюба Аляксандр разам з паплечнікамі ўчыніў разбойны наезд на дом сваёй маці. Мацей і Сузанна былі бязлітасна збітыя. Прычым Мацей так моцна пасечаны шаблямі, што яго кінулі збіваць, мяркуючы што ён не “жылец”. Але да малога Адама лёс у той дзень быў нялітасцівы. Хлочык быў так “забіты” дзвярыма, што праз тры дні развітаўся з гэтым светам.
Дарэчы, пасля “экзекуцыі” сваякоў, уся іх рухомая маёмасць (уся-уся, як засведчана ў судовых актах), была вывезена да фальварка Макраны, дзе “сірата пры жывой маці” Аляксандр быў пад апекай сваіх сваякоў.
Што прымусіла пайсці Гарэшку на такі дзікунскі, вар’яцкі ўчынак? Адказу на гэта мы не маем. Але, нягледзячы на суровы судовы прысуд (штраф, баніцыя і інфамія), Аляксандр Гарэшка разам з хаўруснікамі працягваў і далей фігураваць у крымінальных хроніках ваяводства. Балазе, такія справы, як гэта, былі штодзённымі для таго часу.
Як мы ведаем з метрык смерці Барбары Міцкевіч, маці паэта, а іх існуе 2 (у адной з іх яна названа Разаліяй), яна памерла 9 кастрычніка 1820 года, маючы на той момант “53 гады”. Пахавалі яе 11 кастрычніка на наваградскіх дамініканскіх могілках. Выпадала, што нарадзілася яна недзе ў 1767 — 1768 гадах. Ведалі мы і пра яе сястру Марыяну, якая не раз асіставала на хростах дзяцей Міцкевічаў. Марыяна была доўгі час ахмістрыняй у Рутковічах, фальварку Адама Вярэйскага (дзядзька Анэлі Узлоўскай, хроснай Адама Міцкевіча), а потым пайшла замуж за Язапата Тулоўскага.
Галоўнай жа сенсацыяй ёсць дакумент 1769 года, які на маю просьбу пераклаў з лаціны спадар Алесь Жлутка: “У фальварку. [Ск]епеяў 8-га дня. Над ахрышчанымі летась 18 чэрвеня ў патрэбе з адной вады двайнятамі (блізнятамі)-немаўлятамі, дочкамі законных сужэнцаў, менавіта Мацея Маеўскага і Ганны давяршыў абрады хросту Антоні Клочка. Першай з іх даў імя Барбара, пры сведках Ігнаце Корсаку і Тэрэзе Вайніловічавай, а другой — імя Мар’яна, пры сведках Міхале Вігоцкім з Мар’янаю Іваноўскай”.
Як вынікае з метрычнага запісу, сёстры нарадзіліся ў сярэдзіне чэрвеня 1769 года і былі спачатку ахрышчаныя адной вадой. І толькі 8 кастрычніка хрост быў дапоўнены святым алеем. Вельмі цікава, што сёстры былі блізнятамі або двайнятамі!
Лішне казаць, што гэтыя звесткі сапраўды маюць для міцкевічазнаўцаў усяго свету вельмі вялікае значэнне. Як мы бачым, шляхецкае паходжанне ўсіх сваякоў Адама Міцкевіча па маці даводзіцца шэрагам дакументаў. Тое самае тычыцца і продкаў паэта “па мячы”, нягледзячы на няўдалую спробу абвінаваціць іх аднойчы ў “сялянскім паходжанні”.
Аўтар: Зміцер ЮРКЕВІЧ
калумніст газеты "Культура", арт-куратар

воскресенье, 19 февраля 2017 г.

Ад хаткі да хайтэка (інтэрв'ю з праф. С. Сергачовым). Яшчэ раз пра Грушаўку.

Спадар праф. С.Сергачоў  (БНТУ) неаднаразова выказваўся ў падтрымку нашай справы, скіраванай на захаванне ня толькі ўнікальнага грушаўскага гумна, але і амаль не закранутай "цывілізацыяй знішчэння" сядзібы роду Рэйтанаў. У гэтым годзе, як можна даведацца з папярэдніх матэрыялаў, падтрымка набывае новыя рысы!   А пакуль, прадстаўляем інтэрв'ю, у якім вядзецца і пра пэўны алгарытм "паводзінаў" у выпадках, аналагічных "нашаму".


