четверг, 26 апреля 2018 г.

Рамэа і Джульета з-пад Наваградка , частка ІІІ, Культура, № 15 (1350) 14.04.2018

Рамэа і Джульета з-пад Наваградка

№ 15 (1350) 14.04.2018 - 20.04.2018 г
(Працяг. Пачатак у №№ 12 — 13.)

/i/content/pi/cult/687/15123/15 kultura 15.JPGПераможца

Зусім не лішнім будзе кінуць позірк на “творчы шлях” ксяндза-дамініканіна Юзафа Паніквіцкага. Акрамя “справы Лешчылоўскіх”, ён вёў у 1720 — 1740-х нямала іншых судовых працэсаў супраць наваградскай шляхты. І, безумоўна, не мог абмінуць сваёй увагай “ерытыкоў”-кальвіністаў. Польскі гісторык Юзаф Лукашэвіч (1797 — 1873) у сваім двухтомным выданні “Гісторыя цэркваў Гельвецкага вызнання ў Літве” (1842 — 1843) нямала ўвагі надаў асобе наваградскага дамініканіна. І было з /i/content/pi/cult/687/15123/12.jpgчаго.
Напрыканцы жніўня 1730 года ў Любчы згарэў кальвінскі збор. Як пісаў наваградскаму шляхціцу Яблонскаму старадубскі харужы Воўк-Ланеўскі, “згарэў не столькі з папушчэння Боскага, колькі са злосці чалавечай”.
Па яго словах, падзеі разгортваліся такім чынам. Пасля таго, як маланка ўдарыла ў спіжарню езуітаў, заняліся іншыя падобныя пабудовы. Потым — раптоўна, нібы пад яго падклалі галаўню — палыхнуў і збор. Агню напачатку было столькі, што хапіла б вядра-другога вады, каб яго пагасіць. Але месцічы тое рабіць не спяшаліся. Наадварот, у натоўпе, як быццам, гучала пагалоска: “Хай і кальвінскі збор гарыць, калі езуіцкія спіжарні гараць”. Болей за тое — мясцовыя жыхары сталі актыўна супраціўляцца намаганням кальвінскага пастара заліць агонь. А нейкага хлапца, які бег з вядром вады пад збор, кажуць, хацелі нават кінуць у вогнішча, і выратавала яго толькі кемлівасць. Ён крыкнуў: “Я католік!”, тым і пазбегнуў спалення.
Усе акалічнасці таго дня ў сукупнасці нагадвалі падпал. Пра што і пісалі адзін аднаму наваградскія шляхціцы-кальвіністы, і лісты тыя мне даводзілася чытаць.
Працяг гэтая гісторыя атрымала ў 1731 годзе. Пасля таго, як збор пайшоў дымам, кальвіністы пачалі збірацца на набажэнствы на падворку наваградскага стольніка Воўк-Ланеўскага. У дзень “Пятра рускага” (маецца на ўвазе праваслаўнае свята Пятра і Паўла) Юзаф Паніквіцкі, узяўшы на падмогу свайго брата, капелана мейскага, яснавяльможнага Навасельскага, любчанскага дзяржаўцу, і ксяндза Вольскага, сенненскага плябана, прыбыў на падворак Волка. Дзейсны дамініканін загадаў усё, чым карысталіся кальвіністы ў набажэнствах — лаўкі, амбон, алтар — скласці ў стос і спаліць па-над Нёманам. Звон са збору Паніквіцкі распарадзіўся вывезці ў Наваградак, пасля чаго яго так і не вярнуў.
Дарэчы, і наваградскі кальвінскі збор таксама згарэў недзе ў гэты час. Праўда, сведчанняў таго, што да гэтага неяк спрычыніліся браты Паніквіцкія, мне сустракаць не даводзілася.
Усё гэта з’яўляецца перш-наперш сведчаннем прынцыповасці — “сказаў-зрабіў” — пробашча фарнага касцёла, а таксама яго шчырага клопату (хай і па сваім разуменні) аб “душэўным здароўі” паствы. А гэта значыць, што шансаў на перамогу ў Лешчылоўскіх бадай не было — нават пры наяўнасці моцных заступнікаў, якія, мяркуючы па ўсім, у іх меліся.

