воскресенье, 12 июля 2020 г.

Знаходкі ў Свіслачы. Гербурт-Гейбовічы. Частка ІІІ





Свіслацкія могілкі.
Пахаванне Ізабэлы са Сніткаў Гербург-Гейбовіч, побач з якой пахаваная яе сястра (?) Сафія .

Згодна з метрыкай яе шлюбу, які адбыўся 6 лютага 1841 года ў наваградскім парафіяльным касцёле, мужам Ізабэлы  (21 год) быў Даніэль Гейбовіч (40 год).
Бацькамі Даніэля, былі прадстаўнікі наваградскай шляхты  Лукаш Гейбовіч і Кацярына з Транцкевічаў.
Бацькі Ізабэлы - Ян Снітко і Францішка з Антусевічаў, таксама наваградскія парафіяне.
Сведкамі на шлюбе былі Нікадзім Керсноўскі, Андрэй Тупальскі (магчыма, сваяк Адама Міцкевіча) і Станіслаў Мальцужынскі (сябра і калега Адама Міцкевіча па ўніверсітэту, гл. частку ІІ), які пазьней, падобна, ажэніцца на сястры Ізабэлы - Сафіі.

Праз год у ніх нарадзіўся сын Станіслаў-Ян-Генрык (нар.21 студзеня , ахр. 9 лютага 1842 г.), які быў ахрышчаны ў Наваградку. Ягоныя хросныя - Станіслаў Мальцужынскі, надворны саветнік і кавалер, і  Марыяна Ўрублеўская, удава. Асіставалі  Андрэй Тупальскі і Францішка Снітко.

Варта спыніцца на асобе Станіслава Гейбовіча, якому, дзякуючы заслугам, пашанцавала патрапіць на старонкі Польскага біяграфічнага слоўніка (куды, без разбору паходжання, залічваліся ўсе годныя людзі). Даволе цікава, што Уладзімір Спасовіч сцвярджае, што Гейбовіч лічыў сабе беларусам.





https://books.google.by/books?id=f9Y4AQAAMAAJ&pg=RA1-PA317&dq=daniel+herburt-heybowicz&hl=pl&sa=X&ved=2ahUKEwjGpaPHxsfqAhVEcZoKHVssBU4Q6AEwAXoECAYQAg#v=onepage&q=snitko&f=false

INTERNETOWY POLSKI SŁOWNIK BIOGRAFICZNY iPSB
https://www.ipsb.nina.gov.pl/a/biografia/jan-henryk-stanislaw-herburt-heybowicz


суббота, 11 июля 2020 г.

Знаходкі ў Свіслачы! Паўстанцы 1863 - Ігнат і Юзаф Ляскоўскія. Частка І

Вясной 2019 года на могілках у Свіслачы (Гарадзенская вобласць), супрацоўнікі НАН правялі раскопкі на месцы меркаванай магілы Віктара Каліноўскага.

Пабываўшы на месцы раскопак  адразу пасля завяршэння прац, мне ўдалося зрабіць некалькі цікавых знаходак.

Па-першае, была знойдзена магіла Ігната Брадоўскага, дырэктара гімназіі ў Свіслачы, які памёр на працоўным месцы. 


У свой час ён патрапіў у сферу маёй цікавасці і публікацыі, бо аказаўся акторам адной крымінальнай трагікамедыі. Больш аб тых падзеях  тут -  https://www.nlb.by/by/news/naviny-biblijatjek/dva-yany-dva-chachoty/


Па-другое, былі знойдзены намагільлі, якія належалі даволе цікавым асобам. Перш наперш, Ляскоўскім, аб якіх гэтым разам  і пойдзе гаворка.

Па-трэццяе, было знойдзена каля 20 перакуленых старых надмагілляў, якія маглі хаваць рознага кшталту таямніцы. У тым ліку паказаць, дзе была сапраўдная магіла сям'і Каліноўскіх. На мой закліч да талакі адгукнуліся неабыякавыя людзі з Менску-Баранавічаў, Свіслачы і Гародні. 
kalinouski2019

Кароткая справаздача тут https://www.facebook.com/zmicer.yurkevich/posts/10215557124423448  



А цяпер самы час вярнуцца  да сям'і Ляскоўскіх.

Пад час першага выезда на могілкі было знойдзена пахаванне Ігната Ляскоўскага  і яго жонкі Вольгі з Багушэвічаў Ляскоўскай.




 Размешчана яно на горцы, з правага боку ад царквы. Меркаваная магіла Віктара Каліноўскага літаральна ў некалькіх кроках ад гэтага пахавання. Паміж імі, магіла Ігната Брадоўскага.

Такое суседства Ляскоўскіх і Каліноўскіх аказалася невыпадковым. Справа ў тым, што маёнтак Якушоўку, у 1848 (?) бацька Канстанціна Каліноўскага набыў у Вінцэнта Ляскоўскага, малодшага брата Ігната. Гэты маёнтак быў набыты Яцкам Ляскоўскім (бацькам Ігната) у пятра Радавіцкага за 22 гады да таго.

Трошкі пра радавод Ляскоўскіх

Ляскоўскія былі, ледзь не самым распаўсюджаным родам у берасцейскім ваяводстве. Прозвішча сваё яны атрымалі ад маёнтка Ляскава, што на Кобрыншчыне. На 1701 год, некалькі прадстаўнікоў гэтага роду пакінулі свой след у судовых актах . Іх нашчадкі стала займалі розныя ўрады, часам даволе высокія, былі пасламі на соймы і дэпутатамі ГТ ВКЛ.

Гісторыя перасялення ў Ятвеск, апісана Казімірам Ляскоўскім (нар.у 1952 г.) тут - https://www.radzima.net/pl/miejsce/jatwiesk-dwor.html
Выглядае яна наступным чынам.

Напрыканцы  XVIII ст. маёнткам (74 валокі = 1580.64 га) валодаў Ян Чыж, віленскі гродскі суддзя, жонкай якога была Феліцыяна Глухоўская. Сваім тастаментам ян запісаў маёнтак брату Гаспару. Але, нешта пайшло ня так, і пасля яго смерці , паміж Гаспарам  і жонкай  пачаліся суды. У выніку, каля 1792 года, Феліцыяна, якая пайшла паўторным шлюбам за Станіслава Ляскоўскага, харужага ВКЛ (пазьней кобрынскаму войскаму, да 1798),  магчыма з намовы апошняга, запісала маёнтак швагру, Яўхіму Ляскоўскаму, былому паўкоўніку 3 палка Польнай Булавы войска ВКЛ, кобрынскаму гараднічаму, берасцейскаму земскаму суддзі.  Апошні, падобна, не стаў жыць у маёнтку і запісаў яго старэйшаму сыну Яцку.  Маці якога была Людвіка Пашкоўская.

