воскресенье, 17 декабря 2017 г.

Разбураем міфы пра жыццё Тадэвуша Рэйтана (Наша Ніва) 17.12.17

Разбураем міфы пра жыццё Тадэвуша Рэйтана

Падчас візіту ў Польшчу прэзідэнта ЗША Дональда Трампа прэзідэнт Польшчы Андрэй Дуда зрабіў яму невялічкую краязнаўчую экскурсію па каралеўскім замку ў Варшаве. На фота можна бачыць, як два высокія ўрадоўцы пазіруюць перад знакамітым творам «Рэйтан на варшаўскім сойме 1773 года» Яна Матэйкі.
Твор гэты больш вядомы пад назвай, змененай пазней у палітычных мэтах, «Рэйтан. Заняпад Польшчы». Так аказалася прасцей сцвярджаць «польскасць» беларускага шляхціца Тадэвуша Рэйтана і тлумачыць сэнс карціны, які хоць і паказвае ў агульных рысах драматычныя падзеі 1773 года, але ўсё ж такі з’яўляецца ў пэўнай ступені творам алегарычным.
Бо акрамя непасрэдных удзельнікаў Надзвычайнага сойму, які зацвердзіў Першы падзел Рэчы Паспалітай, на ім былі дамаляваны некаторыя асобы, якія раней нанеслі свой «удар у спіну» Бацькаўшчыны (і паспелі сканаць да 1773 года), або іх «зорны час» надышоў значна пазней — у 1792, падчас г.зв. Таргавіцкай канфедэрацыі.
Тое, што карціна захавалася да нашых дзён — цуд! Бо адразу пасля яго першай дэманстрацыі публіцы на мастака «абрынулася неба». Білі яго словамі крытыкі з усіх палітычных табараў.
У ХХ ст. твор заняў пачэснае месца на сцяне ў адной з залаў Каралеўскага палаца. І хоць на самім творы замацавана латунная таблічка са слушнай назвай, польскія мастацтвазнаўцы, гісторыкі, публіцысты і вікіпедысты працягваюць выкарыстоўваць «ідэалагічна слушную» і памылковую назву, робячы з Тадэвуша Рэйтана «пакутніка» польскага нацыянальнага «будаўніцтва».
Пры гэтым нельга сказаць, што польскім гісторыкам за апошнія 200 год удалося стварыць нейкі цэльны жыццярыс наваградскага пасла. Мо пабойваюцца выпадкова «адбранзавіць» постаць «польскага нацыянальнага героя», знайшоўшы які-небудзь «шкілет у шафе»?
Сёння сядзіба Рэйтанаў у Грушаўцы Ляхавіцкага раёна — у скрушным стане.
Дык распавядзем тое, чаго не ведаюць пра Тадэвуша Рэйтана ні гісторыкі, ні прапагандысты.


Дата нараджэння

Кожны зацікаўлены гэтым пытаннем раней ці пазней сутыкнецца з літаратурай розных гатункаў (улётак, энцыклапедычных даведак і інш.), у якіх амплітуда з’яўлення на свет Тадэвуша Рэйтана досыць шырокая — 1741, 1742, 1746, 1752 і нават 1756 год. Лік «прыхільнікаў» кожнай з іх ідзе на дзясяткі, і сярод іх навукоўцы, літаратары. Дата «1746 год» нават змешчана на помніку Рэйтану ў Кракаве.
Але найбольш абгрунтаванай з’яўляецца дата «1742 год», бо яна абапіраецца на крыніцу — першы і вельмі сціплы жыццярыс Тадэвуша Рэйтана напісаны ў 1818—1819 гадах берасцейцам Юльянам Урсын Нямцэвічам. Паводле яго, Тадэвуш Рэйтан нарадзіўся «20 жніўня 1742 года ў Грушаве». Нам невядома, чым яшчэ, акрамя вусных расповедаў малодшага брата Тадэвуша, Станіслава, кіраваўся Нямцэвіч. Тым не менш сабраныя мной дакументы абвяргаюць усе варыянты.
Згодна з метрыкай, шлюб бацькоў Тадэвуша — наваградскага стражніка Дамініка Рэйтана і Тарэзы з Валадковічаў, менскай стольнікаўны — адбыўся 4 кастрычніка 1739 года ў менскім езуіцкім касцёле Найсвяцейшае Панны Марыі (на плошчы Свабоды). У 1740, пасля дня святога Тадэвуша-Юды (28 кастрычніка), Дамінік Рэйтан напісаў ліст свайму патрону Міхалу Радзівілу Рыбаньку, у якім распавёў пра нядаўна народжанага сына, які цяжка захварэў, і прасіў прыдворнага нясвіжскага лекара спадара Яна Малера параіць дзейсныя лекі. Яшчэ праз год бацька Тадэвуша яшчэ раз нагадае Радзівілу пра сына і зноў спытае пра лекі ў Малера. Давяршэнне хросту Тадэвуша, згодна з метрыкай Ляхавіцкага касцёла, адбылося толькі 20 ліпеня 1742 года. А праз некалькі месяцаў нарадзілася Ганна-Уршуля, сястра Тадэвуша, якую адразу й ахрысцілі 28 лістапада 1742 года. Таму можна смела сцвярджаць, што «кананічная» дата Нямцэвіча — «20 жніўня 1742 года» — таксама памылковая, як і ўсе астатнія.

