суббота, 11 июля 2020 г.

Знаходкі ў Свіслачы! Паўстанцы 1863 - Ігнат і Юзаф Ляскоўскія. Частка І

Вясной 2019 года на могілках у Свіслачы (Гарадзенская вобласць), супрацоўнікі НАН правялі раскопкі на месцы меркаванай магілы Віктара Каліноўскага.

Пабываўшы на месцы раскопак  адразу пасля завяршэння прац, мне ўдалося зрабіць некалькі цікавых знаходак.

Па-першае, была знойдзена магіла Ігната Брадоўскага, дырэктара гімназіі ў Свіслачы, які памёр на працоўным месцы. 


У свой час ён патрапіў у сферу маёй цікавасці і публікацыі, бо аказаўся акторам адной крымінальнай трагікамедыі. Больш аб тых падзеях  тут -  https://www.nlb.by/by/news/naviny-biblijatjek/dva-yany-dva-chachoty/


Па-другое, былі знойдзены намагільлі, якія належалі даволе цікавым асобам. Перш наперш, Ляскоўскім, аб якіх гэтым разам  і пойдзе гаворка.

Па-трэццяе, было знойдзена каля 20 перакуленых старых надмагілляў, якія маглі хаваць рознага кшталту таямніцы. У тым ліку паказаць, дзе была сапраўдная магіла сям'і Каліноўскіх. На мой закліч да талакі адгукнуліся неабыякавыя людзі з Менску-Баранавічаў, Свіслачы і Гародні. 
kalinouski2019

Кароткая справаздача тут https://www.facebook.com/zmicer.yurkevich/posts/10215557124423448  



А цяпер самы час вярнуцца  да сям'і Ляскоўскіх.

Пад час першага выезда на могілкі было знойдзена пахаванне Ігната Ляскоўскага  і яго жонкі Вольгі з Багушэвічаў Ляскоўскай.




 Размешчана яно на горцы, з правага боку ад царквы. Меркаваная магіла Віктара Каліноўскага літаральна ў некалькіх кроках ад гэтага пахавання. Паміж імі, магіла Ігната Брадоўскага.

Такое суседства Ляскоўскіх і Каліноўскіх аказалася невыпадковым. Справа ў тым, што маёнтак Якушоўку, у 1848 (?) бацька Канстанціна Каліноўскага набыў у Вінцэнта Ляскоўскага, малодшага брата Ігната. Гэты маёнтак быў набыты Яцкам Ляскоўскім (бацькам Ігната) у пятра Радавіцкага за 22 гады да таго.

Трошкі пра радавод Ляскоўскіх

Ляскоўскія былі, ледзь не самым распаўсюджаным родам у берасцейскім ваяводстве. Прозвішча сваё яны атрымалі ад маёнтка Ляскава, што на Кобрыншчыне. На 1701 год, некалькі прадстаўнікоў гэтага роду пакінулі свой след у судовых актах . Іх нашчадкі стала займалі розныя ўрады, часам даволе высокія, былі пасламі на соймы і дэпутатамі ГТ ВКЛ.

Гісторыя перасялення ў Ятвеск, апісана Казімірам Ляскоўскім (нар.у 1952 г.) тут - https://www.radzima.net/pl/miejsce/jatwiesk-dwor.html
Выглядае яна наступным чынам.

Напрыканцы  XVIII ст. маёнткам (74 валокі = 1580.64 га) валодаў Ян Чыж, віленскі гродскі суддзя, жонкай якога была Феліцыяна Глухоўская. Сваім тастаментам ян запісаў маёнтак брату Гаспару. Але, нешта пайшло ня так, і пасля яго смерці , паміж Гаспарам  і жонкай  пачаліся суды. У выніку, каля 1792 года, Феліцыяна, якая пайшла паўторным шлюбам за Станіслава Ляскоўскага, харужага ВКЛ (пазьней кобрынскаму войскаму, да 1798),  магчыма з намовы апошняга, запісала маёнтак швагру, Яўхіму Ляскоўскаму, былому паўкоўніку 3 палка Польнай Булавы войска ВКЛ, кобрынскаму гараднічаму, берасцейскаму земскаму суддзі.  Апошні, падобна, не стаў жыць у маёнтку і запісаў яго старэйшаму сыну Яцку.  Маці якога была Людвіка Пашкоўская.

З жонкай Ёганнай з Арэшкаў (пам. у 1840 г.) Яцак меў двух сыноў - Ігната і  Вінцэнта, і двух дачок - Антаніну (за Антонам Мілкевічам, валкавыскім земскім пісарам, калежскім рэгістратарам) і Людавіку (за Ельцам).

