понедельник, 21 декабря 2015 г.

Сцебурака А. М. Пляменнікі Тадэвуша Рэйтана ў 1812 годзе: Станіслаў Рэйтан


(маст.Алесь Родзін"Станіслаў Рэйтан", са збораў Арт-суполкі)



А. М. Сцебурака,
кандыдат гістарычных навук, дацэнт кафедры бізнэс-камунікацый ІБМТ БДУ
(г. Мінск, Рэспубліка Беларусь)
Сябра Арт-суполкі імя Тадэвуша Рэйтана

Пляменнікі Тадэвуша Рэйтана ў 1812 годзе: Станіслаў Рэйтан

Сям’я Рэйтанаў не патрабуе асобнага прадстаўлення на абшарах былой Рэчы Паспалітай дзякуючы смеламу эпатажнаму ўчынку Тадэвуша Рэйтана на “падзельным” сойме 1773 г. Жыццё патрыёта абарвалася ў 1780 г., але яго род працягваў жыць на Беларусі і ўдзельнічаць у грамадска-палітчыным жыцці.
Пагаворым аб пляменніку Тадэвуша, – Станіславе Каралі Рэйтане, які сёння выклікае жывую зацікаўленасць беларускіх даследчыкаў літаратуры. У прыватнасці, зараз жыццё і творчасць Станіслава вывучае даследчык З. Юркевіч, што ўжо рэалізавалася ў выглядзе серыі артыкулаў [11, 12].
Нарадзіўся Станіслаў у сям’і наваградскага земскага пісара Міхала-Ксаверыя і Ганараты Багдановіч у 1781 г. [1] “Вучыўся Станіслаў Рэйтан, мяркуючы па ўскосных дадзеных, у Вільні – у піярскім “Collegium Nobilium”. Потым была служба ў войску. У 1832 г. Станіслаў у чыне капітана войска Каралеўства Польскага і паручніка баявога кірасірскага палка выходзіць у адстаўку” [11]. У сталым веку Станіслаў быў маршалкам Слуцкага павету, апекуном Слуцкай гімназіі, займаўся дабрачыннасцю і літаратурнай дзейнасцю (“Паперы Пана Амброзія” (1845), “Пан Марцін Квеч” (1854), “Так было ў нас” (1858)).


(аповесць Станіслава Рэйтана" так было ў нас", са збораў Арт-суполкі)