Рэйтан на сойме 1773 года

5 верасня 1772 года расейскія войскі перайшлі мяжу Вялікага Княства Літоўскага і апанавалі яе ўсходнія абшары (92 000 кв. км, 1 500 000 чалавек, з гарадамі — Невель, Полацк, Віцебск, Мсціслаў, Магілёў, Гомель). Тое самае, толькі на землях Украіны і Польшчы, ажыццявілі войскі Прусіі і Аўстрыі. Заставалася драбніца — легалізаваць акупацыю. Ціск на караля Панятоўскага з боку кіраўніцтва трох краін-агрэсараў прывёў да выдачы ім «Універсала», якім абвяшчалася правядзенне павятовых соймікаў у сакавіку, а сойму — у красавіку 1773 года.
22 сакавіка на Наваградскім замчышчы адзінадушна пасламі на сойм былі абраныя наваградскі падкаморыч (сын падкаморыя) Тадэвуш Рэйтан і наваградскі земскі пісарэвіч Самуэль Корсак.
 Усяго ад ВКЛ на сойм было абрана 24 паслы, і пераважная большасць з беларускіх земляў. У Жамойці ўсе соймікі былі пазрываныя, аніводнага пасла абрана не было. Усяго на сойм сабралася менш за палову звычайнага «камплекта» паслоў ад ВКЛ і Польшчы. Незайздросная роля зацвердзіць «падзел» уласнай краіны не заахвочвала шляхту браць удзел у сойме. Другім матывам была і смяротная небяспека для таго, хто б вырашыў супраціўляцца волі трох імперый.
Становішча Рэчы Паспалітай у 1773 годзе: тры манархі паказваюць на карце РП часткі краіны, на якія яны прэтэндуюць, дыпламат Панін — на анёла, прадвесніка волі манархаў.
Тым не менш Рэйтан і Корсак гатовы былі пакласці жыццё за Бацькаўшчыну. Унікальны пункт «Інструкцыі Наваградскага ваяводства» наказваў ім наступнае: «Паслы пад пагрозай страты жыцця і сваёй маёмасці не дазволяць падзелу краю, намечанага трыма суседнімі дзяржавамі». 
Дыярыушы сойму зафіксавалі, што ў першыя чатыры дні пасяджэнняў, падчас якіх звычайна выбіраліся галоўны і меншы маршалкі сойму, амаль усе беларускія паслы з Рэйтанам на чале выступалі супраць кандыдатуры Адаму Паніньскага і створанай ім «Канфедэрацыі».
Падставы для супраціву яго кандыдатуры былі вельмі важкія. Перш за ўсё, па чарзе кожны трэці сойм мусіў праходзіць у ВКЛ. У Гародні. І маршалкам сойму мусіў быць ліцвін, а не паляк. Гэтага права, якое падвышала статус ВКЛ у Рэчы Паспалітай, нашы продкі дабіліся толькі праз сто гадоў пасля заключэння Люблінскай уніі (1569). Па-другое, маршалка сойму мусілі абіраць прысутныя на пасяджэнні ліцвіны, прычым адкрытым галасаваннем. Узурпацыя палякамі іх правоў абурыла паслоў ВКЛ.
Яны чынілі супраціў і спробам перавесці сойм са звычайнага (на якім дзейнічала права «ліберум вета»), у «канфедэрацкі» ( на якім «ліберум вета» не дзейнічала, а рашэнні прымаліся большасцю галасоў).
Удзел Паніньскага ў сойме ўвогуле быў незаконным. Ён быў патаемна «прызначаны» на маршалка сойму ў Санкт-Пецярбурзе, а ў годнасць пасла з Лівы (Польшча) узведзены, калі заехаў туды з ротай расейскіх грэнадзёраў.
Рэйтан на варшаўскім сойме 1773 года, Ян Матэйка (1866).
На чацвёрты дзень па далучэнні караля Панятоўскага да «канфедэрацыі» Паніньскага паслы-патрыёты страцілі легальныя падставы для супраціву. Барацьба завяршылася. Але місія была выканана. Тое, што Расея, Прусія і Аўстрыя хацелі схаваць, выйшла на паверхню. Весткі аб гвалце над краінай і адсутнасці згоды яе грамадзянаў на падзел рэхам паляцелі па свеце.
Супраціў трох беларускіх паслоў першаму з трох падзелаў, рашучасць, з якой яны баранілі сваю Бацькаўшчыну, прынеслі ім сусветную славу. Асабліва Тадэвушу Рэйтану, чый лёс натхніў на стварэнне вялікай колькасці літаратурных і мастацкіх твораў.

