понедельник, 21 декабря 2015 г.

Сцебурака А. М. Пляменнікі Тадэвуша Рэйтана ў 1812 годзе: Станіслаў Рэйтан


(маст.Алесь Родзін"Станіслаў Рэйтан", са збораў Арт-суполкі)



А. М. Сцебурака,
кандыдат гістарычных навук, дацэнт кафедры бізнэс-камунікацый ІБМТ БДУ
(г. Мінск, Рэспубліка Беларусь)
Сябра Арт-суполкі імя Тадэвуша Рэйтана

Пляменнікі Тадэвуша Рэйтана ў 1812 годзе: Станіслаў Рэйтан

Сям’я Рэйтанаў не патрабуе асобнага прадстаўлення на абшарах былой Рэчы Паспалітай дзякуючы смеламу эпатажнаму ўчынку Тадэвуша Рэйтана на “падзельным” сойме 1773 г. Жыццё патрыёта абарвалася ў 1780 г., але яго род працягваў жыць на Беларусі і ўдзельнічаць у грамадска-палітчыным жыцці.
Пагаворым аб пляменніку Тадэвуша, – Станіславе Каралі Рэйтане, які сёння выклікае жывую зацікаўленасць беларускіх даследчыкаў літаратуры. У прыватнасці, зараз жыццё і творчасць Станіслава вывучае даследчык З. Юркевіч, што ўжо рэалізавалася ў выглядзе серыі артыкулаў [11, 12].
Нарадзіўся Станіслаў у сям’і наваградскага земскага пісара Міхала-Ксаверыя і Ганараты Багдановіч у 1781 г. [1] “Вучыўся Станіслаў Рэйтан, мяркуючы па ўскосных дадзеных, у Вільні – у піярскім “Collegium Nobilium”. Потым была служба ў войску. У 1832 г. Станіслаў у чыне капітана войска Каралеўства Польскага і паручніка баявога кірасірскага палка выходзіць у адстаўку[11]. У сталым веку Станіслаў быў маршалкам Слуцкага павету, апекуном Слуцкай гімназіі, займаўся дабрачыннасцю і літаратурнай дзейнасцю (“Паперы Пана Амброзія” (1845), “Пан Марцін Квеч” (1854), “Так было ў нас” (1858)).


(аповесць Станіслава Рэйтана" так было ў нас", са збораў Арт-суполкі)