З жонкай Ёганнай з Арэшкаў (пам. у 1840 г.) Яцак меў двух сыноў - Ігната і  Вінцэнта, і двух дачок - Антаніну (за Антонам Мілкевічам, валкавыскім земскім пісарам, калежскім рэгістратарам) і Людавіку (за Ельцам).

Метрыкі дапаўнення хростаў дзяцей Яцка Ляскоўскага ў свіслацкім касцёле ў 1832 годзе, якія спярша былі ахрышчаны ва ўніяцкай царкве:

Ігнат (ахр. 14 траўня 1816,  ), Людавікі (ахр.6 чэрвеня 1818), Вінцэнта-Ануфрыя-Антона-Яна (ахр.12 чэрвеня 1819).











Метрыка смерці Ёганы Ляскоўскай 12 лютага 1840 з гарачкі, 44 гады.



Метрыка смерці  Яцка Ляскоўскага 12 снежня 1850, ад старасці, 74 гады.



Ігнат Ляскоўскі быў жанаты двойчы. Ад першай жонкі Дамінікі Гутоўскай нарадзілася два сыны - у 1845 Юзаф-Эмерык (будучы паўстанец), а ў 1848 Дамінік. Нараджэнне якога прывяло да  смерці яго маці.



Метрыка смерці першай жонкі Ігната Ляскоўскага, Дамінікі з Гутоўскіх, 23 лістапада 1848, з прычыны неўдалых родаў. Мела 25 год.


Другой жонкай Ігната стала Вольга, дачкой Паўла і Казіміры Багушэвічаў, якія, паводле сямейнага падання Ляскоўскіх, жылі  ў Якушоўцы да Каліноўскіх, а потым перасяліліся ў Ятвезк. Шлюб з дачкой адміністратараў маёнтка Ігнат ўзяў у 1856 годзе , а праз год нарадзіўся Вацлаў-Яцак (1857-1932).


Вацлаў звязаў свой лёс з "Народнай воляй", сябраваў з Ігнатам Грынявіцкім, які зрабіў удалы замах на расейскага імператара Аляксандра І. Быў рэпрэсаваны.  https://pl.wikipedia.org/wiki/Wac%C5%82aw_Jacek_Laskowski

У 1867 годзе Ляскоўскія страцілі маёнтак за ўдзел у паўстанні Ігната і ягонага старэйшага сына Юзафа.   Ігната Ляскоўскага  часта блытаюць з ягоны цёзкам з Меншчыны, які разам з братам Станіславам , кіраваў паўстанскімі атрадамі і пазьней эміграваў.

Ігнат Ляскоўскі быў звязаны з арганізацыяй падполля на Гарадзеншчыне, і выконваў функцыю ваўкавыскага павятовага парафіяльнага начальніка, яго ж сын быў у адным з атрадаў.

Верагодна, да  ўдзелу ў паўстанні іх , у 1861 годзе схіліў Канстанцін Каліноўскі, чый маёнтак быў па суседству.  Маёнтак Ляскоўскіх забяспечваў паўстанцаў харчаваннем і палатном. І, як пішуць беларускія даследчыкі, у траўні 1863 года, у Ятвезк з кароткачасовым візітам завіталі камісар Нацыянальнага ўраду Канстанцін Каліноўскі і цывільны начальнік гарадзенскага ваяводства Эразм Заблоцкі.

Ляскоўскіх арыштавалі ў жніўні 1863, і хоць іх удзел у паўстанні не быў даведзены, яны былі сасланыя (без пазбаўлення правоў) ў Табольскую губернію. На маёнтак накладзена кантрыбуцыя ў 1875 рублі срэбрам, а пазьней яго секвестравалі, каб  у 1867  прымусіць яго прадаць. Дзеля таго, каб Ігнат Ляскоўскі паставіў уласны подпіс пад дакументам аб продажы, яго прывезлі на радзіму, а потым адправілі ў Пскоўскую губернію.  Праз нейкі час яму дазволілі асесці ў Варшаве, жонка ж сынам перабралася ў Гародню.

Відаць , незадоўга перад смерцю, Ігнат злучыўся з сям'ёй і  стаў жыць у Ашыўках (па суседству з Ятвезкам) , якія належалі ягонаму брату Вінцэнту, і ў якіх, на правах адміністратараў жылі Багушэвічы, бацькі Вольгі.

Магчыма, надмагільлі  Ляскоўскіх і Багушэвічаў, якія знаходзяцца па-суседству, былі пастаўлены Вацлавам Ляскоўскім, наймалодшым сынам Ігната пасля вяртання на радзіму з сылкі.











вторник, 7 июля 2020 г.

