понедельник, 28 января 2019 г.

Два Яны, два Чачоты

Два Яны, два Чачоты

№ 4 (1391) 26.01.2019 - 01.02.2019 г
Праз два гады будзе адзначацца 225-я гадавіна “бацькі беларускай этнаграфіі”. Менавіта такую — і, як мне падаецца, трапную —характарыстыку далі літаратуразнаўцы Яну Чачоту. Між тым, у нешматлікіх прысвечаных яму публікацыях беларускіх і польскіх даследчыкаў можна сустрэць настолькі супярэчлівыя звесткі, што сам Шэрлак Холмс мусіў бы выпаліць не адну файку табакі, калі б ён пагадзіўся ўзяцца за даследаванне гэтай справы.

/i/content/pi/cult/729/15863/23.JPGПачну з невялічкага лірычнага адступлення. Апошнія і наступныя гады неверагодна багатыя на выбітныя даты. Мяркуйце самі. Не паспеў прамінуць пазалеташні юбілей геолага Ігната Дамейкі (215 гадоў), як распачалася падрыхтоўка да святкавання ўгодкаў
Адама Міцкевіча (220 гадоў). Толькі сціхлі іх апошнія хвалі, як надышла чарга Станіслава Манюшкі (200 гадоў). У наступным 2020 годзе маем юбілейную дату нашага нацыянальнага героя Тадэвуша Рэйтана (280 гадоў). А там, уласна, і чарга двух сяброў — Яна Чачота і Тамаша Зана.
Забыўся яшчэ згадаць пра юбілей нашага класіка Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча (210 гадоў). На жаль, прайшоў ён даволі сціпла — калі не лічыць з’яўлення шыкоўнай кнігі гісторыка-архівіста Змітра Дразда “Таямніцы Дуніна-Марцінкевіча” (2018). І гэта папраўдзе смутны знак. Таму, пакуль ёсць час, варта было б добра падрыхтавацца, каб належна ўшанаваць памяць годных сыноў Беларусі. Якім чынам? Праз кнігі, фэсты, вечарыны, фільмы, выставы.
Але паколькі “спачатку было слова”, у аснове ўсяго гэтага павінны быць навуковыя даследаванні, якія б адсунулі ўбок шматлікія міфы, шчодра рассыпаныя па жыццяпісах герояў. Пра адзін з іх я і хацеў бы зараз распавесці.