Вернемся да ранняй біяграфіі Станіслава і паспрабуем рэканструяваць яго жыццё напярэдадні і ў час вайны 1812 года. Так, З. Юркевіч сцвярджае, што Станіслаў Рэйтан у 1809 г. выйшаў у адстаўку з расейскага войска, і ужо ў 1810 г. быў капітанам у войсках Варшаўскага герцагства. [2]
Вядома, што ён браў удзел у вайне на баку Напалеона, як і яго родны брат Дамінік. І калі пра Дамініка, афіцэра са штабу Напалеона, дастаткова шмат звестак, то збіраць інфармацыю пра яго старэйшага брата выпадае па драбніцах [1, s. 314].
Паводле пэўных звестак, Станіслаў Рэйтан быў паручнікам 20-га ўланскага палка. Гэты полк пачаў фарміравацца ў Пінску ў ліпені 1812 г. пад кіраўніцтвам Ксаверыя Абуховіча [2, s. 488-489]. А камісарам гэтага палка быў абраны даўні паплечнік Тадэвуша Рэйтана на сойме 1773 г. – Станіслаў Багушэвіч-Мінькоўскі (!) [13, c. 14]. У час адступлення Вялікага войска Напалеона 20 уланскі полк разам з іншымі часткамі сіл ВКЛ згрупаваўся ў наваколлі Вільні. Верагодна там Станіслаў і трапіў у палон.
Дарэчы, гэты полк, ужо без Рэйтана, адступіў да Варшавы і браў удзел у “бітве народаў” пад Лейпцыгам у 1813 г, пасля якой перастаў існаваць як асобная адзінка і ўліўся ў польскія кавалерыйскія часткі.
Усе згаданыя факты былі вядомыя і раней, але заставалася таямніцай тое, чым скончыўся для Станіслава Рэйтана ўдзел вайне 1812 года. Знойдзеныя аўтарам дакументы ўпершыню даюць на гэта дакладны адказ.
Станіслаў Рэйтан, як і іншыя ўдзельнікі войска ВКЛ, не разглядаліся асобна, а траплялі пад катэгорыю “палонных палякаў”. Царскі ўрад, які ставіўся да іх як да інсургентаў, падрыхтаваў для іх адмысловае пакаранне: “Палонных палякаў накіраваць на ўкамплектаванне палкоў на Каўказе, у Грузіі і нават на Сібірскай лініі. Чым не толькі зменшыць лічбу палонных, якія знаходзяцца на ўтрыманні казны, але і захаваць уласных рэкрутаў для ўмацавання войска, якое змагаецца супраць французаў”. Дзякуючы архіўным дакументам, можна меркаваць, што Станіслаў трапіўшы ў палон, быў этапаваны да Мінска, дзе адбывалася фарміраванне партый для канваявання на Каўказ.[3]
Існаваў дакладны маршрут, паводле якога рухаліся партыі з Менску на Каўказ у зборны пункт (горад Георгіеўск): Менск – Ігумен – Бабруйск –Рагачоў – Беліца – Чарнігаў – Нежын – Лубны – Міргарад – Палтава – Канстантынаград – Новамаскоўск – Паўлаград – Стаўрапаль – Аляксандраў – Георгіеўск. Пры гэтым, было дакладна вядома праз якую вёску ці мястэчка пройдуць на сваім шляху палонныя паміж гарадамі (E.G.:“Сяло Кляшчэвічы 15 ½ вярсты, мястэчка Свіслач 30 ¾  в., Ігумен 26 ½ в.) [6, л. 52]. У адным са спісаў “ваеннапалонных палякаў, якіх адпраўляюць у г. Чарнігаў, для накіравання ў Георгіеўск на чале з афіцэрам прапаршчыкам Маламахіным” пад № 23 мы сустракаем капітан-ад’ютанта Станіслава Рэйтана. Пры чым, побач з яго прозвішчам зроблена прыпіска “з-за хваробы пакінуты ў Менску [6, л. 48]. Такая практыка сапраўды існавала, каб пазбегнуць распаўсюджвання хваробаў сярод палонных, якія і так масава паміралі на этапах. Тых, хто не быў у стане ісці, пакідалі пад распіску ў гарадскіх шпіталях, альбо ў вёсках пад наглядам памешчыкаў. Праз пэўны час, калі хворы выздараўліваў, яго мусілі далучыць да наступнай партыі і ўсё адно накіраваць у меркаванае месца збору палонных.
Адпаведна, Станіслаў Рэйтан, мусіў атрымаць толькі часовую адтэрміноўку, а пазней, падзяліць лёс тысяч палонных на Каўказе [9, с. 49-52]. Там ён мог затрымацца як мінімум да лета 1814 г., калі выйшла распараджэнне рускага імператара Аляксандра І аб амністыі. Але ці вярнуўся б ён жывым з такой далёкай вандроўкі?
Дзякуючы яшчэ аднаму адшуканаму аўтарам дакументу, тэкст якога цалкам прыведзены ніжэй, можна ўпэўнена казаць, што Станіслаў, калі акрыяў ад хваробы, не быў этапаваны далей на Каўказ. Нейкім чынам, ён здолеў атрымаць дазвол застацца ў Мінскай губерні, што, да рэчы, катэгарычна супярэчыла тагачаснаму заканадаўству. Верагодна, справу маглі вырашыць асабістыя сувязі, ці грошы, альбо і першае і другое.

Июнь 16 дня [1813]
Его превосходительству!
Господину действительному Статскому Советнику Минскому Гражданскому губернатору Павлу Михайловичу Добрянскому

Слуцкого нижнего суда
Рапорт
Станционный заседатель 12 класса Милютин рапортом сему суду донесе, что явившись в местечко Романово помещик Станислав Рейтан объявил данный ему от господина Военного губернатора и кавалера пашпорт под №32 в коем написано, «что по Всемилостивому повелению прощается бывший в плену помещик Станислав Рейтан, с позволением жить у его родственников в Слуцком повете» почему сей суд о сем вашему Превосходительству имеет честь донести.
Подчекаев
№2346
Июля 16 дня
1813 года[10, л. 324].