Вернемся да ранняй біяграфіі Станіслава і паспрабуем рэканструяваць яго жыццё напярэдадні і ў час вайны 1812 года. Так, З. Юркевіч сцвярджае, што Станіслаў Рэйтан у 1809 г. выйшаў у адстаўку з расейскага войска, і ужо ў 1810 г. быў капітанам у войсках Варшаўскага герцагства. [2]
Вядома, што ён браў удзел у вайне на баку Напалеона, як і яго родны брат Дамінік. І калі пра Дамініка, афіцэра са штабу Напалеона, дастаткова шмат звестак, то збіраць інфармацыю пра яго старэйшага брата выпадае па драбніцах [1, s. 314].
Паводле пэўных звестак, Станіслаў Рэйтан быў паручнікам 20-га ўланскага палка. Гэты полк пачаў фарміравацца ў Пінску ў ліпені 1812 г. пад кіраўніцтвам Ксаверыя Абуховіча [2, s. 488-489]. А камісарам гэтага палка быў абраны даўні паплечнік Тадэвуша Рэйтана на сойме 1773 г. – Станіслаў Багушэвіч-Мінькоўскі (!) [13, c. 14]. У час адступлення Вялікага войска Напалеона 20 уланскі полк разам з іншымі часткамі сіл ВКЛ згрупаваўся ў наваколлі Вільні. Верагодна там Станіслаў і трапіў у палон.
Дарэчы, гэты полк, ужо без Рэйтана, адступіў да Варшавы і браў удзел у “бітве народаў” пад Лейпцыгам у 1813 г, пасля якой перастаў існаваць як асобная адзінка і ўліўся ў польскія кавалерыйскія часткі.
Усе згаданыя факты былі вядомыя і раней, але заставалася таямніцай тое, чым скончыўся для Станіслава Рэйтана ўдзел вайне 1812 года. Знойдзеныя аўтарам дакументы ўпершыню даюць на гэта дакладны адказ.
Станіслаў Рэйтан, як і іншыя ўдзельнікі войска ВКЛ, не разглядаліся асобна, а траплялі пад катэгорыю “палонных палякаў”. Царскі ўрад, які ставіўся да іх як да інсургентаў, падрыхтаваў для іх адмысловае пакаранне: “Палонных палякаў накіраваць на ўкамплектаванне палкоў на Каўказе, у Грузіі і нават на Сібірскай лініі. Чым не толькі зменшыць лічбу палонных, якія знаходзяцца на ўтрыманні казны, але і захаваць уласных рэкрутаў для ўмацавання войска, якое змагаецца супраць французаў”. Дзякуючы архіўным дакументам, можна меркаваць, што Станіслаў трапіўшы ў палон, быў этапаваны да Мінска, дзе адбывалася фарміраванне партый для канваявання на Каўказ.[3]
Існаваў дакладны маршрут, паводле якога рухаліся партыі з Менску на Каўказ у зборны пункт (горад Георгіеўск): Менск – Ігумен – Бабруйск –Рагачоў – Беліца – Чарнігаў – Нежын – Лубны – Міргарад – Палтава – Канстантынаград – Новамаскоўск – Паўлаград – Стаўрапаль – Аляксандраў – Георгіеўск. Пры гэтым, было дакладна вядома праз якую вёску ці мястэчка пройдуць на сваім шляху палонныя паміж гарадамі (E.G.:“Сяло Кляшчэвічы 15 ½ вярсты, мястэчка Свіслач 30 ¾  в., Ігумен 26 ½ в.) [6, л. 52]. У адным са спісаў “ваеннапалонных палякаў, якіх адпраўляюць у г. Чарнігаў, для накіравання ў Георгіеўск на чале з афіцэрам прапаршчыкам Маламахіным” пад № 23 мы сустракаем капітан-ад’ютанта Станіслава Рэйтана. Пры чым, побач з яго прозвішчам зроблена прыпіска “з-за хваробы пакінуты ў Менску” [6, л. 48]. Такая практыка сапраўды існавала, каб пазбегнуць распаўсюджвання хваробаў сярод палонных, якія і так масава паміралі на этапах. Тых, хто не быў у стане ісці, пакідалі пад распіску ў гарадскіх шпіталях, альбо ў вёсках пад наглядам памешчыкаў. Праз пэўны час, калі хворы выздараўліваў, яго мусілі далучыць да наступнай партыі і ўсё адно накіраваць у меркаванае месца збору палонных.
Адпаведна, Станіслаў Рэйтан, мусіў атрымаць толькі часовую адтэрміноўку, а пазней, падзяліць лёс тысяч палонных на Каўказе [9, с. 49-52]. Там ён мог затрымацца як мінімум да лета 1814 г., калі выйшла распараджэнне рускага імператара Аляксандра І аб амністыі. Але ці вярнуўся б ён жывым з такой далёкай вандроўкі?
Дзякуючы яшчэ аднаму адшуканаму аўтарам дакументу, тэкст якога цалкам прыведзены ніжэй, можна ўпэўнена казаць, што Станіслаў, калі акрыяў ад хваробы, не быў этапаваны далей на Каўказ. Нейкім чынам, ён здолеў атрымаць дазвол застацца ў Мінскай губерні, што, да рэчы, катэгарычна супярэчыла тагачаснаму заканадаўству. Верагодна, справу маглі вырашыць асабістыя сувязі, ці грошы, альбо і першае і другое.

“Июнь 16 дня [1813]
Его превосходительству!
Господину действительному Статскому Советнику Минскому Гражданскому губернатору Павлу Михайловичу Добрянскому

Слуцкого нижнего суда
Рапорт
Станционный заседатель 12 класса Милютин рапортом сему суду донесе, что явившись в местечко Романово помещик Станислав Рейтан объявил данный ему от господина Военного губернатора и кавалера пашпорт под №32 в коем написано, «что по Всемилостивому повелению прощается бывший в плену помещик Станислав Рейтан, с позволением жить у его родственников в Слуцком повете» – почему сей суд о сем вашему Превосходительству имеет честь донести.
Подчекаев
№2346
Июля 16 дня
1813 года” [10, л. 324].