Самагубства не было

Самым пашыраным міфам жыццярысу Тадэвуша Рэйтана з’яўляецца міф «самагубства». Ад сярэдзіны ХІХ ст. і да нашых дзён аўтары (Я.Полак, Я.Хамец, К.Тарасаў і інш.) спаборнічаюць у тым, хто «прымусіць» героя сваіх літаратурных твораў скончыць жыццё найбольш трагічным чынам. З’явіліся версіі смерці ад нажа, шкла, кулі, але далей за ўсіх пайшоў аўтар, які прымусіў Тадэвуша Рэйтана зрабіць апошні крок з балкона палаца.
Вывучаю пяць год дакументальную спадчыну роду Рэйтанаў, таму магу смела сказаць: да гэтага часу не знойдзена ніводнага дакумента, які б хаця ўскосна сведчыў пра самагубства. Наадварот, гэты пошук пераканаў мяне, што рамантычны міф, поўны драматызму, уласцівага той эпосе, стаў важнейшым за праўду. А праўду, дарэчы, ніхто і не збіраўся хаваць.
Існуюць два жыццярысы Тадэвуша Рэйтана, напісаныя ў першай палове ХІХ ст., якія і з’яўляюцца асноўнымі крыніцамі для ўсіх астатніх спробаў, як літаратурных, так і навуковых.
Першы з іх напісаны Урсын-Нямцэвічам, які да 1817 года стасаваўся са Станіславам Рэйтанам (малодшым братам Тадэвуша), збіраючы матэрыялы для свайго нарыса. Прывяду толькі апошні радок, які сведчыць: самагубства як усвядомленага акта не было, бо самагубцаў не хаваюць у касцёлах, на асвечанай зямлі: «Памёр (Т.Рэйтан) 8 жніўня 1780 года, пахаваны ў касцёле ляхавіцкім».
Другі жыццярыс, а дакладней гавэнда (кароткае апавяданне ад імя нейкай асобы, а у дадзеным выпадку старога наваградскага шляхціча) напісаны праз дзесяць год. Генрык Жавускі, адзін з найвядомых пісьменнікаў ХІХ стагоддзя, унук сястры Тадэвуша Рэйтана, так апісаў апошнія дні свайго легендарнага продка:
«Праз два дні пасля таго здарэння ён аддаў душу Богу. Я кажу «Богу», бо за некалькі гадзін да сканання ён прыйшоў у поўную свядомасць і, як належыць, рыхтаваўся да смерці, якой ён ужо не раз без страху шукаў. Брату Міхалу ён перад тым спрабаваў прадказаць наш будучы лёс, але той пасля не захацеў раскрываць сказанае перад людзьмі:
 — Не хачу засмучаць вас, таму што ўсё добрае так далёка ад нас, што мы і не дажывём, а бяда сядзіць на шыі.
Перад самым сконам Тадэвуш ужо быў у думках перад Збавіцелем нашым і Паннай Марыяй, якім ахвяраваў свае новыя пакуты, перажытыя ім.
— Я ніколі знарок не абразіў свайго Творцы і ні на хвіліну не ўсумніўся ў веры. Спадзяюся, што мяне, убогага, не абмінуць міласэрнасць і любасць Яго, найдаражэйшага Сына, а мае пакуты за няшчасную айчыну ахвярую Табе, Божа. Гэта былі яго апошнія словы».
Акрамя гэтых дзвюх вядомых крыніц, мне пашанцавала знайсці трэцюю. Ёй стаў ліст пляменніцы Тадэвуша, Саламеі, жонкі пісьменніка Станіслава Рэйтана, у якім яна так апісала скон Тадэвуша знакамітаму пісьменніку і выдаўцу з-пад Пружанаў Язэпу Крашэўскаму. «Нядаўна памёр стары Вольскі, які быў пры смерці Тадэвуша. Той да апошняга трымаў ксяндза за руку».
Дык ці можна назваць самагубцам чалавека, які прыняў смерць, як належала хрысціяніну, у прысутнасці ксяндза, і які быў пахаваны ў касцёле?
Памяць вялікіх ліцвінаў-беларусаў Тадэвуша Рэйтана і яго паплечнікаў, Самуэля Корсака і Станіслава Багушэвіча-Мінькоўскага, да гэтага часу ніякім чынам не ўшанавана ў Беларусі. У той час пра «вялікага паляка Рэйтана» ведае кожны школьнік за Бугам. Мне падаецца, прыйшоў час выправіць гістарычную несправядлівасць. Чалавек, які паклаў у Незалежнасць Бацькаўшчыны самае каштоўнае, што меў, — сваё жыццё, — мае права на годнае ўшанаванне!
Зміцер Юркевіч, кіраўнік Арт-суполкі імя Тадэвуша Рэйтана

