Міцкевіч - Рэйтан - Касцюшка
№ 49 (1299) 03.12.2016 - 09.12.2016 г
Новае ў ланцужку славутых імёнаў Беларусі
“Зямля наваградская! Край мой родны! / Славутага пяра Трамбецкага ты годны! […] / Адсюль Міндоўг — на поўнач — нёс грамы праз далі, / Моц рымскіх сэрцаў тут Рэйтаны гартавалі…” Гэтыя радкі недакладнага перакладу першай і недапісанай паэмы Адама Міцкевіча “Бульба” ўсё ж у дакладнасці перадаюць яго любоў да роднай наваградскай зямлі, глыбокую пашану не толькі да першага ўладара Вялікага Княства Літоўскага, але і да Тадэвуша Рэйтана, знакамітага пасла на сойм 1773 — 1775 гадоў — у наш час забытага на Бацькаўшчыне героя, чыё імя ўсё ж вяртаецца з нябыту.
Абкружаны яшчэ пры жыцці славай і павагай землякоў і шчырых ворагаў, Рэйтан пасля заўчаснай смерці ў выніку няшчаснага выпадку 8 жніўня 1780-га, стаў папраўдзе легендарнай асобай у гэтых краях. Зразумела, гэты культ, спачатку стыхійны, неакрэслены, паступова ўвайшоў у пэўнае рэчышча, куды яго скіравалі пісьменнікі, мастакі і палітыкі. Праўда, часам, дасведчаныя людзі кажуць, што не землякі Рэйтана ўзвялічылі ягонае імя. Сапраўды, калі гаворка вядзецца пра мянушкі бегавых коняў, гатунак піва ці таматаў, турыстычныя фірмы ці гатэлі з назовам “Рэйтан”, мы сціпла стаім у баку. Іншая справа, калі гаворка вядзецца пра творы мастацтва, якімі моладзь натхнялася на здзяйсненні дзеля роднага краю. (Адзін з нашых артыкулаў у “К” быў прысвечаны такой тэме.) Але цяпер хацелася б распавесці чытачам, як малазямляк Тадэвуша Рэйтана, наваградзец Адам Міцкевіч, ушанаваў памяць вялікага чалавека ў сваёй творчасці, фактычна змусіўшы замежнікаў год за годам вучыць яго і сваё імя па школьнай праграме.
Праз два тыдні па стварэнні таварыства філаматаў на чужыне сканаў Тадэвуш Касцюшка. Правадыр вызваленчага паўстання 1794 года апошнія гады вёў вельмі сціплае існаванне ў вёсцы Бервіль блізу знакамітага замка Фантэнбло, дзе ў той самы час, знявераны і пакінуты, спрабаваў скончыць сваё жыццё гвалтоўным чынам імператар Напалеон. Магчыма, таму, што спроба сталася няўдалай, за тры гады да смерці Касцюшка змог убачыць ліцвінаў і палякаў, якія служылі пры генеральным штабе напалеонаўскага войска. Сярод першых, аказаўся падпалкоўнік Дамінік Рэйтан, пляменнік Тадэвуша Рэйтана. Пачуўшы знакамітае і знаёмае прозвішча, Касцюшка меў доўгую размову з пляменнікам свайго траюраднага брата. Так, Тадэвуш Рэйтан ёсць братам Тадэвуша Касцюшкі! Гэты факт нам нядаўна пашанцавала ўстанавіць паводле архіўных даных. Убачыць годнага нашчадка свайго вялікага сваяка для Касцюшкі было, як у змроку пабачыць прамень сонца, пачуць родную гаворку ці дакрануцца да святой зямлі пілігрыму.
…Звестка пра смерць Касцюшкі маланкай прыляцела ў Літву і Польшчу. З дазволу расійскага імператара па касцёлах былі наладжаны ўрачыстыя набажэнствы ля сімвалічных трунаў героя. Першыя ўрачыстасці адбыліся ў былым Вялікім Княстве, пазней эстафету перанялі караняжы (так нашы продкі называлі палякаў). Асаблівы размах урачыстасці набылі ў Вільні. Дзе быў у той час Адам Міцкевіч, у родным Наваградку ці ў колішняй сталіцы княства? Дакладна невядома.