Вынікае, што ў ліпені 1813 г., пазбегнушы высылкі, Станіслаў атрымлівае дазвол на жыццё ў Слуцкім павеце, у мястэчку Раманава (належала да двара Дактаровічаў). Гэта невялікае паселішча на рацэ Вушы знаходзілася ў 23 вярстах ад Слуцку на гасцінцы Слуцк–Цімкавічы–Нясвіж. Верагодна, гэты выбар абумоўлены тым, што там магла жыць, альбо валодаць ім, другая жонка Міхала Рэйтана – Людвіка з Касінскіх з дзецьмі. Бо сам Міхал памёр у 1809 г., а яго першая жонка, маці Станіслава, адыйшла ў лепшы свет яшчэ раней. Таму, як мяркуе З. Юркевіч, ў Раманава і Дактаровічах яшчэ да вайны бывалі ўсе Рэйтаны [3, с. 721].
Але чаму ён не вяртаецца ва ўласны маёнтак Рэйтанаў?
Газета “Кур’ер Віленскі” ад 2 ліпеня 1813 г., друкуе афіцыйную абвестку, дзе паведамляецца аб тым, што браты Рэйтаны падлягаюць канфіскацыі маёнткаў. “Ад губернскага ўрада Мінскага абвешчана: апынулася, што ніжэй пералічаныя асобы і іншага стану людзі, аб’яднаўшыся з ворагам, адны разам з ім збеглі, іншыя самавольна без дазволу ўрада за мяжу выехалі і не вярнуліся ў тэрмін, вызначаны Маніфестам найвышэйшым ад 12 снежня 1812 г., чые маёнткі падлягаюць канфіскацыі, а менавіта: … павету Слуцкага …Станіслаў Рэйтан, Дамінік Рэйтан” [7, с. 5].
Адметна, што ў 1814 г. уладанні будуць усё ж вернуты Рэйтанам [12], што будзе сведчыць аб дастаткова мяккай, прымірэнчай, палітыцы ў адносінах да шляхты царскага ўрада ў Беларусі ў перыяд паміж вайной 1812 года і паўстаннем 1830-1831 гг.
Спроба рэканструкцыі фрагмента біяграфіі пляменніка Тадэвуша Рэйтана, з’яўляецца выдатным прыкладам для адлюстравання грамадскай пазіцыі беларускай шляхты ў 1812 г. і далейшага лёсу прыхільнікаў Напалеона ў пасляваенны перыяд.
Жыццё Станіслава Рэйтана стала ў пэўным сэнсе працягам таго сумленнага самаахвярнага шляху служэння Радзіме, што абраў яшчэ яго дзядзька Тадэвуш у апошнія часы Рэчы Паспалітай.

Крынiцы i літаратура

1. Grabowski,J. Pamietniki wojskowe Jozefa Grabowskiego oficera sztabu cesarza Napoleona I, 1812-1813-1814 / J. Grabowski. - Warszwa, 1905. – 344 s.
2. Nawrot,D. Litwa i Napoleon w 1812 roku / D. Nawrot. - Katowice, 2008. - 792 s.
4. Бессонов,В.А. …Не считая шарамыжников. Численность военнопленных 1812 года в России / В. А. Бессонов // Родина. - 2002. - № 8. - С. 55-59.
8. Лякин,В.А. Белорусские солдаты Наполеона: Хроника походов и сражений / В. А. Лякин. - Мозырь, 2013. - 238 с.
9. Самович,А.Л. Военнопленные наполеоновских войн в западных губерниях России / А. Л. Самович. - Мн., 2008. - 87 с.
13. Юркевіч,З. Знакаміты паплечнік Рэйтана / З. Юркевіч // Культура. – 2014. - № 36. - С. 14.