Ад хаткі да хайтэка

№ 5 (1288) 04.02.2017 - 10.02.2017 г
Пра архітэктуру ў чалавечым маштабе
Прафесар Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта, доктар архітэктуры Сяргей СЕРГАЧОЎ не толькі ведае пра народнае дойлідства амаль усё (сведчаннем таму — яго нядаўняя грунтоўная манаграфія), але і здолеў вывесці яе ўтоеную ад павярхоўнага погляду квінтэсэнцыю, абагульніўшы свае шматгадовыя даследаванні ў некалькіх трапных фармулёўках. З сёлетнім лаўрэатам прэміі Прэзідэнта краіны “За духоўнае адраджэнне” мы гаворым як пра захаванне набыткаў нашых продкаў, так і пра той карысны ўрок, які яны могуць даць сучасным архітэктарам і асабліва іх замоўцам.

/i/content/pi/cult/623/13855/4-1.jpg— Ваша першая манаграфія, прысвечаная народнаму дойлідству, выйшла чвэрць стагоддзя таму. Ці змяніўся з таго часу ваш погляд на прадмет даследавання?
— Найперш, ён стаў значна шырэйшым. Раней народная архітэктура асацыявалася выключна з сельскімі дварамі, але ў мяне ўзнікла заканамернае пытанне: а што, хіба ў горадзе не народ жыве? Так, месцічы заўсёды мелі болей інфармацыі, нярэдка яны звярталіся па дапамогу да прафесіяналаў у сферы будаўніцтва. Але ім далёка не ўсё аддавалася на водкуп, і справа не толькі ў пэўных не надта кваліфікаваных работах, якія гараджане выконвалі самастойна, найперш у саміх ідэях: якім павінен быць мой дом? Вядома ж, гэта вырашаў гаспадар.
А таксама ў сферу народнай архітэктуры можна з пэўнымі агаворкамі ўключыць і шляхецкія маёнткі. Хто будаваў, скажам, тыя шыкоўныя гаспадарчыя пабудовы з бутавага каменя, якія так часта ў нас сустракаюцца? Натуральна, тутэйшыя ўмельцы. А кроквы на даху, канструкцыя якіх часам і дасюль нас уражвае сваім майстэрствам, — чыіх рук справа? Больш за тое, падчас гэтай працы сяляне засвойвалі тыя інавацыйныя для свайго часу архітэктурныя рашэнні, якія пан падгледзеў недзе ў Італіі.
— Адпаведна, архітэктура палацаў пэўным чынам уплывала і на сялянскія хаціны?
— У нашай сучаснай вёсцы ці не ўсе хаты ашаляваныя. А адкуль яно пайшло? Менавіта ад знаёмства з каменнай архітэктурай і сусветнымі будаўнічымі тэхналогіямі. Сцены сталі рабіць не рубленыя, а пляскатыя, вуглы пачалі зашываць, і яны ў нечым нагадваюць класіцыстычныя пілястры. Натуральна, рабілася гэта не з эстэтычных, а з практычных меркаванняў: каб хата станавілася цяплейшай. Бо, наогул, самая галоўная ідэя народнай архітэктуры гучыць вельмі проста — як палепшыць якасць жыцця. І я імкнуўся гэта ў сваёй кнізе адлюстраваць.
— А ці можна прасачыць адваротны ўплыў — народных умельцаў на прафесійную архітэктуру?
— Вядома! Возьмем хаця б знаёмы ўсім нам прынцып панэльнага будаўніцтва. Тэхналагічна ён быў вынайдзены нашымі продкамі, якія рыхтавалі бярвенні не на самім месцы будучага дома, а недзе наўзбоч — там, дзе працаваць зручней. Затым маркіравалі іх, прывозілі куды трэба ды збіралі дом бы канструктар. Думаю, гэты рацыянальны алгарытм, які выводзіць складаныя працэсы па-за межы будпляцоўкі, будзе выкарыстоўвацца яшчэ вельмі доўга — спадзяюся, у значна лепшым варыянце, чым цяпер у нашых мікрараёнах.
— Адпаведна, у майстроў ёсць чаму павучыцца і прафесійнаму архітэктару…
— Гэта дакладна! Cамы галоўны прынцып народнага дойлідства — у ім няма глупстваў. Будучы архітэктарам, я не раз здзіўляўся таму, наколькі там усё прадумана. Калі гаспадар пачынаў будаваць хату, ён ужо дакладна ведаў, колькі дроў спатрэбіцца назапасіць на зіму, дзе будзе праходзіць кароўка па вяртанні з выпасу і як адрамантаваць дах, калі нешта здарыцца. Менавіта таму стрэхі, дарэчы, рабілі скатнымі — бо паправіць такую даволі нескладана. Кожнае рашэнне рацыянальна абгрунтавана, і трохі паразважаўшы, ты лёгка разумееш, чаму печка ўсталяваная менавіта ў гэтым куце, а лазня размешчаная менавіта ў той частцы сядзібы… Каб у вёсцы нехта збудаваў штосьці непадуладнае законам логікі, суседзі прыйшлі б да яго і спыталі: “Дружа, што з табой?” Не з тваім домам, а з табой.
А сёння ты ідзеш па Мінску ці па любым іншым горадзе — і ўвесь час здзіўляешся: авой, а што гэта такое дзіўнае пабудавалі, і як яно функцыянуе, скажам, з пункту гледжання інжынерных камунікацый? Нават у добрых архітэктараў ёсць спакуса самавыявіцца, прадэманстраваць талент. А можа, часам яно і не трэба? Можа, лепш проста прыладкавацца да наваколля і ўпісаць свой будынак ва ўжо існую забудову? У народнай архітэктуры так было заўсёды, і таму нам ёсць ад яе чаму павучыцца. Сто разоў яшчэ зменяцца матэрыялы і тэхналогіі, але прынцып разумнага ніколі не страціць сваёй актуальнасці.
— Дык а чым дрэннае самавыяўленне ў архітэктуры?