Маніфэст Тадэвуша Рэйтана



Тэкст неверагодна актуальны, хоць яму больш за сорак год.
Як можна меркаваць, паўстаў ён наконадні VII з'езда беларускіх пісьменнікаў, які адбыўся ў траўні 1976 года.
Сціплыя спробы ўстанавіць аўтарства гэтай адозвы да пісьменнікаў вынікаў не далі. Але, хачу , каб на гэты тэкст звярнулі ўвагу "караткевічазнаўцы". А таксама тыя, хто прысутнічаў на з'ездзе, памятае тыя падзеі , і , магчыма, мае арыгінал.
Справа ў тым, што наколькі мне вядома, Уладзімір Караткевіч быў адзіным, хто яшчэ ў 1959 і 1962 згадаў у сваіх творах постаць Тадэвуша Рэйтана. Ці, быў яшчэ нехта? Баюся, што не. Інакш, мяркую, я б ужо даведаўся.
Ці, мог Караткевіч, пад псеўданімам "Тадэвуш Рэйтан", так смела выступіць супраць палітыкі русіфікацыі? Ці, усё ж, гэта была іншая асоба? Тады, калі ведаеце, падзяліцеся думкамі.
Буду ўдзячны за распаўсюд і заўвагі. Пра памылкі-абдрукоўкі нават не пытаюся. І на гэты конт можаце не пісаць. Проста, калі ласка, самі выпраўце.
Мар’ян Б.
Успаміны з нядаўняй мінуўшчыны
У 70-тых гадах, калі паўсюдна бурылі стары Менск і знішчалі нашую спадчыну, пераехаў Саюз пісьменнікаў БССР у новы будынак – дом літаратара. Стары гістарычны будынак, ля тэатра Янкі Купалы, у якім месціўся саюз перад гэтым, знеслі, каб не займаў прасторы перад гэтым гмахам ЦК КПБ. Здаецца, ніхто тады не за гэты помнік не ўступіўся. У Доме літаратара якраз размяркоўвалі кабінеты сакратарам саюза. Не да гэтага было.
Тады, у 70-х гадах, Саюз пісьменнікаў БССР інтэнсіўна разбэшчваўся бюракратызмам. Чынавецтва адкрыта падкуплівала і перакуплівала пасрэдных і нават таленавітых майстроў пяра., спакушала іх матэрыяльным дабрабытам, пасадамі, узнагародамі, перспектывай публікацый алілуйскай хлусні і пустазвонства. У гэты перыяд набрала моц у пісьменніцкім асяроддзі агрэсіўная шэрасць, а сам Дом літаратара пераўтварыўся ў чынавецкі асяродак.
У сярэдзіне мінулага дзесяцігоддзя мне зрэдку даводзілася бываць у тым доме. Трапіць “іншаму” ў Саюз пісьменнікаў было тады не так проста. Калі ўваходзіў, справа была невялікая службовая вопратня, тэлефоны, сігнальны пульт, сядзеў міліцыянер і абавязкова адна-дзве кабеты гадоў пад 50 з хамскім выглядам і манерамі, па якіх адразу пазнаеш расіек супрацоўніц КДБ. Яны аглядалі наведніка з падазрэннем і пыталіся : “Вы к кому?”.
На другім паверсе ў файе таўкліся часам пісьменнікі ці выходзіў пакурыць са свайго кабінету які-небудзь сакратар, пагаманіць ад суму на беларуска-расійскай трасянцы. Мова беларуская паступова забывалася ў гэтым доме. Поўна там было нейкіх дамачак, баб, сакратарак, машыністак, шмат розных адміністратараў з паўкоўніцкімі каркамі і чырвонымі тварамі. Усе яны стваралі тут дружны расійскі галас і шум: трымаліся як у сябе дома, на беларускую гаворку рэагавалі з маўклівай ненавісцю. “Здрасте”, кажуць на “добры дзень”.
Поўна было казённага “жаночага персаналу” у прыёмных танкаў і шамякіных, якія /кабеты, значыць/ слоўца беларускага не скажуць, хоць ты з імі поўдня гавары. Сакратары і ўвогуле саноўныя пісьменнікі адчувалі сябе ў гэтай задушлівай атмасферы, як мне падалося, зусім добра, паводзілі сябе як вялікія начальнікі.
Тады, наколькі мне вядома, ніводны сын і ніводная дачка пісьменніцкіх саноўнікаў не размаўлялі па-беларуску, не ўжывалі роднай мовы ў сям’і. Мяркую, што і цяпер гэтак. Быў я тады неяк на афіцыйным літаратурным вечары, прысвечаным памяці Аркадзя Куляшова. Ягоная дачка, жонка , сваякі выступалі і гаварылі толькі па-расійску. У тыя часы ў Доме літаратара нават у паветры адчувалася атрута маразму і нацыянальнай дэградацыі.
У такіх умовах у 1976 годзе адбываўся VII з’езд пісьменнікаў. Тады на з’ездзе распаўсюджваўся нейкі аддрукаваны на машынцы ліст аб ратаванні мовы, падпісаны Мацеем Бурачком і напісаны ў ягоным стылі. Пазьней мне трапілася ў рукі адозва да з’езда, падпісаная асобай не менш гераічнай у нашым пакутным і слаўным пантэоне – Тадэвушам Рэйтанам. Прапаную тэкст гэтай адозвы:
Адозва да з’езда пісьменнікаў Беларусі
“Не пакідайце ж мовы нашай
беларускай, каб не ўмерлі”
Францішак Багушэвіч
Беларускія пісьменнік! Гнаша дарагая бацькаўшчына, наша старажытная і несмяротная , наша родная мова, наш народ, мы ўсе беларусы, перажываем страшны час нашай гісторыі. Ні 1794, ні 1839, ні1863, ні ліхалецце ХІХ ст., ні 1930, ні 1937 не параўнальная. Як пад кулямётамі, як ў агні масавых экзэкуцый, як у брацкіх магілах 1941-1944-га гінуў кожны чацвёрты беларус, гінуў цялесна , каб у памяці народнай уваскрэснуць навекі ў славе, так цяпер , пад апакаліптычнымі гусеніцамі чыноўніцкага “прагрэсу”, які Вам загадана ўслаўляць, гіне духоўна кожны першы.
Некаторыя патрабуюць дакладнай статыстыкі русіфікацыі, лічбаў шавінізму, працэнтаў дэнацыялізацыі і гвалту. Тады б, здаецца, гаварылі доказна, з бухалтарскай дзелавітасцю, лакейскай смеласцю, хітра і разумна.
“Лысагорцы!” – скажам такім, - на неба гляньце, яно блакітнае! Зірніце на вокны сваіх кабінетаў, расплюшчыце вочы, паслухайце! Дзе наша мова? У інстытутах?! У школах?! Ні ў водным беларускім горадзе няма больш ніводнай беларускай школы. Іх зачынілі. Беларускіх школ з кожным годам меншае на вёсцы. Іх зачыняюць асцярожна, спакваля…
Радуйцеся, Мікалай першы і Мікалай апошні, пан Мураў’ёў і пані” единая, неделимая и протчая» , спявайце пад сурдзінку белагвардзейскія трубы і шарманчыкі, тапёры і славаблуды, слаўце тых, што “спасли Россию”.- На ўсіх скрыжаваннях нашай Беларусі распусна і нахабна, патаемна і адкрыта рыпіць гэтая іхняя тапёрная музыка.
Што мы можам, чым кіруем і што маем? Нацыянальную эканоміку? Сельскую гаспадарку? Лясы, нафту, рабочую сілу? Аўтаномію культуры? Нацыянальную культуру? Нацыянальную свабоду творчасці, навуку, мастацтва? Нацыянальную асвету, адукацыю, выхаванне? Наша эканоміка – каланіяльная, прадуктамі наўай развітай сельскай гаспадаркі мы не распараджаемся, а працавіты наш селянін /”дурны мужык”/, сённяшні запрыгонены калгаснік і сённяшні рабочы нават не здагадваюцца, колькі легіёнаў ад гультайства і нуды, там, “в России-матушке» прапівае працу яго рук і колькі збанкрутаваных палітычных авантур у Азіі, Афрыцы, Паўднёвай Амерыцы, Еўропе аплаціў ён потам сваім і мазалём.