Пакаранне і выкладанне

У 1824 годзе адбыўся гучны палітычны працэс над беларускай моладдзю. Царскія жандары высачылі студэнтаў Віленскага ўніверсітэта і навучэнцаў гімназіі ў Свіслачы, якія ад 1816 года стваралі розныя патаемныя таварыствы. Трое галоўных філаматаў — Зан, Чачот і Сузін — падчас допытаў узялі ўсю адказнасць на сябе, выгароджваючы астатніх “змоўшчыкаў”. Пішучы пра меры іх пакарання, даследчыкі прыводзяць наступныя звесткі. У кастрычніку 1824 года, пасля гадавога затачэння, згодна з “высочайшей волей” расійскага цара Аляксандра І, гэтую тройцу выслалі ў расійскую глухмень. Тамаш Зан атрымаў год фартэцыі ў Арэнбургу і дзесяць гадоў ссылкі. Ян Чачот і Адам Сузін былі пакараны шасцю месяцамі фартэцыі ў Кізіле і дзесяццю гадамі ссылкі.
То бок, гэта суворая праўда жыцця і дакладны факт іх біяграфіі, які няцяжка праверыць. Але пры гэтым у некаторых беларускіх і польскіх публікацыях, пераважна папулярнага характару, можна сустрэць звесткі пра тое, нібы “знакаміты фалькларыст Ян Чачот” выкладаў у 1825 годзе ў Свіслацкай гімназіі геаграфію і гісторыю. Згадка аб гэтым ёсць і на сайце Свіслацкага раёна.
Таму ўзнікае пытанне: як ён мог адначасова адбываць пакаранне ў задушлівых казематах Кізіла, што далёка на поўдні Расіі, і ў той самы час выкладаць навукі ў Свіслачы, на захадзе Беларусі?
Удалося выявіць крыніцу, з якой дапытлівыя чачотазнаўцы ўзялі звесткі пра свіслацкага Яна Чачота. Гэта трохтомнік Uniwersytet Wilenski. 1579 — 1831 (1899 — 1901), які выдаў у Кракаве Юзаф Бялінскі. У трэцім томе аўтар датуе высылку Яна Чачота 1823 годам, прычым “скіроўвае” яго ў Арэнбург, а не ў Кізіл. І дадае, што паводле Kalendarzyka politycznego на 1825 год, “выкладчыкам гісторыі і геаграфіі ў гімназіі з’яўляецца Ян Чачот, канд.філас. Відавочна, у тым апошнім выпадку ёсць памылка; цяжка дапусціць існаванне двух Янаў Чачотаў канд. філас. у адзін час”.
/i/content/pi/cult/729/15863/24.JPGБялінскі не стаў праводзіць дадатковага расследавання, і толькі ў 1977 годзе ў адной польскай публікацыі пра вучняў свіслацкай гімназіі прагучаў адказ на пытанне. Аказваецца, другі Ян Чачот сапраўды існаваў і сапраўды, відаць, выкладаў геаграфію ў гімназіі, займаючы больш за год пасаду намесніка яе дырэктара. У той самы час, як “наш” Ян Чачот “вывучаў” геаграфію новадалучаных расійскіх земляў.