Захавалася цікавае апісанне таго, як наваградская шляхта ўшанавала памяць Касцюшкі. Цвет ваяводства сабраўся ў касцёле францішканцаў (месціцца ён побач з сучасным краязнаўчым музеем, у ХІХ стагоддзі перароблены на праваслаўную царкву, якой і з’яўляецца ў наш час), дзе ўсталяваныя памятныя дошкі героям сойму 1773 года Тадэвушу Рэйтану, Самуэлю Корсаку, Станіславу Багушэвічу, а таксама Якубу Ясінскаму і іншым. Адбылася жалобная імша, прагучалі прамовы. Потым былы напалеонаўскі афіцэр (амаль юнак) Ваўрынец Плятар (будучы муж Марылі Верашчака) прачытаў верш у гонар Касцюшкі. Спрэчкі, чый гэта быў верш (ягоны ці Адама Міцкевіча), як мне падаецца, вядуцца і да гэтага часу.
Для нас жа вельмі цікавым і важным з’яўляецца тое, што у Наваградку (а магчыма, і ў іншых гарадах былога ВКЛ), ужо былі спробы ўвекавечыць памяць паслоў-ліцвінаў. І безумоўна, Міцкевіч, не мог не чуць і не бачыць гэтага. Дарэчы, былі такія спробы і пазней, нават у ХХ стагоддзі. На жаль, у наш час імёны згаданай трыяды навагрудчанам незнаёмыя.
Узяты за эпіграф урывак з паэмы “Бульба” — першая згадка Рэйтана ў творчасці Міцкевіча. Пачаў ён пісаць паэму ў 1819 годзе, але так і не завяршыў. Чаму? Няма адказу.
У 1820-х лёс звёў Міцкевіча з адным з найзнакамітых пазней пісьменнікаў таго часу Генрыкам Жавускім. Магчыма, натхнёны Міцкевічам, ён паклаў на паперу свае ўспаміны і пачутыя ў дзяцінстве байкі. На свет у 1839 годзе з’явіліся чатыры тамы “Успамінаў чашніка парнаўскага Севярына Сапліцы” — бестсэллер тых часоў. Дзякуючы гэтаму твору Генрыка Жавускага называюць другім біёграфам Тадэвуша Рэйтана, бо адна з частак твора прысвечана знакамітаму наваградцу. Ну а першым біёграфам лічыцца іншы ліцвін — берасцеец Юльян Нямцэвіч, які на 20 гадоў раней за Жавускага апісаў жыццё і чын героя. Малавядомы факт, але Генрык Жавускі — стрыечны ўнук Рэйтана, бо ягоны бацька, Адам Жавускі, вядомы дыпламат, палітык у свой час выкраў з мэтай ажаніцца дзесяцігадовую Юстыну, дачку Яўхіма Рдултоўскага і Марты-Марыяны з Рэйтанаў (сястры Тадэвуша). Усё свае дзяцінства Генрык правёў у бабкі — у сэрцы старажытнай Літвы — на Наваградчыне, дзе чуў і бачыў рэшткі таго сармацкага вялікалітоўскага духа, які пазней і паклаў на старонкі сваіх твораў.
Літаратуразнаўцы сцвярджаюць, што ўплыў двух літаратараў быў узаемны. Міцкевіч натхніў Жавускага пісаць “Гавэнды”, а сам узяў у Жавускага задуму для “Пана Тадэвуша”. Але пакуль пісалася роўная “Эліядзе” Гамэра паэма, Міцкевіч двойчы звярнуўся да вобраза Тадэвуша Рэйтана ў сваіх артыкулах.
Апынуўшыся ў эміграцыі, паэт наладзіў выпуск газеты “Пілігрым”. Друкаваліся там і вершы, і артыкулы розных аўтараў на актуальныя тэмы. У маі 1833 года Міцкевіч піша два артыкулы, даволі рэзкіх паводле свайго тону. Першы меў назву “Пра апалітычных і…”, дзе Міцкевіч распавядаў пра людзей, якія ўсяляк ухіляліся ад удзелу ў палітычным жыцці краіны, спасылаючыся на неспрыяльныя таму акалічнасці. У наступным нумары “Пілігрыма”, у артыкуле “Пра людзей рассудных і шалёных”, гаворка ішла пра тых, хто замест рашучых дзеянняў у вызначальны час лічыць за лепшае разважаць, варта ці няварта да іх пераходзіць. Як супрацьлегласць людзям без стрыжня паэт прывёў у прыклад Тадэвуша Рэйтана. Гэта людзі, якія атрымалі ад рассудных мянушку шалёных, але іх, гэтых шалёных, народ назваў вялікімі!
