суббота, 27 августа 2016 г.

У Ляхавіцкім раёне прайшоў мастацкі фестываль «Дах»

Publishing House Star

У Ляхавіцкім раёне прайшоў мастацкі фестываль «Дах»
У Ляхавіцкім раёне прайшоў мастацкі фестываль «Дах», які спалучыўся з арганізаваным мясцовымі ўладамі фэстам «З крыніц спрадвечных». Разам яны нагадалі пра актыўны творчы дух гэтых мясцін, дзе дагэтуль застаецца гістарычная сядзіба аднаго з палітычных дзеячаў ВКЛ Тадэвуша Рэйтана. Менавіта гэтая сядзіба і прыцягвае ўвагу сучасных мастакоў.
Спачатку ў Мінску ладзілі фестываль авангарднага мастацтва «Дах». Потым яго сталі прысвячаць памяці Тадэвуша Рэйтана, грамадскага дзеяча, пасла Вялікага Княства Літоўскага ў сойме Рэчы Паспалітай. Падавалася дзіўным: якое дачыненне прадстаўнік старажытнага рыцарскага роду мае да мастацкага авангарду? Зрэшты, калі адзін грамадскі ўчынак Рэйтана расцаніць як мастацкі акт, то можна разгледзець яго асобу як вынаходлівага творцы: магчыма, менавіта ён наладзіў перформанс, калі да з'яўлення такой формы было яшчэ вельмі далёка. Ён лёг каля дзвярэй і прапанаваў палітыкам пераступіць цераз сябе, калі яны сваімі рашэннямі не дапусцілі разбурэння краіны... Тым не менш у гісторыю Тадэвуш Рэйтан увайшоў не як мастак, а як патрыёт, гатовы ахвяраваць сабой дзеля радзімы. Каб радзіма не дапусціла знікнення памяці пра гэтую асобу, была створана арт-суполка імя Тадэвуша Рэйтана. Ініцыятары яе стварэння Зміцер Юркевіч і Алесь Родзін вырашылі, што фестываль «Дах» будзе апекавацца захаваннем гістарычнай сядзібы ў вёсцы Грушаўка на Брэстчыне, дзе нарадзіўся Тадэвуш Рэйтан.
Зміцер Юркевіч расказаў, што выклікае асноўны клопат на цяперашні момант:
— Арт-суполка імя Тадэвуша Рэйтана ўжо чатыры гады вядзе барацьбу за вяртанне яго імя беларускай культуры і за захаванне гістарычнай сядзібы ва ўласнасці дзяржавы, таму што былі планы яе перадаць у прыватную ўласнасць. Але цяпер у мясцовых улад ёсць ідэя стварыць у гэтай сядзібе краязнаўчы музей, дзе было б ушанавана імя Тадэвуша Рэйтана. Значную ролю ў прыняцці такога рашэння адыгралі мастацкія імпрэзы і летнікі, якія ладзяцца ў рамках фестывалю сучаснага мастацтва «Дах».
Сёлета з летнікам дапамагло грамадскае аб'яднанне ІКАМОС. У рамках фестывалю «Дах» праводзіліся майстар-класы, мастацкія выстаўкі, канцэрты. Але Зміцер Юркевіч мяркуе, што варта было б далучыць да работы гісторыкаў і правесці «Рэйтанаўскія чытанні», каб раскрыць таямніцы жыцця і смерці Тадэвуша Рэйтана, таму што вакол гэтай асобы існуе шмат міфаў. Арт-суполка імя Тадэвуша Рэйтана спадзяецца на актыўнасць грамадскасці ў цікавасці да лёсу сядзібы ў вёсцы Грушаўка: выдатнае месца для сустрэч, творчасці і паглыблення ў гісторыю ўсёй краіны...
Ларыса ЦІМОШЫК

Комментариев нет:

Отправить комментарий