Метрыкі дапаўнення хростаў дзяцей Яцка Ляскоўскага ў свіслацкім касцёле ў 1832 годзе, якія спярша былі ахрышчаны ва ўніяцкай царкве:

Ігнат (ахр. 14 траўня 1816,  ), Людавікі (ахр.6 чэрвеня 1818), Вінцэнта-Ануфрыя-Антона-Яна (ахр.12 чэрвеня 1819).











Метрыка смерці Ёганы Ляскоўскай 12 лютага 1840 з гарачкі, 44 гады.



Метрыка смерці  Яцка Ляскоўскага 12 снежня 1850, ад старасці, 74 гады.



Ігнат Ляскоўскі быў жанаты двойчы. Ад першай жонкі Дамінікі Гутоўскай нарадзілася два сыны - у 1845 Юзаф-Эмерык (будучы паўстанец), а ў 1848 Дамінік. Нараджэнне якога прывяло да  смерці яго маці.



Метрыка смерці першай жонкі Ігната Ляскоўскага, Дамінікі з Гутоўскіх, 23 лістапада 1848, з прычыны неўдалых родаў. Мела 25 год.


Другой жонкай Ігната стала Вольга, дачкой Паўла і Казіміры Багушэвічаў, якія, паводле сямейнага падання Ляскоўскіх, жылі  ў Якушоўцы да Каліноўскіх, а потым перасяліліся ў Ятвезк. Шлюб з дачкой адміністратараў маёнтка Ігнат ўзяў у 1856 годзе , а праз год нарадзіўся Вацлаў-Яцак (1857-1932).


Вацлаў звязаў свой лёс з "Народнай воляй", сябраваў з Ігнатам Грынявіцкім, які зрабіў удалы замах на расейскага імператара Аляксандра І. Быў рэпрэсаваны.  https://pl.wikipedia.org/wiki/Wac%C5%82aw_Jacek_Laskowski

У 1867 годзе Ляскоўскія страцілі маёнтак за ўдзел у паўстанні Ігната і ягонага старэйшага сына Юзафа.   Ігната Ляскоўскага  часта блытаюць з ягоны цёзкам з Меншчыны, які разам з братам Станіславам , кіраваў паўстанскімі атрадамі і пазьней эміграваў.

Ігнат Ляскоўскі быў звязаны з арганізацыяй падполля на Гарадзеншчыне, і выконваў функцыю ваўкавыскага павятовага парафіяльнага начальніка, яго ж сын быў у адным з атрадаў.

Верагодна, да  ўдзелу ў паўстанні іх , у 1861 годзе схіліў Канстанцін Каліноўскі, чый маёнтак быў па суседству.  Маёнтак Ляскоўскіх забяспечваў паўстанцаў харчаваннем і палатном. І, як пішуць беларускія даследчыкі, у траўні 1863 года, у Ятвезк з кароткачасовым візітам завіталі камісар Нацыянальнага ўраду Канстанцін Каліноўскі і цывільны начальнік гарадзенскага ваяводства Эразм Заблоцкі.

Ляскоўскіх арыштавалі ў жніўні 1863, і хоць іх удзел у паўстанні не быў даведзены, яны былі сасланыя (без пазбаўлення правоў) ў Табольскую губернію. На маёнтак накладзена кантрыбуцыя ў 1875 рублі срэбрам, а пазьней яго секвестравалі, каб  у 1867  прымусіць яго прадаць. Дзеля таго, каб Ігнат Ляскоўскі паставіў уласны подпіс пад дакументам аб продажы, яго прывезлі на радзіму, а потым адправілі ў Пскоўскую губернію.  Праз нейкі час яму дазволілі асесці ў Варшаве, жонка ж сынам перабралася ў Гародню.

Відаць , незадоўга перад смерцю, Ігнат злучыўся з сям'ёй і  стаў жыць у Ашыўках (па суседству з Ятвезкам) , якія належалі ягонаму брату Вінцэнту, і ў якіх, на правах адміністратараў жылі Багушэвічы, бацькі Вольгі.

Магчыма, надмагільлі  Ляскоўскіх і Багушэвічаў, якія знаходзяцца па-суседству, былі пастаўлены Вацлавам Ляскоўскім, наймалодшым сынам Ігната пасля вяртання на радзіму з сылкі.











Комментариев нет:

Отправить комментарий