[1] Варта згадаць яго сястру Ганну, аўтарку “Успамінаў…”. Cын Ганны, Эдвард Герыч, сябраваў з паэтам Адамам Міцкевічам у часы французскай эміграцыі [5].
[2]  У кнізе С. Рэйтана “Так было ў нас” (с. 44-46) есць расповяд пра службу ў расійскім войску за часамі Паўла І і Аляксандра І, які можа разглядацца, як аўтабіяграфічны. “На працягу года пан Станіслаў стаў афіцэрам, а ў наступным – падпаручнікам. З надыходам вясны 1799 г., калі цар разам з ангельскім войскам Галандыю ад французскага войска абараніць задумаў, склікалі афіцэраў, якія па ангельску ўмелі размаўляць для службы ў корпусе для той выправы прызначаным і кіраўніцтву генералу Герману даручаным” (с. 45-46). З кантэксту вынікае, што Станіслаў браў удзел у паходзе і ўдала з яго вярнуўся дадому.
[3] Сёння прынята называць лічбу каля 10 тыс. палонных палякаў на паўночным Каўказе (1813 г. – 8643 чал., 1814 г. – больш за 9 тыс.). Колькасць выхадцаў з Беларусі сярод іх пакуль не вызначана [4, с. 22-26].

суббота, 12 декабря 2015 г.

Грушаўка ў часы Першай сусветнай вайны

Грушаўка ў часы Першай сусветнай вайны
 Вёска Грушаўка добра вядомая чытачам «КГ» як месца нараджэння Тадэвуша Рэйтана (1740 – 1780). Гісторыя вёскі, а дакладней, сядзібы, збольшага знаёмая дасціпным даследчыкам. Але белыя плямы ўсё ж застаюцца. Да нядаўняга часу мала што было вядома пра яе лёс пад час вайны 1914 – 1917 гг., што сякерай і вогнішчам прайшлася па тэрыторыі Беларусі. І вось завеса паціху прыадчыняецца.
Год таму ў інтэрнэце, дзякуючы невядомаму рупліўцу пад імем «Дерсу», з’явіліся 4 каштоўныя здымкі сядзібы і капліцы-пахавальні Рэйтанаў, з архіва Л. Свяценкі. Тры з іх датаваныя – чэрвень 1916, 10 мая і ліпень 1917-га. Усе здымкі, як сведчыць «Дерсу» (Свяценка?), падпісаныя адным і тым жа чалавекам – Мікалаем Дзенісенкам, штабным фатографам і «летнабам» 9-га армейскага корпуса 3-й арміі, якая да пачатку вайны 1914 г. была ў складзе Кіеўскай вайсковай акругі. Цікава, што за год, калі 9-ы корпус стаяў у ваколіцах Грушаўкі, тройчы змяніліся яго камандуючыя генерал-лейтэнанты: А. Драгаміраў, М. Кісялеўскі, П. Шрайдэр.Чытаць далей…
Што да асобы фатографа, то «летнаб» – гэта лётчык-назіральнік. Падобна, што ён праслухаў курсы і налятаў неабходную колькасць гадзінаў у Качы (Севастопольская Его Императорского Высочества Великого князя Александра Михайловича военная авиационная школа). Пасля чаго «асядлаў» нейкі лятальны апарат 9 корпуса.
Rejtel_00Як засведчыў сваёй камерай штабны фатограф, у Грушаўскай сядзібе месціўся штаб 9-га армейскага корпуса, у мезаніне – чарцёжная фотаметрычнай часці. Аператыўны аддзел знаходзіўся ў нейкай іншай сядзібнай пабудове, мажліва, знішчаным доме аканома.
Акрамя здымкаў, зробленых на тэрыторыі сядзібы, спадар Дзенісенка пакінуў два здымкі капліцы – пахавальні роду Рэйтанаў (якія ён падпісаў з памылкай – «часовня Рейтеля»).
Каштоўнасць іх у тым, што пастаўлена кропка ў пытанні, калі пачалі будаваць гэтую капліцу ў неагатычным стылі, даволі папулярным на нашых землях у пачатку ХХ ст. Як вядома, апошні з роду Рэйтанаў, Язэп, хворы на сухоты, памёр 17 жніўня 1910 г. Першы ж здымак капліцы зроблены ў маі 1917 г. На ім добра бачна, што яна яшчэ не мае агароджы і нават дзвярэй. Вежа і дах, што ўзвышаліся над маладым лесам, былі замаскаваныя галінамі. Мажліва, у вежы быў назіральны пункт, а пры капліцы, схаванай лесам, месцілася яшчэ якаясь часць корпуса.
Rejtel_01Праз месяц, пасля таго, як у ліпені 1917 г. быў зроблены другі здымак каля капліцы, штаб перамясціўся ў сядзібу Яленскіх, што ў в. Туча. Дарэчы, да таго, як расійскія войскі атабарыліся ў Грушаўцы, штаб 9-га корпуса год стаяў у нясвіжскім замку Радзівілаў.
Зусім нядаўна знайшоўся адказ яшчэ на адно пытанне. Паводле чутак, на тэрыторыі сядзібы было вайсковае пахаванне часоў Першай сусветнай. Мясцовыя жыхары паказвалі на пляцоўку паміж кароўнікам (1909 г. пабудовы) і новай кузняй.
Мы звяртаемся да чытачоў «Краязнаўчай газеты» з просьбай. Калі вам патрапяцца фотаздымкі (што раней не друкаваліся) сядзібы, капліцаў Рэйтанаў у Грушаўцы і Ляхавічах, касцёла Св. Язэпа ў Ляхавічах, калі ласка, паведаміце нам праз рэдакцыю «КГ». Мы збіраем матэрыялы для будучага музея ў радавым котлішчы Рэйтанаў, які, раней ці пазней, там паўстане.
 Зміцер ЮРКЕВІЧ, Арт-суполка імя Тадэвуша Рэйтана
(Далей чытайце ў № 46 «Краязнаўчай газеты»)