І трэба сказаць, што другі Ян Чачот паспеў пакінуць след не толькі ў гісторыі гімназіі, але і ў крымінальных хроніках. Дзякуючы чаму мы маем бясспрэчны доказ таго, што гаворка вядзецца пра двух Янаў, двух Чачотаў — рознага ўзросту, розных перакананняў і невядома якой ступені сваяцтва. Знойдзеныя мною ў віленскіх архівах звесткі, спадзяюся, канчаткова пераканаюць у гэтым гісторыкаў.

“Духобуйный” Ляўковіч

Напачатку сакавіка 1827 года на стол рэктара Віленскага ўніверсітэта Вянцэслава Пелікана было пакладзена данясенне ад прэфекта свіслацкай гімназіі Яна Чачота, які часова выконваў абавязкі яе дырэктара — пакуль сам дырэктар, Ігнат Брадоўскі, быў у ад’ездзе, па ўсёй верагоднасці, вырашаючы пытанні, звязаныя з патаемнымі таварыствамі.
На трох старонках Чачот распавёў аб надзвычайным здарэнні, непасрэдным удзельнікам якога быў ён сам. Вучань другога класа Феліцыян (далей у дакументах Юзаф — З.Ю.) Ляўковіч “отлучился самовольно из класса, не имея никакой надобности к тому” і “провёл время в неприличной праздности и неизвестно где”. 5 сакавіка Чачот выклікаў да сябе “сачка” і запытаўся, чаму той прапусціў дзве гадзіны лекцый. Ляўковіч, які ўжо меў шэсць штрафаў за падобныя ўчынкі, вядома, пачаў “замыльваць тэму” — “сперва вошел со мной в спор и утверждал, что он был в классе, потом претворился будто того не помнит, а напоследок по долговременному упорству признался в своем поступке”.
Зазвычай такога кшталту правіны караліся карцарам, але зухаватасць паводзінаў і “вынаходлівасць” гімназіста падштурхнулі Чачота прымяніць наступную па ўзроўні меру пакарання — пачаставаць Ляўковіча бізунамі. У адказ вучань праявіў тое, што яго настаўнік у рапарце назваў “духобуйством”. Таму Чачот даў загад двум вартавым пакласці небараку на лаву. Завязалася валтузня, студэнт штурхаў экзекутараў і круціўся ў іх руках як уюн на патэльні. Неўзабаве ўся грамада павалілася на падлогу, а зверху на Ляўковіча ўпала і лава. Вынік — “разбила кость ноги его ниже колена. Таким образом, вместо назначеного ему такого наказания, он сам себя жестоко наказал”.
Перабітая косць, разам з яе носьбітам, была адпраўлена ў лякарню. А Чачот прыняўся апісваць падзеі. Гэтым рапартам быў пакладзены пачатак доўгаму ліставанню зацікаўленых бакоў і прывядзення ў рух патаемных спружын палітыкі мясцовага ўзроўню. Бо прагульшчык меў моцных заступнікаў.