— Яно дрэннае толькі тады, калі супярэчыць здароваму сэнсу. Я неяк па маладосці таксама вырашыў самавыявіцца і зрабіў у сваёй кватэры ліштвы не белага, а жоўтага колеру. Вылучыцца сярод суседзяў мне ўдалося: мае вокны добра пазнаваліся нават здалёк, што служыла падставай для гонару. Але наступствы былі не надта прыемныя: аказваецца, дзённае святло, якое трапляе праз шыбу, павінна адлюстроўвацца ад белых элементаў. Жоўтыя ліштвы яго папросту з’ядалі, і дома стала прыкметна цямней. Адпаведна, давялося мне перафарбоўваць. Патраціў час і грошы, але затое займеў каштоўны досвед, пра які заўсёды распавядаю сваім студэнтам.
— Зазвычай антытэзай самавыяўленню нам уяўляюцца абрыдлыя шэрыя панэлькі…
— А вы па вёсцы прайдзіце — і заўважыце, што дамкі там, з аднаго боку, падобныя, а з іншага — кожны нечым адрозніваецца ад суседняга. І ўсё ў чалавечым маштабе, нічога не цісне на псіхіку. У такім асяроддзі ты пачуваешся вельмі камфортна. А калі ідзеш па гарадской вуліцы, дзе кожны будынак навыперадкі здзіўляе сваімі формамі, памерам вокнаў, шкленнем, дэкорам… На трэцім-пятым доме ты ўжо ўшчэнт стомішся і не будзеш увогуле ні на што рэагаваць. Часам у цябе ствараецца ўражанне, нібы архітэктар выкарыстоўвае ў адным аб’екце наогул усё, што ён толькі ведае пра аздабленне — і ў выніку яно не працуе. А вось калі на старой хаціне адна сціплая бэлька вылучаецца сваімі абрысамі, вока за яе чамусьці адразу чапляецца.
— Сучасная трансфармацыя старой добрай хаты — гэта індывідуальная катэджная забудова. На вашу думку, ці стане некалі аб’ектам даследавання тое, што з’яўляецца цяпер у нас у гэтай намінацыі?
— Чаму не? Навукоўцу цікава вывучаць любы прадмет — у тым ліку і досвед гэтага першага катэджнага будаўніцтва. Зрэшты, асноўныя яго матывацыі ўжо і сёння навідавоку. У традыцыйнай вёсцы, дзе ўсе адзін аднаго ведалі з пялюшак, спрабаваць пусціць суседзям пыл у вочы было марнай справай. Тыя адразу сказалі б: ды не высільвайся, усе мы цудоўна разумеем, які ты насамрэч. А ў катэджных пасёлках атрымлівалі ўчасткі людзі, зусім паміж сабою незнаёмыя, і таму яны навыперадкі імкнуліся данесці іншым інфармацыю пра сябе, пераўтварыць свой дом у своеасаблівую візітоўку яго ўладальніка. Адзін пачаў увасабляць сваю дзіцячую мару (прыкладам, жыць у замку), другі — уласныя ўяўленні пра хараство, трэці нешта ў Нямеччыне пабачыў… І такая выставачная архітэктура — гэта тое, чым нам трэба было перахварэць.
— Вы лічыце, што ўжо перахварэлі?
— Па-мойму, цяпер гэта тэндэнцыя спакваля ідзе на спад. Замоўцы разумеюць, што даводзіць свае амбіцыі да камізму проста няма сэнсу. На Захадзе заможныя людзі ўжо даўно ўсвядомілі, што ўласны дом патрэбны найперш для таго, каб там жыць. А неверагодныя аб’ёмы, дэталі дэкору і колеры камфортнаму побыту наўрад ці спрыяюць.
— Здаецца, ганіць сучасных архітэктараў апошнім часам стала добрым тонам. Сярод іх твораў нават складаюцца рэйтынгі кандыдатаў на знос…
— І таму я вельмі рады, што атрыманая мною высокая прэмія прымусіла згадаць нашу прафесію ў станоўчым кантэксце. Насамрэч, прычына архітэктурных памылак тоіцца ў сацыяльных з’явах. Бо архітэктар адно выконвае волю замоўцы. Хоча ён чырвоныя ліштвы або адкрыты басейн (пры нашым клімаце!) — наце вам, калі ласка… Потым, праўда, засыпаць яго давядзецца.
— Тая драўляная забудова, пра якую вы пішаце, даўно здаецца анахранізмам. Больш за тое — многія яе жыхары не бачаць у ёй каштоўнасці ды гатовыя з радасцю памяняць стары дом на кватэру ў панэльцы — але з душам...
 — Гэта нармальнае памкненне няспынна паляпшаць асяроддзе свайго побыту і ўмовы жыцця. Я нават прывёў у сваёй кніжцы такую прымаўку: “Хоць альховы, абы новы”. Алешына, увогуле, далёка не самы лепшы будаўнічы матэрыял, але… цяга да чагосьці новага заўсёды была ўласціва людзям. Таму складана іх за гэта асуджаць.
Зразумела, што захоўваць усю драўляную забудову наўрад ці мэтазгодна. Іншая справа — нейкія асобныя лапікі, якія б сведчылі пра нашу мінуўшчыну. Напрыклад, Паўночны завулак у Мінску, які я пачаў даследаваць яшчэ ў 1970-я, альбо кавалачак старога драўлянага Гомеля з шыкоўнымі разнымі ліштвамі… Любы горад павінен дэманстраваць сваю гісторыю, іначай гасцям ён проста не будзе цікавы. Прычым не выпадае сумнявацца ў тым, што з цягам часу каштоўнасць такіх дамоў толькі ўзрасце. Уяўляеце, якімі вачыма будуць глядзець на іх нашы нашчадкі гадоў праз сто!
Таму самае галоўнае сёння — вызначыцца, што трэба захоўваць, і знайсці спосабы ды магчымасці гэта зберагчы. Калі ў нас атрымаецца, потым будзем ганарыцца, калі не — давядзецца шкадаваць, як у выпадку з тым жа мінскім Замчышчам… Калісьці яго можна было пакінуць, праклаўшы магістралі трохі іначай, і цяпер гэтая гістарычная ўзвышанасць упрыгожвала б горад.