среда, 2 декабря 2015 г.

Папулярызацыя. Вынікі.

Папулярызатарскія  вынікі творчага пошуку: 
Дызайн: Кацярына Маркевіч
Ідэйны змест: Арт-супольнасць

Календары:

"хатка"

кішэнны


                                                               постары-календары (А3)




Альманах "Тэксты" №5 (сумесна з выд. "Галіяфы")
Альманах "Палясоўшчык"#1 (гарніла Арт-суполкі)
Магніты 


                                              Бюст (скульптар Анастасія Чэкан-Мушынская)
                                                   

налепы:


                                                           
                                              Некаторыя аб'екты дасяжны зацікаўленым.
                                                                lefthunder@gmail.com
                                                       

Здзейсненае. 2013-2015.

Як нам падаецца, "ахоплена" уся, або, амаль ўся дзейнасць Арт-суполкі за пазначаны перыяд.
Гэта не лічачы артыкулаў і іншага, аб чым яшчэ будзе гаворка.

Дызайн афішаў : Кацярына Маркевіч 
Ідэйны змест: Арт-супольнасць





















вторник, 1 декабря 2015 г.

Сядзіба Рэйтанаў у Грушаўцы

Сядзіба Рэйтанаў у Грушаўцы. Фота Віктара Малышчыца

Сядзіба Рэйтанаў у Грушаўцы (Ляхавіцкі раён). Праўда, сам Тадэвуш Рэйтан у гэтым доме ўжо не жыў, ён быў пабудаваны пазней.
У гэтую ноч было проста незвычайнае неба. Як вядома, наша атмасфера часам можа крыху свяціцца сама. Звычайна гэта праяўляецца ў выглядзе слабых зялёных палос. А тут было і чырвонае, і жоўтае, і зялёнае свячэнне — сапраўднае буйства нябесных фарбаў! Шкада, што вокам такое амаль ніколі не бачна.
Дарэчы, падчас здымак была смешная гісторыя. Воддаль мясцовыя хлопцы палілі вогнішча і, заўважыўшы маю прысутнасць, пайшлі да мяне. Не жадаючы асабліва мець праблемы з мясцовай гапатой, я адразу пераключыўся на рускую і сказаў: «Добрый вечер!» На што мне «гопнікі» адказалі на чысцейшай беларускай мове. Аказалася, што гэта валанцёры з Арт-суполкі імя Тадэвуша Рэйтана, якія ўжо не першы тыдзень тут жылі і працавалі над захаваннем сядзібнага комплекса.

понедельник, 30 ноября 2015 г.

Права на імя?

Права на імя?

бюст Тадэвуша Рэйтана , сяр.19ст (Т. Закрэўскі)


У № 42 “К” змясціла артыкул “Мы і пра нас” Алеся Сушы. Як папулярызатары дзейнасці Тадэвуша Рэйтана дзякуем аўтару за яго згадку гэтай выбітнай асобы беларускай мінуўшчыны. Але з гэтай нагоды вырашылі падзяліцца сваімі думкамі.