Апошні ўдар для дырэктара

“Духобуйство” Ляўковіча, па ўсёй верагоднасці, абумоўлена своесаблівым разуменнем паняцця “шляхецкі гонар”, якое дазваляла падманваць, але не дазваляла быць справядліва пакараным. Сын былога маршалка Пружанскага павета Вінцэнта Ляўковіча, як цяпер бы сказалі, быў тыповым прадстаўніком “залатой моладзі”. Дарэчы, ягоны бацька, відаць, з’яўляўся адным з заснавальнікаў мінскай масонскай ложы “Паўночная паходня”, з якой звязваюць і знакаміты “Дом масонаў”. (Дарэчы, уваходзіў у яе ў свой час і філамат Ян Чачот!).
Адпаведна, за сына было каму заступіцца. На прэфекта Яна Чачота паляцелі скаргі і Пелікану, і ў судовыя інстанцыі. У адказ дырэктар гімназіі Ігнат Брадоўскі пісаў у сваіх тлумачальных лістах, што такія справы — гэта выключна прэрагатыва гімназічнага суда, таму яны не павінны разглядацца ў павятовых судах. Тым не менш, Ляўковіч-старэйшы вырашыў ісці да канца. Ён казаў, што не пацерпіць, каб двое яго малодшых сыноў, якія працягвалі навучацца ў гімназіі (Юзафа ўжо адтуль забралі), сталі аб’ектам помсты Чачота, і таму патрабаваў выдалення яго з пасады. Брадоўскі ўсяляк бараніў падначаленага, бо ведаў яго 15 гадоў, за якія той аніводнага разу не меў спагнанняў.
Аднак каб залагодзіць узбунтаваную шляхту, было прынятае рашэнне, каб Чачот або пакінуў гімназію без права займацца педагагічнай дзейнасцю, або прымірыўся з Ляўковічамі — і тады яму дазволяць настаўнічаць, але толькі не ў Свіслачы.
У выніку, дамовіцца не ўдалося. Настаўніка ад пасады адхілілі. На яго месца прынялі іншага чалавека. Ігнат Брадоўскі, не вытрымаўшы “перагрузак”, раптоўна памёр на працоўным месцы ва ўзросце 48 гадоў. Здарылася тое 16 траўня 1829 года. Прамову на пахаванні дырэктара ад студэнтаў агучыў Юзэф Крашэўскі — будучы знакаміты пісьменнік. Магіла дырэктара павінна быць недзе на парафіяльных свіслацкіх могілках.
Цікавы гэта быў чалавек, і ў гісторыі Беларусі ён адыграў пэўную ролю. Паходзіў з незаможнай шляхты. Вучыўся спярша ў жыровіцкіх базыльянаў, потым у шчучынскіх піяраў, потым у Віленскім універсітэце, па завяршэнні якога, у 1805 годзе, выдаў падручнік па граматыцы рускай мовы для польскамоўных. Выкладаў спярша гісторыю і права ў Слуцкай павятовай школе, потым у мінскай гімназіі, дзе неўзабаве стаў намеснікам дырэктара. У 1812 годзе горача вітаў аднаўленне ВКЛ і нават стаў на нейкі час рэдактарам Tymczasowej Gazety Minskiej, дзе друкаваліся навіны вайны 1812 года.
Пасля сыходу французаў за сваю дзейнасць Брадоўскі пакараны не быў. Але з Мінска яго перавялі ў Свілач, дзе ён і стаў дырэктарам. Магчыма, у гэты самы час там з’явіўся і настаўнік Ян Чачот, пра якога мы маем такія сціплыя звесткі.
На маю думку, менавіта пераслед прэфекта Яна Чачота стаў апошняй кропкай, якая прывяла да заўчаснай смерці Брадоўскага. Свіслацкая гімназія, разам з Віленскім універсітэтам, была той кузняй, у якой яшчэ ад 1816 года нараджаліся і гартаваліся патаемныя студэнцкія гурткі — Шубраўцаў, Філаматаў, Замранкаў, Прамяністых, Філарэтаў. Падтрымлівалі студэнты і “Таварыства баявых сяброў”, якое нават рыхтавала паўстанне ў 1826 годзе. Таму калі закруціліся жорны “Працэса філарэтаў”, гэтыя дзве навучальныя ўстановы патрапілі пад самы ўважлівы нагляд. Пры гімназіі нават была створана свая паліцыя, каб лепей пільнаваць “благанадежность нравов”.
Таму дырэктару шмат чаго давялося перажыць за 1820-я гады. І вось, калі ўляглася палітычная віхура, гімназія патрапіла ў “крымінальны” скандал. Брадоўскаму было з-за чаго ўвесь час быць у стрэсавым стане.
Далейшы лёс настаўніка Яна Чачота, які таксама “претерпел по службе”, нам невядомы. У аналах гісторыі ён застаўся выключна праз той трагікамічны выпадак. І менавіта дзякуючы яму з’явілася аблудная інфармацыя пра тое, нібы “знакаміты філамат Ян Чачот” выкладаў у Свіслацкай гімназіі. Хаця насамрэч у той час ён сядзеў у кізільскай вязніцы.
Зміцер ЮРКЕВІЧ,
гісторык-архівіст

