пятница, 10 ноября 2017 г.

Выстава “Тадэвуш Рэйтан -славуты сын Берасцейшчыны” у Берасці!!! 17 лістапада, а 16 00.

                                             Image result for Брэсцкая крэпасць. Паўднёвая казарма Мастацкі музей                        


                  Выстава “Тадэвуш Рэйтан – славуты сын Берасцейшчыны”
у Берасці!
17 лістапада, а 16 00





17 лістапада 2017 года ў філіяле "Мастацкі музей"  (Брэсцкая крэпасць. Паўднёвая казарма) адкрыецца мастацкая выстава “Тадэвуш Рэйтан – славуты сын Берасцейшчыны”. 
Выстава арганізавана  сумеснымі намаганнямі сяброў Арт-суполкі імя Тадэвуша Рэйтана і філіялам "Мастацкі музей".
Прысвечана яна  памяці Тадэвуша Рэйтана – дэпутата ад Наваградскага ваяводства Вялікага Княства Літоўскага на сойм 1773 года – які стаў  на чале невялікай групы паслоў з  з беларускіх земляў ВКЛ, якія  мужна выступілі  ў абарону незалежнасці сваёй Радзімы, супраць Першага падзела дзяржавы.
Тадэвуш Рэйтан сваім рыцарскім учынкам, сваім адкрытым супрацівам гвалту над краінай,  давёў, што няма згоды грамадзянаў краіны на акупацыю яе земляў.  Яшчэ пры жыцці гэты чалавек стаў лягендай! Але сапраўдны культ памяці годнага ліцьвіна-беларуса быў створаны толькі пасля яго смерці. Прычым,  запачаткавалі яго і развілі ў выглядзе мастацкіх і літаратурных твораў суайчыннікі Тадэвуша Рэйтана з Полаччыны, Берасцейшчыны, Наваградчыны, Меншчыны. Пазьней культ быў падхоплены ў замежжы. Памяць пра нашага земляка ў ХІХ і ХХ стст. амаль цалкам была сцёрта ў беларускай гісторыі. Але памяць вяртаецца. І працэс гэты ідзе няспыннай і няспешнай хадой.
Гэта выстава  адна з праяў вяртання імя Тадэвуша Рэйтана з нябыту.  Да гэта часу яна пабывала ў розных гарадах Беларусі – Менску, Пружанах, Баранавічах, Наваградку, Івянцы і, безумоўна, ужо пяць год яе можна бачыць на фестывалі сучаснага мастацтва ДАХ “РЭЙТАН”, які з 2013 г. ладзіцца ў старых мурах сядзібы Тадэвуша Рэйтана ў Грушаўцы, Ляхавіцкага раёна.
Прадстаўленыя графічныя творы сумесная праца вядомага мастака Алеся Родзіна і даследчыка-рэйтаназнаўцы Змітра Юркевіча.  У некалькіх дзесятках малюнкаў аўтары перадалі  кароткі і поўны трагізма жыццярыс Тадэвуша Рэйтана (1740-1780) і гісторыі яго роду. На выставе будзе прадстаўлена каля 40 малюнкаў, і гэта толькі частка ўнікальнага графічнага шэрага “Род Рэйтанаў. Асобы. Падзеі.”, які быў запачаткаваны ў 2011 годзе.
Пад час адкрыцця наведвальнікаў чакае невялічкая гістарычная экскурсія ў падзеі канца ХІХ ст., якую правядуць стваральнікі выставы.
Адна з галоўных мэтаў выставы – прыспешыць ушанаванне памяці годнага сына Беларускай зямлі праз стварэнне мемарыяльнага музея ў Грушацы (дзе захавалася знакамітая “Мураванка”, у якой ён жыў пасля вяртання з сойму), праз устаноўку помнікаў і памятных дошак, а таксама наданне ягонага ганаровага імя вуліцам і школам краіны.  
Адкрыццё выставы 17 лістапада, а 16 00 гадзіне. Выстава працягнецца да 10 снежня.
Куратары выставы:
Зьміцер Юркевіч,
даследчык-архівіст, старшыня Арт-суполкі імя Тадэвуша Рэйтана
Алесь Родзін,
Мастак-жывапісец, член Беларускага Саюза Мастакоў.

  Кантакты куратараў:                 +375 33 375 72 50 www.reyten.blogspot.com ,   lefthunder@gmail.com

Комментариев нет:

Отправить комментарий