Рамэа і Джульета з-пад Наваградка
№ 13 (1347) 31.03.2018 - 07.04.2018 г
Перад тым, як паглыбіцца ў гісторыю трагічнага кахання продкаў Адама Міцкевіча, думаем, не будзе залішнім падсумаванне пададзенага ў першай частцы артыкула.
(Працяг. Пачатак у №12.)
Дваяжэнства
Як вы ўжо маглі даведацца, яшчэ да завяршэння Паўночнай вайны (1700 — 1721), у Полацк “у навукі” выпраўляецца юнак-шляхціц з Наваградчыны — Ян Лешчылоўскі. 29 верасня 1719 года ў фарным полацкім касцёле святога Стэфана ён бярэ шлюб з полацкай мяшчанкай Мартай з Голубаў. Але… раптоўна кідае жонку і Полацк ды спехам вяртаецца ў Наваградак.
21 чэрвеня 1721 года ва ўніяцкай царкве ў вёсцы Рута Ян Лешчылоўскі вянчаецца зноў — гэтым разам, з Фларыянай з Дабрынскіх — шляхцянкай з Наваградчыны. Асаблівую вастрыню падзеі надае тое, што і Ян меў у гэты час законную жонку, і Фларыяна ўжо паспела пабрацца шлюбам з нейкім Пацэвічам (імя яго нам невядомае).
У дадатак да бігаміі (дваяжэнства), дадалася і апастазія (змена веры, або, дакладней, канфесіі), бо рыма-каталікі ўзялі шлюб ва ўніяцкай царкве. Менавіта гэтыя і некаторыя іншыя пункты і стануць падвалінамі доўгага і гучнага судовага працэса супраць бацькоў прабабулі Адама Міцкевіча.
Ажаніўшыся ў другі раз, Ян увёў новую жонку ў свой сядзібны дом. У Мацюшыцах, як мы ўжо пісалі, продкі Яна атабарыліся не пазней за 1577 год. Вядома, што і напрыканцы ХІХ стагоддзя Лешчылоўскія валодалі сваім спадчынным маёнткам — і гэта з’яўляецца даволі нетыповым. Безліч беларускіх шляхецкіх родаў пазбаўлялася сваіх родавых котлішчаў даволі хутка і з самых розных прычын — аддавалі ў заставу, або ў арэнду, або аказваліся не на баку партыі пераможцаў той ці іншай міжусобнай вайны, або род мог згаснуць па мячы, і тады маёнтак пераходзіў сваякам. А тут — больш за 300 год! І гэта пры тым, што Лешчылоўскія зорак з нябёсаў не хапалі — ніхто з іх высокія пасады ў ВкЛ не займаў. Відаць, была ў гэтым родзе нейкая ўнутраная трываласць.
Ян не рабіў са сваёй новай жаніцьбы ніякай таямніцы. Неўзабаве пасля яе Лешчылоўскі піша ліст да законнай жонкі Марты, у Полацк. Ужо 12 ліпеня бедная кабета актыкуе яго ў Полацкім гродскім судзе.
У гэтым невялікім па аб’ёме лісце Ян тлумачыць свой учынак тым, што ўзяўшы шлюб з мяшчанкай (мезальянс) ён нібыта стаў аб’ектам нападак з боку братоў. І не вытрымаўшы таго прэсінгу, ажаніўся з іншай — шляхцянкай, роўнай сабе. Сваёй першай жонцы ён піша, каб вылічыла што ёй належыць з пасагу, і ён па-сяброўску ўсё верне. Дае ён Марце і поўную волю — то бок, яна можа пайсці хоць “да кляштара, хоць замуж”.
Такое тлумачэнне выглядае не да канца сумленным. Можа, гэта была спроба неяк апраўдацца перад кінутай жонкай? Як мы ведаем, маці Марты, мяшчанка, па смерці мужа стала жонкай шляхціца. Дзве старэйшыя сястры таксама пабраліся шлюбамі са шляхціцамі. Таму мезальянс не мог быць сапраўдным апраўданнем для такога ўчынку.
У чым жа тады справа? Улучна з ўсімі ранейшымі акалічнасцямі — вандроўка ў Полацк “у навукі”, імклівае вяселле, спешнае вяртанне, шлюб з жанчынай, якая мела мужа, змена канфесіі, гэты ліст, як падаецца, дае падказку да разумення гісторыі.
