суббота, 20 июня 2015 г.

«Дах» — гэта па-нашаму

«Дах» — гэта па-нашаму

20.06.2015 00:52КАМЕНТАРЫЯЎ: 0ПРАГЛЕДЖАНА: 3

Авангард арыентуецца на гісторыю.

Фестываль незалежнай мастацкай творчасці з 19 чэрвеня па 1 ліпеня ў сталічным Палацы мастацтваў збірае тых, хто шукае новага. Але тут жа трэба зрабіць агаворку: нам такі пошук прапануюць пачаць з мінулага. Нават нельга сказаць, каб недалёкага, а з ХVІІІ стагоддзя. Не, у беларускае ХХІ, відаць, напрасткі не пройдзеш і нічога не пераскочыш.
20-42
Але ж яшчэ нядаўна спрабавалі. «Дах» — фестываль не новы, ужо напрацаваў сабе імідж. Нават своеасаблівы. Нечага не такога, не адтуль, не з таго. А штосьці пра іншае, не так і з шокам. Каб дах знесла. Адсюль і назва.
Я хадзіла. Вярталася. Усё на месцы, здаровая. Таму калі хтосьці з любові да традыцыйнага, праверанага добрага мастацтва з асцярожнасцю ўспрымае словы «незалежная мастацкая творчасць», то тут трэба разумець асаблівасць сучаснай беларускай мастацкай сітуацыі, дзе творчасць, калі ёсць, то залежыць менавіта і толькі ад аўтара. Які можа глядзець на свет па-свойму, бачыць у ім нешта сваё, выяўляць ці паказваць гэта імкнецца нейкімі новымі сродкамі, з пошукам асаблівых форм выяўлення. Не, усё як у мастакоў ва ўсе часы. Але асаблівы беларускі кантэкст падключаць усё ж трэба.
Ідэолагі (і куратары) праекта Алесь Родзін і Зміцер Юркевіч цяпер гэты кантэкст акрэслілі больш выразна. Па-першае, яны стварылі арт-суполку, далі ёй імя Тадэвуша Рэйтана. Цудоўнае імя. Чалавек-гісторыя. Чалавек-Айчына. Перад першым падзелам Рэчы Паспалітай ён, прадстаўнік слыннага шляхецкага роду, учыніў незвычайную акцыю персанальнай нязгоды, каб сарваць галасаванне. Прайсці ў залу дэпутаты сойму і паслы маглі толькі пераступіўшы праз яго. Учынак чалавека, які, відаць, быў не проста неабыякавым, харошым, разумным і адданым, а яшчэ і мастаком у душы. І хоць яго крэатыў у свой час нічога не змяніў, але нашчадкамі не забыты і ацэнены. Акцыя Тадэвуша Рэйтана фактычна была падобная на перформанс.
А цяпер перформансы можна будзе паглядзець і падчас фестывалю «Дах — XXVІІІ- «РЭЙТАН» у Палацы мастацтва. І не толькі. Жывапіс і графіка (як жа ў нас ды без традыцыйных відаў мастацтва?), мастацкае фота і інсталяцыі. Выступленні музычных гуртоў і мастацкія перформансы. Са згадкамі пра Рэйтана. Не могуць нашы сучасныя наватары і авангардысты «адарвацца» ад глебы зусім. Авангардны фестываль яны прысвячаюць рэальнай гістарычнай асобе (275-годдзю), паслу Вялікага Княства Літоўскага ў сойме Рэчы Паспалітай, каб нагадаць адначасова і пра неабходнасць аднаўлення гістарычнай сядзібы ў Грушаўцы пад Ляхавічамі, прыцягнуць увагу да ўшанавання памяці Тадэвуша Рэйтана.
Сучасная мастацкая творчасць Беларусі не проста абапіраецца на традыцыі. Яна крыніцы авангарду (грамадскага і ідэйнага) шукае ў мінулым. Можа таму, што пакуль не зразумеў народ, дзе і калі ён быў перадавы і творчы, не зможа карыстацца энергіяй творчасці напоўніцу ў сучаснасці. Нават калі вельмі хоча і стараецца. Як стараецца цяпер і што за новыя ідэі і формы прапануе? Трэба пабачыць. А гэта значыць, пайсці і паспрабаваць зразумець, што людзі робяць і чаму. Няма праблем: гэтая выстава працуе ў Палацы мастацтва з 11.00 да 22.00 і без выхадных. Творчасць — і ёсць адпачынак.
Ларыса ЦІМОШЫК
tsimoshyk@zviazda.by

Комментариев нет:

Отправить комментарий