https://nn.by/?c=ar&i=201873

пятница, 15 декабря 2017 г.

Продкі Адама Міцкевіча - дзеячы Рэфармацыі ў ВКЛ :новыя звесткі

9 снежня 2017 года, у Менску адбылася ІІІ Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя.

Былі запрошаны да ўдзелу і мы, бо некаторыя са апошніх нашых знаходак датычных генеалогіі Адама Міцкевіча, сусветнавядомага паэта беларускага паходжання (апублікаваны ў газеце "Культура"), як нейльга лепей пасавалі тэме канферэнцыі. Даклад атрымаў назоў "Продкі Адама Міцкевіча - дзеячы Рэфармацыі ў ВКЛ :новыя звесткі". Сапраўды, тут ёсць што распавесці. Падобна, што асаблівую зацікаўленасць  выказалі замежныя госці з Брысталя, Базэля і Оксфарда. Даклад будзе надрукаваны ў зборы матэрыялаў канферэнцыі ў 2018 годзе.

Прагучала шмат цікавых дакладаў, у тым ліку  па гісторыі кальвінскай царквы ў ВКЛ.

Відэа-запіс ад сп.Алены Прохаравай
https://www.facebook.com/zmicer.yurkevich/posts/10211025936586584?pnref=story









Зміцер Юркевіч

Мікра-пленэр. 1 мастак - 1 твор. Грушаўка, 5.12.17

5 снежня ,2017.

Традыцыя маляваць-фатаграфаваць Грушаўку мае даволе доўгую традыцыю. 
Закладзена яна была яшчэ ў часы падрыхтоўкі да паўстання 1863 года, калі ў Грушаўку прыязжаў паўстанцкі эмісар,  паўстанец 1831 года, мастак і музыка Напалеон Арда.