А ці задумваемся мы, чаму па колькасці насельніцтва эксперыментальная рэспубліка наша не дасягнула даваеннага ўзроўню? Што, у нас не родзяцца дзеці? Дзе знікае і куды плыве наша галоўная вытворчая сіла нацыянальнай эканомікі – рабочыя рукі? Туды ж, у “матушку”. На месца наўых мігрантаў, беларусаў, прысылаюцца “со всей необъятной России», сотнямі тысяч валяць сюды паміраць, сачыць і бэсціць натоўпы адстаўнікоў і розных спецыялістаў, шукальнікаў зямлі, дзе каўбасы паболей.
У нацыянальным мастацтве – зялёная вуліца толькі нацыянальнай прафанацыі. Наша гуманітарная навука дэюільная, а казённыя адэпты яе, стаўленнікі і здраднікі, законнікі і згоднікі, сокі, майстры дэмагогіі і даносаў, ашалелі ад страху перад прывідам “нацыяналізму”, перад святлом гістарычнай праўды.
Нацыянальнай асветы ў нас ужо няма. Нацыянальнай адукацыі не існуе. Нацыянальная культура ў загоне. Замест яе насаджаецца прафанацыя і эрзац. Беларуская мова рознымі спосабамі і хітрыкамі выганяецца адусюль. А там, дзе яна хоць крышку трымаецца /радыё, прэса/, там свядома замяняецца казённа-чыноўніцкім жаргонам, замешаным на расійскім сінтаксіме і кальках. Гэта палітыка. Тут існуюць табу і вета, якія маюць больш катэгарычную сілу, чым забаронены для ўжытку спіс беларускіх дзеячоў, складзены ў Галоўліце. На гэтую садысцкую ідэю дэнацыялізацыі беларускай мовы працуюць навукова-даследчыя інстытуты і ўніверсітэцкія кафедры.
Як жа дайшлі мы да такога жыцця?! Як ваду п’ем і хлеб ядзім?! Як у вочы глядзім?! Азірнемся, дзе нашы мудрацы, дзе нашы прарокі, правадыры і героі?! Хто мы цяпер і куды мы ідзем?! Як жа мы дажылі да такога стану, што вымушаны яшчэ даказваць, што мы –людзі!? Дакажы, што тваёй нацыі патрэбна яе нацыянальная мова. Дакажы, што гэта пытанне нацыянальнай кампетэнцыі і нічыё іншае. Дакажы, што гаспадар у сваёй хаце не пытаецца ў гасцей, дзе яму сядаць. Дакажы і пацвердзі. І знаходзяцца, што даказваюць, што “я” гэта “я”, а не “ты”.
Якія патрэбны лічбы і працэнты, калі з нас здзіраюць скуру пад гром дэмагогіі, калі наш народ укрыжоўваюць пад салодкую музыку звышхлусні. І наш народ разам з намі прымушаюць піць гэтую атруту з гэтай атрутнай студні.
Цяпер не ХІХ стагоддзе. Цяпер нас атручваюць пад выглядам прагрэсу. Да паслуг тэлебачанне і асвета, адукацыя і прэса, ідэалогія і прапаганда, эканоміка і горадабудаўніцтва, чыгункі і шасейныя дарогі, радыё і тэлеграф, авіяцыя і аўтобусы, агітацыя і эстрада, войска і спорт і да т.п. Усё гэта павінна быць прыладаю, сродкам нашага нацыянальнага жыцця, а сталася –зброяй нястрыманай русіфікацыі, дэнацыяналізацыі і разлажэння народа.
Калі косіць каса, то трава расце зноў. Сціналі галовы інсургентаў – вырасталі сыны. Але бяда, калі не каса, а чэрві корань точаць, калі не касец, а агонь з-пад споду сухі тарфяннік паліць, калі не косяць, а паліваюць корань атрутнай вадкасцю, і дрэва чэзне, трава сохне. Вось дзе адрозненне русіфікацыі цяперашняй ад учорашняй. Яно ў выніках і абставінах. Вось дзе знак часу сённяшняга. Калі ўсе ранейшыя русіфікацыі разбіваліся аб стыхійную сілу народнага духу, традыцый, жыццёвага ўкоаду, то цяпер зброяй прагрэсу ў чыноўніцкіх , чужых руках метадычна разбураюцца не толькі мова, традыцыі і нацыянальная культура, але знішчаецца сам этнас.
Тут мала абвінавачваць наш так званы “урад” і галоўных ідэалагічных правіцеляў нашых, што навучаюць матэрыялізму і хлусні, мала іх абвінавачваць ў нацыянальнай здрадзе. Мы – інтэлігенцыя. І на нас місія адказнасці за свае справы перад Бацькаўшчынай. Мы інтэлігенцыя – і на нас абавязак народнага прадстаўніцтва, на нас роля яго заступніцтва і яго асветы. Мы гістарычна абавязаны перад народам і ўсёй нашай зямлёю. За занядбанне абавязкаў гісторыя нам не даруе, як не даравала шляхце.
Саюз пісьменнікаў цяпер адзіная ў Беларусі грамадская арганізацыя, дзе магчыма размова пра нацыянальныя праблемы і пра беларускую мову. Гэта і заканамерна, бо літаратура –перш за ўсё слова. І паглядзіце, як заігрываюць з Вамі, цакаюцца, купляюць і перапрадаюць, як засоньваюць Ваша сумленне дэмагогіяй і хлусьнёю, а самі адкрыта і бесцырымонна, падступнасцю і гвалтам звужаюць моўную сферу вакол нашай літаратуры.
Рука здрайцы і прыблуды цягнецца да Вашага горла і з гідлівай ухмылкай вось-вось гатовы сарвацца з вуснаў падрыхтаваныя гугнявыя словы : “Для каво вы пишэце, вас нихто не чытает, не панимает, зачэм вы едзице даром наш народный хлеб?” І Вам, як і цяпер, пакажуць на дурнога Саўку, што набраўся “истинно-русского” духу, і , натуральна “против белорусского языка”. Вам прывядуць натоўпы блудных сыноў нашай Бацькаўшчыны, абалваненых імі і разбэшчаных, пакажуць на легіёны янычараў і мамелюкоў, выхаваных і атручаных у іхніх школах-душагубках, у войску і інстытутах, на нашай зямлі, за нашыя сродкі, пры нашай маўклівай згодзе, і скажуць: “Вось ваш народ, ён з намі, супраць вас”. І загадаюць, паказваючы на вас: “Укрыжуйце іх!”. Што і будзе зроблена пад смех прыблудаў. Будзьце пэўныя. Адурманены беларус умее нішчыць сваіх.
То якія ж патрэбны Вам лічбы і працэнты, якія аргументы, калі размова павінна весьціся па сутнасці , а не ў прыватнасці, па справядлівасці і па праве. Таму не да розуму Вашага гэты зварот, не да логікі і нават не да сумлення. Гэта ўсё ў Вас ёсць і ўсё вы ведаеце – і лічбы, і п працэнты. Гэтая адозва да Вашага ДУХУ.
Хай б’юцца нашы сэрдцы ўсе разам для Бацькаўшчыны, а не для мамоны, для нашага народа, а не для ўласнай пыхі, для нашай светлай нацыянальнай духоўнай будучыні, а не для матэрыяльнага дабрабыту!
Пытанне пра нашу беларускую мову, пра беларускую школу, пра беларускія вышэйшыя навучальныя ўстановы, пра нацыянальную асвету і адукацыю, пра наша духоўнае нацыянальнае жыццё, пра нашу нацыянальную культуру павінна стаяць на з’ездзе.
Народ наш яшчэ духоўна жывы і моцны, нягледзячы на адступнікаў і здрайцаў. Яны, здрайцы, - не прадукт нашага нацыянальнага жыцця, а вынік трагедыі і хваробы, кароста, балячкі на здаровым целе. Прыйдзе час , і гэтыя блудныя дзеці вернуцца на ўлоне шматпакутнай , святой нашай, дарагой зямлі і многія пакаюцца.
Памятайма, хай не ўпадзе на нас першародны грэх. Не пакрыйце сябе няславай. Мы- беларуская інтэлігенцыя. То хай кожны з нас зможа ў канцы сказаць так, як Купала: “ Я адплаціў народу, чым моц мая была: зваў з путаў на свабоду, зваў з цемры да святла”.
Менск, 11 траўня 1976 Тадэвуш Рэйтан