— Драўляныя помнікі спадчыны даўно прыспеў час заносіць у Чырвоную кнігу, бо іх колькасць імкліва скарачаецца: матэрыял жа не надта трывалы. Літаральна за апошнія гады мы страцілі цэлы шэраг цікавых аб’ектаў: нешта згарэла, нешта свядома знеслі, а нешта ўшчэнт згніло і ўжо не падлягае аднаўленню. Што ж рабіць, калі час не чакае?


— Арганізоўвацца ў грамадскія супольнасці ды самім шукаць магчымасці захаваць той ці іншы помнік — як, напрыклад, гэта робіцца ў выпадку з гумном сядзібы ў Грушаўцы. А дзяржава потым падключыцца і дапаможа — асабліва калі ўбачыць, што справа пайшла, што ёсць інтарэс і перспектыва. Проста так грошы ўкладаць сёння ніхто не будзе. Я, са свайго боку, стараюся прапагандаваць важнасць захавання такіх помнікаў. Езджу па розных кутках Беларусі з дакладамі, каб людзі там разумелі, што ад продкаў ім засталося не аварыйнае ламачча (як многія, на жаль, думаюць), а ўнікальныя культурныя набыткі, якія абавязкова трэба перадаць нашчадкам.

Фота аўтара
Аўтар: Ілья СВІРЫН
аглядальнік газеты "Культура"
http://www.kimpress.by/index.phtml?page=2&id=13855

Зварот да беларускіх музыкаў!

Чаму б не звярнуцца да беларускіх музыкаў з прапановай зняць свой кліп у старадаўніх мурох сядзібы Тадэвуша Рэйтана?
Звяртаемся!
Кліп Тартака стаў апошняй кроплей, якая і прывяла да звароту :)

Практычная вандроўка студэнтаў БНТУ ў Грушаўку!