Пан не без заган

Пан не без заган

№ 52 (1387) 30.12.2018 - 05.01.2019 г
Зміцер ЮРКЕВІЧ, гісторык-архівіст: У нумары “К” за 15 снежня быў апублікаваны матэрыял шаноўнай спадарыні Дар’і Амяльковіч “Пан Тадэвуш”: вяртанне кінаэпапеі” — пра паказ знакамітай польскай стужкі. З гэтай нагоды хацелася б падзяліцца з чытачамі сваімі ўражаннямі.

/i/content/pi/cult/725/15797/opt.jpegУ той вечар у кінатэатры “Масква” было людна. На кінапаказ сабраўся ці не ўвесь цвет беларускай інтэлігенцыі. Умоўная “аркестравая яміна” поўнілася музычнымі інструментамі і пюпітрамі. Настрой панаваў святочны. І такім бы ён і застаўся, калі б не некалькі “але”.
У інтэрнэце дзе-нідзе анонс кінапаказу быў дапоўнены прыгожай афішай на беларускай мове. Але наведвальнікаў кінатэатра сустракала тая самая афіша-застаўка на ўвесь экран, толькі ўжо па-руску. Цітры былі перакладзеныя таксама на рускую. Ды і якасць перакладу прымушае жадаць значна лепшага. Месцамі да непазнавальнасці скажаецца “сэнс і фактура”. Таксама пазнаюцца фрагменты перакладу з іншай экранізацыі таго самага твора, знятага у 1999 годзе Анжэем Вайдам.
Пра цітры мы яшчэ пагаворым, але спярша перанясёмся ў 2014 год, калі адбыўся прэм’ерны паказ гэтай стужкі беларускаму гледачу. Цудоўны саўндтрэк, якім аздобілі стужку падчас рэстаўрацыі ў 2012 годзе, замянілі “новым музычным прачытаннем” польскага кампазітара і выканаўцы Марціна Пукалюка. Як на мой густ, яно значна саступала па якасці, але гутарка нават не пра гэта. Запомнілася прамова спадара Пукалюка і яго інтэрв’ю, дзе ён называў твор Міцкевіча “польскай нацыянальнай паэмай”, якая адлюстроўвае “наш нацыянальны характар”. І прызнаўся, што быў здзіўлены такой увазе беларусаў да постаці Міцкевіча: “Я ведаў, што да Адама Міцкевіча маюць адносіны Літва, літоўцы, але што і беларусы — я проста не ведаў”.
І мяркуйце зараз самі. Паэма напісаная ў Парыжы ліцьвінам-беларусам, які быў народжаны на Наваградчыне і ніколі не быў у Польшчы. Дзея ў творы ў тых мясцінах і адбываецца. Галоўныя героі — “ліцвінскія” шляхціцы.
Сёлета падобных дзіўных заяў не было. Праўда, адзіная прамова, якая прагучала перад другой “прэм’ерай”, Міцкевіча да Беларусі таксама не наблізіла. Хаця, напэўна, казаць тут найперш трэба было пра постаць генія, які аб’ядноўвае народы.
Адзінае, што застаецца па-за крытыкай — гэта музыка беларускага кампазітара Канстанціна Яськова. Яму, разам з музыкантамі сімфанічнага аркестра, гледачы апладзіравалі стоячы.  
http://kimpress.by/index.phtml?page=2&id=15797