понедельник, 29 апреля 2019 г.

Падарожжы з Жыгамонтам. Вёска Грушаўка

У апошні красавіцкі дзень , як і было паабяцана Юрыем Жыгамонтам, выйшаў чарговы выпуск праграмы "Падарожжы Жыгамонта". І прысвячаецца ён і Грушаўцы... і Тадэвушу Рэйтану!

Але, значна раней, яшчэ ў 2003 годзе, спадар Жыгамонт ўжо пабываў у Грушаўцы. Але, відэа таго выпуска, нажаль, не захавалася.
Пытанне да аматараў "Падарожжаў" усіх фарматаў. Можа, хто займаўся запісам выпускаў на відэа-касеты? І, выпадкам, захаваў у прыватным архіве тую праграму?
Бо, у тыя часы, мы ўсе займаліся чым-нечым падобным. :)

Хачу шчыра падзякаваць спадара Жыгамонту, а таксама і ўсю суполку ягоных падлечнікаў, якія стварылі гэты важны фільм! Бо, артыкулы -добра, але стужкі-выдатна! :)



«Забіце мяне, не забівайце Айчыну!»


https://novychas.by/poviaz/zabice-mjane-ne-zabivajce-ajczynu

«Забіце мяне, не забівайце Айчыну!»

Імя Тадэвуша Рэйтана для палякаў даўно, яшчэ з ХІХ стагоддзя, стала ўвасабленнем вобразу самаахвярнага патрыёта. У Беларусі ж гэты чалавек пасля Другой сусветнай вайны быў забыты, нягледзячы на яго мясцовае паходжанне.
Ян Матэйка. Рэйтан на Сойме 1773 года
Твор напісаны ў 1866 годзе, а выяўленая на ім сцэна нагадвае пра трагічную сітуацыю, якая склалася на Сойме Рэчы Паспалітай у красавіку 1773 года. Ляжачы чалавек у шляхецкім убранні, разарваўшы на грудзях жупан, адчайна закрывае соймавым паслам выхад з памяшкання.
Тадэвуш Рэйтан, мастак  Уладыслаў Барвіцкі, 1917
Але ў XVIII–XIX стагоддзі закладалі падмуркі культу памяці пра Рэйтана яго землякі-літвіны з Віцебшчыны, Наваградчыны, Брэстчыны і Віленшчыны: пісьменнікі Францішак Князьнін, Юльян Урсын Нямцэвіч, Адам Міцкевіч, Генрык Жавускі (стрыечны ўнук Тадэвуша Рэйтана), Уладзіслаў Сыракомля, мастакі Францішак Смуглевіч і Людвік Горварт. З беларусаў жа ў другой палове ХХ стагоддзя адзіным пісьменнікам, які меў мужнасць згадаць пра Рэйтана ў сваіх творах, стаў Уладзімір Караткевіч.
Сёння, аднак, памяць пра Тадэвуша Рэйтана і ў нас ажыла ды ўсё больш актуалізуецца. Яму ўжо аддае належнае нават сучасная беларуская дзяржава, пра што сведчаць дакументальны фільм, створаны на тэлеканале АНТ, фестывалі, выставы, публікацыі ў дзяржаўных СМІ. Праўда, пакуль у нас няма прысвечаных Рэйтану вуліц, школ, памятных дошак і помнікаў, але трэба спадзявацца, што з часам з’явяцца і яны. Бо, як казаў Адам Міцкевіч, «сам народ прызнаў Рэйтана Вялікім». А той народ, за інтарэсы якога змагаўся Рэйтан, быў не толькі польскім.

Нашчадак крыжакоў

Першыя згадкі пра род Рэйтанаў сягаюць у сярэдзіну XV стагоддзя, і датычаць яны тэрыторыі Усходняй Прусіі. У 1467–1468 гадах Якуб фон Рэйтан атрымаў ад кіраўніцтва Тэўтонскага ордэна дзве вёскі, за што павінен быў станавіцца ў шэрагі крыжакоў у лёгкім узбраенні. Адкуль быў родам і якога паходжання быў гэты Якуб, да гэтага часу не вядома. Мог ён быць і прусам, і немцам, і анямечаным славянінам з тэрыторыі Саксоніі, адкуль на землі Тэўтонскага ордэна ішоў самы вялікі паток каланістаў. У любым выпадку, у жылах нашчадкаў Якуба цякла мяшаная кроў, бо Рэйтаны актыўна радніліся з мясцовымі родамі, сярод якіх былі як немцы-перасяленцы, так і анямечаныя прусы-аўтахтоны.
У пачатку XVII стагоддзя, падчас вайны Рэчы Паспалітай са Швецыяй, адзін з Рэйтанаў, Фрэдэрык Ян, паступіў на службу да аднаго з літоўскіх магнатаў — Жыгімонта Караля Радзівіла, які быў сваяком. Вярнуўшыся з гэтага паходу разам з Рэйтанам, Радзівіл, «мінуючы сойм», увёў яго ў шляхецтва ВКЛ. З таго часу і аж да пачатку ХХ стагоддзя, калі памёр, не пакінуўшы нашчадкаў, апошні прадстаўнік роду Юзаф Пётр Павел, Рэйтанаў і Радзівілаў лучылі розныя сувязі: і сваяцкія, і сяброўскія, і адносіны «кліент-патрон».
Графічны шэраг "Род Рэйтанаў. Асобы .Падзеі" . Мастак Алесь Родзін, гістарычны кансультант Зміцер Юркевіч

Бацькі і Грушаўка

У мінскім фарным езуіцкім касцёле Найсвяцейшай Панны Марыі 4 кастрычніка 1739 года адбылася цырымонія вянчання. Маладымі былі Дамінік Рэйтан, гусарскі харужы і наваградскі стражнік, і Тарэза, дачка мінскага стольніка Лявона Паўла Валадковіча. Род Валадковічаў меў вялікі ўплыў на Міншчыне, а іх радавая сядзіба знаходзілася на тым месцы, дзе сёння размяшчаецца Палац Рэспублікі. Мінскім паходжаннем Тарэзы якраз і тлумачыцца, чаму вянчанне адбывалася ў гэтым горадзе — тады была традыцыя рабіць гэта менавіта ў парафіі, да якой належала маладая.
Але жыць наваствораная сям’я стала ў радавым котлішчы Рэйтанаў — маёнтку Грушаўка, які знаходзіцца паміж Ляхавічамі і Нясвіжам. Гэты маёнтак Міхал Рэйтан, бацька Дамініка, набыў у канцы XVII стагоддзя. З таго часу і да 1910 года Грушаўка належала роду Рэйтанаў, а пазней іх сваякам.