Перадгісторыя:
Два гады таму валанцёрскаму руху Арт-суполкі,  выказаў падтрымку прафесар архітэктуры, дэкан кафедры архітэктуры БНТУ  сп.Сяргей Сергачоў. Што прывяло да з'яўлення ў СМІ шэрагу артыкулаў у абарону Грушаўкі, у прыватнасці закліча агульнымі намаганнямі ратаваць унікальнае гумно ХІХ ст.
У пачатку 2017 года, падтрымка перайшла на новы ўзровень. Сп.Сергачоў, адгукнуўся на нашу прозьбу і  правеў два спаткання сваіх студэнтаў (6 і 4 курс) з намі,  па выніках якіх сфарміравалася група студэнтаў 4 курса, якія з цікавасцю паставіліся да прапановы ўзяць у "разпрацоўку" такі складаны аб'ект , як Грушаўка.


18 лютага, адбылася  Першая супольная вандроўка студэнтаў БНТУ і прадстаўнікоў Арт-суполкі  на радзіму Тадэвуша Рэйтана.

Нягледзячы на маласпрыяльныя ўмовы (адліга, мокры сьнег), праграма мінімум была выканана. Былі зроблены  абмеры ўсіх пабудоваў , за выключэннем руінаў бровара і аранжарэі.

З-за абмежаванасці па часе не ўдалося правесці для студэнтаў азнаямляльную экскурсію ў глуб стагоддзяў. Гэта адзіны "мінус" суботніка, але, лёгка выпраўляльны. Распавядаць-не ў Грушаўку зімой ездзіць!

БНТУ годна прадставілі:

Кацярына Зьмітровіч
Валерыя Коласава
Кацярына Багрышэвіч
Дыяна Круплевіч
Лізавета Працэнка

Арт-суполку (як змаглі)  :) :


Анатоль Новікаў
Алесь Мачульскі
і я, Зьміцер Юркевіч

Вялікая падзяка сп. Юрыю Мачульскаму за дапамогу з транспартам і цярплівасць!!

І спадарыне Валянціне з Грушаўкі , сталай сяброўцы нашай суполкі, за гасціннасць!!

Дзякую дзяўчынам за знойдзеную згубленую відэа-камеру, без якой не было б гэтай фота-памяткі!!



Невялікі "фота-фіксаж":

























среда, 15 февраля 2017 г.

ТАЯМНІЦА МІЦКЕВІЧА "ПА-КУДЗЕЛІ"-2

Знойдзены новыя дакументы , якія праліваюць яшчэ больш святла на цёмныя месцы генеалогіі вялікага беларускага паэта Адама Міцкевіча! Прадстаўляем наш чарговы артыкул!
Чакайце  шэраг артыкулаў "Таямніцы Міцкевіча "па-мечу""!! 





вторник, 14 февраля 2017 г.

Сустрэча з архітэктарамі БНТУ

Сустрэча з прафесарам С. Сергачовым, магістрам Ю. Шэстак і студэнтамі-архітэктарамі 4-га курса БНТУ

12cb41d6b6f518b5e1cd19b5cfeb.jpeg
Распавялі студэнтам пра сядзібу Рэйтанаў. Плануем на выходные:
— з'ездзіць туды,
— паслухаць чарговые новые факты ад Змітра Юркевіча,
— зрабіць абмеры будынкаў,
— спланаваць будучыя працы.

#усёбудзерэйтан

http://www.talaka.by/projects/1817/post/3038
Начать обсуждение

воскресенье, 5 февраля 2017 г.

Айчына Тадэвуша Рэйтана


Не так даўно з друку выйшла кніга "АЙЧЫНА" вядомага беларускага пісьменніка Ўладзіміра Арлова, аздобленая шыкаўнымі ілюстрацыямі вядомага беларускага графіка Паўла Татарнікава .

Яшчэ да выхада кнігі мы ўжо ведалі, што будзе ў ёй глава, якую аўтары збіраюцца прысвяціць  Тадэвушу Рэйтану, ягонаму жыццю і гераічнаму супраціву вялікалітоўскай , наваградска-менскай трыяды (Рэйтан, Корсак, Багушэвіч-Мінькоўскі)
 супраць злачыннай Канфедэрацыі, супраць планаў узаконіць Першы падзел ВКЛ і Польшчы.

Патрапіўшы на адну з аўтограф-сесій, мы набылі асобнік кнігі. Дзякуючы чаму, маем магчымасць паказаць малюнак сп. Татарнікава.
Ёсць у ім і наш маленькі ўнёсак, які датычыцца гадоў жыцця трох беларусаў-ліцьвінаў. Што да даты смерці Самуэля Корсака (стаіць прабел), то насуперак агульна прынятай у навуковым свеце даты смерці "1794", удалося давесці, што жыў ён  і марыў вярнуцца ў любую Літву (Беларусь) яшчэ ў 1812 годзе. Памёр ён між гэтай датай і 1817 годам.








суббота, 4 февраля 2017 г.

Пакуль няма навінаў...





