ПРЭС-РЭЛІЗ
4 лістапада 2015 г. а 17-й гадзіне ў філіяле Нацыянальнага мастацкага музея – Музеі “Дом
Ваньковічаў. Культура і мастацтва першай паловы ХІХ ст.” адбудзецца вечарына,
прысвечаная памяці Тадэвуша Рэйтана (1740–1780), выбітнай постаці беларускай
гісторыі XVIII ст.
Імя навагрудскага пасла ад Вялікага Княства Літоўскага на надзвычайны
сойм Рэчы Паспалітай 1773–1775 гг., мужнага абаронцы незалежнасці Бацькаўшчыны,
было шырока вядома як на радзіме Тадэвуша Рэйтана, так і па-за межамі беларускіх
зямель. Аб вялікай пашане да свайго земляка-літвіна сведчаць літаратурныя і
мастацкія творы славутых дзеячаў культуры той бурлівай эпохі Ф. Князьніна, Ю. Нямцэвіча,
Г. Жавускага, Ф. Смуглевіча, Л. Горварта, А. Міцкевіча, У. Сыракомлі, Н. Орды і
інш.
Пазней імя Т. Рэйтана на доўгі час адышло ў нябыт. Нанава
адкрыў для суайчыннікаў постаць Т. Рэйтана наш класік У. Караткевіч. Потым
прыйшоў час навукоўцаў і публіцыстаў, якія зрабілі спробу ўвесці імя Тадэвуша
Рэйтана ў беларускі кантэкст. Але паўнавартаснае вяртанне яго імя ў пантэон
беларускіх нацыянальных герояў яшчэ наперадзе.
Сёлета адзначаюцца 275-я ўгодкі з дня нараджэння Т. Рэйтана.
Мерапрыемствы (мастацкія выставы, фестывалі, пленэры, імпрэзы) з гэтай нагоды
прайшлі ў Нацыянальнай бібліятэцы, Цэнтры сучаснага мастацтва, Палацы мастацтваў,
а таксама ў Навагрудку, Пружанах, на малой радзіме Тадэвуша ў в. Грушаўка. У
былой сядзібе роду Рэйтанаў сёлета ўжо трэці раз прайшоў фестываль “ДАХ”, які арт-суполка імя Т. Рэйтана
ладзіць сумесна з уладамі Ляхавіцкага раёна.
Але, акрамя пытання ўшанавання належным чынам памяці
нашага вялікага суайчынніка, даволе востра стаіць пытанне з сядзібай роду
Рэйтанаў. Стварэнне там дзяржаўнага
мемарыяльнага музея - справа гонару беларусаў і Беларусі!
У імпрэзе
бяруць удзел даследчыкі, гісторыкі, мастакі і музыканты. Наведвальнікі пачуюць
не толькі пра Тадэвуша, але і пра іншых прадстаўнікоў роду Рэйтанаў. Увазе гледачоў
будуць прапанаваны выстава “аднаго вечара” –“Тадэвуш Рэйтан на сойме 1773 года”
(з графічнай серыі “Род Рэйтанаў. Асобы. Падзеі” мастакоў-даследчыкаў А. Родзіна
і З. Юркевіча), а таксама паказ тэматычных дакументальных стужак.
Кантактныя тэлефоны: 3278878 (музей), +375 33 375 72 50 (арт-суполка імя Тадэвуша Рэйтана)
Комментариев нет:
Отправить комментарий