І вось, надышоў 1834 год. Менавіта тады, над парыжскім брукам, загучалі знакамітыя несмяротныя радкі “Літва, ты як здароў’е тое!” Не маючы магчымасці і нават надзеі вярнуцца на Радзіму, Міцкевіч уваскрашае падзеі мінуўшчыны, нашы звычаі, жыве ў ілюзорнай краіне, дзе ўсё да болі знаёмае з дзяцінства…
Вось родны палацык Тадэвуша Сапліцы, юнака, які вяртаецца з Вільні. І пачынаецца пералік партрэтаў на сценах:
Касцюшка тут у простай кракаўскай чамары
Аберуч меч дзяржыць, узняўшы вочы ў хмары.
Вось так ён прысягаў за родны край любімы
Загінуць ці прагнаць трох ворагаў радзімы.
Далей сядзіць, апрануты па-польску, у скрусе
Пан Рэйтан, бо свабоду край утраціць мусіў,
Трымае востры нож, накіраваны ў лона,
А перад ім “Федон” і жыццяпіс Катона.
Далей Ясінскі, юны прыгажун схмурнелы,
А поруч Корсак, сябра неадступны, смелы…
Апошнія, начальнік паўстання ў ВКЛ Якуб Ясінскі, а таксама Тадэвуш Корсак, загінулі ў час штурму войскамі Суворава Прагі, прадмесця Варшавы. Там яны і пахаваныя ў адной магіле.
Шкада, што Міцкевіч, услед за традыцыямі рамантызму, спрычыніўся да замацавання міфу аб самагубстве Тадэвуша Рэйтана, узброіўшы ў творы таго нажом. Зразумела, што зроблена гэта было з найлепшых меркаванняў, бо сапраўдны герой мусіў памерці як вікінг, як самурай — са зброяй у руках. Але адышоў у вечнасць Тадэвуш не праз меч, але да апошняй хвіліны жыцця трымаючы святара за руку.
Уславіўшы імёны знакамітых ліцвінаў-землякоў, напісаўшы паэму “Пан Тадэвуш”, Адам Міцкевіч замаўчаў. Фактычна, пасля гэтага твору нічога значнага ён так і не напісаў. Творчы імпэт і энергія былі скіраваныя на рэальную палітычную барацьбу — стварэнне легіёнаў і іншыя справы. Усё гэта, урэшце, прывяло да таго, што Адама Міцкевіча выслалі ў Стамбул, нібыта пасярэднічаць у спрэчках між непрымірымымі прадстаўнікамі эміграцыі. І вельмі верагодна, што там яго атруцілі, бо са сваімі чырвонымі рэвалюцыйнымі поглядамі ён шмат каму быў ненавісным. Зацікаўленым можна параіць артыкул гісторыка Паўла Манькоўскага “Ці быў атручаны Адам Міцкевіч?”, з якога можа даведацца пра акалічнасці смерці паэта.
Але перад тым, як развітацца з чытачом, распавядзём яшчэ трохі пра Міцкевіча і Жавускіх. Найбольш знакамітымі сёстрамі Генрыка Жавускага былі Эвеліна Ганьская і Караліна Сабаньская. Гісторыя пра тое, як унучка Тадэвуша Рэйтана стала каханнем жыцця знакамітага французскага пісьменніка Анарэ дэ Бальзака, не толькі добра вядомая, але нават зафіксаваная ў кінематографе. Калі-небудзь мы распавядзем яе больш падрабязна, але зараз нашу цікавасць прыцягвае Караліна Сабаньская. Доўгі час яна была музай рускага паэта Аляксандра Пушкіна, які нават пакінуў на палях сваіх нататак яе партрэт. Пасля Караліна стала натхняць на творчасць Адама Міцкевіча, пры сустрэчы з якім Пушкін аднойчы сказаў, прызнаючы перавагу генія Міцкевіча над сваім: “З дарогі двойка, туз ідзе!”. На што, быццам бы, атрымаў адказ: “Казырная двойка і туза б’е”.
Вось так “парадніліся” Міцкевічы і Рэйтаны. Але тое ўжо іншая гісторыя, якую мы таксама распавядзем іншым разам...
Аўтар: Зміцер ЮРКЕВІЧ
калумніст газеты "Культура", арт-куратар