Інтэрв'ю з праф. С. Сергачовым. Ёсць згадка і пра Грушаўку

Унікальнае грушаўскае гумно не раз станавілася аб'ектам цікавасці спадара Сяргея Сергачова. Шмат увагі яму , і грушаскай сядзібе ўвогуле, ён надаў у сваёй манаграфіі "Беларусское народное зодчество" (1992г.). Нагадаем, што ў газеце "Культура" у мінулым годзе быў ягоны артыкул , адмыслова прысвечаны праблематыцы грушаўскага гумна, якое пацярпела ад урагана. 
Адбылася ў нас і сустрэча з вядомым знаўцам драўлянай архітэктуры, пад час якой узьнімалася пытанне "Што рабіць далей?". Плануецца чарговая сустрэча. Спадзяемся атрымаць ад адмыслоўцы ня толькі парады, але й ўсебаковую дапамогу.    
За развіццём падзей сачыце на старонцы суполкі і на талака.бай, дзе заснаваны праэкт па захаванню старажытнага гумна (ХІХ ст.) на радзіме Тадэвуша Рэйтана.




среда, 1 февраля 2017 г.

Рэйтан і Касцюшка — браты

Прадстаўляю чытачу свой чарговы артыкул. На гэты раз аб сваяцкіх сувязях двух нашых Нацыянальных герояў!

Рэйтан і Касцюшка — браты


Замак Фантэнбло. Ноч з 12 на 13 красавіка 1814 года. Імператар Францыі Напалеон, усімі пакінуты і знявераны, вырашыў звесці апошні рахунак з жыццём.
Але, атрута (опіум), які Банапарт заўсёды меў пры сабе, страціла смяротную сілу. Напалеон выжыў, хоць і праз страшэнныя і фізічныя і маральныя пакуты.
Сведкамі гэтага былі афіцэры Генеральнага штабу Вялікай арміі, у тым ліку тыя, што паходзілі з земляў Вялікага Княства Літоўскага, а сярод іх — Дамінік, пляменнік Тадэвуша Рэйтана, нашага нацыянальнага героя.
Пакуль афіцэры неслі службу пры штабе, іх слугі раз’ехаліся па наваколлі ў пошуку фуражу для коней. Мясцовасць пры замку Фантэнбло, дзе была стаўка Напалеона, ужо вычысцілі ад рэшткаў гэтай стратэгічнай сыравіны ранейшыя фуражыры, таму жаўнеры вымушаны былі зрабіць рэйд у бок вёскі Бервіль, мілі за дзве ад замка.
Убачыўшы на падворку нейкай сядзібы сена, жаўнеры пачалі грузіць яго на коней, не звяртаючы ўвагі на дзяцей, якія спрабавалі адстаяць сваю апошнюю каштоўнасць.
На гвалт выбег стары у капоце з пятліцамі, якія былі ў модзе ў Літве і Польшчы. Зразумеўшы, што жаўнеры міжсобку гавораць па-польску, ён таксама звярнуўся да іх на польскай.
Тадэвуш Касцюшка. 1810. Мастак Казімеж Вайнякоўскі.
На пытанне, хто ён такі, чалавек адказаў «Я генерал Касцюшка».
Неўзабаве да сядзібы Тадэвуша Касцюшкі прыбыў з Фантэнбло генерал Красінскі і афіцэры генштаба, якія паходзілі з земляў ВКЛ і Польшчы, у суправаджэнні эскадрона імператарскай гвардыі. Прыняў Касцюшка землякоў як сыноў. З кожным меў кароткую размову, бо шмат хто з старэйшых сваякоў афіцэраў служыў пад загадам генерала ў часы вайны за незалежнасць 1794 года. Але, «калі падпалкоўнік Рэйтан назваў сваё прозвішча, то мусіў яму распавесці пра лёсы знакамітага пасла і усёй сям’і». Так у сваіх нататках занатавалі саслужбоўцы Дамініка Рэйтана, Францішак Гаеўскі і Язэп Грабоўскі.
Чым была выкліканая такая цікавасць Тадэвуша Касцюшкі да асобы Тадэвуша Рэйтана і усёй сям’і Дамініка?
Імя «знакамітага пасла» Тадэвуша Рэйтана, як і Касцюшкава, было легендарным на абшарах былой Рэчы Паспалітай. Рэйтаны, як і Касцюшкі, былі са старых вялікалітоўскіх родаў.
Пагадзіцеся, сустрэць ва ўмовах татальнай вайны на чужыне земляка было для Касцюшкі нібы знакам з нябёсаў. Гэта было як апошняе прывітанне з роднай зямлі, на якую Касцюшка так болей і не ступіў. Неўзабаве, у кастрычніку 1817 года ён развітаўся з гэтым светам.
Да таго ж Рэйтан і Касцюшка былі не проста землякамі, але і сваякамі.