Дамінік Рэйтан добра падрыхтаваўся да сустрэчы жонкі. Ім быў узведзены аднапавярховы драўляны сядзібны дом, даволі тыповы для таго і пазнейшага часу. Гэты будынак вядомы з акварэлі Напалеона Орды, які і сам і сваякі якога не раз бывалі ў Рэйтанаў як госці.

Пад харугвамі Радзівілаў

Тадэвуш Рэйтан, якому лёсам было наканавана стаць самым славутым прадстаўніком свайго роду, нарадзіўся праз год пасля шлюбу бацькоў, блізу 28 кастрычніка 1740 года. Атрымаўшы імя ў гонар святога Тадэвуша, добрую хатнюю адукацыю і ўзорнае выхаванне, ён працягнуў навуку, па ўсёй верагоднасці, у нясвіжскім езуіцкім калегіуме. Завяршыўшы навучанне, Тадэвуш стаў правай рукой свайго бацькі. Паводле даўняй сямейнай традыцыі, Рэйтаны былі прыхільнікамі Радзівілаў. А паколькі па смерці Міхала Казіміра Радзівіла «Рыбанькі» тагачасны галава гэтага роду, Караль Станіслаў «Пане Каханку», браў актыўны ўдзел у міжусобных магнацкіх войнах, якія разгортваліся на фоне палітычнай нестабільнасці ў краіне, то і Тадэвуш таксама не мог застацца ад гэтага ўбаку. І калі «Пане Каханку» прайграў вайну роду Чартарыйскіх падчас міжкаралеўя 1763–1764 гадоў, часова страціўшы ўсе свае ўладанні і змушана выправіўшыся ў эміграцыю, яго долю падзяліў і малады Рэйтан. Праўда, ужо ў 1766 годзе Рэйтан атрымаў амністыю і змог вярнуцца ў ВКЛ.
Неўзабаве вярнуўся на радзіму і «Пане Каханку». Але ён зноў не ўтрымаўся, каб не ўмяшацца ў бягучыя палітычныя падзеі. Далучыўшыся да Барскай канфедэрацыі, скіраванай супраць караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага і расійскага ўплыву, Радзівіл сабраў войскі ў Нясвіжы і ўступіў у баі з расійскімі падраздзяленнямі. У гэтым яму дапамагалі стары наваградскі падкаморы Дамінік Рэйтан і ягоны сын Тадэвуш. Але сілы аказаліся няроўнымі, канфедэраты прайгралі, а «Пане Каханку» зноў мусіў падацца на эміграцыю, гэтым разам на доўгія 10 гадоў.
У 1769 годзе памёр Дамінік Рэйтан, пасля чаго Тадэвуш стаў галавой усяго роду. На яго зваліліся вялікія побытавыя клопаты, бо трэба было «ставіць на ногі» шматлікіх малодшых братоў і сясцёр. Але мірна займацца гаспадаркай зноў доўга не давялося. Новая пагроза паклікала ваяра ў сядло.

Бацькаўшчына ў небяспецы

У 1772 годзе, пасля патаемных перамоў, якія вялі міжсобку расійскі, прускі і аўстрыйскі манаршыя двары, было прынятае рашэнне аб падзеле Рэчы Паспалітай. У верасні 1772 года войскі аўстрыйскага і расійскага імператараў і прускага караля ўвайшлі на яе тэрыторыю і занялі вызначаныя пад анексію землі. З земляў Вялікага Княства Літоўскага да Расійскай імперыі мусілі адысці такія гарады, як Полацк, Віцебск, Мсціслаў, Магілёў, Гомель — агулам 92000 квадратных кіламетраў з насельніцтвам блізу 1300000 чалавек.
Каб надаць сваім дзеянням выгляд законнасці (толькі і ўсяго, што вяртанне «спрадвечных тэрыторый»), дзяржавы-захопніцы дамагаліся правядзення надзвычайнага Сойму Рэчы Паспалітай, які меў задачай пацвердзіць падзел і санкцыянаваць новыя межы. Кароль Станіслаў Аўгуст, паддаўшыся вонкаваму ціску, у лютым 1773-га склікаў сенат, які прыняў рашэнне аб правядзенні Сойму. Соймікі, дзе абіраліся дэпутаты на яго, праводзіліся ў сакавіку.
Усяго ў Варшаву з’ехаліся 111 паслоў: 87 з тэрыторыі Польшчы, 24 — з ВКЛ. Намагаючыся забяспечыць сабе на Сойме большасць галасоў, расійскія, прускія і аўстрыйскія агенты — дзе грашыма, а дзе і зброяй — дабіваліся, каб шляхта выбрала дэпутатамі найменш прынцыповых асобаў. І гэта ў цэлым удалося. Але нават у такіх умовах знайшліся дэпутаты, якія ехалі на Сойм бараніць інтарэсы не чужынцаў, а ўласнай дзяржавы.
З такімі думкамі ехалі ў Варшаву і паслы, абраныя ў Наваградскім ваяводстве, — наваградскі падкаморы Тадэвуш Рэйтан (32 гады) і наваградскі земскі пісарэвіч Самуэль Корсак (каля 27 гадоў). Пра тое, што гэтыя паслы ехалі «на смерць», сведчыць адзін з пунктаў іх інструкцыі. Ён загадваў сваім паслам «пад пагрозай страты жыцця і маёнтка» не дазволіць адняць ад краіны нават маленькага кавалка тэрыторыі. Выкананне гэтай інструкцыі было справай маларэалістычнай, але наваградскія паслы, прынамсі, збіраліся паспрабаваць. Мелі яны на мэце і іншае.
Графічны шэраг "Род Рэйтанаў. Асобы .Падзеі" . Мастак Алесь Родзін, гістарычны кансультант Зміцер Юркевіч

