среда, 22 апреля 2015 г.

І ў суботу — на работу. Талакой (аб суботніку ў Грушаўцы , толькі з іншай кропкі гледжання)

Грушаўку, сапраўды, не пазнаць. За два суботніка (2014,2015) , мясцовыя ўлады зрабілі для ўдабрапарадкавання тэрыторыі комплексу столькі, колькі там не рабілася за апошнія 30-40 год. У дадатак, нарэшце, былі закансерваны , апрача сядзібнага будынка, мураванка і спіртоўня. Кансервацыйныя матэрыялы знаходзіліся і блізу афіцыны, таму, верагодна, кансервацыя дакранецца і да яе старых муроў. Справа за малым- падлатаць дахі будынкаў (Мураванкі, афіцыны, сядзібы, гумна, стайні). На дадзены момант гэта можна зрабіць без вялізарных фінансавых затратаў. Хто мае жаданне тым сім дапамагчы (перш за ўсё працавітымі рукамі) -выходзце на сувязь!
Погляд на суботнік з афіцыйнага боку.


І ў суботу — на работу. Талакой

На працягу ўсёй доўгай гісторыі суботнікаў гэты дзень з’яўляўся і з’яўляецца днём дабрачыннай працы. Шчырае ўсведамленне таго факта, што зробленае і заробленае ў гэты дзень пойдзе на карысныя, добрыя, прыгожыя справы, дабаўляе настрою. А настрой (што не з’яўляецца навіной) — адзін з галоўных складальнікаў працаздольнасці. Ва ўнісон з усёй краінай на рэспубліканскі суботнік-2015 дружна выйшлі і ляхавічане. Для немалой колькасці нашых землякоў гэты дзень прынцыпова нічым не адрозніваўся ад звычайных вытворчых будняў. У тым сэнсе,што для шэрага структур Ляхавіччыны суботнік прайшоў ў штатным рэжыме. Як і ў любы іншы дзень на тыдні, людзі прыйшлі на сваё рабочае месца: займаліся выпускам традыцыйнай таварнай прадукцыі, аказаннем паслуг, іншае. Грашовы ж эквівалент заробленага ў гэты дзень, як і павінна, папоўніў скарбонку суботніка.
Многія ляхавічане, жыхары аграгарадкоў і вёсак раёна суботнічалі на добраўпарадкаванні вуліц, сквераў, двароў, памятных мясцін. Бадай самы вялікі працоўны дэсант высадзіўся зранку 18 красавіка ў палацава-паркавым комплексе “Грушаўка”. Работнікі раённага выканаўчага камітэта і райсавета дэпутатаў, усіх раённых службаў, многіх прадпрыемстваў, устаноў з неабходным інвентаром наводзілі парадак на тэрыторыі комплексу. Адзінай задачай былі аб’яднаны каля сотні чалавек. Калі ж прыняць да ўвагі тое, што некаторыя з працоўных калектываў раёна ў “залік” суботніка шчыравалі ў Грушаўцы раней, будзе правільным адчувальна павялічыць названую лічбу. Зроблена нямала, Грушаўка да і пасля суботніка, як гаворыцца, дзве вялікія розніцы. Граблі “прайшліся” практычна па ўсёй тэрыторыі комплексу. У старым парку былі ўбраны асобныя сухастойныя дрэвы ці сухія галіны, высечаны лішнія раслінныя парасткі. Хочацца звярнуць увагу на забеспячэнне і арганізацыю работ па вывазцы таго, што было сабрана. Гэта дзякуючы СВК “Ляхавіцкі”, які на карысць суботніка прадаставіў пагрузчык і некалькі адзінак грузавога транспарту.
У нашым раёне, па інфармацыі аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, на рэспубліканскім суботніку зароблена каля 160 мільёнаў рублёў. Такі наш уклад у агульную скарбонку “чырвонай суботы”.
Іван КАВАЛЕНКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.
http://www.lves.by/?p=24280#more-24280

Астатнія фота : http://www.lves.by/?p=24229#more-24229

Комментариев нет:

Отправить комментарий