четверг, 19 мая 2016 г.

Хто такі Тадэвуш Рэйтан?


Хто такі Тадэвуш Рэйтан?

19 мая 2016 г.

Мой погляд
Добры дзень!
Хачу выказаць падзяку за добрую ініцыятыву “Народнай Волі” – публікацыю “150 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі”!
Адначасова хачу папрасіць рэдакцыю пры перадрукоўцы главы, якая распавядае пра Тадэвуша Рэйтана, прыбраць радкі пра ягонае самагубства. Займаючыся вывучэннем жыцця гэтага героя і гісторыі ягонага роду, на падставе дадзеных навуковых крыніц я прыйшоў да цвёрдай перакананасці, што ён не пазбаўляў сябе жыцця. Міф пра самагубства Рэйтана ў наш час стварае перашкоду на шляху ўшанавання яго памяці. Таму прапаную іншую версію гэтага артыкула.
Таксама я прапаную ўнесці змены ў гады жыцця Тадэвуша Рэйтана: нарадзіўся ён не ў жніўні 1742-га, як раней лічылася, а, паводле маіх даследаванняў, у кастрычніку 1740 года.
З павагай –
Зміцер Юркевіч.

Рэдакцыя не ўмешваецца ў дыскусіі гісторыкаў. Наша справа – інфармаваць пра розныя версіі і высновы. Што мы ахвотна і робім: публікуем у раздзеле “Пошта” матэрыял Зміцера Юркевіча, а ў наступным нумары чытачы змогуць пазнаёміцца з версіяй, выкладзенай у артыкуле пра Тадэвуша Рэйтана Уладзімірам Емяльянчыкам.
Хто такі Тадэвуш Рэйтан?
У жніўні 1772 года манархі трох суседніх дзяржаў – Расiі, Прусіі і Аўстрыі, скарыстаўшыся заняпадам і ўнутранымі міжусобіцамі, што скаланалі Рэч Паспалітую Абодвух Народаў, дамовіліся паміж сабою аб першым падзеле яе тэрыторыі.
18 верасня таго ж года яны давялі да ведама ўлад Каралеўства Польскага і Вялікага Княства Літоўскага, што факт
падзелу адбыўся. Да Расійскай імперыі далучаліся ўсходнія беларускія землі з Полацкам, Віцебскам і Магілёвам. Акупанты запатрабавалі склікання надзвычайнага Сойму, каб фармальна пацвердзіць «законнасць» сваіх захопаў, заснаваных нібыта «на гісторыі і праве».
19 красавіка 1773 года ў Варшаве распачаў працу вальны Сойм Рэчы Паспалітай, які пазней атрымаў назоў «падзельнага». Краіны-захопніцы разлічвалі не толькі на сваю вайсковую сілу і слабасць Рэчы Паспалітай. Выкарыстоўваючы пагрозы, шантаж і подкуп, яны дамагліся перавагі на Сойме згодніцка-прадажнай большасці на чале з кухмістрам польскім А.Панінскім.
Быў распрацаваны і адпаведны сцэнарый Сойма: перад яго пачаткам з ліку здраднікаў утваралася «канфедэрацыя» (гэтак даўней называўся часовы вайскова-палітычны хаўрус шляхты), што рабіла немагчымым ужыванне пасламі (г.зн. дэпутатамі) права «ліберум вета», каб заблакаваць прыняцце ўмоў захопнікаў. Маршалкам канфедэрацыі і Сойма павінен быў стаць Панінскі, марыянетка расійскага пасольства.
Але ўсе гэтыя планы нечакана былі парушаны супрацівам беларускіх паслоў на чале з Тадэвушам Рэйтанам, шляхціцам з-пад Ляхавічаў, паслом ад Наваградскага ваяводства. Тры дні ён разам з Самулём Корсакам і Станіславам Багушэвічам не дазвалялі Панінскаму ўзначаліць Сойм. Гэты пратэст вонкава насіў фармальны характар. Бо, па-першае, Сойм паводле чаргі павінен быў праводзіцца ў Горадні, а не ў Варшаве, а маршалкам яго мусіў быць ліцвін, а не паляк. А па-другое, Сойм склікаўся не як канфедэрацкі, а як звычайны, і распачынаць яго пад знакам канфедэрацыі было незаконна. Для нашых паслоў гэта была толькі зачэпка, каб сарваць Сойм і не дапусціць ганебнага зацвярджэння падзелу.
Спачатку Рэйтана ўгаворвалі, каб саступіў. Потым, калі не атрымалася, хацелі, як і іншых, падкупіць грашыма. Урэшце канфедэрацкі суд прыняў пастанову пазбавіць яго «маёмасці і гонару» і выгнаць з краіны. Але ўсё было марна: Тадэвуш Рэйтан заставаўся непахісным у сваіх перакананнях. Падчас правядзення Сойма быў і такі драматычны момант, калі Рэйтан у адчаі, каб не даць магчымасці па-згодніцку настроеным паслам пакінуць залу пасяджэнняў, лёг крыжам ля дзвярэй і закрычаў: «Забіце мяне, затапчыце, але не забівайце Бацькаўшчыны!»
Гераічны супраціў Рэйтана не выратаваў нашу краіну ад захопу. Пакінуты і знявераны, ён цяжка захварэў. Памёр у сваім маёнтку Грушаўка 8 жніўня 1780 года ва ўзросце 39 гадоў.
Легендарны чын Тадэвуша Рэйтана ўвайшоў у нашу гісторыю як прыклад высокага патрыятызму і самаахвярнасці. Яго імя – гэта сімвал мужнасці і няскоранасці для ўсіх, хто не гандлюе святынямі, не прадае самага дарагога – Айчыны. І ў наш час заклік Рэйтана «Не забівайце Бацькаўшчыны!», на жаль, цалкам актуальны.

Комментариев нет:

Отправить комментарий