воскресенье, 25 ноября 2018 г.

"Ці была Рэч Паспалітая беларускай дзяржавай? (эфір 25.ХІ.2018)


Даволе цікавыя развагі вядомых гісторыкаў з трох краінаў - Беларусь, Летува, Польшча. 
www.youtube.com/watch?v=9W7ar9T4-lw&feature=share

+ Стваральнікі праграмы пацешылі "рэйтаназнаўцаў", ўставіўшы малюнак (гл. 21:49) "Камяніцы-Мураванкі" Тадэвуша Рэйтана. Знакаміты малюнак Напалеона Арды, які ён зрабіў, наведаўшы сядзібу Рэйтанаў у Грушаўцы. Ад таго візіта сярэдзіны ХІХ ст. засталася акварэль і графіка.
Дзіўна, але іншыя мастакі , падобна, "бачком" аб'язжалі Рэйтанаўскае котлішча.



“Шляхціц Пружанскага павета Павал Барэйша – праўнук Тадэвуша Рэйтана па кудзелі”

24 лютага 1863 года адбылася адна з першых бітваў Паўстання, бітва пад Малагашчай (блізу Кракава). У нераўным баі сыйшліся 3000 паўстанцаў, узброеных косамі і паляўнічымі стрэльбамі, з невялікай колькасцю карабінаў і 6000 выдатна ўзброеных расейцаў (карабіны, гарматы).
Сярод кракаўскіх студэнтаў, якія ледзь не цалкам дабраахвотнікамі падаліся на фронт, быў і пятнадцацігадовы хлапец "з Літвы" (Берасцейшчына) - Павел Барэйша, праўнук Тадэвуша Рэйтана па -кудзелі.
24 лютага, за тры дні да 16-годдзя, адважны Павел Барэйша быў паранены куляй, а потым дабіты сям'ю ўдарамі расейскага штыка.
Пад час канферэнцыі, прадставіў радавод Паўла Барэйшы ад 1530-х гг., і першы больш меньш поўны нарыс удзелу ў паўстанні хлапца і яго бацькі Міхала Барэйшы.
Дарэчы, канферэнцыя атрымалася даволе цікавай. Не абышлося і без палемікі. Але, усё было на выдатным узроўні. Бо , гэта - Пружаны! Гэта - Пружанскі палацык!
Mая шчырая падзяка дырэктару музея і сябру -@Юрый Зялевіч (Yury Zialevich)!!
.
Праграма правядзення
VII навукова-краязнаўчай канферэнцыі
«ПРУЖАНСКІ ДЫЯРЫУШ»
23 лістапада 2018 г.
ПРУЖАНЫ
10.00–11.00 – сустрэча ўдзельнікаў канферэнцыі, рэгістрацыя, кава-паўза, знаёмства з музеем.
11.00–16.00 – асноўнае паседжанне:
11.00–11.10 – Дзямідаў Сяргей Юр’евіч, галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Пружанскага райвыканкама, кандыдат гістрычных навук;
11.10–11.15 – Зялевіч Юрый Сяргеевіч, дырэктар музея-сядзібы «Пружанскі палацык»;
11.15–11.35 – Несцярчук Леанід Міхайлавіч, старшыня Брэсцкага грамадскага гісторыка-культурнага аб'яднання імя Т. Касцюшкі, кандыдат гістарычных навук. Даклад "Пошукі беларускамоўнага следу Адама Міцкевіча ў кнігасховішчах і музеях Беларусі і Польшчы", прэзентацыя новага выдання "Беларускі Трышчан - Białoruski Tristan" (ХVІ w.): Poznań, 2018 r.);
11.40–12.00 – Юркевіч Зміцер Юр’евіч, краязнаўца. Даклад “Шляхціц Пружанскага павета Павал Барэйша – праўнук Тадэвуша Рэйтана па кудзелі”;
12.25–12.45– Папека Мікалай Мікалаевіч, краязнаўца. Даклад “Удзельнік Барадзінскай бітвы з Пружаншчыны.”;
12.50–13.10 – Сядова Ірына Уладзіміраўна, краязнаўца. Даклад “Пружанскі некропаль”;
13.15–13.35 – Кенда Аляксандр Васільевіч, краязнаўца (в. Малеч, Бярозаўскі р-н). Даклад “Месца пахавання і яго роля ў штодзённасці малога горада праз прызму метрычных кніг XVIII стагоддзя малецкай уніяцкай царквы”;
13.40-14.00 – кава-паўза
14.00 – 16.00– працяг паседжання:
14.00–14.20 – Арцюх Антон Мікалаевіч, младшы навуковы супрацоўнік, магістр гістарычных навук. Даклад “Аб пытанні першай ўзгадкі Ружан у пісьмовых крыніцах”;
14.25–14.45 – Нячай Іна Аляксандраўна, галоўны захавальнік фондаў ДУК “Ружанскі палацавы комплекс роду Сапег”. Даклад «Культовые сооружения Ружанщины»;
14.50–14.10 – Папека Мікалай Мікалаевіч , краязнаўца. Даклад “Яшчэ адзін след Цверскага княства на Пружаншчыне”;
14.15–14.35 – Зялевіч Юрый Сяргеевіч, дырэктар
музея-сядзібы «Пружанскі палацык». “Чарнаглянцавая кераміка ў фондах музея”;
14.40–15.00 – Крац Іна Сяргееўна, Загадчыца Пружанскай цэнтральнай раённай аптэкі № 7, «Из истории аптечного дела на Пружанщине: XIX-XX»;
15.05–15.25 – Грачова Ірына Міхайлаўна Старшы памочнік пракурора Брэсцкай вобласці. «Становление и развитие прокуратуры Пружанского района Брестской области в 1939-1941 гг.»;
15.30–15.45 – падвядзенне вынікаў канферэнцыі;
15.45-16.00 – кава-паўза.

воскресенье, 28 октября 2018 г.

"Дзень" нараджэння Тадэвуша Рэйтана - 28 кастрычніка!

