суббота, 27 августа 2016 г.

У дэкарацыях старых муроў

Як заўсёды, "Ляхавіцкі веснік" зрабіў шыкоўнае апісанне фестываля "З крыніц спрадвечных" з выдатнымі здымкамі.
Але, як заўсёды, з падзеі выпала згадка пра фестываль ДАХ-ХХХІ "РЭЙТАН", удзельнікі якога , а менавіта згаданыя тут" мастак-лінагравёр", мастакі "на чырвоным муры", праект "Эпоха Міхала Клеафаса" (20 жніўня) , як аказалася, бралі ўдзел зусім у іншым фестывале.
Таксама, абыйдзены увагай другі дзень фестываля ДАХ, які прысвечаны памяці Тадэвуша Рэйтана, асноўныя падзеі якога разгарнуліся 21 жніўня.






http://www.lves.by/?p=36239

У дэкарацыях старых муроў. У мінулую суботу Грушаўка прымала ўдзельнікаў ХV фэсту народнай творчасці “З крыніц спрадвечных”

Цудоўны куточак Ляхавіцкай зямлі – Грушаўка – назаўсёды звязаны з лёсам вядомага роду Рэйтанаў. Старыя пабудовы, капліца, алея з лістоўніц – “лесвіца ў неба” – даўно сталі гістарычнай каштоўнасцю. І менавіта цяпер з’явілася надзея ўдыхнуць жыццё ў колішні рэйтанаўскі маёнтак. Далейшым лёсам грушаўскай сядзібы заклапочана мясцовая ўлада. Аб’ект пераходзіць ва ўласнасць аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама. Зацікавіліся лёсам сядзібы і прадстаўнікі Лэнчненскага павета Рэспублікі Польшча, з якім у Ляхавіцкага раёна наладжаны сяброўскія сувязі. Цяпер афармляецца ўсё неабходнае для атрымання міжнароднай тэхнічнай дапамогі па праграме трансгранічнага супрацоўніцтва для аднаўлення і рэканструкцыі былой рэйтанаўскай сядзібы. Мяркуецца, што гэты адрас можа стаць папулярным турыстычным аб’ектам. А пакуль Грушаўка прымала ўдзельнікаў ХV фэсту народнай творчасці “З крыніц спрадвечных”. Было гэта ў мінулую суботу.
Упершыню фантан “крыніц” заструменіў на пачатку нулявых. Ідэя трапіла дакладна ў цэль, і адметна-яркі дэбют атрымаў штогадовы працяг. Кожны фестывальны жнівень, як правіла, меў свой адрас і, нягледзячы на агульную платформу народнасці, хоць нейкую ды адмысловасць. Тыдзень назад раённае свята фальклорнага мастацтва “З крыніц спрадвечных” адкрыла свой 15-ы сезон. У Грушаўцы, пад ценем векавых дрэў, у дэкарацыях старых муроў і рэшткаў пабудоў былой сядзібы роду Рэйтанаў.
Да слова, леташні фэст праводзіўся тут жа, і ёсць асцярожнае меркаванне, што Грушаўка стане месцам яго пастаяннай прапіскі. Брукаваная алея напрамкам у эпіцэнтр падзей – шлях нязвыклы. “Эпоха не толькі вакол, але і пад нагамі”, – мільганула думка. Многія старыя, абшарпаныя не толькі часам сцены займелі галерэйны выгляд. У найбольшай ступені такое параўнанне дарэчнае да доўгай чырвонай цаглянай сцяны адной з пабудоў. Чорнае на чырвоным. І на розным. Тэма большасці мастацкіх палотнаў атрымала “прывязку” да падзеі і месца яе правядзення.
Свята народных рамёстваў і мастацтваў пачалося з “дэфіле” фальклорных творчых калектываў. Кожны калектыў – свае гісторыя і геаграфія, не падобны на іншых строй канцэртнага ўбрання. На гэты раз конкурс на званне лепшага фалькгурта разыгрываўся ці не сярод паўтара дзясятка калектываў. У пераважнасці, нашых раёншчыкаў, але і не без гасцей. Запомніліся выступленні самадзейных, але творча самадастатковых артыстаў з Баранавіцкага, Пружанскага раёнаў, Маларыты. Гучала на фестывалі польская мова і – пазаконкурсна – польская песня. Жаночы фальклорны гурт з Люблінскага ваяводства Рэспублікі Польшча добрыя паўгадзіны валодаў глядацкай увагай. Ва ўсёй яе паўнаце. Гэта праяўлялася ў апладысментах, спробах падхапіць песеннае слова, падпяваць. Найбольшую галасавую падтрымку атрымала вядомая кампазіцыя пра “рябину кудрявую – белые цветы”.
Вышыванкі, выцінанкі, ткацтва, пляценне і саломапляценне, вышытыя абрусы, ручнікі і сурвэткі ў стылі “фолк”, здавалася, прымагнічвалі многіх наведвальнікаў свята. Асобныя лезлі ў кашалёк, каб стаць уладальнікам нейкага з грушаўскіх сувеніраў. Дастаткова шырока, разнастайна і “смачна” заявіла пра сябе на свяце выстава страў беларускай кухні. Самых розных умельцаў і ўмеліц убачыла Грушаўка 20-21 жніўня. Напрыклад, давалі майстар-клас па лінагравюры. Калі коратка – выразаны на лінолеуме ўзор пераносіцца пасля, напрыклад, на паперу. Аншлагу не было, а на спробу назваць лінаграфію рамяством майстар, як падалося, пакрыўдзіўся: “Гэта мастацтва!”.
З раённых рамак свята фактычна ўжо выйшла. Было б справядліва, каб да наступнага жніўня “З крыніц спрадвечных” вырасла і ў сваім афіцыйным статусе. Яно таго варта.
Іван КАВАЛЕНКА.
Фота аўтара.


Комментариев нет:

Отправить комментарий