Касцюшкі

Будучы нацыянальны герой ЗША, Беларусі і Польшчы Тадэвуш Касцюшка, нарадзіўся ў спадчынным фальварку Мерачоўшчына (яго маці ў лістах пісала «Марачоўшчына»), на цяперашней Берасцейшчыне, блізу Косаўскага замка
Род Касцюшкаў каранямі сягае ў канец XV — пачатак XVI стст. Продкі героя адносіліся да вялізарнага клану дробнай шляхты.
Толькі бацька Тадэвуша, Людвік Касцюшка, трохі ўзняўся па ўрадавых прыступках. Памёр ён у 1758, маючы дастойнасць мечніка берасцейскага і палкоўніка булавы польнай літоўскай Яго каралеўскай Мосці. Меў такі-сякі дастатак — зямлю і маёмасць, бо часам мог пазычаць даволі значныя сумы грошай іншым панам-дабрадзеям.
Мерачоўшчына, маёнтак Касцюшак. Сярэдзіна ХІХ ст. Мастак Напалеон Орда. 
Каля 1740 Людвік Тадэвуш Касцюшка ажаніўся з Тэкляй з Ратамскіх.
Яе бацькам быў Станіслаў (пам.1725) аршанскі стольнік. Як і род Касцюшкаў, Ратамскія ў ВКЛ — адзін з найстарэйшых родаў, бо згадкі аб ім таксама маюцца ад канца XV ст. Маці Тэклі, Эмерцыяна (Марцыяна) паходзіла з роду Валадковічаў. Яны з Станіславам, апроч дачкі Тэклі, мелі некалькі сыноў, сярод якіх найбольш вядомым стаў Марцін-Антон. Марцін Ратамскі ўвайшоў у кола аршанскай павятовай эліты і часам граў значную палітычную ролю, якая праяўлялася на тле ўнутрадзяржаўнага вялікалітоўскага супрацьстаяння магнатаў Радзівілаў і г.зв. Фаміліі (клану Чартарыскіх).
Гісторык Тадэвуш Корзан, у сваіх працах прысвечаных Касцюшку, падае некалькі дакументаў, з якіх можна даведацца пра акалічнасці злучэння двух гэтых старых родаў.

Валадковічы

Згаданыя ўжо Валадковічы, такі ж стары мясцовы род, як і іх пералічаныя сваякі. На Меншчыне яны мелі шмат нерухомасці і лічыліся кліентэлай усёмагутных Радзівілаў.
Падчас войнаў вылучаліся мужнасцю, а ў мірны час, скіроўвалі свой імпэт на вырашэнне маёмасных справаў і палітычныя інтрыгі. Згаданая вышэй жонка Станіслава Ратамскага, Марцыяна з Валадковічаў, была дачкой Дамініка Алаіза і Тарэзы з Янішэўскіх, стольнікаў менскіх. Усяго дзяцей у іх было дзевяць! Шэсць сыноў — Ян-Станіслаў, крайчы менскі, Феліцыян-Піліп, Лявон-Павал, войскі менскі, Антон-Лявон, ксёндз-дамініканін, Станіслаў-Пётр, прыёр менскі і вікарый Беларускіх правінцый ВКЛ і Марцін. А таксама тры дачкі — Тэафілія, старэйшая менскага жаночага кляштара францішканак, Марцыяна за Станіславам Ратамскім і Ганна за Антонам Крукоўскім, падчашым аршанскага павета. Лявон-Павал у першым шлюбе з Канстанцыяй з Цеханавецкіх меў сыноў Язэпа (памёр у выгнанні), Міхала (расстралянага ў Менску ў 1760 г.) і дачку Тарэзу, якая пабралася шлюбам з Дамінікам Рэйтанам.