Сёння ў каталікоў свята ў гонар Юды-Тадэвуша!
Здаралася, што дзецям, якія нараджаліся наконадні, у дзень, або цягам некалькіх дзён пасля свята, давалі імя Тадэвуш.
Таму, мяркуючы па ўсяму, сваё імя Тадэвуш Рэйтан атрымаў у гонар менавіта гэтага нябеснага заступніка тых, хто бярэцца за невырашальную справу.  
Неўзабаве пасля нараджэння, хлопчык моцна захварэў, таму моцна заклапочаны здароў'ем першанца, галоўнага спадкаемца бацькі, дамінік Рэйтан звяртаецца да свайго патрона і сябры, князя Міхала Радзівіла "Рыбанькі" лістом на лаціне (відаць, каб надаць урачыстасці звароту). Просьба была простай. Дамінік Радзівіл пытаўся ў дасьведчаннага на той час ў бацькоўстве князя, якімі лекамі можна пазбавіць сына ад пакутаў.
Прыдворны радзівілаўскі лекар Ян Малер, хоць і немец, але незадарма еў беларускі хлеб. Лекі, якія ён параіў Рэйтанам спрацавалі.
Праз 32 гады, імя "Ліцьвіна Тадэвуша Рэйтана", пасла ад Наваградскага ваяводства Вялікага Княства Літоўскага, стане вядомым ўсёй Еўропе і нават, сягне за Атлантычны акіян!
Праз год 150 пра яго пачнуць забываць на радзіме. У 1959-61 гг.адзіны пісьменнік, які наважыцца згадаць яго імя ў сваіх творах -Уладзімір Караткевіч!
Але, праз 240 год ад тых трагічных падзей, якія зрабілі імя Рэйтана сінонімам слова "Патрыятызм", нарэшце, Герой "вярнуўся" на Бацькаўшчыну!
Прызнанне адбылося і на дзяржаўным узроўні. Пакуль асцярожнае. Бо, міфалогія, рупліва створаная за стагоддзі, кардонным "мурам" стаіць паміж Рэйтанам і Беларуссю. І "мур" гэта мусіць, як Карфаген, пасці!
Запрашаю ўсіх тых, хто шануе памяць Тадэвуша Рэйтана, згадаць сёння яго імя добрым словам. Ды, узняць угару кубак кавы ці гарбаты, салютуючы -"Vivat!"


 Фрагмент карціны Яна Матэйкі "Тадэвуш Рэйтан на Варшаўскім сойме 1773 года" (1866)
Здымак Źmicier Jurkievič

четверг, 25 октября 2018 г.

"Варыяцыі на тэму Грушаўкі"

Гісторыя  макета сядзібы роду Рэйтанаў  пачалася ў траўні 2017 года. Роўна праз год, як і планавалася, адбылася першая  прэзентацыя.

Кароткая справаздача з прэзентацыі https://reyten.blogspot.com/2018/05/75.html


Не так даўно, макет сядзібы, быў урачыста перададзены прадстаўнікам кіраўніцтва Ляхавіцкага раёна. Як гэта было распавёў "Ляхавіцкі веснік".