Імпульсіўны шлюб
Цалкам верагодна, што яшчэ да “полацкага трыпу” Ян добра ведаў Фларыяну з Дабрынскіх, якая даводзілася яму сваячніцай ў трэцяй ступені. Дарэчы, шлюб ў такім блізкім сваяцтве таксама быў забаронены законамі ВкЛ, аб чым будзе пазней. На нашу думку, паміж імі ўзнікла сапраўднае каханне — такое, пра якое пішуць у раманах. І на розныя ўмоўнасці, панапрыдумляныя калісь Львом Сапегам ды іншымі стваральнікамі Статута ВкЛ 1588 года, яны проста не звярталі ўвагі. Як і на нормы маралі — а іх, насамрэч, трымаліся тады далёка не ўсе, улучна з духоўнымі асобамі і вышэйшымі ўраднікамі дзяржавы.
Ян, даведаўшыся пра тое, што Фларыяну аддалі за другога, а сам ён не мог разлічваць на законны шлюб (з прычыны сваяцтва), з’язджае на “край зямлі”. На ўсе небяспекі (Паўночная вайна яшчэ не завяршылася!) ён у такім дэпрэсіўным стане проста не зважае. Магчыма, рухала ім імпульсіўнае жаданне забыцца, сысці ад болю “хоць у кляштар, хоць ажаніўшыся з другой”.
Але якія ж тады навіны вярнулі яго ў Наваградак? Магчыма, ён дачуўся, што Пацэвіч аказаўся нягодным мужам — а няздатнасць мужчыны выконваць свае абавязкі з’яўлялася адной з рэдкіх магчымасцяў прызнаць шлюб несапраўдным. Так ці іначай, гэта толькі гіпотэза. Выяўленыя пакуль крыніцы канкрэтнага адказу на дадзенае пытанне не даюць.
З гербу “Еліта”
Тут варта зрабіць адступленне ды сказаць пару словаў пра “двойчы маладую” — тую самую наваградскую Джульету.
Дабрынскія гербу “Еліта” вядомыя ў Менскім і Наваградскім ваяводствах яшчэ з пачатку XVII стагоддзя. Сваім пратапластам яны лічылі Рыгора, які ў 1629 годзе быў земянінам Менскага павета. Яго сын Крыштап атрымаў ад бацькі маёнтак Шчонаў у Наваградскім ваяводстве, а ад жонкі Алены з Лешчылоўскіх (NB!), у якасці пасагу прыдбаў частку маёнтку Тупалы. Як нам ўдалося ўстанавіць, сын Крыштапа Андрэй у шлюбе з Ізоўскай (імя мне невядома) меў пяць сыноў і толькі адну дачку — Фларыяну.
Цікавай акалічнасцю з’яўляецца тое, што і некаторыя прадстаўнікі родаў Дабрынскіх і Пацэвічаў яшчэ ў 1730-х заставаліся ў “кальвінскай веры”. Але да якой канфесіі прыналежалі бацькі і першы муж Фларыяны, пакуль сказаць цяжка.
Дарэчы, акрамя некалькіх павярхоўных згадак у судовых дакументах (без імя), нам больш нічога невядома пра першага мужа Фларыяны. Нават само прозвішча сустракаецца ў дакументах настолькі рэдка, што можна дапусціць, быццам Пацэвічы на Наваградчыне —“транзітныя пасажыры”, а іх дзедзічныя маёнткі знаходзіліся недзе ў іншых паветах. Найверагодней, у Жамойці, дзе Пацэвічаў напрыканцы XVII стагоддзя было вельмі шмат і яшчэ трошкі.
Ксёндз Паніквіцкі
Чалавекам, без якога аб парушэннях Лешчылоўскімі ўсіх тагачасных нормаў мы б ніколі не даведаліся (і, па ўсей верагоднасці, не мелі б шчасця назваць Міцкевіча творчым геніем беларускай зямлі), быў ксёндз-дамініканец Юзаф Паніквіцкі. Асоба, як вынікае з успамінаў пра яго, а таксама судовых дакументаў, — звышэнергічная.
Ордэн дамініканцаў (Ордэн братоў прапаведнікаў) быў зацверджаны яшчэ ў 1216 годзе Папам Ганорыем ІІІ. Неўзабаве яму была даручана інквізіцыя — зацятая барацьба з ерасямі. Пазней у сферу цікавасці дамініканцаў патрапіў і рэфарматарскі рух. Паколькі ордэну было афіцыйна дазволена мець маёмасць і сталыя крыніцы прыбытку, на жабракоў яго чальцы не заўсёды былі падобныя.