Рэйтаны

Карэнні гэтага роду, якія навідавоку, глыбейшыя, чым у папярэднікаў.
Якуб Рэйтан вядомы нам з дакументацыі Княскай Прусіі ўжо ў 1467—68 г. За наданне зямельнага надзела і двух вёсак ён быў абавязаны ставаць па патрабаванні кіраўніцтва Тэўтонскага ордэна ў войска ў лёгкім узбраенні.
Якога паходжання гэты род — на дадзены момант няма дакладнага адказу. Выказваюцца розныя версіі — славянская, пруская, нямецкая. Самі Рэйтаны, нічога не ведаючы пра сваіх продкаў з Прусіі, лічылі, што да іх вялікалітоўскай крыві дамешалася і шведская.
Мураванка, маёнтак Тадэвуша Рэйтана. сярэдзіна ХІХ ст. Мастак Напалеон Орда.
На нашу думку (і гэта пацвярджаецца дакументамі), Рэйтаны за 150 год да перасялення ў ВКЛ парадніліся з вялікай кольскасцю «прускіх» родаў самага рознага паходжання, таму казаць пра «чысціню» крыві не выпадае.
Ганс (Ян) Рэйтан (сын Георга і невядомага імя Сачковай), першы з вялікалітоўскіх Рэйтанаў, памер у 1639 у досыць маладым веку. Але перад смерцю гэты ваяр паспеў заваяваць сэрдца мясцовай шляхцянкі з роду Баржымоўскіх. Яго праўнук — Дамінік Рэйтан Першы (каля 1700—1769) харужы гусарскі і стражнік наваградскі, ажаніўся з Тарэзай, дачкой Лявона-Паўла і Канстанцыі Валадковічаў, стольніка менскага. Здарылася гэта 4 кастрычніка 1739 года. Шлюб маладыя бралі ў менскім кафедральным касцёле айцоў езуітаў. Роўна праз год, на дзень св. Тадэвуша у Менску ці ў Грушаўцы (сядзіба Рэйтанаў пад Ляхавічамі, у Наваградскім ваяводстве), нарадзіўся хлапчук — Тадэвуш Рэйтан, будучы «знакаміты пасол». Высветліць дакладную дату нараджэння ўдалося дзякуючы некалькім лістам Дамініка Рэйтана да Міхала Радзівіла «Рыбанькі». Нагадаю, раней фігуравалі некалькі памылковых датаў: 1741, 1746, 1750, і самая пашыраная — 20 жніўня 1742 года.
Падамо частку метрыкі давяршэння хросту Тадэвуша Рэйтана, якое адбылося 20 ліпеня 1742 ў Ляхавіцкім касцёле:
«…абрад хросту над дзіцём на імя Тадэвуш (які раней быў ахрышчаны з адной вады), сынам …Прысутнічалі: яснавяльможны пан Леў Валадковіч, менскі стольнік…, яснавяльможны пан Марцін Ратомскі, аршанскі падстолій, з яснавяльможнай пані Канстанцыяй Валадковіч….»
Звярніце ўвагу на імёны прысутных — Лявон і Канстанцыя Валадковічы дзяды Тадэвуша Рэйтана, а Марцін Ратамскі… дзядзька Тадэвуша Касцюшкі і… стрыечны дзядзька Тадэвуша Рэйтана.
Цікава, што памянёны Марцін Ратамскі, кліент Чартарыскіх, у дадзеным выпадку трапіў на свята да Рэйтанаў і Валадковічаў, катэгарычных прыхільнікаў нясвіжскіх Радзівілаў. Магчыма, яго прысутнасць была прадыктаваная нейкім хвілінным палітычным разлікам ці адлігай у супрацьстаянні палітычных груповак. Больш імя Марціна Ратамскага на святах у Рэйтанаў не сустракаецца, нягледзячы на тое, што ён пражыў доўгае жыццё.
Браты ў трэцяй стрэчы — такое сваяцтва і ў наш час лічыцца даволі блізкім. Што казаць пра XVIII ст., калі дынастычныя сувязі пляліся не толькі па волі нябёсаў, але, збольшага, падштурхоўваліся інтарэсамі зямнымі.
Спадзяемся, што гэты цікавы факт возьмуць на зацемку творчыя людзі, навукоўцы, экскурсаводы, а таксама дырэкцыя музея Тадэвуша Касцюшкі ў Мерачоўшыне і ў будучым мемарыяльным музеі Тадэвуша Рэйтана ў Грушаўцы.

Тадэвуш Рэйтан, невядомы аўтар.
Тадэвуш Рэйтан
(1740—1780) — дэпутат Сойма Рэчы Паспалітай 1773 ад Наваградскага ваяводства. Сойм мусіў ратыфікаваць падзел дзяржавы між Расіяй, Аўстрыяй і Прусіяй і адбываўся пад моцным ціскам. Прадстаўнік Расіі пагражаў каралю Станіславу Аўгусту Панятоўскаму разграміць Варшаву, калі Сойм не прыме патрэбных рашэнняў. Рэйтан быў адным з найсмялейшых праціўнікаў падзелу. Ён клаўся крыжам у дзвярах залы пасяджэнняў, не выпускаючы дэлегатаў, з заклікам: «Тапчыце мяне, не тапчыце дзяржаву». Хоць Рэйтан і не змог пераламаць сітуацыю, ён стаў легендай і сімвалам патрыятызму ў Рэчы Паспалітай. Апошнія годы пражыў у маёнтку Грушаўцы пад Ляхавічамі, дзе і памёр
Чытайце таксама:

Краязнаўцы спрабуюць аднавіць у Ляхавічах каплiцу роду Рэйтанаў 

Зміцер Юркеві
ч