четверг, 26 апреля 2018 г.

Код мары пра ўласны дом, Культура, № 14 (1349) 07.04.2018

Маленькая прадмова да "Экспазіцыя шмат згубіла б у сваёй выразнасці, каб у выставе не браў удзел ветэран нон-канфармізму — Алесь Родзін. Створаная ім і яго паплечнікам Змітром Юркевічам манументальная інсталяцыя распавядае пра драматычныя наступствы, якія мела для Беларусі Рыжская дамова 1921 года.".

https://www.svaboda.org/a/kod-voli/29145830.html

Інсталяцыя "Чацверты падзел"  Зьмітра Юркевіча і  жывапісны твор "Карэнні" Алеся Родзіна, складаюць адно цэлае. І ў той за самы час, маюць розных аўтараў.  

Код мары пра ўласны дом

№ 14 (1349) 07.04.2018 - 14.04.2018 г
4 красавіка ў сталічным Палацы мастацтва адкрылася Рэспубліканская мастацкая выстава “Код: 25.03.18”, прысвечаная стагадоваму юбілею абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі. У гэтых лічбах насамрэч закадзіравана цэлая эпоха, напачатку якой была звычайная чалавечая мара пра шчасце. А што для чалавека шчасце? Апытайце дзесяцярых — і дзевяць з іх адкажуць: “Уласны дом!”