http://www.lves.by/?p=64190




Варыяцыі на тэму Грушаўкі


Пра гэты палацава-паркавы ансамбль так і хочацца сказаць: наша Грушаўка – натхненне, наша Грушаўка – муза. Вабіць падзеямі даўніх часоў, людзьмі, што там гаспадарылі, жылі, гасцявалі, якія ў пэўным сэнсе стваралі гісторыю. Вабяць гэтыя мясціны велічнасцю, незвычайнымі канструкцыямі, складанасцю і ўнікальнасцю архітэктурных формаў. Проста вабяць, проста прыцягваюць да сябе людзей нібы магнітам.
Цяпер наша Грушаўка, няхай і ў зменшаным памеры, але такая, якую маляваў Напалеон Орда, якую здымалі стагоддзе назад, з’явілася ў аб’ёмным фармаце. Шыкоўны падарунак – макет-рэканструкцыю сядзібна-паркавага ансамбля – наш раён атрымаў ад выпускніцы мінскай гімназіі №75 Марыі Краўцовай. У мінулую сераду ва ўрачыстай абстаноўцы ў сталіцы яго ўручылі прадстаўнікам ляхавіцкай дэлегацыі. І ў той жа дзень ён быў дастаўлены ў наш раён.
Але ўсё ж хочацца пачаць спачатку. Акрамя праграмных дысцыплін, гімназісты вывучаюць і прадметы мастацкага накірунку. Літаральна кожны паверх школы ўпрыгожаны работамі юных талентаў – ад карцін, кампазіцый з паперы, сувеніраў з саломы да макетаў старажытных будынкаў (што здзівіла, многія з іх проста вісяць на сценах).
З 2000 года тут ажыццяўляецца дабрачынны рэспубліканскі праект «Нам засталася спадчына». Разам з навучэнцамі яго кіраўнік, выкладчык выяўленчага мастацтва гімназіі Таццяна Вайтэнка займаюцца аднаўленнем поўнасцю або часткова згубленых гісторыка-архітэктурных помнікаў і ўвасабленнем іх у макет. Потым макеты-рэканструкцыі перадаюцца бязвыплатна краязнаўчым музеям нашай краіны.
– Пра ляхавіцкую Грушаўку я даведалася з інтэрнэта. Па-першае, зачапіла яна мяне сваёй архітэктурнай прыгажосцю, а па-другое, гістарычная вартасць гэтага палацава-паркавага ансамбля проста неверагодная. Досыць прыгадаць Тадэвуша Рэйтана і яго жаданне зберагчы Рэч Паспалітую ад падзелу. А што казаць пра капліцу, між іншым, яна ў спісе самых вядомых помнікаў у стылі неаготыкі ў Беларусі, – расказвае аўтар макета, дарэчы, цяпер ужо студэнтка філалагічнага факультэта БДУ.
Вясной мінулага года разам з бацькам і кіраўніком праекта яна прыехала на Ляхавіччыну, каб пазнаёміцца з Грушаўкай асабіста. Здзівіла, уразіла і, зноў жа, натхніла. Марыя прызнаецца, як убачылася з ёй, проста марыла прыступіць хутчэй да работы і паказаць сваю Грушаўку.
Зрабілі замеры, каб макет быў прапарцыянальны рэальным збудаванням, і безліч фотаздымкаў, каб у макеце ўвасобіць усе дэталі. Канешне, вывучылі вялікі пласт літаратуры –
апісанні сядзібнага дома з розных крыніц, успамінаў людзей, гістарычных звестак.
Пасля – роздум, праца, бяссонныя ночы. І з каляровага кардону, паперы, высушаных кветак, нават губкі атрымліваецца цуд . Глядзіш і не верыш вачам – наша Грушаўка!
Пра будучы лёс гэтага палацава-паркавага ансамбля, пра тое, што яго чакае частковае аднаўленне, расказала гімназістам намеснік старшыні райвыканкама Святлана Юрлевіч. Яна ўручыла падзячныя пісьмы райвыканкама за творчы падыход у працы і, канешне, за выхаванне такіх таленавітых дзяцей дырэктару гімназіі і кіраўніку дабрачыннага праекта «Нам засталася спадчына», падарункі аўтару макета на памяць пра ляхавіцкую зямлю.
Госці з Нідэрландаў, якія сталі сведкамі гэтай падзеі, былі ў захапленні.
– Акрамя намаганняў аўтара і педагога, у гэтым макеце закладзена жаданне захаваць, зафіксаваць гісторыю і, што самае важнае, паказаць і данесці ідэю іншым. Гэта прыклад таго, як трэба шчыра і бескарысліва рабіць дабро.
Маргарыта КУХТА.
Фота аўтара. Больш фота тут

Грушаўка "-1".


За гэты год мы толькі раз выязжалі ў Грушаўку. Не ладзілі і штогадовы фэст. На тое былі свае прычыны - прыйшлося далучыцца да абароны Вайсковых могілак у Менску. 

Чарговы раз удалося наведаць Грушаўку толькі 24 кастрычніка.  За гэтыя поўгады нехта падправіў інфармацыйны шчыт (гл.раней), які пацярпеў ад рук невядомых. 

Нехта адарваў шыльду "ГРУШАЎКА", на ў'ездзе ў вёску. А таксама, знік без сляда будынак "сенасховішча", які быў за стайней, з боку поля. І які, да самага апошняга часу выкарыстоўваўся  мясцовым калгасам.  І які не даваў магчымасці ўбачыць стайню з адваротнага боку ў "поўным фармаце".

Іншымі словамі, навіны не з найлепшых.  Але, нашмат горш іншае. Аб чым будзе іншы пост...



"Сенасховішча"  (Красавік , 2017 )

(Кастрычнік, 2018)