Гістарычнае супрацьстаянне

Сойм мусіў урачыста адкрыцца 19 красавіка 1773 года. Праўда, яго замежныя рэжысёры пачалі рэалізоўваць свае планы за некалькі дзён да таго. 16 красавіка на прыватнай кватэры сабраліся на сход тыя паслы, якія да таго часу ўжо прыехалі ў Варшаву. Яны былі папярэдне апрацаваныя і падкупленыя, а таму паслухмяна выканалі дзеянні, якія ад іх патрабаваліся. На сходзе была заснавана шляхецкая канфедэрацыя, маршалкам якой быў абраны расійскі агент Адам Панінскі. Трэба адзначыць, што з амаль 80-ці паслоў, якія заснавалі гэтую канфедэрацыю, толькі сем прадстаўлялі ВКЛ.
Сэнс гэтай камбінацыі быў наступны. Паводле тагачасных законаў Рэчы Паспалітай, у Сойме дзейнічала правіла liberum veto, якое прадугледжвала прынцып аднагалосся пры прыняцці ім рашэнняў. Згодна з гэтым правілам, любы пасол мог спакойна сарваць Сойм, бо пасля ўжывання liberum veto Сойм мусіў спыніць сваю працу. Але правіла пераставала дзейнічаць у тым выпадку, калі Сойм меў статус канфедэрацкага. Каб надаць Сойму менавіта такі статус і такім чынам пазбавіць апазіцыю ўсялякіх магчымасцяў для хоць нейкага ўплыву, акурат і павінна была служыць патаемна заснаваная канфедэрацыя. Праўда, па законах краіны гэта было нечуванае да таго злачынства. Бо канфедэрацыі мусілі стварацца задоўга да Сойму, а не ў апошні дзень.
Пра стварэнне канфедэрацыі і, адпаведна, перафарматаванне Сойму было абвешчана адразу пасля пачатку яго працы. Адам Панінскі быў прадстаўлены як маршалак Сойму.
І тут са свайго месца гучна адазваўся Тадэвуш Рэйтан. Ён заявіў, што скліканне Сойму ў Варшаве ўвогуле незаконнае, бо кожны трэці Сойм мусіць, па законе, праходзіць на тэрыторыі ВКЛ і маршалкам мусіць быць «ліцьвін, абраны адкрытым галасаваннем з прысутных паслоў ВКЛ». Далей Рэйтан засведчыў неадпаведнасць закону створанай на прыватнай кватэры нейкай «канфедэрацыі», а таксама перафарматавання Сойму з вальнага ў канфедэрацкі.
Выступленне Рэйтана мела выбуховы эфект, у залі пасля яго ўзняўся страшэнны шум. Наваградскага пасла падтрымалі 16 іншых паслоў з ВКЛ, а таксама адзінкі з палякаў. Рэйтан не даў Панінскаму прыступіць да выканання абавязкаў маршалка, сам заняўшы адпаведнае крэсла. Гэтым Тадэвуш дэманстраваў, што выбар маршалка на патаемным сходзе з пункту гледжання закона — нікчэмны, і што з такім жа поспехам гэтую функцыю можа выконваць і ён сам, нікім не абіраны.
Пратэсты Панінскага і яго прыхільнікаў нічога не далі. Першае пасяджэнне Сойму скончылася нічыёй. З аднаго боку, Сойм не ўдалося адразу павесці паводле загадзя запланаванага сцэнарыя, з другога — у Рэйтана і яго аднадумцаў не атрымалася пераламаць настроі, арганізаваўшы выбары новага, законнага маршалка. Сесія была толькі перанесеная на наступны дзень.
Змаганне, аднак, працягвалася. Паслы-патрыёты засталіся ў зале пасяджэнняў на ўсю ноч з мэтай прадухіліць яе захоп агентамі Панінскага. А назаўтра жарсці разгарэліся з новай сілай. Рэйтан і яго прыхільнікі голасна даводзілі, што канфедэрацыя ніяк не можа стварацца вось так — на прыватнай кватэры за дзень да Сойму. Бо паслы адпаведнымі ўніверсаламі караля склікаліся на вальны Сойм, і менавіта на яго павятовай шляхтай выпраўляліся, пра што сведчаць іх інструкцыі. Пра канфедэрацыі ж ніякай гаворкі не вялося. Слоўныя баталіі цягнуліся некалькі гадзін, пакуль пасяджэнне зноў было не закрытае і перанесенае на новы дзень. Рэйтан з аднадумцамі зноў начавалі ў памяшканні Сойму.
Такім самым чынам прайшоў і трэці дзень — апошні з тых, якія адводзіліся законам на выбары маршалка Сойму. Калі было абвешчана, што сесія зноў закрываецца і пераносіцца на заўтра, а частка паслоў пацягнулася да выхаду, Рэйтан наважыўся на зусім адчайны крок. Роспачна апелюючы да сумлення паслоў-здраднікаў і заклікаючы іх успомніць пра любоў да Бацькаўшчыны, ён заступіў ім выхад сваім распасцёртым на падлозе целам, у разадраным на грудзях кунтушы і жупане. Сэнс словаў, якімі ён спрабаваў растапіць сэрцы апанентаў, быў такі: «Забіце мяне, не забівайце Айчыну!» Але нічога не дапамагло. Прыхільнікі Панінскага пераступілі праз Рэйтана і выйшлі з залы. Тыя з паслоў, якія не падпісалі акта канфедэрацыі раней, зрабілі гэта цяпер.
Толькі трое паслоў з ВКЛ, — Рэйтан, Корсак і прадстаўнік Мінскага павета Станіслаў Багушэвіч, — засталіся ў Сойме і на трэцюю ноч, каб зранку не даць Панінскаму ўвайсці ў залу з трыумфам. Іх спрабавалі падкупіць, запалохаць ці выманіць адтуль рознымі хітрыкамі, але ўсё было марна. Сышлі яны з залы толькі тады, калі ўвечары каралеўскі сакратар паведаміў пра далучэнне да канфедэрацыі самога Станіслава Аўгуста Панятоўскага. Далейшы супраціў у такіх умовах рабіўся бунтам супраць караля і дзяржавы. Таму літоўскія паслы пайшлі, і дзверы за імі зачыніліся. Фармальна яны прайгралі, але маральная перамога была на іх баку.
Дарэчы, многія еўрапейскія выданні таго часу адгукнуліся цэлымі серыямі публікацый пра падзеі на Сойме. «Наваградскія паслы Рэйтан і Корсак», не сыходзілі з іх старонак доўгі час. Праз гэта свет даведаўся сярод іншага і пра існаванне беларускага горада.
Негатыўная інфармацыйная хваля, якая, дзякуючы тром паслам з Ляхавічаў, Наваградка і Мінска, знесла ўсе грэблі «легальнасці» падзелаў Рэчы Паспалітай. Дэкарацыі, якія так старанна выбудоўвалі тры імперыі, абваліліся праз намаганні трох чалавек! Свет даведаўся, што гаворка вядзецца пра гвалтоўны захоп чужых земляў, пра выкручванне рук Панятоўскаму праз «трох арлоў, якія мелі на траіх пяць галоваў».
Рэйтан працягваў сваё змаганне з Панінскім, ваюючы словам. Той выдаў загад арыштаваць наваградскага пасла. Калі за Рэйтанам прыйшлі судовы чыноўнік, афіцэр і сем жаўнераў, Тадэвуш з такім імпэтам наляцеў на іх з шабляй, што яны вымушаныя былі збегчы.
У гэты самы час Станіслаў Багушэвіч перадаў з гродзенскім шляхціцам Адамам Кулікоўскім для актыкацыі ў мінскі гродскі суд свой ліст, у якім апісаў усё, што насамрэч адбывалася на Сойме. Усе «подзвігі» Панінскага сталі вядомыя жыхарам ВКЛ. На падставе гэтага ліста і некаторых дакументаў у час Вялікага Сойму Панінскага ўзялі пад варту, асудзілі, пазбавілі чыноў і ўзнагарод і выгналі з краіны. Але Расія не пакінула свайго кліента ў бядзе. Праз некалькі гадоў ён вярнуўся ў Рэч Паспалітую, атрымаў усё адабранае і прыдбаў яшчэ болей.
Здрада не прынесла яму шчасця. Памёр Панінскі ў 1798 годзе ў прыдарожнай канаве, адмовіўшыся ад апошніх паслугаў ксяндза.
А што ж Тадэвуш Рэйтан? Ён прыняў рашэнне застацца ў Варшаве, каб быць сведкам гвалту з краіны. Увесь час быў напагатове, гатовы схапіцца за шаблю, каб задорага прадаць сваё жыццё. Ліставаўся з Радзівілам.
У красавіку 1775 года Сойм яшчэ раз пацвердзіў Акт падзелу ВКЛ і Польшчы. Некаторыя паслы, якія хоць і падпісалі Акт канфедэрацыі, не паставілі свае подпісы пад Актам падзела Бацькаўшчыны. Больш за тое, у апошнія дні Сойму яны занеслі ў суд свае маніфесты, у якіх не прызнавалі падзел законным.
Грушаўка ,  мастак Ян Матэйка