/i/content/pi/cult/686/15096/15.jpgТэма тысячагадовай традыцыі дзяржаўнага будаўніцтва стала прысутнічае ў беларускім мастацтве ці не з 1980-х гадоў. Задумвалася гэтая выстава як аповед пра канкрэтныя драматычныя падзеі, але ніхто не замінаў мастакам рабіць экскурсы ў іх перадгісторыю, як і звяртацца да сённяшняга дня, да нашай рэчаіснасці. Паколькі часу на падрыхтоўку было няшмат, даводзіцца прымаць як дадзенасць тое, што частку выставы склала рэтраспекцыя. Але, зразумела, віталіся новыя творы.
Мне давялося на свае вочы бачыць, як стваралася “Код: 25.03.18”. Работа экспазіцыянера звычайна застаецца “за кадрам”. Экспазіцыямі рэспубліканскіх выстаў у Палацы мастацтва ўжо не адзін год займаецца вядомы жывапісец Леанід Хобатаў, і, трэба адзначыць, робіць гэта па-майстэрску. Гэтым разам яму давялося “адсякаць” немалую колькасць работ, дзе тэма беларускай гісторыі вырашалася залішне непрафесійна, просталінейна, па-дылетанцку, інакш кажучы — не па-мастацку. Назіраючы за гэтым, я ў нейкі момант нават засумаваў па “сацыялістычным рэалізме”. Ідэалагічны вектар гэтага напрамку мне не даспадобы, але, што ні кажы, мастакоў ён дысцыплінаваў, прывучаў працаваць у зададзеных абставінах, вымагаў прафесіяналізму.
Так што невыпадкова ўпрыгожаннем выставы сталі творы тых аўтараў, якія яшчэ заспелі савецкую школу і савецкі лад. Гэта містычна-ўзнёслыя палотны Гаўрылы Вашчанкі, пакутлівы роздум пра трагічны лёс Беларусі пэндзля Віктара Маркаўца, і сёння не да канца прачытаны выяўленчы і сэнсавы код Сяргея Цімохава. Гэтых постацяў ужо няма з намі, але іх набыткі не страцілі актуальнасці, і выстава ў чарговы раз тое засведчыла.
Як цэльны твор успрымаецца і графічны шэраг партрэтаў славутых ліцвінаў (ад Вітаўта да Дастаеўскага) работы Міхася Басалыгі. Асобна хачу сказаць пра жывапіс Андрэя Дубініна. Гэты творца не захацеў выстаўляцца на такой выставе з чымсьці ўжо вядомым, і таму за кароткі час зрабіў паўнавартасны жывапісны твор. У сваім палатне “Звеставанне” мастак звярнуўся да біблійнай вобразнасці, якой вельмі пасуе упадабаная ім рэнесансная стылістыка. Манументальны лад і філасофскі змест палатна робяць яго вартым экспазіцыі Нацыянальнага мастацкага музея. Такое сумленнае стаўленне да творчай працы нагадвае мне словы аднаго кінагероя: “Гэта, можа, і не подзвіг, але нешта гераічнае ў гэтым ёсць”.
У экспазіцыі шмат краявідаў, якія ў той ці іншай ступені суадносяцца з тэмай. Гэта старасветчына, якая нейкам цудам захавалася ў віры войнаў, рэвалюцый, разбурэнняў і перабудоў ХХ стагоддзя, альбо жывапісныя ці графічныя рэканструкцыі ўжо няісных помнікаў гісторыі і культуры. Варта адзначыць работы Рыгора Сітніцы, Віктара Нікіты, Івана Іванова ды іншых. Удалай гістарычнай рэканструкцыяй уяўляецца малюнак дома ў Мінску, дзе адбылося абвяшчэнне незалежнасці БНР (работа Віктара Сташчанюка, якога ўжо няма з намі болей за 10 гадоў). Мяркуючы па дадзенай экспазіцыі, беларускія мастакі часта малююць Вільню. Так часта, як армянскія — Арарат.
БНР — БССР — РБ. Гэты гістарычны ланцуг застаецца непарыўным, пакуль у ім прысутнічаюць усе звёны. Таму лагічным з’яўляецца наяўнасць у экспазіцыі твораў, якія тэматычна знітаваныя з савецкім перыядам станаўлення нашай дзяржаўнасці. Нядзіўна і тое, што на выставе не раз сустракаюцца партрэты Васіля Быкава, якому мастакі даўно прысвоілі годнасць Апостала. Такім ён паўстае, у прыватнасці, у трактоўцы графіка Уладзіміра Вішнеўскага і мастака габелена Святланы Баранкоўскай.
Стылістыку і вобразны лад, якія мусяць увасабляць сучаснае разуменне гістарычных падзей, прадставілі на выставе, сярод іншых, Віктар Касцючэнка, Леанід Хобатаў, Канстанцін Вашчанка, Марта Шматава. У раздзеле скульптуры вылучаюцца работы Генадзя Лойкі — арганізатара і ўдзельніка разнастайных нацыянальна-скіраваных культурных праектаў. Экспазіцыя шмат згубіла б у сваёй выразнасці, каб у выставе не браў удзел ветэран нон-канфармізму — Алесь Родзін. Створаная ім і яго паплечнікам Змітром Юркевічам манументальная інсталяцыя распавядае пра драматычныя наступствы, якія мела для Беларусі Рыжская дамова 1921 года.
На заканчэнне згадаю, што выстава “Код: 25.03.18” займае другі паверх Палаца, а ў фае месціцца персаналія жывапісца Алеся Цыркунова, прымеркаваная да яго 70-годдзя і таксама прысвечаная юбілею БНР.
Па шчырасці, мастацкія выставы з выразным сацыяльным зместам не часта гасцююць пад дахам Палаца мастацтва. Усё больш экспазіцыі там маюць камерцыйна-забаўляльны ўхіл. Тут крыўдаваць няма на што, бо гэта знак часу. Ад мастацтва, якое прымушае думаць, паціху адвыкае і публіка. На тле эстэтычных рэфлексій і спантанных пошукаў немаведама чаго, якімі поўніцца выставачная прастора, “Код: 25.03.18” выразна вылучаецца як спроба знайсці адказ на адвечнае пытанне “Хто мы і куды ідзём?” Далёка не ўсё на гэтай выставе мне даспадобы. Штосьці падаецца залішнім, а чагосьці не стае. Скажам, можна было не засяроджваць увагу на некаторых рэаліях памежжа 1980 — 1990-х гадоў. Жыццё пайшло далей, і пэўныя палітычныя тэзы і лозунгі тае пары сёння ўспрымаюцца інакш. А прадстаўленая ў экспазіцыі тэма сярэднявечнай беларускай дзяржавы Вялікага Княства Літоўскага мусіла б быць спалучанай з тэмай далейшай нашай гісторыі не механічна, а праз лагічна-вобразны ланцуг. Але экспазіцыя, галоўнае, чапляе за жывое. Тут ёсць аб чым думаць і пра што гаварыць. І ўжо за адно гэта варта падзякаваць тым, чыімі намаганнямі мастацкая падзея адбылася.
Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"


Комментариев нет:

Отправить комментарий