Вынікае, што ў ліпені 1813 г., пазбегнушы высылкі, Станіслаў атрымлівае дазвол на жыццё ў Слуцкім павеце, у мястэчку Раманава (належала да двара Дактаровічаў). Гэта невялікае паселішча на рацэ Вушы знаходзілася ў 23 вярстах ад Слуцку на гасцінцы Слуцк–Цімкавічы–Нясвіж. Верагодна, гэты выбар абумоўлены тым, што там магла жыць, альбо валодаць ім, другая жонка Міхала Рэйтана – Людвіка з Касінскіх з дзецьмі. Бо сам Міхал памёр у 1809 г., а яго першая жонка, маці Станіслава, адыйшла ў лепшы свет яшчэ раней. Таму, як мяркуе З. Юркевіч, ў Раманава і Дактаровічах яшчэ да вайны бывалі ўсе Рэйтаны [3, с. 721].
Але чаму ён не вяртаецца ва ўласны маёнтак Рэйтанаў?
Газета “Кур’ер Віленскі” ад 2 ліпеня 1813 г., друкуе афіцыйную абвестку, дзе паведамляецца аб тым, што браты Рэйтаны падлягаюць канфіскацыі маёнткаў. “Ад губернскага ўрада Мінскага абвешчана: апынулася, што ніжэй пералічаныя асобы і іншага стану людзі, аб’яднаўшыся з ворагам, адны разам з ім збеглі, іншыя самавольна без дазволу ўрада за мяжу выехалі і не вярнуліся ў тэрмін, вызначаны Маніфестам найвышэйшым ад 12 снежня 1812 г., чые маёнткі падлягаюць канфіскацыі, а менавіта: … павету Слуцкага …Станіслаў Рэйтан, Дамінік Рэйтан” [7, с. 5].
Адметна, што ў 1814 г. уладанні будуць усё ж вернуты Рэйтанам [12], што будзе сведчыць аб дастаткова мяккай, прымірэнчай, палітыцы ў адносінах да шляхты царскага ўрада ў Беларусі ў перыяд паміж вайной 1812 года і паўстаннем 1830-1831 гг.
Спроба рэканструкцыі фрагмента біяграфіі пляменніка Тадэвуша Рэйтана, з’яўляецца выдатным прыкладам для адлюстравання грамадскай пазіцыі беларускай шляхты ў 1812 г. і далейшага лёсу прыхільнікаў Напалеона ў пасляваенны перыяд.
Жыццё Станіслава Рэйтана стала ў пэўным сэнсе працягам таго сумленнага самаахвярнага шляху служэння Радзіме, што абраў яшчэ яго дзядзька Тадэвуш у апошнія часы Рэчы Паспалітай.

Крынiцы i літаратура

1. Grabowski,J. Pamietniki wojskowe Jozefa Grabowskiego oficera sztabu cesarza Napoleona I, 1812-1813-1814 / J. Grabowski. - Warszwa, 1905. – 344 s.
2. Nawrot,D. Litwa i Napoleon w 1812 roku / D. Nawrot. - Katowice, 2008. - 792 s.
4. Бессонов,В.А. …Не считая шарамыжников. Численность военнопленных 1812 года в России / В. А. Бессонов // Родина. - 2002. - № 8. - С. 55-59.
8. Лякин,В.А. Белорусские солдаты Наполеона: Хроника походов и сражений / В. А. Лякин. - Мозырь, 2013. - 238 с.
9. Самович,А.Л. Военнопленные наполеоновских войн в западных губерниях России / А. Л. Самович. - Мн., 2008. - 87 с.
13. Юркевіч,З. Знакаміты паплечнік Рэйтана / З. Юркевіч // Культура. – 2014. - № 36. - С. 14.






[1] Варта згадаць яго сястру Ганну, аўтарку “Успамінаў…”. Cын Ганны, Эдвард Герыч, сябраваў з паэтам Адамам Міцкевічам у часы французскай эміграцыі [5].
[2]  У кнізе С. Рэйтана “Так было ў нас” (с. 44-46) есць расповяд пра службу ў расійскім войску за часамі Паўла І і Аляксандра І, які можа разглядацца, як аўтабіяграфічны. “На працягу года пан Станіслаў стаў афіцэрам, а ў наступным – падпаручнікам. З надыходам вясны 1799 г., калі цар разам з ангельскім войскам Галандыю ад французскага войска абараніць задумаў, склікалі афіцэраў, якія па ангельску ўмелі размаўляць для службы ў корпусе для той выправы прызначаным і кіраўніцтву генералу Герману даручаным” (с. 45-46). З кантэксту вынікае, што Станіслаў браў удзел у паходзе і ўдала з яго вярнуўся дадому.
[3] Сёння прынята называць лічбу каля 10 тыс. палонных палякаў на паўночным Каўказе (1813 г. – 8643 чал., 1814 г. – больш за 9 тыс.). Колькасць выхадцаў з Беларусі сярод іх пакуль не вызначана [4, с. 22-26].

Комментариев нет:

Отправить комментарий