Смерць не была самагубствам

Пасля завяршэння Сойму Тадэвуш Рэйтан вярнуўся ў Грушаўку. Больш ён ніколі не браў удзелу ні ў якіх палітычных гульнях, заняўшыся, пры падтрымцы братоў, аднаўленнем падупалай сямейнай гаспадаркі. Да траўня 1780 года яго імя можна было часта сустрэць на старонках розных судовых дакументаў.
Памёр Тадэвуш Рэйтан 8 жніўня 1780 года, і яго смерць даволі загадкавая. Да нядаўняга часу лічылася, што ён скончыў жыццё самагубствам. Але гэта міф. З таго, што засталося з апісанняў падзей, якія разыграліся ў Грушаўцы напачатку жніўня 1780 года, а таксама з архіўных дакументаў, вынікае наступнае. Расійскі генерал Іван Міхельсон, які за год да таго набыў у Міхала, малодшага брата Тадэвуша, маёнткі Рэйтанаў каля горада Невеля, што пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай апынуўся ў складзе Расіі, наведаў Грушаўку з візітам ветлівасці. Полк Міхельсона базаваўся недзе непадалёк, а сам Міхельсон яшчэ меў і іншыя эканамічныя інтарэсы ў Наваградскім ваяводстве.
Пабачыўшы ворага — а расійскіх вайскоўцаў ён адназначна лічыў ворагамі, — на сваёй роднай зямлі, Тадэвуш пачаў гнаць яго са двара. Браты, напалоханыя, што гэта можа мець непажаданыя наступствы, зачынілі Тадэвуша ў невялічкім цагляным дамку, так званай Мураванцы (яна захавалася да нашага часу). Вокны ў дамку былі добра закратаваныя. Тадэвуш Рэйтан, разгневаны, што яго браты гасцінна прымаюць ненавісных акупантаў, разбіў шыбы і, спрабуючы вырваць жалеза, моцна пакалечыўся, страціўшы шмат крыві.
Праз два дні ён памёр, сустрэўшы смерць так, як і належыць узорнаму хрысціяніну — у прысутнасці святара, якога да апошняга трымаў за руку. Пахавалі героя ў касцёле ў мястэчку Ляхавічы, чаго ніколі б не зрабілі, каб гаворка ішла пра самагубцу.
Праўда, спакойнага жыцця не было нават і праху Рэйтана. Праз 87 гадоў, пасля паўстання 1863–1864 гадоў, касцёл зачынілі, а праз месяц асвяцілі як праваслаўную царкву. Труну Тадэвуша з крыпты былога касцёла перанеслі на могілкі і, відаць, перапахавалі на родавым магільніку, дзе спалі вечным сном яго браты, пляменнік Дамінік і сын Дамініка Стафан з жонкай. Раскопкі, якія ў 1930 годзе былі праведзеныя ў Грушаўцы і якія ў тагачасных польскіх СМІ грымнулі сенсацыяй «Знойдзена магіла героя!», на самай справе далі адмоўны вынік. Тады была знойдзена цагляная крыпта, у якой знаходзіліся парэшткі жанчыны, ростам каля 161 сантыметра, узростам 40–50 гадоў. Магчыма, гэта была магіла маці Тадэвуша, якая памерла ў Грушаўцы ўлетку 1760 года.
Сямейная капліца Рэйтанаў
Дакладнае ж месца пахавання Тадэвуша Рэйтана дагэтуль не вядомае. Таму, магчыма, нас яшчэ чакае сенсацыя на ўзроўні знойдзеных нядаўна парэшткаў Кастуся Каліноўскага.
А галоўнае, наперадзе паўнагучнае вяртанне з часовай эміграцыі імя Тадэвуша Рэйтана. Гэтым годам пачнуцца аднаўленчыя працы ў Грушаўскай сядзібе, якія будзе праводзіць наша дзяржава. І будзем спадзявацца, што ў наступным годзе ў Ляхавічах, на малой радзіме Рэйтана, з’явіцца і вуліца ў гонар героя. Бо гэта будзе 280-гадавіна нараджэння чалавека, імя якога стала сінонімам слова «патрыёт».

четверг, 25 апреля 2019 г.

Значок " Тадэвуш Рэйтан" ад выдавецтва "Тэхналогія"!

Спадарства!

Тое, аб чым 6 год толькі марыла Арт-суполка імя Тадэвуша Рэйтана,  і што казаць, гэта трэба было зрабіць раней за ўсё,  здзейснілася сёння!
Але, гонар выдаць першы значок з выявай Тадэвуша Рэйтана належыць выдавецтву "Тэхналогія"!
Бо, сёння, 25 сакавікавіка 2019 года  мы  маем выдатную  магчымасць ня толькі паказаць, як ён выглядае. Але і падзяліцца ім з тымі, хто прыйдзе ўвечары на нашу імпрэзу, прысвечаную Тадэвушу Рэйтану. Якая, нагадаем, адбудзецца а 18 00 гадзіне, у сядзібе роду Ваньковічаў, у Менску.

Сённяшні, святочны кошт значка-1.20 талераў!




Крыху раней, у выдавецтве быў створаны значок з выявай траюраднага брата
 Тадэвуша Рэйтана , Тадэвуша Касцюшкі!



P.S. Каб крыху апраўдаць свой летаргічны сон у значковым пытанні,  мусім паведаміць, што ёсць і прошукі на на нашым рахунку!

Знаёмцеся!
Паштоўка ад друкарні ColorPoint
Магніты
і налепка (адзін з 10 варыянтаў)
Бюст
Былі яшчэ постэры і календары, але, усяго не ўзгадаешь :)