Чорны дзень

Як мы памятаем, у 1724 годзе Паніквіцкі ўпершыню звярнуўся да судовых інстанцый ВКЛ, каб знайсці ўправу на маладых грэшнікаў. Ад таго часу і да пачатку 1737 года Яну, яго верагодным заступнікам з ліку сваякоў  — а магчыма, і самога ўніяцкага мітрапаліта — удавалася весці пазіцыйнае змаганне з ксяндзом. Але ўрэшце нешта схіліла шалі на карысць апошняга. У сакавіку паводле прысуду трыбунала і гродскага суда Ян і Фларыяна былі ўзятыя пад варту. Прысуд быў катэгарычным — “на горла”. То бок, абаіх павінны былі пакараць смерцю.
Але 2 сакавіка сваякі Фларыяны Дабрынскія забралі яе з вязення “на парукі”. Гэта таксама можа падацца дзіўным, бо патрабаванні Паніквіцкага, якія прайшлі праз шматлікія судовыя інстанцыі, былі настолькі ж катэгарычнымі, як і ён сам. Адзіным, што магло трохі змягчыць прысуд для Фларыяны, была наступная акалічнасць: яна не ведала пра тое, што Ян ужо быў на той момант у шлюбе. Праўда, як тады быць з тым, што Фларыяна сама кінула першага мужа? Гадаць можна доўга, але… вернемся да ходу падзей.