Ксёндз Юзаф Паніквіцкі займаў пасаду пробашча фарнага касцёлу ў Наваградку. Таму пільна сачыў, каб даручаная паства асабліва не адхілялася ад каталіцкага веравучэння. Даведаўшыся, што бліз горада жыве такая незвычайная шчаслівая пара, якая тройчы (бігамія, апастазія, сваяцтва ў трэцяй ступені) парушыла параграфы Статута ВкЛ, ён неаднаразова абвяшчаў іх шлюб несапраўдным і прыступаў з намовамі і пагрозамі да Мацюшыцкага фальварку. Але ўсё было дарма. Каханне было такім моцным, што “галубкаў” немагчыма было напалохаць ні плахай ката, ні нават пякельным вогнішчам.
Мой дом — мая фартэцыя
І тады Паніквіцкі пайшоў ва-банк. 6 мая 1724 года ён звярнуўся ў Галоўны духоўны трыбунал ВкЛ, і той 18 мая выдаў дэкрэт, якім скасоўваў шлюб Лешчылоўскіх ды абвяшчаў аб іх арышце.
Але нешта пайшло не так. Судовая справа расцягнулася на доўгія трынаццаць год. За першым дэкрэтам адзін за адным пайшлі наступныя. Слуханні ў гродскім судзе і Галоўным Трыбунале ВкЛ адбываліся шматразова — у 1725, 1727, 1728, 1730 і 1737 гадах! Лешчылоўскі шторазу падаваў апеляцыі, і працэс рызыкаваў зацягнуцца да бясконцасці, даўшы каханым магчымасць памерці сваёй смерцю.
Ці, былі ў Яна і Фларыяны ўплывовыя таямнічыя заступнікі? Гэта нам невядома. Але такое доўгае і ўпартае змаганне з усемагутным дамініканцам сведчыць, што цалкам маглі б быць.
Праўда, і сам Ян быў не з палахлівых і мог пастаяць за сабе. Аднойчы, калі да яго сядзібы прыбыў наваградскі пісар гродскі Самуэль Ян Корсак у асістэнцыі судовых возных і шляхты, маючы пры сабе дэкрэт, які загадваў хапаць злачынцаў Лешчылоўскіх “за горла”, тыя “чынна не дапусцілі” рэалізацыі плана судзейскіх чыноўнікаў. Відаць, добра падрыхтаваны і ўзброены шляхціц сустрэў іх як татарскую навалу.
Зміцер ЮРКЕВІЧ,
даследчык-архівіст
даследчык-архівіст
Дарэчы
На дадзены момант радавод Адама Міцкевіча, які пацверджаны дакументальна, выглядае наступным чынам. Адам быў сынам Мікалая-Караля Міцкевіча і Барбары з Маеўскіх (стары шляхецкі род, які на Наваградчыне вядомы з 1670-х). Дзедам паэта быў Якуб, які меў за жонку Тэадору з роду Пянкальскіх, кальвінскай беларускай шляхты. Прадзеды паэта — Ян Міцкевіч і Марыяна з Лешчылоўскіх. Карані роду Лешчылоўскіх на Полаччыне, адкуль яны ў XVI стагоддзі распаўсюдзіліся па ВкЛ і замацаваліся на Наваградчыне. І на тле такіх значных прарываў у радаводах маці, бабкі, прабабкі, калі можна прасачыць іх генеалогію ад XVI-XVII стагоддзяў, дзівіць тое, што “па мячы” (па мужчынскай лініі) глыбей за пачатак XVIII стагоддзя даследчыкам сягнуць пакуль не ўдалося. На дадзены момант сціплыя звесткі пра Крыштапа Міцкевіча (бацьку Яна і прапрадзеда паэта) не пераконваюць нават у яго існаванні! Вось такі парадокс.
Я Марыса, і я знаходжуся тут, на гэтым сайце, каб даць падзяку Dr.Agbazara за добрую працу, якую ён зрабіў у атрыманні сваіх адносін у патрэбным рэчышчы. Я і мой палюбоўнік быў некаторы спрэчка, які прывёў да нашага распадзецца. Але дзякуючы дапамозе Dr.Agbazara я змог вярнуць яе на працягу 48 гадзін, па гэтай прычыне я буду кропельным кантактнай інфармацыяй Dr.Agbazara на на гэтым сайце для тых, хто мае патрэбу ў яго дапамогі, каб звязацца з ім па Whatsapp праз ( +2348104102662 ) або па электроннай пошце: ( agbazara@gmail.com )
ОтветитьУдалить