Цытата (у скароце): “Падобнае становішча назіралася і адкрыццём нам велічы Міцкевіча [...], Манюшкі [...], Касцюшкі […], Рэйтана… Шкада, але не мы ўбачылі і давялі, што тыя постаці суайчыннікаў маюць сусветную значнасць. Больш за тое, многія з беларусаў толькі тады ў поўнай меры ўсвядомілі гэта і пачалі ганарыцца, калі дзякуючы працы суседзяў названыя дзеячы выйшлі па-за межы нацыянальнай культуры і дасягнулі сусветнай славы. Але наколькі мы маем права на прывязку такіх творцаў да нашай культуры?..”
Што да “не мы”. Вось няпоўны спіс нашых землякоў, піянераў-першапраходцаў, якія ўславілі імя таго ж Тадэвуша Рэйтана ў сваіх творах. ХVII стагоддзе — Францішак Князнін, а таксама паслы з Мінскага, Полацкага (і, верагодна, іншых) ваяводстваў, якія былі абавязаны ліцвінскай шляхтай прыгадаць на сойме ў 1790 годзе каралю Станіславу Панятоўскаму падзеі 1773 года і трох мужных абаронцаў незалежнасці краіны.
ХІХ стагоддзе — Юльян Урсын Нямцэвіч (першы біёграф Рэйтана), Адам Жавускі (другі біёграф і стрыечны ўнук нашага героя), мастакі віленскай школы Францішак Смуглевіч і Людвік Горварт, а таксама Адам Міцкевіч, Леанард Ходзька, Язэп Крашэўскі, Уладзіслаў Сыракомля, Адам Кіркор і іншыя. У 1850-х Стэфан Рэйтан, стрыечны праўнук Тадэвуша, замовіў помнік свайго вялікага продка для Грушаўкі. (Пасля паўстання 1863 года помнік вымушаны былі схаваць. А ў 1889 годзе яго падаравалі Кракаву, дзе ён да 1946 года і стаяў у цэнтры горада. Некалькі гадоў таму копія помніка з памылковай датай нараджэння (1746) усталявана на кракаўскіх “Плантах”.) У пачатку ХХ стагоддзя эстафету перанялі Геранім Друцкі-Любецкі, Эдвард Вайніловіч і іншыя.
Часовае забыццё імён вялікіх землякоў на Бацькаўшчыне у сярэдзіне ХХ стагоддзя, зразумела, не наш уласны выбар. Але… У 1959 і 1962 гадах Уладзімір Караткевіч згадаў у сваіх творах імя Рэйтана. А ў 1976 годзе, на VII З’ездзе пісьменнікаў БССР была распаўсюджана “Адозва да З’езду пісьменнікаў Беларусі”, падпісаная імем… Тадэвуша Рэйтана. Яна мела выразны пра беларускі “акцэнт”. Сапраўднае ж вяртанне імені гэтай асобы на Бацькаўшчыну пачынаецца з кнігі “Памяць” Ляхавіцкага раёна (1989). І чым далей, тым больш важка гучыць беларускі голас у справе ўшанавання героя. Нават год нараджэння (1740) Рэйтана ўстанавілі менавіта беларускія даследчыкі з нашай Арт-суполкі, у той час як у Польшчы называецца ажно тры варыянты (1741,1742, 1746). Таму, як падаецца, сумневы ў тым, “ці маем мы права”, заўчасныя.
Што да “працы суседзяў”, то яшчэ ў 1992-м навукоўцы Віталь Скалабан і Уладзімір Емяльянчык назвалі Рэйтана “тыповым прыкладам страчанага героя, цалкам інкарпараванага ў гісторыю іншай краіны”. Так адбывалася з ХІХ стагоддзя, калі польскія публіцысты, гісторыкі, паэты, наследуючы творчасці першапраходцаў з беларускіх земляў, паступова стварылі вобраз выключна “польскага героя”, які паспяхова культывуецца і да нашага часу.
Сусветную ж славу Тадэвушу Рэйтану прынеслі не “суседзі”, але яго ўчынкі, якія прагрымелі па ўсім свеце ў тым трагічным 1773 годзе.
Такім чынам, калі не мы, дык хто? Калі не нам, то каму?
Аўтар: Зміцер ЮРКЕВІЧ
калумніст газеты "Культура", арт-куратар