Апошні позірк на горад Міндоўга

6 сакавіка 1737 года ў Наваградку, хутчэй за ўсё, было шматлюдна. Настрой у натоўпе, хутчэй за ўсё, быў дваісты. Адны з жахам чакалі пачатку абвешчанай экзекуцыі Яна Лешчылоўскага. Іншыя радаваліся, што “парушальнік запаветаў”, “пудзіла ўсіх добрых людзей” нарэшце атрымае заслужанае пакаранне.
Як на сёння, выглядае даволі дзіўным караць смерцю чалавека за тое, што ён зрабіў памылку, імпульсіўна ажаніўшыся першы раз, а потым “змяніў веру” (ці, дакладней, толькі абрад, перайшоўшы з рыма- ў грэка-каталіцтва), ажаніўся другі раз, і пражыў шаснаццаць шчаслівых гадоў з любай жанчынай (хай і сваячкай у трэцяй ступені), з якой меў дзетак. І не збіраўся адмаўляцца ад свайго адзінага шансу на “рай на зямлі” нават перад пагрозай страціць жыццё. Але ў тыя часы, калі барацьба за няўхільнае захаванне рэлігійных нормаў адпраўляла на суд Божы сотні, а мо і тысячы “грэшнікаў” ва ўсім свеце, такія працэсы ўспрымаліся, верагодна, больш спакойна.
У кнізе сучаснай беларускай даследчыцы Наталлі Сліж “Шлюбныя і пазашлюбныя стасункі шляхты Вялікага княства Літоўскага ў XVI — XVII стст.”, разглядаюцца ўсе тры пункты абвінавачвання, якія высунуў Юзаф Паніквіцкі ў 1724 годзе, і кожны з іх прадугледжваў толькі адзін прысуд — сякера ката.
Насуперак некаторым стэрэатыпам пытанне “змены веры” было ў ВКЛ даволі жорсткім. Пасля “Маскоўскага Патопу” (вайны 1654 — 1667 гадоў), на землях Беларусі канчаткова запанавала Контррэфармацыя. Пра гэта мы пісалі ў публікацыі пра бабку Адама Міцкевіча Тадору Пянкальскую. Неўзабаве на дзяржаўным узроўні быў пралабіраваны закон, які пад страхам смяротнага пакарання забараняў пакідаць лона рыма-каталіцкай царквы. Гэты “пункт”, падобна, быў адменены толькі ў 1770-я. Але ў слыннай “Канстытуцыі 3 мая 1793 года” ўсё вярнулася на колы свае, і апастасія (змена веры) была ізноў забароненая. Зрэшты, нельга казаць, што ў ВКЛ норавы былі больш жорсткія, чым у іншых краінах.
Прыкладам, у Расійскай імперыі з часоў Пятра І (і нават раней) ды ажно да 1917 года 22-гі параграф Саборнага ўкладу дэманстраваў самы пільны клопат пра душы вернікаў, і да справы пакарання адступнікаў ад праваслаўя там падыходзілі не менш адказна. Толькі ў 1738 годзе было вынесена шэсць смяротных прысудаў, і ўсе вінаватыя былі спаленыя.
Але мы ізноў надта заглыбіліся ў юрыдычныя нюансы…
Якім чынам (сякера, меч ці вогнішча), і дзе менавіта — на Замку ці на рынкавай плошчы — быў пакараны смерцю Ян Лешчылоўскі, дакладна невядома. Ці былі ўзведзеныя адмысловыя пабудовы накшталт эшафота або месца для судзей і трыбуны для гледачоў? Ці мела акцыя ўрачысты характар (у навуку іншым), ці гучалі падчас яе гучныя прамовы чыноўнікаў і ксяндза Паніквіцкага? Ці прымушалі Лешчылоўскага каяцца і прызнаваць памылкі, пагражаючы ў выпадку адмовы вярнуць Фларыяну ў вязніцу? Ці прысутнічала Фларыяна на экзэкуцыі?
У знойдзеных мною ды іншымі даследчыкамі дакументах аб гэтым няма згадак. Як няма звестак і пра тое, дзе было пахавана цела пакаранага смерцю. Ці аддалі яго сваякам і ён быў пахаваны ў Руце, пры царкве, або яго пахавалі ў невядомым месцы? Малаверагодна, каб ён знайшоў спачын пры фарным касцёле, дзе ляжалі (а можа, і да гэтага часу спачываюць) некаторыя з прадстаўнікоў роду Лешчылоўскіх. Але тут таксама застаецца толькі губляцца ў здагадках.
Так завяршылася першая частка гэтай папраўдзе шэкспіраўскай гісторыі. Нават супала вырашальная роля святара. У англійскага драматурга яна — нягледзячы на добры намер — прывяла Рамэа і Джульету на смяротнае ложа. Тое самае здарылася і ў выпадку Яна. Праўда, тут і намер быў ад пачатку іншым.
А што далей?
Мяркую, чытачу будзе цікава даведацца і пра тое, як склаўся далейшы лёс асноўных персанажаў трагедыі.
Як сведчаць дакументы, першая жонка Яна Марта з Голубаў Лешчылоўская не стала кідацца ў Дзвіну. Ужо 27 снежня 1722 года — трохі больш, чым праз год пасля знікнення Яна — полацкі ксёндз-езуіт Томаш Турчын ахрысціў імем Марта дачку незаконных бацькоў Уладыслава Ракоўскага і Марты Лешчылоўскай. Была дзяўчынка прыёмным дзіцём або нарадзілася па-за шлюбам з Ракоўскім? І якія паміж ім ды Мартай былі стасункі? Пра гэта, ізноў жа, можна пакуль хіба здагадвацца.
22 ліпеня 1741 года законная ўдава Марта Лешчылоўская пасля заручынаў становіцца жонкай Базыля Карася, жыхара верхняга горада і цесляра Полацкага езуіцкага калегіюма. Адпаведна, праз 20 гадоў чакання кабета атрымала шанец на асабістае шчасце і скарысталася ім. 29 мая наступнага года ў тым самым езуіцкім касцёле быў ахрышчаны іх сын. Імя яму далі Антон.
Аб тым, як склалася жыццё Фларыяны з Дабрынскіх і іх супольных з Янам Лешчылоўскім нашчадкаў, мы распавядзем у апошняй частцы артыкула.
Зміцер ЮРКЕВІЧ,
гісторык, архівіст

Комментариев нет:

Отправить комментарий