Мастак пакінуў два творы - акварэль і літаграфію
, на якіх  ёсць і сядзіба і "Мураванка" (невялічкі флігель, праваруч ад сядзібы, адзіны будынак з усяго  комплексу, які захаваўся да нашых часоў).

Менавіта ў ім, па легендзе, правёў апошнія пяць год жыцця Тадэвуш Рэйтан. Таму, вядома, і такая цікавасць з боку творчых асобаў,  менавіта да гэтай пабудовы.

За апошнія пяць год Арт-суполка не раз ладзіла мастацкія пленэры ў Грушаўцы. Ладзілі там сваі імпрэзы мастакі і да гэтага часу, і амаль адначасова, але цалкам незалежна ад нас. 

Алесь Родзін, вядомы беларускі мастак, сузаснавальнік Арт-суполкі таксама стала бярэ удзел у Грушаўскіх выправаў , але зімой упершыню. Тым ня меньш, нягледзячы на абяцаную завею, мастак узброіўся неабходным. Дзякуючы чаму, на свет з'явіўся яшчэ адзін жывапісны твор. 

дадам. што такую Грушаўку , вы, магчыма, бачыце апошні раз. У наступным годзе, там плануецца пачатак рэстаўрацыйных прац. Таму, пакуль яшчэ ёсць час зафіксаваць перыяд рамантычнага запусцення, бярыце фотастрэльбы, эцюднікі , алоўкі і наведайце Грушаўку!












Грушаўка. Апгрэйт вартоўні!

Акрамя іншых добрых навінаў, якія прынёс апошні візіт дэлегацыі АСІТРа ў Ляхавічы і Грушаўку, ёсць і такая.

У 2017 годзе, як вядома, у сядзібы з'явіліся вартаўнікі. Іх з'яўленне абумоўлена планамі па "стэпбайстэпнаму" аднаўленню сядзібы, і пераўтварэнні былога котлішча Рэйтанаў у музейна-культурны цэнтр Ляхавіччыны.

З надыходам халадоў і стварэнні больш камфортных умоваў, грушаўская варта атрымала вагончык.  Як мы ўбачылі, умовы сапраўды добрыя.  І, калі хто з вартаўнікоў мае літаратурныя здольнасці, то лепшага мейсца для творчасці ім не знайсці.



Кропка якарнай стаянкі таксама абраная не абы якая. Менавіта з яе, у 1850-60 гг., вядомы беларускі мастак, музыка, паўстанец Напалеон Арда намаляваў вядомую усім выяву "Мураванкі" Тадэвуша Рэйтана.

Image result for мураванка рэйтан


Дарэчы, пакуль мы абыходзілі перыметр, сузаснавальнік Арт-суполкі, вядомы беларускі мастак Алесь Родзін, намяляваў невялічкі твор, які заняў пачэснае месца ў фондасховішчах суполкі.  Аб гэтым будзе дадатковы пост.






Міністэрства культуры Беларусі далучылася да вяртання Тадэвуша Рэйтана

Адзін з апошніх візітаў у Ляхавічы і Грушаўку даў вельмі нечаканы вынік. Як паведамілі (і прадэманстравалі) нам прадстаўнікі Ляхавіцкага райвыканкама, сядзібу роду Рэйтанаў у Грушаўцы пачынае папулярызаваць ужо і Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь.  Прычым, не проста як сядзібу " якіх шмат", але як  "родавую сядзібу аднаго з нацыянальных герояў Беларусі"!!!
Але, не абыйшлося без "міфатворчасці". Ізноў, на жаль,   "прыўсплыў" ніколі не існаваўшы "кракаўскі рыцар пераможца татара-туркаў пад Венай".  Прозьбу падкарэктаваць змест накіравалі.


Для таго, каб пераканацца ў гэтым, дастаткова зайсці на сайт http://www.kultura.by/by/



Унізе старонцы абраць Віртуальны тур па музеях Рэспублікі Беларусь


І на адной старонцы са знакамітым   "Пружанскім палацыкам", які з'яўляецца  сябрам нашае Арт-суполцы,  заўважыце і сядзібу Тадэвуша Рэйтана.